Вы тут

І помнік я сабе ўзвяду


Карэспандэнт «Звязды» паспрабаваў пры жыцці заказаць сабе помнік, праўда, надмагільны. Аказваецца, у наш час зрабіць такое магчыма. Нават прапаноўваюць сезонныя зніжкі і дысконтныя праграмы.

[caption id="attachment_73825" align="alignnone" width="600"]3-24 Га­зон­нае па­ха­ван­не.[/caption]

Рэпетыцыя памінак

Усе мы калісьці памром — гэта факт, дык чаму б не паклапаціцца аб належных провадах у іншы свет пры жыцці? Так, сумна, не хочацца, а што ж зробіш? Бо, як сказаў герой камедыі «33»: «Усе мы госці на гэтай планеце...»

А колькі, на мой погляд, цудоўных, усім вядомых фільмаў знялі па гэтай тэме. У прыватнасці, мне яшчэ ў дзяцінстве спадабалася кінастужка «Не горюй». У тым фільме ўрач, якому засталося жыць вельмі мала, арганізаваў пры жыцці памінкі. Патэнцыйны нябожчык, пакуль сябры чакалі яго за сталом, выбіраў труну па колеры... Майстар па яго ж просьбе прынёс у двор дзве труны: чорную і чырвоную. І смех і грэх!

Пры гэтым, безумоўна, тэма смерці, пахаванняў вельмі інтымная. Таму пастараюся асабліва не жартаваць.

Колькі разоў прысутнічаў на падрыхтоўках да пахавання, дык адна з галоўных праблем для сваякоў — дзе ўзяць «нармальны» здымак нябожчыка? Часта робяць павялічаную копію фатаграфіі з пашпарта. Але выглядае такое фота неяк «афіцыйна». А калі яно даўно ўжо не адпавядае твару?.. Вырашыў, што схаджу ў салон.

Ну, літаральна як у Ільфа і Пятрова, у Віцебску так многа пахавальных кантор, што здаецца, людзі толькі і нараджаюцца, каб памерці.

Па дарозе хвілін за дваццаць налічыў некалькі прапаноў аб устаноўцы помнікаў. Патэлефанаваў у фірмы, каб зрабіць заказ. Многія арганізацыі абслугоўваюць толькі па факце, таму мяне палічылі чалавекам, які «не сябруе з галавой». А прасунутыя прадпрыемствы наадварот: не толькі вырабляюць, але і захоўваюць помнікі.

— Так, можам вам зрабіць помнік. Вы не жартуеце? Паміраць у найбліжэйшы час не збіраецеся? Ну... Без праблем. Жывіце доўга! Думаем, на складзе месца будзе. Не, дадатковую плату за кожны год захоўвання помніка не бяром. Мы на рынку рытуальных паслуг ужо больш за 10 гадоў. І, паверце, ніхто на нас не скардзіўся. Робім помнікі, яны знаходзяцца на нашым складзе. Вам які, з якога матэрыялу? — пытала прыветлівая дзяўчына. Пасля размовы з такой хочацца жыць мінімум гадоў 100.

Яшчэ ў адной фірме мне прапанавалі сэканоміць.

— Вы можаце набыць у нашым выставачным павільёне ўжо гатовы помнік са зніжкай. Нам толькі застанецца нанесці гравіроўку партрэта і прозвішча, што значна паскорыць тэрмін вырабу помніка. Не спяшаецеся паміраць? Так, пры жыцці рэдка, але здараецца, заказваюць помнікі. Але толькі пенсіянеры, каб дзеці і ўнукі не траціліся. Аднойчы і труну заказалі. Ведаю, той чалавек яшчэ жывы, — паведаміла дыспетчар, якая займаецца прыёмам заказаў. Дадала, што і расіяне прыязджаюць па помнікі, бо якасць добрая і цана вельмі прывабная.

А яшчэ больш здзівілі фірмы, якія праводзяць рэкламныя акцыі і робяць сезонныя зніжкі на прадукцыю.

