Вы тут

Профільныя класы — справа добраахвотная


Залічэнне навучэнцаў у профільныя 10-я класы будзе ажыццяўляцца з гэтага года на аснове конкурснага адбору.

— Ніякіх дадатковых экзаменаў мы пакуль для школьнікаў не ўводзім. Адбор будзе праводзіцца па сярэднім бале дакумента аб базавай адукацыі, — паведаміла намеснік міністра адукацыі Раіса СІДАРЭНКА. — У ахвотных вучыцца ў профільных класах сярэдні бал пасведчання павінен быць не ніжэйшы за 6 балаў, а па профільных прадметах адзнакі не могуць быць ніжэйшыя за 7 балаў.

11-26

11-26

 

Паводле слоў Раісы Сідарэнкі, профільныя класы з вывучэннем асобных прадметаў на павышаным узроўні могуць адкрывацца ў любых школах, але гэта не азначае, што бацькі вучняў будуць дыктаваць кіраўніцтву школы свае пажаданні. Рашэнне пра адкрыццё профільных класаў у канкрэтнай установе адукацыі прымае яго кіраўнік.

— Перад сістэмай адукацыі не стаіць задача вярнуць профільныя класы ў тыя ўстановы адукацыі, дзе яны функцыянавалі раней, і няма задачы адкрыць профільныя класы ў кожнай школе ці гімназіі, — падкрэсліла намеснік міністра адукацыі. — Для адкрыцця профільных класаў павінны выконвацца асноўныя ўмовы: гэта наяўнасць неабходнай для вывучэння на павышаным узроўні тых ці іншых прадметаў матэрыяльна-тэхнічнай базы, кадравага саставу (педагогаў, гатовых працаваць у профільных класах) і матываваных навучэнцаў.

Раіса Сідарэнка расказала, што калі ў 2013/2014 навучальным годзе прадметы на павышаным узроўні вывучалі 65% дзесяцікласнікаў, то ў наступным навучальным годзе ў гэтых жа ўстановах адукацыі колькасць вучняў у профільных класах зменшылася да 55%. Магчыма, камусьці аказалася не пад сілу вывучаць прадметы на павышаным узроўні, а хтосьці астаўся незадаволены ўзроўнем выкладання. Тэндэнцыя да змяншэння колькасці навучэнцаў, якія вывучаюць прадметы на павышаным узроўні, найбольш яскрава прасочваецца ў сельскіх установах адукацыі: у 2013/2014 навучальным годзе такіх было 50%, а ў 2014/2015 — толькі 28% (для параўнання: у гарадскіх установах адукацыі іх колькасць зменшылася з 70% да 62%).

Моцная альтэрнатыва

Раіса Сідарэнка падкрэсліла, што галоўны прынцып, які будзе рэалізоўвацца, — гэта паступовае і плаўнае ўкараненне профільнага навучання на старшай ступені школы. Пры ўвядзенні профільнага навучання ў адукацыйным стандарце агульнай сярэдняй адукацыі закладзены два ўзроўні — базавы і павышаны. Гэта значыць, што разам з профільнымі класамі ў школах застануцца на старшай ступені і класы базавага ўзроўню.

Раіса Сідарэнка ўдакладніла, што колькасць гадзін на вывучэнне асобных прадметаў на павышаным узроўні будзе павялічана за кошт частковага пераводу факультатыўных заняткаў у разрад вучэбных. Падрыхтавана таксама прапанова па ўнясенні змяненняў у Кодэкс аб адукацыі: вызнача́ць, ці з'яўляецца субота вучэбным днём для 10-х і 11-х профільных класаў, будзе сама ўстанова адукацыі.

Для вучняў, безумоўна, найбольш зручнай мадэллю было б мультыпрофільнае навучанне. Яна — моцная альтэрнатыва профільнаму. Індывідуальны план дае навучэнцам права выбару любых прадметаў для вывучэння на павышаным узроўні. Акрамя таго, можна засвойваць любімы прадмет у невялікай групе. З аднымі аднагодкамі, напрыклад, вывучаць на павышаным узроўні матэматыку, хімію і беларускую мову, з другімі — на базавым узроўні фізіку і гісторыю і г.д. Праўда, скласці індывідуальны план для кожнага навучэнца — няпростая задача. Асноўная нагрузка кладзецца на намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце. Затое мультыпрофільнае навучанне можна ўкараняць як у буйных установах адукацыі, так і ў невялікіх, дзе няма ў паралелі некалькіх класаў.

