Вы тут

«Сам час выбірае новыя інфармацыйныя тэхналогіі»


Штодзённае чаканне свежай газеты, ліставанне з рэдакцыяй, паходы на пошту дзеля падпіскі — гэта ўсё мала знаёма сучаснай моладзі. Цяпер у трэндзе — інтэрнэт, і ўжо мала хто сумняваецца ў тым, што будучыня СМІ будзе неадрыўна звязаная менавіта з ім як сродкам камунікацыі. Чарговае пацвярджэнне таму — Рэспубліканскі маладзёжны інтэрнэт-форум, прысвечаны Міжнароднаму дню інтэрнэту, што праводзіўся грамадскім аб'яднаннем «БРСМ» учора. Удзел у ім узялі больш як 120 лідараў інтэрнэт-супольнасцяў, маладых блогераў і юных вэб-журналістаў з усёй краіны. На працягу дня яны абменьваліся сваімі напрацоўкамі, дзяліліся досведам і атрымлівалі новыя веды ад дарослых журналістаў.

4-42

Моладзі — ісці наперадзе

Форум распачаўся з майстар-класа, які правёў сакратар Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай ЛАЗАВІК.

Сакратар Цэнтрвыбаркама расказаў юнакам і дзяўчатам аб падрыхтоўцы да правядзення выбараў, аб сістэме функцыянавання выбарчых камісій і непасрэдна аб арганізацыі працэсу выбараў. Таксама адказаў на пытанні ўдзельнікаў форуму. У асноўным моладзь імкнулася даведацца аб умовах правядзення агітацыйнай кампаніі ў дзень выбараў, аб дазволе фота- і відэаздымак на выбарчых участках, аб крытэрыях вылучэння кандыдатуры на прэзідэнцкія выбары.

Акрамя таго, Мікалай Лазавік расказаў пра некаторыя новаўвядзенні, якія адбыліся ў Выбарчым кодэксе. Напрыклад, зменены парадак фінансавання выбарчых кампаній кандыдатаў. У прыватнасці, з Выбарчага кодэкса выключана палажэнне аб выдачы кандыдатам сродкаў з рэспубліканскага бюджэту на выраб агітацыйных друкаваных матэрыялаў. Таксама заканадаўствам устаноўлена забарона на правядзенне агітацыі, накіраванай на зрыў выбараў, прыняты меры па павышэнні ўзроўню інфармаванасці выбаршчыкаў аб кандыдатах.

Цяпер кандыдат або асоба, вылучаная ў кандыдаты, можа абскардзіць папярэджанне, якое вынесла яму камісія, не толькі ў вышэйшай камісіі, а і ў судзе. Сярод апошніх новаўвядзенняў — тое, што на кожным выбарчым участку плануецца стварыць умовы для самастойнага галасавання інвалідаў па зроку.

Сімвалічна, што выбары кіраўніка дзяржавы супалі з аб'яўленым Годам моладзі. Карэспандэнт «Звязды» пацікавілася ў Мікалая Лазавіка, наколькі моладзь будзе ўключана ў працэс падрыхтоўкі і арганізацыі прэзідэнцкіх выбараў.

— Моладзь — адна з самых актыўных сацыяльных груп, — зазначыў сакратар Цэнтрвыбаркама. — Мяркую, што моладзь, прадстаўленая тут сёння, будзе не толькі сама ўдзельнічаць ва ўсіх палітычных і арганізацыйных мерапрыемствах, звязаных з выбарамі, а і весці за сабой старэйшых людзей. Маладыя — самая перадавая частка грамадства. У іх сёння вельмі высокія і ўзровень ведаў, і ўзровень прасунутасці ў шматлікіх інтэрнэт-тэхналогіях. А тое, што тычыцца прадстаўнікоў БРСМ у плане выхавання патрыятызму, пачуцця адказнасці за даручаную справу, то яны стаяць на першых пазіцыях. Таму ў нас вялікія спадзяванні на тое, што прадстаўнікі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі будуць прыкладам не толькі для сваіх аднагодак, а і для людзей старэйшага пакалення.

