Вы тут

Што рабіць?.. Быць адказнымі!


Нашы скарбы па-ранейшаму ідуць «чорнымі» шляхамі

Нядаўна ў «Звяздзе» прайшоў «круглы стол» па праблемах беспакаранасці чорных капальнікаў. Мяркуючы па водгуках, колькасці праглядаў на нашым сайце, ён пацэліў, як той казаў, у самы яблычак. А дакладней, наступіў на балючы мазоль нашага грамадства...

[caption id="attachment_78617" align="alignnone" width="600"]Зна­ход­кі, зроб­ле­ныя гэ­тай вяс­ной толь­кі ад­ным ка­паль­ні­кам. Зна­ход­кі, зроб­ле­ныя гэ­тай вяс­ной толь­кі ад­ным ка­паль­ні­кам.[/caption]

Рабаванне помнікаў археалогіі адбываецца паўсюдна. Тое, што ў іншых краінах караецца як злачынства або правапарушэнне, у нас разраслося да маштабаў агульнанацыянальнага хобі. Капальнікі спакойна набываюць металадэтэктары, каб ісці з імі на такое «паляванне». Часам нават жонкі дораць сваім мужам такія «цацкі»: маўляў, ідзі, правядзі добра час...

Капаць ці не капаць. Вось у чым пытанне

Артэфакты незаконна выкопваюцца з зямлі, прадаюцца за мяжу. Белыя плямы ў нашым мінулым робяцца яшчэ большымі. Губляючы такім чынам бранзалеты, пярсцёнкі, скроневыя кольцы, кафлю, наканечнікі дзідаў, многае іншае мы быццам забіваем цвікі ў труну агульнанацыянальнага бяспамяцтва...

У прынцыпе, зразумела, чаму чорнае капальніцтва прываблівае людзей. Тут табе не толькі шпацыр на свежым паветры, але і гісторыя, прыгоды, неабходнасць папярэдняй абазнанасці ў тым, чым займаешся: дылетант не знойдзе старую карту і не зразумее, куды ісці са сваёй рыдлёўкай, каб шукаць скарб. Падацца ў чорныя капальнікі — ну вельмі спакуслівая ідэя, але... Жыццё ў нас адно. І пасля сябе на зямлі ці на небе мы пакідаем пэўны след. Пасля кагосьці застанецца брудная пляма, пасля іншага — прыемны водар. І калі мы маем справу з гісторыяй, то ад нас сённяшніх залежыць, якой будзе заўтрашняя Беларусь. Якой убачаць яе дзеці: слаўнай, гераічнай, непадобнай да іншых або папросту пустой старонкай, запоўніць якую, дарэчы, сваёй версіяй падзей заўсёды шмат ахвотнікаў.

Зразумела, не ўсе капаюць дзеля продажу. Верагодна, большасць робіць гэта з гістарычнага інтарэсу. Але што будзе з прыватнай невялічкай калекцыяй пазней? Не ўсе схільнасці бацькоў цікавыя дзецям. Такую калекцыю, у лепшым выпадку, яны могуць прадаць хоць каму, у горшым — закінуць на гарышча ці выкінуць.

Падаецца, што «гістарычны» патэнцыял чорных капальнікаў, іх своеасаблівую любоў да нашага мінулага можна выкарыстаць у «мірных» мэтах. Але як дакладна гэта зрабіць, вырашаць ім самім... Як казаў адзін мой добры знаёмы: «У тваіх руках залатое пяро. Пішы сваё жыццё».

Магутная адукацыя

Калі яшчэ не ўсе ўпэўнены ў тым, што чорнае капальніцтва — сапраўдная шкода, прывядзём словы карыстальніка нашага сайта, які падпісаўся Лёха: «Гэта не проста праблема, а нацыянальная трагедыя». «Чорныя» капаюць курганы, яны разварушваюць паселішчы Х—ХІ стагоддзяў. Гэтыя людзі ўскрываюць месцы размяшчэння корчмаў ХVІІ стагоддзя і выграбаюць з дапамогаю металадэтэктараў манеты таго часу. Што рабіць?..»

