Вострае пытанне


аб сучасным стане рэстаўрацыі

Дэпутаты наведалі Нацыянальны мастацкі музей і ацанілі, у якіх умовах працуецца беларускім рэстаўратарам. Візіт адбыўся ў межах выязнога пасяджэння Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па адукацыі, культуры і навуцы.

«У красавіку ў парламент павінен паступіць праект Кодэкса аб культуры. Над ім мы працуем ужо на працягу года: знаёмімся з практыкай прымянення заканадаўства ў сферы культуры», — паведаміў старшыня камісіі Аляксандр Сягоднік. Парламентарый адзначыў, што будаўніцтва новых памяшканняў Нацыянальнага мастацкага музея прыцягвае ўвагу грамадзян. «Безумоўна, калі гэта цікавіць людзей, тады і дэпутатаў — у першую чаргу», — дадаў ён.

Дэпутат падкрэсліў, што Кодэкс аб культуры прадугледжвае ўсе напрамкі культурніцкай дзейнасці. Таму камісія працавала ў тым ліку і над зменамі і дапаўненнямі ў закон аб народнай творчасці, промыслах і рамёствах, бібліятэчнай справе, творчых саюзах. Дэпутат падкрэсліў, што пытанні аб зменах абмяркоўваліся з практыкамі, якія маюць непасрэднае дачыненне да гэтых сфер.

Асобная тэма пасяджэння — аднаўленне ўжо існуючых твораў. «Для нас вельмі балючае пытанне — гэта праблема рэстаўрацыі, захавання ўнікальных твораў мастацтва», — падзяліўся Уладзімір Пракапцоў, генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Ён растлумачыў, што сёння ў нашай краіне ідзе падрыхтоўка рэстаўратараў у двух ВНУ — Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў і Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Але ў арганізацыі гэтай сферы не хапае сістэмнасці. Таму, напрыклад, не існуе перападрыхтоўкі па гэтай спецыяльнасці. Часта рэстаўрацыю праводзіць мастак, які не спецыялізуецца ў ёй. «Уявіце, што стаматолаг робіць працу хірурга», — метафарычна тлумачыць небяспеку такой сітуацыі дырэктар музея. І прапануе адно з канкрэтных выйсцяў — стварыць адпаведны цэнтр на базе музея, які будзе аказваць кваліфікаваныя паслугі па рэстаўрацыі.

Дэпутаты нездарма звяртаюць асаблівую ўвагу не толькі на пытанні рэстаўрацыі, але і культуры ўвогуле. «І інтэрнэт, і камп'ютарныя гульні забіраюць наш вольны час. А ёсць тое каштоўнае, што павінна быць у сэрцы кожнага. Куды мы павінны павярнуць сябе, сваіх родных, каб запанавала сапраўдная духоўнасць», — тлумачыць матывацыю паляпшаць стан культуры намеснік старшыні камісіі Наталля Кучынская.

Вераніка ПУСТАВІТ.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.