Вы тут

Дзяніс Ліс: «Мая сутнасць у тым, каб дзяліцца з іншымі»


Наш герой любіць музыку, але дакладна размяжоўвае жыццё і сцэну. У яго творчым багажы — перамогі на розных вакальных конкурсах, удзел у праектах «Зорны дыліжанс», «Акадэмія талентаў», «Музычны суд», паездкі на «Еўрабачанне» ў складзе бэк-вакалу, а летась Дзяніс змагаўся за пуцёўку ў Вену сольна. Пакуль не атрымалася... Затое паралельна ён паспявае дзяліцца вопытам са студэнтамі каледжа культуры і мастацтваў, дзе выкладае ўжо не першы год, і дэманстраваць свой талент на новых канцэртных пляцоўках, напрыклад, на шоу талентаў ва Украіне. Як малады спявак, кампазітар і аўтар гатовы заяўляць пра сябе, у чым бачыць уласную сутнасць і што яго непакоіць у глабальных маштабах, мы высветлілі падчас размовы з Дзянісам Лісам.

26-6

— Я родам з Баранавіч. Мама працуе поварам, а тата — мантажнік. Я адзінае дзіця ў сям'і, у якой ніхто, акрамя мяне, дачынення да творчасці не мае. Бацькам цікава сачыць за маім творчым жыццём. Я ім дагэтуль часам тлумачу, што і да чаго ў маёй сферы. А яшчэ я звычайны чалавек. Абсалютна такі, як і ўсе. Ува мне няма зорнасці і кароны на галаве.

— У музыцы вы з 9-гадовага ўзросту. Як праявіўся талент?

— З дзяцінства арыентаваўся ў музыцы, рабіў гэта на слых. А неяк у трэцім класе мы пайшлі ў музей самалётаў. Там ладзілі розныя конкурсы і ў адным з іх трэба было спяваць. Усе саромеліся і не адважваліся. Я ж тады захапляўся песнямі Таццяны Буланавай, нават не тое, каб любіў яе, але спяваў, як яна, адзін у адзін. Выканаў я кампазіцыю акапэльна і ўсіх здзівіў. Было складана паверыць, што хлопчык васьмі гадоў можа спяваць голасам Буланавай. Пасля да маёй мамы падышла жанчына, якая потым стала маім выкладчыкам у гарадской студыі дзіцячай творчасці. Так, трапіўшы ў добрыя рукі Наталлі Ерусенка, я да 17 гадоў развіваўся творча, ездзіў на конкурсы, паралельна працаваў над сабой, разумеючы, што хачу стаць сапраўдным артыстам.

— Але ж звычайна хлопцы мараць пра машынкі, цягнікі...

— Мая мама думала, што я буду святаром. Бо я з шасці гадоў, калі ў доме з'яўляліся госці, накідваў прасцінку, браў чарпак і, стоячы на крэсле, бубнеў нешта, толькі мне зразумелае. Усе весяліліся. Можа, так праяўлялася цяга да песні, хаця адкуль яна, не разумею.

26-12

— Тое, што вы былі адзіным дзіцем, на вас паўплывала?

— Многія лічаць: калі дзіця адзінае ў сям'і, то яно можа вырасці эгаістам. Але ў мяне настолькі цудоўныя і пазітыўныя бацькі, што я і блізка не выхоўваўся ў атмасферы эгаізму. Наадварот, заўсёды бачыў перад сабой прыклад маці і бацькі і разумеў, як важна дапамагаць іншым, дзяліцца тым, чым можаш. І менавіта бацькі сфарміравалі мой характар і мяне як асобу.

— Ніколі не думалі, што гэта можа замінаць вам прабівацца на эстрадзе?

— Гэта і перашкаджае, бо ўва мне адсутнічае напорыстасць. Я разумею, што калі б меў больш эгаістычнай цвёрдасці, то, мабыць, хутчэй бы дасягнуў таго, да чаго імкнуся. Але заўсёды кажу: дарога на тое і дарога, каб прабівацца скрозь церні...

