Вы тут

«Людзі павінны самі прымаць рашэнні»


У банку вакансій па краіне — дзве з паловай тысячы месцаў з прапановай жылля

Што рабіць, калі наймальнік затрымлівае заробак? Як улічваецца працоўны стаж у галіне? Ці можа маладая маці прасіць кіраўніцтва змяніць ёй графік? Гэтыя і іншыя пытанні гучалі падчас «прамой лініі» з першым намеснікам міністра працы і сацыяльнай абароны Пятром ГРУШНІКАМ. «Звязда» публікуе адказы на самыя актуальныя з іх.

26-561

Кантракт павінен быць

Сяргей, Мінск. Мая дачка, студэнтка дзённага аддзялення БДУ, вырашыла ў вольны ад вучобы час падпрацоўваць. Уладкавалася афіцыянткай у кавярню. Яе ўзялі на выпрабавальны тэрмін, але працоўны дагавор не заключылі. Пасля двух месяцаў, як скончыўся гэты тэрмін, дачку звольнілі і нічога не заплацілі.

— Не заключыць дагавор — няправільна з пункту гледжання працоўнага заканадаўства. Нават калі кіраўніцтва бярэ чалавека на выпрабавальны тэрмін (ён не можа быць большым за 3 месяцы), яно павінна падпісаць з ім кантракт. Міністэрства ў вашым выпадку дапамагчы нічым не можа: няма прадмета абмеркавання — дагавора. Праблему вырашыць толькі суд.

— Мы ўжо падалі ў суд, і ў найбліжэйшы час справу будуць разглядаць. Але ж наш выпадак не адзінкавы. Такая практыка па Мінску шырока распаўсюджана.

— Людзі самі павінны прымаць рашэнне. Калі яны згодны на гэтую рызыку, то, калі ласка. На жаль, наймальнікі розныя бываюць, і несумленныя таксама. Аднак, калі б усе — і працадаўцы, і саіскальнікі — рабілі, як належыць, падобнага пытання не было б.

Уладзімір, Магілёў. Жонка працавала на дзяржаўным прадпрыемстве. Звольнілася ў лютым. Да гэтага часу не разлічыліся з запазычанасцю па заробку за два месяцы. Тэлефанаваў дырэктару, той апраўдваецца, што грошай няма. У бухгалтэрыі трубку кідаюць.

— Для ўстанаўлення факта нявыплаты ўсіх сум неабходна правесці пазапланавую праверку ў арганізацыі. Акрамя таго, ваша жонка мае права ў трохмесячны тэрмін з дня, калі даведалася аб парушэнні свайго права, звярнуцца ў суд па месцы рэгістрацыі арганізацыі, каб атрымаць грошы, што належаць ёй на момант звальнення, і сярэдні заробак за кожны дзень іх затрымкі. У выпадку разгляду індывідуальных працоўных спрэчак работнікі вызваляюцца ад выплаты судовых расходаў.

Дадатковыя правы для мам

Ганна, Брэст. У красавіку выходжу на працу з дэкрэтнага водпуску. Працоўны дзень будзе з 8.00 да 17.00. Хачу напісаць заяву, каб прыходзіць на гадзіну пазней, бо раніцай мне трэба адводзіць дзіця ў садок. Ведаю, што магчымасць змяніць графік ёсць, у нас так многія дзяўчаты робяць.

— Вы маеце на гэта права ў выпадку згоды другога боку. Дазволіць зрушыць працоўныя гадзіны ці не — справа кіраўніцтва. Разам з тым, паводле артыкула 289 Працоўнага кодэкса, наймальнік абавязаны ўстанаўліваць няпоўны працоўны дзень або тыдзень па заяве жанчыны, якая мае дзіця ва ўзросце да 14 гадоў.

— А яшчэ кіраўніцтва хоча змяніць мае службовыя абавязкі (раней я была вядучым спецыялістам у аддзеле маркетынгу) і перасадзіць на іншае месца. Ці маюць яны права так зрабіць?

