Вы тут

Зала № 3. «Дарога вайны»


Працягваем завочную экскурсію па музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

Гэта самая вялікая зала Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Для некаторых наведвальнікаў — і найбольш цікавая. На плошчы каля тысячы квадратных метраў, на трох узроўнях размешчаны ўзоры ўзбраення і тэхнікі часоў Вялікай Айчыннай.

[caption id="attachment_79486" align="alignnone" width="600"]15-16 У залах музея шмат артылерыі розных мадыфікацый.[/caption]

Легендарная паўтаратонка — баявая сяброўка

Увайшоўшы ў залу, наведвальнік адразу трапляе ў падзеі пачатковага этапу вайны. У чэрвені 1941 года нашы войскі вымушаны былі адступаць, пры гэтым яны, як маглі, давалі рашучы адпор. Яркі прыклад — разлік 45-міліметровай процітанкавай гарматы. Уступіць у апошні бой рыхтуюцца камандзір і шафёр грузавіка, які буксіраваў гармату.

Грузавік, змешчаны побач, — аўтамабіль «ГАЗ-АА», або легендарная паўтаратонка. Такую назву атрымаў таму, што мог перавозіць да паўтары тоны грузу. Калі ж трэба было перавезці людзей, то ў драўляным кузаве з адкіднымі бартамі змяшчалася да 25 чалавек. Аўтамабіль рухаўся з хуткасцю да 70 кіламетраў у гадзіну. Нядрэнна перасоўваўся і па бездарожжы. Перад вайной гэта быў самы масавы аўтамабіль у Чырвонай Арміі: на 20 чэрвеня 1941 года налічвалася больш як 150 тысяч такіх машын.

[caption id="attachment_79489" align="alignnone" width="600"]15-19 Ле­ген­дар­ная паў­та­ра­тон­ка, на якой усю вай­ну ад'­ез­дзіў Па­вел Мі­хай­лаў. За ба­я­выя за­слу­гі бы­ла пе­ра­да­дзе­на фран­та­ві­ку ў аса­біс­тае ка­ры­стан­не.[/caption]

Паўтаратонка ўзору 1932 года, прадстаўленая ў экспазіцыі музея, была куплена ў Надзеі Міхайлавай, удавы ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Паўла Міхайлава. Павел Якаўлевіч быў ваенным шафёрам. На фронце — з чэрвеня 1941 года і да апошняга дня вайны. Праходзіў службу ў 252-м аўтабатальёне 196-га гвардзейскага палка. Пасля цяжкага ранення быў камандзірам аддзялення 384-й палявой аўтарамонтнай базы. Удзельнічаў у абароне Масквы, бітве за Ленінград, змагаўся на Курскай дузе, пад Кёнігсбергам. Менавіта на гэтым аўтамабілі ён і перавозіў людзей, боепрыпасы, прадукты харчавання. Пасля звальнення ў запас у 1948 годзе вярнуўся на радзіму, у вёску Бяляны, што ў Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці. Прыехаў на сваёй паўтаратонцы, якая стала для яго баявой сяброўкай.

Як сведчаць дакументы з фондаў музея, аўтамабіль Паўлу Міхайлаву быў перададзены ў асабістае карыстанне камандаваннем фронту за яго баявыя заслугі. Гэта быў унікальны выпадак! Машына нават прыцягвалася да здымак фільмаў «Доўгая дарога ў дзюнах» і «У жніўні 44-га...»

[caption id="attachment_79483" align="alignnone" width="600"]15-11 Па­ля­вая кух­ня ўзо­ру 1942 го­да.[/caption]

«Танкавы таран» і паветраны бой

Напружанне першых баёў вайны дэманструе інсталяцыя «Танкавы таран». Танк «Т-34-76» на поўным ходзе тараніць нямецкі «Т-3», збівае з яго гусеніцу, пасля чаго апошні не можа рухацца. Дарэчы, першыя серыйныя танкі «Т-34-76» выйшлі з цэхаў Харкаўскага паравозабудаўнічага завода ў верасні 1940 года. Да пачатку вайны было выпушчана 1225 адзінак тэхнікі. «Т-34-76» па баявых і манеўраных якасцях пераўзыходзіў усе замежныя танкі свайго класа.