Нашы чытачы ўпэўнены, што рабіць нешта трэба. Але што?.. Якімі б гучнымі словамі гэта не здалося, трэба мяняць свядомасць людзей, не больш і не менш. Выхоўваць нацыянальную годнасць — як у дарослых, так і ў дзецях, студэнтах. Той жа Лёха адзначае: «Палепшыць хоць троху сітуацыю ў справе захавання гісторыка-культурнай спадчыны, у тым ліку і найперш археалагічнай, маглі б школьныя настаўнікі гісторыі, асабліва на месцах, на раёне, калі б на уроках хоць як надавалі гэтаму ўвагі. Але тут патрэбны змены ў праграме навучання і адпаведная работа на гістфаках ВНУ. У нас жа было зроблена з дакладнасцю да наадварот: у 2006 годзе ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка зменшылі колькасць гадзін на археалогію і адмянілі выязную археалагічную практыку...» З Лёхам салідарны і чытач па імені Алекс: «Хто ў свае школьныя-студэнцкія гады хоць раз пабываў на археалагічных раскопках, дакладна будзе ставіцца да такой спадчыны іначай. Як да запаветнай святыні... Мае археалагічныя летнікі — залаты час. Калі хоць раз дакрануцца да Вялікай Гісторыі — гандляваць ёй рука не падымецца». Згаджаецца з такімі думкамі і Юлія: «Калі б выезд на раскопкі, удзел у іх, выхад з вучнямі «ў поле» быў больш шырока распаўсюджаным у студэнцкім асяроддзі (і не толькі на гістфаку), у моладзі фарміравалася б зусім іншае стаўленне і да курганоў, і да чарапкоў, і да манет, і да нашай гісторыі наогул. Інакш большасці, будзем шчырымі, усё роўна, хто там што капае і каму прадае...»

Дарэчы, далучыцца да прафесійных археолагаў ёсць магчымасць. У каментарах да «круглага стала» на нашым сайце навукоўцы з Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея прапануюць прыняць удзел у іх археалагічнай экспедыцыі ў замак Кмітаў. Усё легальна, было б жаданне.

Усё пачынаецца з... ініцыятара

Калі ўсё-такі даводзіцца сутыкнуцца з рабаваннем кургана ці гарадзішча на сваёй роднай зямлі, маўчаць не трэба. Дзейнічаць можа кожны грамадзянін. У Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях пытанні аховы спадчыны разглядаюцца ў артыкулах з 19.1 па 19.7. Згодна з імі, пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях упаўнаважаны складаць прадстаўнікі сельскіх, пасялковых, раённых, гарадскіх і абласных выканаўчых камітэтаў, адміністрацый раёнаў горада, таксама супрацоўнікі Міністэрства культуры. Гэта значыць, што, напрыклад, прадстаўнік раённага аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі мае права скласці пратакол на чорнага капальніка, якога злавіў на месцы. Такую паперу трэба адразу перадаць у раённы аддзел унутраных спраў. Супрацоўнікам правапарадку, у сваю чаргу, у хуткім часе спатрэбіцца заключэнне эксперта, што знойдзеныя рэчы сапраўды з'яўляюцца артэфактамі. Такім чынам, для таго, каб пакараць таго, хто рабуе запаведнае месца, патрэбен ініцыятар — чалавек, які своечасова прасігналізуе аб тым, што адбываецца злачынства.

Неабходнасць дзейнічаць самастойна, не чакаць, пакуль хтосьці «зверху» пакарае злачынцаў, адзначаюць і карыстальнікі нашага сайта: «Няхай уладальнікі земляў, дзе маюцца помнікі археалогіі (старшыні калгасаў, старшыні сельсаветаў і іншыя), нясуць персанальную адказнасць за стан аховы гэтых помнікаў. У выпадку, калі хто-небудзь ходзіць на іх тэрыторыі з металадэтэктарам, хай выклікаюць міліцыю. Тая спытае дазвол і, калі яго няма, складзе акт аб парушэнні заканадаўства. Вось толькі самая драбніца таго, як можна дзейнічаць».

...У той час, як мы абмяркоўваем розныя аспекты дзейнасці чорных кальнікаў, іх жыццё, між іншым, ідзе сваім ходам. На адным з сайтаў яны спакойна выкладваюць фотаздымкі сваіх знаходак, якія падпісваюць «Вясна-2015». Сярод медалёў, манет, ёсць, напрыклад, верхняя частка фігурнай жырандолі. Тут жа знаходзіцца ахвочы прадаць ніжнюю, для камплекта. А на іншым рэсурсе з захапленнем абмяркоўваюць будучы злёт пад назвай «Карамболь», які будзе праходзіць з 1 па 3 мая. Навагрудскі, Нарачанскі раёны ці ваколіцы Міра... Галоўны крытэрый для месца, якое выбіраюць будучыя ўдзельнікі, — гэта «каб было дзе пакапаць...»

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

 Чытайце яшчэ:

Затанулы горад Свіцязь усё ж існуе?..

Па слядах разрабаваных курганоў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.