Вы тут

Грэцыя і ЕАЭС


26 лютага адбылася першая замежная прэзентацыя ЕАЭС як новага геапалітычнага і геаэканамічнага ўтварэння. Прэзентацыя была праведзена ў Афінах, у будынку МЗС Грэцыі. Цікава, што адначасова адбылася прэзентацыя Грэка-Еўразійскага дзелавога савета, закліканага нарошчваць эканамічнае ўзаемадзеянне грэчаскай эканомікі з краінамі — удзельніцамі ЕАЭС.

28-33

Ці варта разглядаць правядзенне прэзентацыі ЕАЭС менавіта ў Грэцыі як сігнал да гатоўнасці ЕАЭС прыняць у свае шэрагі Грэцыю і як гатоўнасць Грэцыі разглядаць такую магчымасць, на чым адразу ж узяліся спекуляваць асобныя СМІ?

Безумоўна, для ЕАЭС было б надзвычай выгадна прыняць у свае шэрагі такую вядомую еўрапейскую краіну, як Грэцыя, з іміджавага пункту гледжання. Прэстыж ЕАЭС значна б узрос як у рэгіёне, так і ў свеце. Аднак ёсць шматлікія «але», калі гаварыць пра эканамічны і фінансавы бок пытання.

Па-першае, нават нягледзячы на прыход да ўлады ў Грэцыі СІРЫЗА, якая вельмі пазітыўна ставіцца да развіцця адносін з Расіяй, галоўнай мэтай гэтай партыі з'яўляецца не выхад з еўразоны або Еўрасаюза, а аблягчэнне таго непасільнага для краіны пазыковага цяжару, які ўтварыўся пасля пачатку сусветнага фінансавага крызісу ў 2008 годзе. Выбаршчыкі СІРЫЗА далі партыі мандат менавіта на гэта, а не на якія-небудзь радыкальныя крокі.

Паводле ўсіх сацыялагічных апытанняў, большасць грэкаў не падтрымлівае выхад з Еўрасаюза. Прычыны гэтага таксама зразумелыя. У выпадку выхаду з Еўрасаюза і аб'яўлення дэфолту, каб пазбавіцца ад непасільных даўгоў, Грэцыя, вядома, зможа вярнуць драхму ў якасці нацыянальнай валюты, але тады краіну пакінуць многія еўрапейскія інвестары і на яе прасторах рэзка ўзмацніцца і так ужо значнае па маштабах беспрацоўе.

Пры гэтым на працягу многіх гадоў пасля дэфолту Грэцыя не зможа звярнуцца ні да адной са звыклых крыніц фінансавання па новую пазыку ў выпадку неабходнасці. Еўрапейскі саюз прасочыць, каб ніхто з тых фінансавых структур, на якія ён можа паўплываць, не пазычаў Грэцыі па дастаткова простай прычыне — выхад Грэцыі нанясе вельмі сур'ёзны ўдар па іміджы еўраінтэграцыі, статусе еўра і інвестыцыйнай прывабнасці Еўрасаюза. За ўсё гэта Грэцыя павінна будзе заплаціць дарагой цаной, каб іншым краінам — удзельніцам ЕС нават непанадна было думаць пра аналагічны сцэнарый паводзін.

Акрамя гэтага, не будзем забываць і пра тое, што за дзесяцігоддзі знаходжання ў складзе ЕС і асабліва за апошнія цяжкія ў фінансавых адносінах гады многія грэкі выехалі на працу або на пастаяннае месца жыхарства ў іншыя краіны ЕС. І іх сваякі не хочуць, каб у выніку выхаду Грэцыі з ЕС у іх з краінамі Еўрасаюза зноў узніклі візавыя адносіны, якія адгароджваюць членаў сем'яў і сяброў адно ад аднаго. Не кажучы ўжо пра тое, што ў выпадку выхаду Грэцыі з ЕС грэкаў, якія знаходзяцца на заробках у багатых краінах ЕС, могуць і проста дэпартаваць назад у Грэцыю па прычыне спынення дзеяння інтэграцыйных пагадненняў аб свабодзе перамяшчэння і працаўладкавання.

Па-другое, Грэцыя з'яўляецца членам НАТА, а гэта ўжо з непазбежнасцю падключае да працэсу ЗША, галоўнага гульца ў гэтай арганізацыі. Выйшаўшы з ЕС і ўступіўшы ў ЕАЭС, Грэцыя з вялікай верагоднасцю выйдзе і з НАТА. А на гэта амерыканцы ніколі не пагодзяцца, таму таксама задзейнічаюць вялізны арсенал інструментаў, якія зробяць жыццё грэкаў вельмі цяжкім у выпадку выхаду з ЕС.

Такім чынам, у выпадку выхаду з ЕС і ўступлення ў ЕАЭС, Грэцыя стане спустошанай эканомікай з пастаяннай патрэбай у вялікіх аб'ёмах фінансавых запазычанняў для неадкладных патрэб. Наўрад ці гэта тое, што трэба ЕАЭС у цяперашні няпросты перыяд, і наўрад ці галоўны донар ЕАЭС — Расія — будзе гатова выдаткоўваць штогод 20–30 мільярдаў долараў на патрэбы грэчаскай эканомікі, якім бы ні было выгадным з іміджавага пункту гледжання ўступленне Грэцыі ў ЕАЭС.

Таму прэзентацыя ЕАЭС у Грэцыі не азначае тайных перамоў аб выхадзе краіны з ЕС і ўступленні ў ЕАЭС. Рэчаіснасць нашмат больш празаічная. Ураду Грэцыі важна вярнуць частку страчаных з‑за ўзаемных санкцый Расіі і ЕС экспартных магчымасцяў, што негатыўна адбілася на і без таго цяжкім фінансавым становішчы краіны і прадпрымальнікаў. У якасці новай крыніцы фінансавання грэкі зацікаўлены ў вывучэнні магчымасцяў супрацоўніцтва з Еўразійскім банкам развіцця. Для новага грэчаскага ўрада такая прэзентацыя таксама з'яўляецца бясцэннай магчымасцю прадэманстраваць цэнтральным органам ЕС, што ў Грэцыі ёсць альтэрнатывы, і Бруселю варта больш уважліва прыслухоўвацца да патрабаванняў СІРЫЗА ў дачыненні да аблягчэння пазыковага цяжару.

Прэзентацыя ЕАЭС, якая адбылася ў Грэцыі, выгадная і Беларусі. Не з‑за магчымасці нарошчвання адносін з грэчаскай эканомікай — тут вялікіх чаканняў няма праз мноства праблем нашых партнёраў у Грэцыі, якія не дазваляюць ім актывізаваць свае адносіны з Беларуссю. Але, улічваючы непазбежны вал абмеркаванняў мэты прэзентацыі ЕАЭС менавіта ў Грэцыі ў сусветных СМІ, многія людзі ў свеце ўпершыню даведваюцца аб тым, што ЕАЭС узнік. Шэраг з іх непазбежна пацікавіцца і складам членаў гэтай арганізацыі, што можа прыцягнуць увагу і да нашай краіны. А Беларусі вядомасць вельмі важная для прыцягнення новых інвестыцый і пазнавальнасці на сусветнай арэне, што заўсёды з'яўляецца ўзаемазвязаным працэсам.

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.