У Хоцімску ствараюць п'есы, на якіх заўсёды аншлаг
Аматарскім тэатрам, ды яшчэ з глыбінкі, цяжка цягацца з прафесійнымі. Няхітрыя дэкарацыі, касцюмы і афішы тут робяць сваімі рукамі. Адкуль жа на ўсё гэта ўзяць грошы? Але ёсць выключэнні, калі насельніцтва не трэба прымушаць хадзіць на спектаклі ў раённы Цэнтр культуры. Яны самі загадзя купляюць туды квіткі. Цікава ж паглядзець, што там мясцовыя артысты зноў прыдумалі!
Папулярнасці народнага тэатра «Прамень» можна пазайздросціць. На працягу амаль 10 гадоў ён збірае аншлагі не толькі ў родным Хоцімску, але яшчэ і ў суседняй Расіі. У кіраўніка тэатра Таццяны Паседзькі сапраўднае чуццё і на артыстаў, і на добры сцэнічны матэрыял. Спачатку яна рабіла акцэнт на вядомых сатырычных творах, але некалькі гадоў таму да яе падышоў са сваёй п'есай малады мясцовы паэт Аляксандр Аляксандрын. З тых часоў у іх плённае супрацоўніцтва. Дзякуючы гэтаму самабытнаму аўтару ў тэатры цяпер спрэс адзін эксклюзіў. Прычым створаны па паданнях і сапраўдных падзеях з жыцця роднага краю. Тэмы для сваіх твораў аўтар чэрпае з расказаў дзеда.
— Звычайна дзеці растуць на бабуліных казках, а я вось вырас на дзедавых, — смяецца ён. — Мой дзед — сапраўдная скарбніца жартаў, народных прымавак, анекдотаў. Паслухаць яго гісторыі дзеці прыбягалі з усей вёскі. Запісваць дзядулю стаў гадоў з 15, нейкім шостым пачуццём улавіў: гэта ж сапраўдны скарб! Назбіралася каля 5 тоўстых сшыткаў. Цяпер карыстаюся імі як настольнай кнігай. Патрэбна якая-небудзь п'еса ці жартоўная мініяцюра — калі ласка. А дзед і сёння не перастае здзіўляць чымсьці новенькім.
Некалькі дзедавых гісторый лягло ў аснову пастаноўкі «Сабралася бедна басота». Людзі прыязджаюць на кірмаш, збіраюцца ў карчме і дзеляцца навінамі. Цікава, не адарвацца. Гледачы ў захапленні, нешта падобнае яны калісьці чулі ад сваіх дзядоў і бабуль, а вось цяпер, дзякуючы роднаму тэатру, яшчэ і паглядзелі.
Вядома, шмат залежыць і ад артыстаў. Не кожны чалавек падыдзе пад тую ці іншую ролю. Тут трэба яшчэ тыпаж патрэбны адшукаць. А ў вёсцы такіх самародкаў не так і шмат. Хоць Таццяне Паседзьцы на таленты шчасціць. Аднойчы ў трупе працаваў нават Маўрыцыа Міджан Гарсія.
— Таленавіты быў калумбіец, — уздыхае Таццяна. — Да нас трапіў выпадкова. Ажаніўся з мясцовай дзяўчынай і прыехаў сюды. Аляксандр спецыяльна пад яго напісаў ролю замежнага барона ў камедыі «Прынцэса і камінар». І наш фон Блох са сваім акцэнтам быў непараўнальны. На жаль, сужэнцы пераехалі ў іншы горад, так што пакуль годнай замены Маўрыцыа не знайшлося.
Хоць і свае карэнныя жыхары бываюць нічым не горшыя. Як, напрыклад, Валерый Каранкевіч.
Ён можа наогул нічога не рабіць на сцэне, і ўсё роўна будзе поспех. Ролі ў яго невялікія, але вельмі адказныя. Напрыклад, у спектаклі «Сабралася бедна басота» ён увасабляе вобраз чорта. Прапаноўвалі гэтую ролю іншым — адмаўляліся. Адзін артыст так і сказаў: прабачце, але нячысцікаў прынцыпова не іграю.
Апошняя пастаноўка, якую тэатр прысвяціў
70-годдзю вызвалення раёна ад фашысцка-нямецкіх захопнікаў, называецца «Свае і чужыя». Пра яе Аляксандрын кажа: гэта мой творчы эксперымент. Але спектакль таксама створаны на рэальных падзеях. Пачутых, як вы ўжо здагадаліся, ад дзеда.
— Калі ўсё гэта адбывалася, яму было ўсяго 12 гадоў, — распавядае Аляксандр. — Падчас акупацыі вёскі ў хаце цёткі Фядоры пасяліўся немец, які закахаўся ў яе пляменніцу Паліну, пачаў заляцацца да яе. Аднойчы ў нейкай спрэчцы паліцай забіў таго немца, а яго, у сваю чаргу, калі ён спаў, зарэзала цётка. За гэта Фядору расстралялі немцы. Паліна пахавала таго паліцая і цётку побач і да канца свайго жыцця даглядала гэтыя магілы. Я гэтаму таксама быў сведкам, бо яна пражыла доўгае жыццё. Калі ў яе пыталіся, хто пахаваны ў гэтых магілах, казала: свае і чужыя.
Творчых задумак у Аляксандра процьма. Яго родныя ўжо прывыклі, што ён можа ўскочыць сярод ночы і пачаць нешта пісаць на сценах. «Пакуль нешта круціцца ў галаве, спяшаюся занатаваць, — тлумачыць ён. — А ідэі прыходзяць, самі ведаеце, не па загадзе. Матэрыялу назбіралася ўжо на 3-4 зборнікі, усё, што чую жартоўнага, вясёлага, адразу ж запісваю. Так што любы можа трапіць у «п'есу». Больш схіляюся да іроніі і смеху, а вось розным там эксперыментам не давяраю. У вялікім горадзе гэта можа патрэбна, а ў нас не зразумеюць. Вясковым людзям хочацца бачыць дэкарацыі і нейкія там падзеі, як у кіно. Вось толькі з нашымі дэкарацыямі далёка не паедзеш, вельмі грувасткія.
У суседніх сельсаветах артыстаў прымаюць як сваіх. Прычым нават не толькі раённых, але і на Браншчыне. Яны там таксама ўсе бліжэйшыя вёсачкі аб'ехалі. Шкада, на далёкія паездкі пакуль грошай не хапае. Аднойчы атрымалі запрашэнне ў Калінінград, але прыйшлося адмовіцца. Адны толькі візы пацягнулі б на круглую суму. Толькі сумаваць доўга не сталі. Гледача не выбіраюць, а свой, як вядома, самы адданы.
Нэлі ЗІГУЛЯ.
Фота аўтара
Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.
Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.
Васілеўскія такія: на Зямлі і ў космасе ліхія!