Вучыцца адказнасці... праз інтэрнэт

Іншыя майстар-класы для ўдзельнікаў форуму прайшлі на базе рэдакцый айчынных СМІ: інфармацыйнага агенцтва БелТА, холдынгу «СБ. Беларусь сегодня», інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі Прэзідэнта, Нацыянальнага прэс-цэнтра, Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі, радыёстанцыі «Пілот ФМ». Маладыя блогеры змаглі атрымаць парады ад сталых «медыйшчыкаў», пабачыць на свае вочы, як працуюць сродкі масавай інфармацыі.

Удзел ва ўрачыстым адкрыцці форуму, якое адбылося ў сталічным Доме прэсы, узялі прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі, кіраўніцтва БРСМ.

— Сам час сёння выбірае новыя інфармацыйныя тэхналогіі, — лічыць міністр інфармацыі Лілія АНАНІЧ.
— І для таго, каб яму адпавядаць, кожны малады чалавек павінен не толькі валодаць гэтымі тэхналогіямі, але і мець актыўную грамадзянскую пазіцыю. Уплыў інтэрнэту на грамадскую думку вельмі вялікі, і гэта вельмі добра, што на такім мерапрыемстве сабрана ўся таленавітая моладзь, якая праз слова і новыя тэхналогіі хоча данесці да іншых сваю пазіцыю. З прыняццем змен у Законе аб СМІ інтэрнэт стаў паўнавартасным удзельнікам медыйнай супольнасці, і важна, каб ён працаваў на карысць нашай краіны. Каму, як не маладым, ды яшчэ і ў Год моладзі, сказаць сваё цвёрдае слова: «Мы пабудавалі сваю суверэнную Беларусь, і мы надалей будзем рабіць яе лепшай».

Падчас урачыстага адкрыцця былі ўзнагароджаныя аўтары пераможных ІT-праектаў Рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу «100 ідэй для Беларусі», у тым ліку 15-гадовы Уладзіслаў Лаўцэвіч з Глыбокага. Хлопец па ўласнай ініцыятыве распрацаваў сайт, прысвечаны Дню беларускага пісьменства: гісторыі правядзення свята, культурнай спадчыне краіны, вядомым асветнікам.

— Сёлета Дзень беларускага пісьменства будзе праходзіць у Шчучыне, і я працягваю развіваць свой сайт, — сказаў Уладзіслаў. — Ён увесь час напаўняецца новым кантэнтам, частку з якога я раблю сам. Увогуле, бачу для сябе будучыню праграміста, а не блогера, бо мяне больш прыцягвае тэхнічны бок працы. Мару працаваць у Парку высокіх тэхналогій. Сённяшняе мерапрыемства прыйшлося мне даспадобы, думаю, кожны з удзельнікаў мог вынесці для сябе нешта новае і карыснае. Я ўпэўнены, што будучыня за інтэрнэтам, а таму трэба вучыцца правільна ім карыстацца.

Адкрыты дыялог

У папулярным сёння фармаце адкрытага дыялогу праходзіла дыскусія ўдзельнікаў з запрошанымі гасцямі, кіраўнікамі СМІ, спецыялістамі ў сферы інтэрнэту. Разам яны шукалі адказы на актуальныя пытанні, напрыклад, ці варта лічыць блогера журналістам.

Напрыканцы адбылося ўзнагароджанне пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу «Інтэрнэт-прэмія БРСМ» і конкурсу патрыятычнай фатаграфіі.

— Праекты ў сферы інтэрнэту з'яўляюцца адным з магістральных кірункаў у нашай дзейнасці, — зазначыў першы сакратар Цэнтральнага Камітэта грамадскага аб'яднання «БРСМ» Андрэй БЕЛЯКОЎ. — Сёння амаль усе маладыя людзі з'яўляюцца больш або менш актыўнымі карыстальнікамі сеціва, і вельмі важна выхаваць у моладзі пэўную адказнасць. Бо гэта тая пляцоўка, якая можа прынесці як карысць, так і шкоду. З гэтай мэтай мы і развіваем такія форумы, дзе хлопцы і дзяўчаты могуць пагаварыць з прафесіяналамі, прэзентаваць свае інфармацыйныя праекты.

Вераніка КАНЮТА,
Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.