Цалкам уявіць карціну першых дзён вайны дазваляе і інсталяцыя паветранага бою. Эпізод барацьбы за неба ў чэрвені 1941-га ўзнаўляецца з дапамогай поўнамаштабных макетаў самалётаў «І-16» і «Ме-109». Гэта серыйная авіяцыйная тэхніка, якая знаходзілася на ўзбраенні дзвюх армій на пачатку вайны. Нямецкія «месершміты», запанаваўшы ў паветры, знішчылі вялікую колькасць савецкіх самалётаў яшчэ на аэрадромах. Тым не менш гераічныя лётчыкі на самалётах «І-16», якія па сваіх тэхнічных характарыстыках шмат у чым саступалі варожым «месерам», мужна ваявалі і нават збівалі іх.

Узбраенне двух знішчальнікаў было прыкладна аднолькавым. На розных мадыфікацыях «І-16» стаяла ад двух да чатырох кулямётаў або два кулямёты з дзвюма 20-міліметровымі гарматамі. На самай масавай у той час мадыфікацыі «Ме-109» стаялі два кулямёты на крылах і 20-міліметровая гармата. Праўда, нямецкі самалёт рухаўся хутчэй, чым савецкі: прыкладна 620 кіламетраў у гадзіну супраць 470. «Месеры» маглі падымацца ў неба на вышыню да 11 750 метраў, у той час як «І-16» не мог узляцець вышэй чым 9 800 метраў. «Ме-109» хутчэй набіралі вышыню, але савецкі знішчальнік лепш манеўраваў, разварочваўся і мог заходзіць на хвост нямецкаму самалёту.

[caption id="attachment_79488" align="alignnone" width="600"]15-18 Гар­ма­та, якая зна­хо­дзі­ла­ся на ўзбра­ен­ні пар­ты­зан­ска­га атра­да імя га­зе­ты «Пра­вда».[/caption]

«Багі вайны» і партызанская гармата

Неабходнасць стварэння больш магутнага зенітнага ўзбраення была відавочнай. Прынятая на ўзбраенне Чырвонай Арміі 76,2-міліметровая зенітная гармата ўзору 1931 года ўжо не магла справіцца з авіяцыяй ворага. Невыпадкова ў ходзе мадэрнізацыі ўжо існуючай тэхнікі была створана 85-міліметровая гармата. Яе эфектыўнасць нашыя войскі выпрабавалі ў бітве пад Масквой. Перад магутнай даўгастволай зброяй, якую можна цяпер убачыць у музеі, не мог устаяць ніводзін нямецкі танк. Гармату, як і многія іншыя ўзоры ваеннай тэхнікі і ўзбраення, у 1970-х гадах у музей перадало Міністэрства абароны.

У экспазіцыі прадстаўлены і процітанкавыя гарматы калібрам 57 і 76 міліметраў. 57-міліметровая гармата была прынята на ўзбраенне ўжо ў пачатку вайны, але ў серыйную вытворчасць яна не пайшла. А ўсё таму, што нямецкія танкі мелі вельмі тонкую браню: снарад прабіваў танк наскрозь і ўзрываўся за яго межамі. Толькі ў 1943-м на полі бою з варожага боку з'явіліся іншыя «гульцы» — магутныя «Пантэры» і «Тыгры». І тут якраз спатрэбіліся самыя масавыя ў гады вайны процітанкавыя прылады. У музеі можна ўбачыць і іншыя ўзоры артылерыйскай зброі, якую невыпадкова і сёння называюць «багамі вайны».

У канцы лета — восенню 1941 года ў Беларусі пачалі ўзнікаць першыя партызанскія атрады. Зброя, якая першапачаткова знаходзілася на ўзбраенні партызанаў, у асноўным трапляла да іх у якасці трафеяў. Як народныя мсціўцы рамантуюць гармату, паказана ў інсталяцыі. Дарэчы, гармата — адзін з першых экспанатаў музея. Партызаны атрада імя газеты «Правда» знайшлі яе, адрамантавалі, паставілі на колы ад воза і з яе дапамогай знішчалі варожыя гарнізоны. Падчас блакады ў маі 1944 года яе закапалі ў зямлю: не было снарадаў. У музей гармату перадалі самі народныя мсціўцы. Адразу пасля таго, як прайшлі разам з ёй у партызанскім парадзе ў вызваленым Мінску 16 ліпеня 1944 года.

