Вы тут

Гарадскі архіў... здала ў ламбард


Сумленныя і адказныя чыноўнікі ва ўсе часы былі на вагу золата

На жаль, улада спакушае, і некаторыя, заняўшы «цёплае месца», пачынаюць думаць пра свае асабістыя выгоды больш, чым пра дзяржаўныя. Максім Макараў, кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік унітарнага прадпрыемства «Навукова-тэхналагічны парк БНТУ «Палітэхнік» правёў цікавае даследаванне: якімі былі ўлады мінулага, а канкрэтна — у Полацку.

Вядома, што менавіта ў Полацку нараджалася беларуская дзяржаўнасць. Таму вынікі даследавання ўяўляюць асаблівы інтарэс. А нядаўна ў Смаленску была надрукавана кніга «Месцкія ўлады Полацка (1580 — 1772 гг.): арганізацыя, персанальны склад.» Карэспандэнт «Звязды» папрасіў аўтара расказаць пра некаторыя факты з дзейнасці мясцовай улады мінулага.

6-14

Як удава распарадзілася кнігамі

Беларускія праваахоўныя органы актыўна змагаюцца з карупцыяй, СМІ паведамляюць пра гучныя крымінальныя справы. Было нямала ахвотнікаў выкарыстаць службовае месца ва ўласных мэтах і ў старадаўнія часы.

— У прыватнасці, гучныя скандалы былі звязаны з імем бурмістра Даніэля Міхновіча. У 1660 годзе полацкі магістрат атрымаў ад царскіх ваявод распараджэнне набыць у ваколіцах Вільні збожжа і даставіць яго ў лагер войскаў Івана Хаванскага пад Ляхавічы. З гэтай мэтай магістратам на захад ВКЛ былі высланы мяшчане Стафан Гаўрыловіч і Стафан Крывіцкі, што везлі з сабой 300 рублёў «срэбнымі маскоўскімі капейкамі». Па дарозе яны даведаліся, што армія Хаванскага разбітая, выслалі грошы назад у Полацк, на рукі Даніэля Міхновіча. Апошні на той момант з'яўляўся гадавым райцам (чыноўнікам сярэдняга звяна ўлады). На гэтым ва ўмовах ваеннай неразбярыхі сляды згаданых 300 рублёў былі згублены. Канчаткова даказаць, што іх прысвоіў менавіта Міхновіч, удалося толькі ў 1676 годзе. Па падліках магістрата і мяшчан, што былі агучаны 20 студзеня 1672 года, ён як райца маскоўскага перыяду праўлення Полацкам так і не разлічыўся з горадам, — расказвае Максім Макараў.

Дарэчы, у сакавіку 1676 года кнігі магістрата захоўваліся ў гарадской канцылярыі, што размяшчалася ў доме пісара Тэадора Ельяшэвіча. 23 мая 1676 года Ельяшэвіч памёр. А ўжо 20 чэрвеня ўраднікі магістрата скардзіліся на яго ўдаву за тое, што яна на працягу доўгага часу не аддае райцам так званыя «гарадскія кнігі»... Жанчына апраўдвалася тым, што па прычыне цяжкага матэрыяльнага становішча здала архіў у ламбард. І прасіла магістрат аказаць ёй грашовую дапамогу, каб выкупіць дакументы.

Аўтограф, верагодна, будучага лаўніка Максіма Андрэевіча Казловіча: «Maxіmus Kozlowskі
A. D. 1640». Спаса-Праабражэнская царква (Полацк), паўднёвая грань паўднёва-ўсходняга слупа.

Улада як сямейны бізнес

У гісторыі Полацка, якую даследаваў Максім Макараў, таксама меў месца амаль камічны па сваіх наступствах выпадак.

— Вясной 1676 года намеснік лантвойта (аднаго з кіраўнікоў улады самакіравання) і бурмістр Мікалай Зелядніцкі на час сваёй адсутнасці перадаў паўнамоцтвы зяцю Яну Пяшкевічу. Апошні адчуў смак падвойнай улады і, нягледзячы на тое, што быў гадавым райцам, увогуле перастаў з'яўляцца на пасяджэнні сесіі магістрата. Ён пачаў аднаасобна разглядаць усе судовыя справы — у тым ліку тыя, што выходзілі за межы кампетэнцыі суда лантвойта — у доме свайго цесця. Цярпенне гарадскіх ураднікаў скончылася, калі Ян Пяшкевіч наважыўся ў пісьмовай форме выклікаць у «свой суд» полацкага райцу Стафана Курбатовіча. 4 мая 1676 года сумеснымі намаганнямі ўсіх трох сесій магістрата супрацьзаконныя дзеянні Пяшкевіча былі спынены, а сам ён таксама часова адхілены ад выканання абавязкаў райцы. Актыўнасць Яна Пяшкевіча ў значнай ступені стала прычынай таго, што 5 жніўня 1676 года яго цесць Мікалай Зелядніцкі быў пазбаўлены пасады намесніка лантвойта, — працягвае даследчык.

Паводле яго слоў, сістэма, у рамках якой члены судовай калегіі — лаўнікі — не выбіраліся, а прызначаліся магістратам, дазваляла вузкаму колу багатых і ўплывовых мяшчанскіх родаў засяродзіць у сваіх руках амаль манапольны доступ да гарадскіх урадаў.

Часцей за ўсё магчымасць трапіць на першую прыступку службовай лесвіцы і распачаць кар'еру ў магістраце мелі дзеці і зяці тых, хто ўжо займаў пасады бурмістраў і райцаў. Калі апошнія выбіраліся, то лаўнікі прызначаліся. І, можна і так сказаць, гэта даводзіла да абсурду дэмакратычнасць пры запаўненні адказных пасад.

