Вы тут

Банк будучыні


Азіяцкі банк інфраструктурных інвестыцый, які Кітай прапанаваў стварыць у мінулым годзе для рэалізацыі маштабных інфраструктурных праектаў у рэгіёне, стаў сапраўдным яблыкам разладу паміж амерыканцамі і іх саюзнікамі. На днях пра сваё рашэнне далучыцца да новага праекта Кітая абвясціла Вялікабрытанія, чым выклікала град раздражнёных папрокаў з боку Вашынгтона. Маўляў, амерыканцы не чакалі, што найбліжэйшы саюзнік будзе спрыяць рэалізацыі праекта, што прынясе дадатковыя геапалітычныя і геаэканамічныя бонусы Кітаю, які разглядаецца ЗША ў якасці галоўнага саперніка ў барацьбе за звышдзяржаўны статус у бліжэйшыя дзесяцігоддзі.

Чым жа выклікана такое «непаслушэнства» з боку Вялікабрытаніі амерыканцам? Дружба дружбай, думаюць брытанцы, а грошы паасобку. Як уладальнік аднаго з самых буйных фінансавых цэнтраў свету, эліта Вялікабрытаніі цалкам здольная ўбачыць свае фінансавыя інтарэсы ў новым праекце Кітая, і губляць вельмі сур'ёзныя дывідэнды з-за страхаў ЗША брытанцам абсалютна не хочацца. Урэшце, сама Вялікабрытанія аднойчы ўжо звышдзяржаўнага статусу пазбавілася, і, хоць гэта і было балюча, цяпер яно ўжо ў мінулым. І брытанцам зусім не хочацца страчваць свае грошы з-за боязі амерыканцаў пайсці па тым жа шляху.

У лонданскім Сіці выдатна разумеюць, што як у Кітая, так і ў Азіяцка-ціхаакіянскага рэгіёна (АТР) у цэлым выдатныя перспектывы ў будучыні. АТР імкліва становіцца цэнтрам сусветнай эканомікі, а кітайская эканоміка неўзабаве будзе не толькі цэнтрам АТР, але і цэнтрам сусветнай эканомікі ў цэлым. Гэта азначае, што ў выйгрышы будуць тыя краіны, якія пачнуць супрацоўнічаць з Кітаем на максімальна раннім этапе развіцця. Вялікабрытанія ўжо шмат інвеставала ў папярэднія дзесяцігоддзі ў эканоміку Кітая, брытанскія інвестары зрабілі на росце Кітая ў папярэднія гады шматмільярдны капітал і знаходзяцца ў прадчуванні чарговых прыбыткаў. І не Амерыцы прапаноўваць брытанскаму бізнесу адмовіцца ад зіхатлівых перспектыў зарабляць і далей добрыя грошы на супрацоўніцтве з КНР. Тым больш што гаворка ідзе пра магчымасць укладвацца ў развіццё інфраструктуры цэнтра сусветнай эканомікі. А чым больш у рэгіёне будзе развітая інфраструктура, тым лягчэй будзе брытанскаму бізнесу рэалізоўваць выгадныя для сябе праекты ў рэгіёне і забяспечваць цесную сувязь брытанскай эканомікі з АТР.

Зразумелыя папрокі ЗША ў адрас Кітая, што, ствараючы новыя фінансавыя інстытуты з дамінуючай доляй кітайскіх укладаў, кітайцы імкнуцца ўзмацніць свой геапалітычны ўплыў. Але, уласна кажучы, хіба самі амерыканцы дбаюць пра нешта іншае? Узяць хаця б рэформу МВФ. Ужо амаль пяць гадоў прайшло з таго часу, як першасна ўзгаднілі павелічэнне ў МВФ квоты Кітая з-за рэзкага росту прапорцыі кітайскай эканомікі ў агульнасусветнай, але ЗША, пагадзіўшыся спачатку, на справе зацягваюць рэалізацыю рашэння ў жыццё. З простай прычыны — не жадаючы змяншаць сваю квоту да памеру, які не дазволіць ім блакіраваць асноўныя рашэнні ў МВФ. І цалкам зразумела, што калі ЗША самі сябе паводзяць такім чынам, то ў іх няма ніякага маральнага права настойваць на тым, каб Кітай, не маючы справядлівай магчымасці павялічыць свой уплыў у існуючых фінансавых інстытутах, не засноўваў новыя.

Вельмі важнай прычынай для Кітая ствараць разнастайныя рэгіянальныя і глабальныя фінансавыя ўстановы таксама з'яўляецца перанасычанасць кітайскай эканомікі залішнімі фінансавымі сродкамі. Золатавалютныя рэзервы наблізіліся да чатырох трыльёнаў долараў, у дзяржаўных фондах яшчэ каля трыльёна, і яшчэ шмат трыльёнаў долараў змяшчаецца ў актывах найбуйнейшых банкаў Кітая. Ажыццяўляючы вельмі паспяховы бізнес, кітайскія бізнесмены празмерна насыцілі эканоміку Кітая грашыма, што непазбежна цягне ўзнікненне на рынку разнастайных «бурбалак» і прыводзіць да неабгрунтаванага росту коштаў на нерухомасць. Ствараючы новыя міжнародныя фінансавыя інстытуты, можна частку гэтых грошай перакінуць у іншыя краіны, укладваючы іх у статутны фонд новых інстытутаў для крэдытавання разнастайных праектаў.

Па яшчэ непацверджанай афіцыйна інфармацыі, шляхам Вялікабрытаніі збіраюцца рушыць услед і іншыя еўрапейскія краіны, у тым ліку такія буйныя эканомікі, як французская, нямецкая і італьянская. Яны таксама дзесяцігоддзямі зараблялі на ўкладаннях у кітайскую эканоміку і не маюць намеру адмаўляцца ад відавочных выгод для свайго бізнесу, натхняючыся прыкладам Вялікабрытаніі. А ўслед за імі могуць рушыць услед і такія верныя саюзнікі ЗША ў АТР, як Аўстралія і Паўднёвая Карэя. У выніку амерыканцы рызыкуюць апынуцца ў адзіноце ў сваім крыжовым паходзе супраць Кітая. Што і нядзіўна — кітайцы ў апошнія гады ўсё лепш авалодваюць інструментамі мяккай сілы. Нікуды не ўрываючыся і нікога не прымушаючы да прыняцця рашэнняў сілай, яны набываюць усё больш і больш прыхільнікаў, проста ствараючы для іх стымулы супрацоўнічаць. І гэта нядрэнны ўрок для амерыканцаў, якія сумна праславіліся імкненнем навязваць свае інтарэсы з дапамогай ваенных аперацый і каляровых рэвалюцый.

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.