Вы тут

ІТ-«цімураўцы», або Камп'ютарны сэрвіс з дастаўкай


Унікальны студэнцкі атрад дзейнічае ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі.

26-2

26-2

 

— Размова ідзе пра валанцёрскі ІТ-атрад, у які ўваходзяць студэнты, гатовыя абсалютна бясплатна выехаць па выкліку, каб ліквідаваць непаладкі ў камп'ютары, устанавіць праграмнае забеспячэнне або настроіць камп'ютарныя сеткі, — тлумачыцьначальнік упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю БДУІР Дзмітрый Кузняцоў. — Як правіла, па дапамогу звяртаюцца або пажылыя людзі, якія толькі-толькі пачалі асвойваць камп'ютарную тэхніку, або нявопытныя карыстальнікі. Нядаўна, напрыклад, па дапамогу звярталася маладая жанчына, у якой малы заблакіраваў планшэт. У сем'ях з маленькімі дзецьмі гэта ўвогуле даволі звыклая справа, бо яны любяць самастойна асвойваць тэхніку і націскаць на ўсе кнопкі: штосьці блакіруюць, а штосьці і выдаляюць. А немаладым людзям нашы студэнты дапамагаюць устанавіць на камп'ютары праграму skype, каб мець магчымасць гутарыць са сваімі дзецьмі, якія знаходзяцца ад іх на вялікай адлегласці.

— Да нас звяртаюцца і студэнты з лінгвістычнага і педагагічнага ўніверсітэтаў. Мы выязджаем, дапамагаем дзяўчатам настроіць інтэрнэт, пачысціць камп'ютар ад вірусаў, — падключаецца да размовы камандзір ІТ-атрада Ян ГАЕЎСКІ. — Безумоўна, такія паслугі аказваюць у сталіцы сёння многія фірмы, але іх работа каштуе нятанна. А тут узаемная выгада — для нашых кліентаў мы бясплатна ліквідуем праблему ў камп'ютары, а ўзамен нашы студэнты атрымліваюць магчымасць адпрацоўваць прафесійныя навыкі і прымяняць свае веды на практыцы. Вопыт патрэбны ўсім. Акрамя таго, гэта яшчэ і вельмі карысны досвед зносінаў з людзьмі. Зараз у нашым атрадзе налічваецца 20 байцоў — студэнтаў з першага па трэці курс. Я сам — трэці год у атрадзе. А на старшых курсах студэнты ўжо, як правіла, сумяшчаюць вучобу з работай, даводзіцца думаць пра дыплом, таму яны радзей далучаюцца да валанцёрскай дзейнасці.

— Але бываюць складаныя задачы, калі даводзіцца прыцягваць нашых экспертаў — выкладчыкаў або студэнтаў старшых курсаў. У нас фактычна ўвесь універсітэт — адзін вялікі ІТ-атрад, — жартуе Дзмітрый Кузняцоў.

Цікавімся: няўжо ніхто з кліентаў не спрабуе сваім выратавальнікам аддзячыць?

— Байцам валанцёрскага атрада катэгарычна забараняецца браць у кліентаў грошы або падарункі. Хоць аддзячыць, вядома, спрабуюць: прапануюць каву, вячэру, але мы ўжо набраліся вопыту і навучыліся дыпламатычна адмаўляцца, — усміхаецца Ян.

— Няўжо можна адмовіцца, калі цябе хочуць пачаставаць? Тым больш калі людзі гэта робяць шчыра? — працягваем дапытваць нашых субяседнікаў.

— Бутэрброды і цукеркі для студэнтаў, безумоўна, святое, — кажа Дзмітрый Кузняцоў. — Ніхто за гэта іх не папракне. Але больш ніякіх відаў падзякі... Мы з боку ўніверсітэта падтрымліваем нашых валанцёраў. Яны могуць разлічваць на месца ў інтэрнаце, на невялікую матэрыяльную дапамогу...

Ва ўніверсітэце пераканаліся, што найлепшая рэклама — гэта «сарафаннае радыё», калі тэлефон «службы выратавання» перадаецца з рук у рукі. І тут зусім не баяцца, што іх захлісне хваля выклікаў. Абяцаюць, што калі будзе ў гэтым патрэба, то мабілізуюць дадаткова і іншых студэнтаў. Дарэчы, у 2013 годзе ІТ-атрад БДУІР атрымаў узнагароду Цэнтральнага камітэта БРСМ у намінацыі «Найлепшы сэрвісны атрад» у горадзе Мінску. Таму за гонар «мундзіра» тут ёсць каму пастаяць. Калі вам патрабуецца дапамога, тэлефануйце камандзіру атрада Яну Гаеўскаму па нумары мабільнага аператара +375 29 886 67 76 або на тэлефон «гарачай» студэнцкай лініі 293 84 54.

Надзея НІКАЛАЕВА.

Заказаць майстра камп'ютарных спраў можна па тэлефонах: +375 29 886 67 76 (камандзір валанцёрскага атрада Ян Гаеўскі) і 293 84 54 («гарачая» студэнцкая лінія).

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».