Вы тут

Не закрыюць, але правераць


Для двух беларускіх прадпрыемстваў — «Санта Брэмар» і «Інка-Фуд» — узмоцніцца лабараторны кантроль. Гэтае рашэнне было прынята пасля таго, як Мінсельгасхарч разгледзеў пытанне аб'ектыўнасці прэтэнзій Рассельгаснагляду да якасці іх прадукцыі.

Раней Федэральная служба па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе Расіі выявіла ў слабасалёнай сёмзе лістэрыю (род бактэрый). Мінсельгасхарч Беларусі абяцаў правесці расследаванне гэтага факта. Пазней Рассельгаснагляд паведаміў пра выяўленне антыбіётыкаў тэтрацыклінавай групы пры маніторынгу прадукцыі «Інка-Фуд».

Дырэктар дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарча Васіль Півавар растлумачыў, што рашэння аб закрыцці прадпрыемстваў няма. Яны будуць знаходзіцца ў рэжыме ўзмоцненага лабараторнага кантролю да моманту заканчэння расследавання і ліквідацыі ўсіх магчымых неадпаведнасцяў. Ён таксама ўдакладніў, што як мінімум 10 чарговых партый прадукцыі будуць знаходзіцца пад пільным наглядам спецыялістаў з тым паказчыкам, па якім выяўлены неадпаведнасці па якасці.

«Калі вынікі будуць адмоўнымі і нічога не выявяць, падаецца пакет дакументаў на разгляд камісіі па рэестры, якая перавядзе прадпрыемства з рэжыму ўзмоцненага лабараторнага кантролю ў рэжым без абмежаванняў», — адзначыў Васіль Півавар.

Нагадаем, што асноўнымі напрамкамі дзейнасці беларуска-германскага сумеснага прадпрыемства ТАА «Санта Брэмар» з'яўляюцца перапрацоўка рыбы і морапрадуктаў, аптовы і рознічны гандаль прадуктамі харчавання. Прадпрыемства вырабляе больш за 500 відаў прадукцыі і ажыццяўляе пастаўкі ў краіны СНД, Балтыі, на еўрапейскія і амерыканскія рынкі, Ізраіль, Ліван, Грузію, Новую Зеландыю. Замежнае прадпрыемства ТАА «Інка-Фуд» з'яўляецца адным з найбуйнейшых у Беларусі мясаперапрацоўчым заводам. Яго прадстаўніцтвы адкрыты ў Мінску, Гродне, Гомелі, Віцебску, а таксама ў Расіі і Украіне.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?