Вы тут

«Прызямленне» ў Шыпянах


Калі на пасаду дырэктара пяць гадоў таму вылучалі 29‑гадовага Віталя Казлова, у гэтым была пэўная доля рызыкі

Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Шыпяны-АСК» Смалявіцкага раёна адметнае тым, што тут навука і практыка спалучаюцца канкрэтна і вынікова. «Шыпяны-АСК» — структурнае падраздзяленне навукова-практычнага Цэнтра па земляробстве Нацыянальнай акадэміі навук. Мае статус элітнай гаспадаркі.

3-5

На яе землях культывуюцца перспектыўныя высокаўраджайныя сарты збожжавых, зернебабовых, крупяных культур, аднагадовых і шматгадовых траў, рапсу з гучнымі і прыгожымі назвамі: азімая пшаніца «Сюіта», «Элегія», «Ода», жыта «Пралеска», «Зарніца», яравая пшаніца «Ростань», «Васіліса»… Таму павышаная ўвага і патрабавальнасць да гаспадаркі і яе кіраўніка зразумелая. І, відаць, была пэўная рызыка, калі сюды амаль пяць гадоў назад на пасаду дырэктара вылучылі 29‑гадовага Віталя Казлова. Так, за плячыма выпускніка Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта быў сямігадовы досвед адміністрацыйнай работы брыгадзірам, намеснікам і нават непрацяглы перыяд кіраўніком сельскай гаспадаркі. Але «Шыпяны-АСК» — асаблівае прадпрыемства. І кадравая памылка магла б дорага абысціся. Аднак выбар аказаўся правільным.

Новы дырэктар і кадры на ключавыя пасады падбіраў адпаведныя: маладых, адукаваных, энергічных, амбіцыёзных. Галоўны заатэхнік Вадзім Касцяневіч — равеснік Казлова. Галоўнаму інжынеру Андрэю Малчанаву — 26, галоўнаму аграному Генадзю Шэршню — 27. На іх фоне ветэранамі выглядаць 31‑гадовы галоўны ветэрынарны ўрач Сяргей Роўкадзь і 36‑гадовы галоўны эканаміст Андрэй Панамарэнка. Пераважная большасць спецыялістаў сярэдняга звяна — ва ўзросце да 35 гадоў. А сярэдні ўзрост калектыву — крыху больш за 40. Амаль класічныя суадносіны сталых і маладых кадраў. Можна без перабольшвання казаць, што «Шыпяны-АСК» — гаспадарка маладзёжная і паспяховая. Напрыклад, Генадзю Шэршню летась удалося дасягнуць сярэдняй ураджайнасці збожжавых 70 цэнтнераў з гектара.

Натуральна, у Год моладзі ў краіне мы не маглі не закрануць самае хвалюючае для маладых сем'яў пытанне: кватэрнае. Ці псуе яно характары працаўнікоў «Шыпяны-АСК»? Аказваецца, зусім не. Наадварот, з'яўляецца адным з тых трывалых якараў, якія надзейна затрымліваюць маладых людзей у гаспадарцы. Многія з іх пасяліліся на вуліцы Маладзёжнай у аграгарадку Алесіна, дарэчы, адным з лепшых у Смалявіцкім раёне па ўзроўні добраўпарадкавання і забеспячэння сацыяльнымі стандартамі. Штогод у гаспадарцы ўзводзіцца 10 дамоў сядзібнага тыпу з усімі выгодамі. У новыя дамы засяляюцца маладыя спецыялісты, якія маюць патрэбу ў даху над галавой. Фактычна чаргі на жыллё ўжо няма, калі не лічыць тых, хто стаіць на пашырэнне. Сёлета чарговая «дзясятка» будуецца на перспектыву для будучых кадраў жывёлагадоўлі. Важнай падзеяй у Алесіна стала і адкрыццё царквы, пабудаванай на ахвяраванні мясцовага насельніцтва.

Вынікамі мінулага года дырэктар у цэлым задаволены. Усе асноўныя мэты ў земляробстве і жывёлагадоўлі дасягнуты, пастаўленыя летась задачы выкананы, а па асобных паказчыках перавыкананы. Азімай пшаніцы сабралі каля 80 цэнтнераў з гектара. Віталь Казлоў агучыў самыя значныя лічбы. Сярод іх хочацца адзначыць адзін з двух галоўных эканамічных паказчыкаў, па якіх мяркуюць увогуле аб эфектыўнасці развіцця любога прадпрыемства — гэта выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў і паслуг у разліку на аднаго працоўнага. Дык вось, летась у «Шыпяны-АСК» яна склала 485 мільёнаў рублёў. Дарэчы, лепшы ў раёне паказчык. І што ўражвае: за мінулы год у доларавым эквіваленце выручка на сярэднестатыстычнага работніка ў «Шыпяны-АСК» узрасла прыкладна на 12–13 тысяч долараў у эквіваленце.

Казлоў — прадстаўнік новага пакалення кіраўнікоў аграпрамысловага комплексу краіны. Ён прагматык, эканаміст, як той казаў, да мозгу касцей, імкнецца пралічыць прыблізныя вынікі гаспадарання на бліжэйшую і сярэднетэрміновую перспектыву, што сёння зусім няпроста. Пастаянна думае над тым, як захаваць станоўчую дынаміку развіцця, якія ўкараняць інавацыйныя метады ў эканоміку гаспадаркі, як не даць кадрам супакоіцца цяперашнімі здабыткамі. Вось аб чым сёння баліць галава, прызнаецца дырэктар.

Сярэдняя зарплата, напрыклад, галоўных спецыялістаў складае тут да 11 мільёнаў штомесяц, ёсць у іх службовы транспарт, усе забяспечаны жыллём, мабільнай сувяззю. Акрамя таго, ёсць магчымасць праявіць сябе, а значыць, і перспектыва кар'ернага росту. Але галоўнае для ўсіх — эканоміка. Асноўны напрамак дзейнасці — мяса-малочная вытворчасць з развітым раслінаводствам. Надзейны прыбытак дае пабудаваны некалькі гадоў назад, адзіны ў краіне насенны завод, дзе ўкаранёны інавацыйныя тэхналогіі сушкі і дапрацоўкі збожжа. Але трэба ісці далей, развіваць тое, што дае эканамічную выгаду, надзейны прыбытак.

Леанід Тугарын.

Смалявіцкі раён.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.