Вы тут

У 10-я класы прымуць без экзаменаў


...прынамсі ў найбліжэйшыя гады

Масавы пераход старшай школы да профільнага навучання будзе адбывацца паступова — на працягу пяці гадоў. Таму баяцца ўвядзення ў гэтым годзе ўступных экзаменаў у 10-я профільныя класы выпускнікам базавай школы не варта. Пра гэта на сустрэчы з членамі Маладзёжнай палаты пры Мінскім гарсавеце паведаміў міністр адукацыі Міхаіл ЖУРАЎКОЎ.

У 2015/2016 навучальным годзе ў профільныя класы навучэнцаў будуць прымаць, як і летась, па жаданні. «Уводзіць экзамен зараз было б несправядлівым, бо «правілы гульні» павінны быць вядомы загадзя. А за наступныя чатыры гады мы пастараемся падрыхтаваць дзяцей і іх бацькоў да новых патрабаванняў і паступова прыйдзем да таго, што ў 10-ты клас па вызначаным профілі вучань зможа трапіць толькі ў тым выпадку, калі ў атэстаце за 9-ты будзе мець адзнаку па профільным прадмеце не ніжэйшую за 7 балаў», — удакладніў міністр.

Міхаіл Жураўкоў лічыць, што прафарыентацыйная работа ў школе павінна быць больш эфектыўнай, каб у 10-ты клас прыходзілі толькі матываваныя вучні, гатовыя вывучаць пэўныя прадметы на паглыбленым узроўні. Ён дадаў, што эксперымент па ўвядзенні профільных класаў паказаў добрыя вынікі, але пра паўсюднае ўкараненне гэтай мадэлі казаць яшчэ рана.

Члены Маладзёжнай палаты пацікавіліся ў міністра адукацыі меркаваннем наконт паслуг па напісанні курсавых і дыпломных работ, якімі з вялікай ахвотай карыстаюцца студэнты.

«Купля курсавой абавязкова адгукнецца ў будучыні недахопам пэўных ведаў на працы», — лічыць Міхаіл Жураўкоў. А студэнты, якія спрабуюць прыцягнуць дапамогу звонку, былі ва ўсе часы. Проста з развіццём інфармацыйных тэхналогій рабіць гэта стала прасцей. «Пакуль самі навучэнцы і студэнты не зразумеюць, што іх будучыня і кар'ера залежыць ад таго, як яны авалодаюць той ці іншай тэмай, будуць «квітнець» і фірмы, якія жывуць за кошт гультаёў, — лічыць міністр адукацыі. — Але варта мець на ўвазе, што сучасныя інфармацыйныя рэсурсы дазваляюць выкладчыку ВНУ хутка расшыфраваць, хто ж аўтар працы насамрэч».

Сёння ў беларускім заканадаўстве адсутнічаюць прамыя нормы, што забараняюць аказваць платныя паслугі па напісанні дыпломаў, рэфератаў, курсавых, роўна як і нормы, якія забараняюць набываць пералічаныя гатовыя працы. У такой сітуацыі колькасць прапаноў продажу дыпломных і курсавых работ не можа не расці. У Міністэрстве адукацыі лічаць, што вырашыць праблему можна, толькі змяніўшы спосаб правядзення выніковай атэстацыі.

І першы крок у гэтым напрамку ўжо зроблены. Міністэрства адукацыі адмяніла хатнія кантрольныя работы для студэнтаў-завочнікаў, што істотна скараціла ценявы рынак адукацыйных паслуг і прымусіла студэнтаў такой формы навучання больш сур'ёзна самастойна рыхтавацца да экзаменацыйных сесій. Акрамя таго, у ВНУ пачынае ўкараняцца сістэма «Антыплагіят» .

Надзея НІКАЛАЕВА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».