[caption id="attachment_73826" align="alignnone" width="600"]3-25 Экс­клю­зіў­ны пом­нік кош­там ка­ля 50 міль­ё­наў рублёў.[/caption]

І жалобную прамову напішуць

Толькі ў адной віцебскай фірме мне паабяцалі, што возьмуцца арганізаваць маё пахаванне ў мінскім крэматорыі. Толькі дагавор трэба падпісаць. Дарэчы, у наступным годзе сталічнаму крэматорыю споўніцца 30 гадоў. Аналагічных устаноў у краіне пакуль што няма. А чаму? Упэўнены, што ў абласных цэнтрах паслугі крэматорыя будуць запатрабаваныя. Напрыклад, сямейныя склепы. Як пахаваць чалавека, калі ён хацеў побач з жонкай, бацькамі, а месца па суседстве з імі няма? А вось у крэматорыі — калі ласка. І гэта не мае разважанні, а знаёмага судова-медыцынскага эксперта.

На жаль, не займаюцца ў правінцыі, у адрозненне ад Мінска, і так званымі газоннымі пахаваннямі. Як гэта выглядае? Ніякіх агароджаў, лавак ля могілак... Усё, як у амерыканскіх фільмах. Чамусьці не прыжыліся ў Віцебску паслугі рытуальных агентаў, якія самі ўсё зробяць за сваякоў. Прафесіяналы лічаць гэта жаданнем жывых сэканоміць на памерлых.

— У дзень пахавання вашага блізкага чалавека прафесіянал дапаможа вам годна арганізаваць і правесці памінальны стол. Ён скаардынуе дзеянні і прамовы сяброў і блізкіх нябожчыка, аформіць фонавай журботнай музыкай час знаходжання за памінальным сталом, агучыць значныя вехі біяграфіі вашага блізкага, яго заслугі (па вашым жаданні), тактоўна і своечасова дапаможа завяршыць цырымонію памінання, дапаможа скласці жалобную прамову для развітання з нябожчыкам, — паведамілі ў адной з мінскіх фірмаў. І падкрэслілі, што вядучы грамадзянскай паніхіды — спецыяліст, які мае вышэйшую культурна-асветніцкую і педагагічную адукацыю (скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры).

Здзівіўся, калі мне расказалі пра беларускі часопіс «Некрополь», у якім можна азнаёміцца з навінкамі «галіны». Традыцыйнымі сталі і спецыялізаваныя выставы.

Дарэчы, ніхто з маіх суразмоўцаў не прыпомніў, каб заказчыкі прасілі зрабіць надпіс на беларускай мове. А вось на грузінскай, армянскай і іншых — здараецца. Для майстроў такія заказы — «галаўны боль», бо цяжка паўтарыць контуры невядомых рускамоўнаму чалавеку літар.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Некаторыя рэкламныя «перлы» па тэме вырабу помнікаў і аказанні рытуальных паслуг міжвольна выклікаюць усмешку

Напрыклад: «Калі б мог нябожчык, падзякаваў бы вам за тое, што вы звярнуліся да нас».

«Мы не будзем завабліваць вас нерэальнымі цэнамі, мы проста запросім вас да нас у офіс і прадэманструем якасць нашай працы».

«Пакупнікам прапануецца скарыстацца нашай дысконтнай праграмай. Выгадныя цэны на прапанаваную прадукцыю ў Віцебску».

На сайце рытуальных паслуг убачыў у рубрыцы «Некралогі» прапановы наступных надпісаў на вянках і помніках: «Мы жадаем табе ўдачы ў тым невядомым і новым свеце. Каб не было табе самотна, каб анёлы не адыходзілі». А вось яшчэ: «Даруй, што нам пад небам зорным да тваёй пліты насіць кветкі». І яшчэ: «Даруй, што нам засталося паветра, якім не надыхаўся (лася) ты».

Наконт кошту помнікаў. Самы танны ў Віцебску — усяго каля 700 тысяч рублёў, а дарагі — звыш 20 мільёнаў рублёў. Асабіста мне падабаецца эксклюзіўны помнік, якія прапаноўвае мінская фірма. Ён каштуе каля 50 мільёнаў рублёў.

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».