Фестываль факультэтаў пройдзе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце 28 сакавіка. У гэты дзень з 10.00 да 16.00 вядучы ўніверсітэт краіны стане адкрытай пляцоўкай для дыялогу абітурыентаў і іх будучых выкладчыкаў.
Аб структуры ВНУ, спецыяльнасцях і напрамках падрыхтоўкі, адукацыйных і навуковых дасягненнях факультэтаў школьнікі змогуць даведацца на шматлікіх прэзентацыйных мерапрыемствах. А пра асаблівасці прыёму і правілы паступлення ва ўніверсітэт раскажуць прадстаўнікі прыёмнай камісіі. Будзе арганізавана і індывідуальнае кансультаванне. Больш за тое, на сёлетнім Фестывалі факультэтаў будуць улічаны таксама інтарэсы абітурыентаў, якія пражываюць у аддаленых рэгіёнах Беларусі. Упершыню для іх будзе праведзена onlіne-канферэнцыя з удзелам рэктара БДУ акадэміка Сяргея Абламейкі. Пачатак у 13.00. Прамая трансляцыя мерапрыемства будзе весціся на афіцыйным сайце БДУ. Любы школьнік зможа папярэдне задаць пытанне, якое тычыцца прыёмнай кампаніі, у афіцыйнай групе БДУ ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» (раздзел «Абітурыент БДУ»).
Пра тое, якое разнастайнае і багатае на падзеі жыццё сучаснага ўніверсітэта, госці фестывалю даведаюцца з прэзентацый дзейнасці студэнцкіх грамадскіх арганізацый, псіхалагічнай службы і спартыўнага клуба БДУ. Для ўдзельнікаў універсітэцкага свята падрыхтаваны таксама забаўляльныя мерапрыемствы. Будучыя студэнты змогуць убачыць выступленні каманды КВЗ і творчых калектываў БДУ, праверыць свае сілы ў інтэлектуальных і інтэрактыўных конкурсах і віктарынах.
Свята для будучых абітурыентаў пройдзе ў сценах Ліцэя БДУ (вул. Ульянаўская, 8). Урачыстае адкрыццё з удзелам рэктара БДУ, акадэміка Сяргея Абламейкі запланавана на 11 гадзін.
Надзея НІКАЛАЕВА
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.