Змяненні ў пераліку экзаменаў

— Дарэчы, у перспектыве — праз два гады — пералік выпускных экзаменаў для адзінаццацікласнікаў можа змяніцца, таму што сёння, напрыклад, фізіку не здаюць на выхадзе са школы вучні фізіка-матэматычных класаў, а матэматыку здаюць усе: і фізікі, і лірыкі. Змяненні распаўсюдзяцца і на ЦТ: не сакрэт, што з прычыны нізкіх балаў, атрыманых на тэсце па дзяржаўнай мове, здараецца, што за бортам прыёмнай кампаніі застаюцца ўладальнікі высокіх балаў па дакладных навуках. Зараз разглядаюцца розныя варыянты, — дадала Раіса Сідарэнка. — Больш увагі цяпер будзе надавацца і дапрофільнай падрыхтоўцы ў базавай школе. Распрацаваны намі комплекс мерапрыемстваў уключае не толькі інфармаванне навучэнцаў пра асаблівасці арганізацыі адукацыйнага працэсу, але і іх псіхолага-педагагічнае суправаджэнне, правядзенне спецыяльных факультатыўных заняткаў. Будуць выкарыстоўвацца некалькі відаў арганізацыі дапрофільнай падрыхтоўкі — у рамках установы адукацыі, у межах сеткі з некалькіх школ і ў межах сеткі ўстаноў розных тыпаў і відаў (у тым ліку ўключаючы прафесійна-тэхнічныя ўстановы і ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі).

У рамках факультатыўных заняткаў будуць арганізаваны прафарыентаваныя курсы, такія, як «Уводзіны ў прафесію», «Прафесія — педагог». Для іх правядзення і плануецца выкарыстоўваць базу ПТА і ўстаноў дадатковай адукацыі.

«Беларуская і сусветная культура»

А з наступнага навучальнага года ў школьным раскладзе з'явіцца «стары—новы» прадмет «Айчынная і сусветная мастацкая культура».

— У 2015/2016 навучальным годзе мы плануем увесці яго спачатку ў пятых класах. З наступнага навучальнага года — у пятых і шостых, і так за пяць гадоў увядзём гэты важны для выхавання ўсебакова развітой асобы курс ва ўсіх класах базавай школы. На жаль, сёння можна прывесці мноства прыкладаў зніжэння ўзроўню культуры моладзі, — канстатавала Раіса Сідарэнка. — Беларуская культура будзе вывучацца як частка агульнай сусветнай культуры.

Журналісты пацікавіліся, ці будзе выкладацца зноў на беларускай мове гісторыя Беларусі?

— Ёсць думка, што гэты прадмет павінен выкладацца толькі на беларускай мове. Але ёсць і іншая пазіцыя: установа адукацыі павінна сама вызначыцца, на якой мове выкладаць дзецям гісторыю. Калі мы гвалтам прымусім вывучаць нейкія прадметы на беларускай мове, гэта будзе няправільным падыходам, таму што ў Беларусі дзве дзяржаўныя мовы, — адказала Раіса Сідарэнка.

На думку намесніка міністра, калі гаворка ідзе аб пашырэнні сферы беларускай мовы, то справа не ў выкладанні на ёй таго ці іншага прадмета, а ў агульнай пазіцыі ўстановы адукацыі і педагагічнага калектыву.

— Настаўнікаў гісторыі Беларусі, якія добра валодаюць нацыянальнай мовай, недастаткова. Нядаўна ў Мінску праводзілі апытанне, каб высветліць, колькі рускамоўных школ хочуць вывучаць гісторыю Беларусі на беларускай мове. Іх працэнт досыць вялікі. Мы гатовы адгукнуцца на жаданне бацькоў і вучняў, але гэта трэба рабіць карэктна, з павагай да носьбітаў мовы. Сілавога ўмяшання быць не павінна, — падкрэсліла намеснік міністра адукацыі.

Надзея НІКАЛАЕВА.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.