— Так, але з улікам Дэкрэта № 5, калі службовыя абавязкі змяняюцца істотна, вас павінны папярэдзіць пра гэта не пазней чым за тыдзень (раней трэба было паведамляць мінімум за месяц).

Алена Міхайлаўна. Працую біёлагам у Рэспубліканскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. Арганізацыя адносіцца да галіны аховы здароўя. Да гэтага 15 гадоў адпрацавала сярэднім медыцынскім работнікам у Беларускім пратэзна-артапедычным аднаўленчым цэнтры. У аддзеле кадраў патлумачылі, што стаж у галіне будзе лічыцца з нуля, паколькі пратэзны цэнтр падпарадкоўваецца Міністэрству працы і сацабароны. Але ж ён уваходзіць у пералік арганізацый аховы здароўя.

— Пратэзны цэнтр не адносіцца да галіновага міністэрства, таму той перыяд працы не ўлічваецца для павышэння за стаж у галіне. Аднак па рашэнні наймальніка папярэднія гады на пасадзе сярэдняга медыцынскага работніка могуць увайсці ў стаж па спецыяльнасці.

Трэба разглядаць розныя варыянты

Юлія, Бабруйск. Мы прыехалі сям'ёй з Данецкай вобласці і сутыкнуліся з цяжкасцю ў працаўладкаванні. Пасяліліся ў Бабруйску, паколькі тут жыве знаёмая. Зрабілі часовую рэгістрацыю. У мяне вышэйшая адукацыя, спецыяльнасць — інжынер-хімік. Муж — слесар-рамонтнік, але ў асноўным працаваў на шахце. Ва ўпраўленні па працы сказалі, што мне могуць прапанаваць толькі месца паштальёна і памочніка выхавацеля. Але ж там заробкі зусім невялікія. Вырашылі самі пахадзіць па прадпрыемствах, спытаць пра вакансіі. У найбліжэйшых аграгарадках людзей ужо набралі, у крамы таксама персанал не патрэбны. Мы згодны працаваць і прадаўцом, і рознарабочым. Толькі плацілі б нармальна, бо сям'ю карміць трэба, у нас двое малых дзяцей. Нас могуць дэпартаваць, калі не будзем атрымліваць заработную плату, адпаведную пражытачнаму мінімуму.

— Разумею, што вы апынуліся ў складанай сітуацыі. І сёння дзейнічае Указ Прэзідэнта № 420, дзе прапісаны пэўныя льготы для жыхароў Данецкай і Луганскай абласцей. Але мы можам прапанаваць вам толькі тыя вакансія, якія ёсць. Калі не атрымліваецца знайсці працу ў Бабруйску, пашукайце ў іншых гарадах: у некаторых рэгіёнах вельмі патрэбны рабочыя рукі. Напрыклад, у Глуску, Ганцавічах, Мікашэвічах. Тым больш у Агульнарэспубліканскім банку вакансій налічваецца дзве з паловай тысячы месцаў з прапановай жылля. Трэба разглядаць розныя варыянты, не толькі ў Бабруйску.

Галіна Пятроўна, Мінск. Працую прыбіральшчыцай. За мінулы месяц выдалі заробак паўтара мільёна. І прэмію да 8 Сакавіка — 150 тысяч. Няў-жо на гэтыя грошы можна пражыць у сталіцы?

— Мінімальны заробак у рэспубліцы — 2 100 100 рублёў, таму, калі вы адпрацавалі месяц цалкам, як належыць, арганізацыя павінна даплаціць да гэтай сумы. Калі наймальнік не вырашае праблему, вы маеце права звярнуцца ў прафсаюз і Дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы. Пры вызначэнні даплаты да мінімальнай заработнай платы грашовы падарунак да жаночага дня ўлічвацца не будзе, паколькі з'яўляецца матэрыяльнай дапамогай, а не прэміяй. А калі вас не задавальняе памер заробку на гэтым месцы, пашукайце іншае. Сёння прыбіральшчыца ў сталіцы можа працаваць на чатырох месцах па дзве гадзіны і атрымліваць прыстойныя грошы.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».