Вы тут

Вольнае «плаванне» ці...


Погляд на размеркаванне студэнтаў-«платнікаў»

Зімовыя канікулы скончаны. Для многіх студэнтаў яны былі апошнімі. Цяпер іх чакае пераддыпломная практыка, уласна напісанне самой дыпломнай работы. Але, галоўнае, зусім хутка вясёлыя студэнцкія дзянькі ператворацца ў сур'ёзныя працоўныя будні. І пакуль «бюджэтнікі» трывожна чакаюць размеркавання, якое збольшага вырашыць іх далейшы лёс, «платнікі» самастойна займаюцца сваім працаўладкаваннем. Тры дзяўчыны, што атрымалі адукацыю на платнай аснове і скончылі ВНУ летась, расказалі пра свае пошукі першага працоўнага месца.

26-7

26-7

 

Настасся Захарава скончыла факультэт фінансаў і банкаўскай справы Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Яшчэ будучы студэнткай, пачынаючы з трэцяга курса, дзяўчына падпрацоўвала. Пра пастаянную працу Насця задумалася за тры месяцы да выпуску з універсітэта.

— Падчас пошукаў я заўважыла: маладых спецыялістаў, якія толькі скончылі вучобу, бяруць неахвотна. Ці абавязкова з умовай заключэння кантракта на працяглы тэрмін (каб пазбегнуць цякучкі) і, на жаль, з невялікім акладам. Дарэчы, існуе стэрэатып, што ў банкаўскіх супрацоўнікаў добрая зарплата. Але ў першы год працы яна мала будзе адрознівацца ад заробку, напрыклад, прыбіральшчыцы ў метро, — расказвае Анастасія.

Зараз дзяўчына працуе ў банку па спецыяльнасці і зусім не шкадуе, што вучылася платна: «У выпускнікоў ВНУ са спецыяльнасцю «эканаміст» ёсць вялікая рызыка працаваць па размеркаванні звычайным касірам. Гэта, бадай, найгоршы варыянт для спецыяліста з дыпломам БДЭУ», — прызнаецца яна.

Але не ўсё так проста, адмоўныя моманты, вядома, прысутнічаюць і ў навучанні на платнай аснове. Насця адзначыла і іх:

— Многія чамусьці лічаць, што калі ты «платнік», то не вельмі разумны. Аднак сітуацыі бываюць розныя. У маім выпадку трапіць на «бюджэт» не атрымалася таму, што ў той год паступала шмат тых, каго залічваюць па-за конкурсам. Вялікі мінус платнага навучання — яго высокі кошт. Але калі вучыцца на «выдатна», то можна атрымаць зніжку. Гэта цалкам рэальна.

Дзяўчына ўдзячная бацькам за фінансавую дапамогу: яна атрымала дыплом з адзнакай прэстыжнай ВНУ і знайшла добрую працу.

Кацярына Кірыковіч таксама мае дыплом БДЭУ па спецыяльнасці «эканаміст», працуе ў іншым банку. У яе свая гісторыя пошукаў першага працоўнага месца:

— Я ўладкавалася ў гэты банк напрыканцы трэцяга курса, працавала па дагаворы падраду да выпуску, але не ў гэтым аддзеле, што цяпер. Тут жа прайшла і мая практыка. Пасля атрымання дыплома я пачала новыя пошукі працы, ужо пастаяннай. Хадзіла на гутаркі, але чаканні не заўжды супадалі з рэальнасцю, і я адмовілася ад некалькіх прапаноў. І ў выніку зноў аказалася ў гэтым жа месцы. Калектыў добры, спагадлівы, і, нягледзячы на сур'езную працу, на пачуццё гумару тут не забываюцца.

Калі б у Кацярыны была магчымасць пайсці працаваць па размеркаванні, яна б ёю скарысталася. Як-ніяк, але гэта стабільнасць на два гады, не трэба хвалявацца пра тое, што можаш увогуле застацца без працы.

Ганна Зубарава, шукаючы працу, першапачаткова не разглядала вакансіі тэсціроўшчыкаў праграм, праграмістаў ці нешта звязанае са сферай ІT, хаця і скончыла факультэт радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій БДУ і павінна была стаць спецыялістам па ахове інфармацыі.

— Падчас вучобы зразумела, што гэта не зусім «маё». Аднак праз чатыры месяцы пошукаў працы (на той момант я прайшла праз дзясятак гутарак) я ўладкавалася ў адну кампанію спецыялістам па падборы ІT-персаналу.

Асноўным плюсом «свабоднага» дыплома Ганна лічыць магчымасць выбару. Не трэба працаваць там, куды цябе накіравалі: бывае такое, што ўвогуле не падабаецца гэтае месца і атрымліваецца, што ты проста чакаеш, пакуль скончацца два гады адпрацоўкі. Але за гэты самы «выбар» твае бацькі плацяць немаленькія грошы.

Кожная з дзяўчат давала парады па пошуках працы. Калі іх аб'яднаць, атрымаецца невялікая памятка для тых, хто толькі заканчвае вучобу і ў далейшым будзе самастойна выбіраць месца працы:

1. Пачынайце шукаць як мага раней, калі ў вас яшчэ няма на руках дыплома. Чым больш часу пройдзе ад выпуску да гутаркі, тым часцей у патэнцыйных працадаўцаў можа ўзнікаць пытанне, чаму вы да гэтага часу не знайшлі працу.

2. Не згаджайцеся адразу на першы ж варыянт, які вам прапанавалі. Тры гутаркі — гэта мінімум.

3. Не трэба ўладкоўвацца на працу, якая вам не падабаецца, каб пасля не вінаваціць сябе ці, яшчэ горш, каго-небудзь іншага.

4. Памятайце: нават калі вам адмовілі на 12 гутарках-сустрэчах, гэта не азначае, што адмовяць і на 13-й. Не апускайце рукі і не спыняйце пошукі!

Ганна Курак, студэнтка ІІІ курса Інстытута журналістыкі БДУ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?