— Значыць, вы гатовы да таго, каб сутыкнуцца з несправядлівасцю, неабходнасцю адстойваць сваё месца на сцэне?

— Я сёлета прыняў удзел у шоу «Голас краіны» ва Украіне. Убачыў, як усё адбываецца там. У параўнанні з нашымі праектамі, у якіх я ўдзельнічаў, дакладна зразумеў, што ў нас не ўсё так вераломна, як можа здавацца на першы погляд. Вось у той жа Расіі ідзе барацьба за месца на п'едэстале, і там цябе, калі што, гатовы разарваць, але ж у іх і грошы зусім іншыя круцяцца. А ва Украіне на першым месцы якасць. І нам ёсць чаму павучыцца. Бо там людзі ў маленькім павільёнчыку ствараюць і шоу, і інтрыгу з гісторый удзельнікаў..

— Колькі крэслаў у шоу развярнуліся да вас?

— Адно. І трапіў у каманду да Патапа. Ведаеце, калі стаіш на сцэне, а перад табой спіны суддзяў, то нават я, прафесійны артыст, губляюся. Ідзе моцны ціск на псіхіку, але разам з тым атрымліваеш загартоўку. Бо ты не толькі паказваеш сябе, пераадольваючы свой страх перад сцэнай, але і знаёмішся з новымі людзьмі. Яны дапамагаюць табе, падтрымліваюць.

26-11

— Якім будзе наступны крок у творчасці?

— Безумоўна, прыемна, што мяне так высока цэняць калегі як бэк-вакаліста, хаця сам сабе ўжо абяцаў — больш ніякіх бэк-вакалаў. Трэба сольна развівацца. Хочацца нарэшце запісаць альбом, аднак пакуль не хапае грошай і часу. Хаця песеннага матэрыялу ўжо на два дыскі назбіралася. Аранжыроўкі ж каштуюць дорага, а я працую выкладчыкам. Танны аднадзённы матэрыял не хочацца выдаваць. Таму я — у працы і пошуках.

— На бэк-вакале вы працавалі ў Тэа, Гюнеш, Дзмітрыя Калдуна. Ці не было з іх боку прапановы неяк паспрыяць вам?

— Не было. Адзінае, што ў гэтым годзе мне вельмі дапамог Дзіма Калдун з аранжыроўкай і перакладам песні. Наогул, Дзіма — прыклад артыста, які, здабыўшы папулярнасць, не стаў зоркай у адносінах да мяне. І я яму ніколі не зайздросціў... Рады, што мы застаёмся сябрамі.

— Чаму для вас важна выкладаць?

— Мне падабаецца быць сярод таленавітых людзей і дапамагаць ім. Пакуль у мяне атрымліваецца гэта, і спадзяюся, што і надалей будуць тыя, хто захоча пераймаць мой вопыт. Калі бачыш, як твае студэнты паказваюць сябе на розных праектах, канцэртах, то прыемна ведаць, што і табой зроблены ўклад у іх рост. Іх поспех стымулюе развівацца і расці і мяне. У гэтым мая сутнасць — даваць, дзяліцца з іншымі. Я не прытрымліваюся ніякай тактыкі са студэнтамі, бо кожны патрабуе асаблівага падыходу. Яны яшчэ такія ранімыя, іх трэба вучыць.

— Што вас найбольш расчароўвае ў нашым часе?

— Галоўнымі праблемамі я лічу паўсюдную прысутнасць інтэрнэту і амаль поўную адсутнасць пачуццяў. Часам гляджу на наша маладое пакаленне і разумею, што не ўсе ўмеюць любіць, паважаць, вучыцца, гаварыць праўду. Нават прызнанне ў каханні дасылаюць, а не прагаворваюць. Як можна давяраць чалавеку, калі ты не чуеш яго голасу, не глядзіш яму ў вочы? Мне страшна ўявіць, якім будзе наша пакаленне і нашы дзеці ў будучым. Не хацелася б, каб мы былі халоднымі людзьмі, бо беларусы — шчыры і талерантны народ.

Алена ДРАПКО.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».