— Дзякуючы гэтаму некаторыя сем'і палачан — Алавяшкі, Варонічы, Другавіны і іншыя — на працягу некалькіх пакаленняў утрымлівалі пад сваім кантролем ключавыя пасады гарадской адміністрацыі. Раскажу пра канкрэтныя прыклады, якія сведчаць пра наяўнасць цесных роднасных і шлюбных сувязяў паміж ураднікамі полацкага магістрата. Бурмістр Давыд Парфёнавіч Спіхальскі быў жанаты з дачкой бурмістра Яна Тэрлікоўскага Ганнай. Усе яго дзеці таксама займалі высокі сацыяльны статус: сын Цімафей стаў бурмістрам, сын Філіп — райцам, дачка Настасся — жонкай бурмістра Андрэя Касабуцкага, Еўдакія — жонкай бурмістра Яна Размысловіча, Зоф'я — жонкай лаўніка Яна Другавіны. Амаль стагоддзе займалі пасады ў магістраце прадстаўнікі роду Курбатовічаў. Лаўнік Спірыд Курбатовіч быў жанаты з дачкой райцы Сяргея Савіча Ваўка. Яго сын Стафан стаў бурмістрам, а дачка Тэадора выйшла замуж за вышэй памянёнага бурмістра Даніэля Міхновіча. Дзеці Стафана Курбатовіча таксама зрабілі кар'еры гарадскіх ураднікаў: Давыд стаў лаўнікам, а Габрыэль — райцам. У ратушы засядалі тры пакаленні Лянчыцкіх. Цімафей Гапонавіч Лянчыцкі з'яўляўся лаўнікам. Яго сыны — Абрам, Мікалай і Ян (зяць бурмістра Базыля Свянціцкага) — сталі бурмістрамі.

А ў некаторых выпадках спробы прасоўвання сваякоў на пасады мясцовых ураднікаў насілі нават не «сваяцкі», а чыста карупцыйны характар. Напрыклад, у 1671 годзе бурмістр Даніэль Міхновіч прапанаваў магістрату, які сутыкнуўся з вострым недахопам грошай, аплаціць некаторыя мясцовыя выдаткі з уласнай кішэні. Але пры ўмове, што... яго швагер Курбатовіч будзе абраны райцам. Невядома, чым дакладна скончылася гэтая справа...

Хто такія шафары?

У Полацку пасада шафара (кіраўнік службы па ўліку гарадскіх сродкаў) не лічылася прэстыжнай, а разглядалася як цяжкі і адказны абавязак. Існаваў звычай, згодна з якім кожны полацкі мешчанін павінен быў адзін раз у жыцці выканаць шафарскую павіннасць. Пасля чаго ён пажыццёва вызваляўся ад яе.

Калі чалавек не жадаў выконваць абавязкі шафара, ён мог замяніцца іншай асобай або ўвогуле адкупіцца ад службы праз унясенне пэўнай сумы ў гарадскую казну. Водкуп ад шафарства быў у Полацку распаўсюджанай з'явай. Асабліва масавымі ўцёкі ад гэтай павіннасці сталі ў гады Паўночнай вайны 1700—1721 гадоў, калі горад знаходзіўся ў выключна цяжкім эканамічным становішчы. І, зразумела, ніхто не жадаў браць на сябе адказнасць за фінансавыя справы.

Частай з'явай у паўсядзённым жыцці Полацка XVІІ стагоддзя былі скандалы і судовыя працэсы, звязаныя з фінансавымі злоўжываннямі гарадскіх ураднікаў.

Як расказаў Максім Макараў, 17 сакавіка 1650 года лаўнік Лоранс Згурскі, які напрыканцы 1649 года часова замяшчаў хворага бурмістра Каспара Глаўбіча і асабіста ўдзельнічаў у падліках рэшты месцкіх фінансаў, абвінаваціў ураднікаў леташняй сесіі бурмістра Івана Скабіча, райцаў Фёдара Размысловіча і Сяргея Каменку ў прысваенні 600 коп. Капа — адзінка фінансавых сродкаў, роўная 60 грошам, капа грошаў — 60 грошаў). Цікава, што Размысловіч, які прысутнічаў у ратушы, не стаў рашуча адмаўляць словы Згурскага, але паведаміў апошняму: «Tego nіgdy nіe dokazesz» (ты гэтага ніколі не дакажаш). 8 красавіка
1650 года ўжо бурмістр Каспар Глаўбіч таксама абвінаваціў іншых ураднікаў сесіі
1649 г. у прысваенні 50 коп гарадскіх грошаў...

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Кніга, аўтарам якой з'яўляецца Максім Макараў, складаецца з трох асноўных частак, якія цесна звязаны паміж сабой. Першая — гэта нарыс, у якім разгледжаны пытанні арганізацыі і функцыянавання мясцовых улад Полацка ў канцы XVІ — трэцяй чвэрці XVІІІ стагоддзяў. Другая — тэматычныя спісы гарадскіх ураднікаў і дапаможнага персаналу полацкага магістрата (па асобных галінах улады ў храналагічным парадку). Ёсць і «Алфавітны спіс асоб, звязаных з дзейнасцю ўлад Полацка» (усяго ўлічана 315 чалавек, на многіх складзены кароткія біяграмы).

Сярод іншага ўяўляюць вялікі інтарэс фотаздымкі аўтографаў афіцыйных асоб, якія яны пакінулі... на сцяне келлі прападобнай Еўфрасінні. Яшчэ адзін прадстаўнік улады «пакінуў след у гісторыі» ў Спаса-Праабражэнскай царкве. Тое, што ў нас час лічыцца прыкметай дрэннага выхавання, аказваецца, з'яўляецца сапраўдным скарбам для гісторыкаў...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».