[caption id="attachment_79485" align="alignnone" width="600"]15-14 Лёг­ка­ма­тор­ны са­ма­лёт «У-2» («По-2»), на якім ля­та­лі «нач­ныя ведзь­мы».[/caption]

Транспарт «начных ведзьмаў»

Новы экспанат, які спецыяльна для новага музея ў мінулым годзе закупілі ў маскоўскай авіяцыйна-рэстаўрацыйнай групы, — лёгкаматорны самалёт «У-2» 1945 года выпуску, які пасля смерці свайго стваральніка Палікарпава быў перайменаваны ў «По-2». Гэтыя самалёты выконвалі розныя функцыі: на іх праводзілі разведку ў тыле ворага, ажыццяўлялі сувязь камандавання са штабамі, эвакуявалі цяжка параненых з перадавой. «У-2» — і асноўны транспартны сродак, дзякуючы якому ўсім неабходным забяспечваліся партызанскія атрады.

За гады вайны на «По-2» прайшлі падрыхтоўку амаль сто тысяч лётчыкаў. У перыяд абароны Адэсы 3 верасня 1941 года малодшы лейтэнант Павел Беўз узяў у кабіну некалькі невялікіх бомбаў і падчас разведвальнага палёту знішчыў батарэю праціўніка. Ідэю такога нечаканага прымянення лёгкаматорнага самалёта ўвасобіў пры стварэнні лёгкага начнога бамбардзіроўшчыка канструктар Рыгор Бакшаеў. Такім чынам, невялікая хуткасць «По-2» стала зусім не недахопам: самалёт бясшумна выходзіў на цэль і з невялікай вышыні скідваў бомбы з такой дакладнасцю, якой не маглі пахваліцца нават самыя лепшыя бамбардзіроўшчыкі. Невыпадкова адважных лётчыц 46-га гвардзейскага Таманскага жаночага авіяпалка, якія на лёгкіх начных бамбардзіроўшчыках нанеслі нямала шкоды ворагу, немцы празвалі «начнымі ведзьмамі».

Як расказалі ў музеі, гэты самалёт быў адноўлены курсантамі аднаго з расійскіх вучылішчаў, дзе да нядаўняга часу ён выкарыстоўваўся ў якасці вучэбнага. Уявіце: свой мотарэсурс ён выпрацаваў толькі на пачатку новага стагоддзя!

[caption id="attachment_79487" align="alignnone" width="600"]15-17 Ін­ста­ля­цыя «Тан­ка­вы та­ран».[/caption]

Танкі «Іосіф Сталін» і славутая «Кацюша»

Годнае месца ў музейнай экспазіцыі займае легендарны цяжкі танк «ІС-2». Тэхніку, названую ў гонар Іосіфа Сталіна, выпускалі на Кіраўскім заводзе пад кіраўніцтвам Жозэфа Коціна. Заслугі канструктара былі высока адзначаны: у 1941 годзе яму прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы, таксама ўзнагароджаны трыма ордэнамі Леніна і ордэнам Суворава 1-й і 2-й ступені, чатыры разы лаўрэат Дзяржаўнай Прэміі.

Гэтыя танкі маглі прарваць нават самую моцную абарону праціўніка. Паспяхова прайшоўшы завадскія і палігонныя выпрабаванні, у пачатку 1943 года ў масавую вытворчасць быў перададзены танк «ІС-1». Ужо ў кастрычніку новая цяжкая зброя была прынята на ўзбраенне Чырвонай Арміі пад маркай «ІС-2». Запушчана ў вытворчасць — у пачатку 1944 года. Усяго было створана каля 3500 машын.

Толькі найбольшы жах на немцаў наводзіў гвардзейскі рэактыўны мінамёт БМ-13 «Кацюша». За 7—10 секундаў на ворага падала 16 снарадаў масай больш чым 40 кілаграмаў кожны! Існавала некалькі мадэляў славутых «Кацюш». У экспазіцыі прадстаўлена пасляваенная баявая машына на базе грузавіка «ЗІС-151». Сама пускавая ўстаноўка — дакладна такая ж, што выпускалася ў 1941 годзе. Толькі ў гады вайны яна ўсталёўвалася на шасціколавы аўтамабіль павышанай праходнасці «ЗІС-6». Такія аўтамабілі ў свеце захаваліся. Толькі сёння іх можна пералічыць па пальцах.

[caption id="attachment_79484" align="alignnone" width="600"]15-13 Аў­та­ма­біль «ГАЗ-67».[/caption]

Рарытэтны аўтамабіль і кухня палявая

У экспазіцыі прадстаўлена мадыфікацыя аўтамабіля «ЗІС-5В». У свой час супрацоўнікі музея правялі вялікую работу і па нумары рухавіка ўстанавілі, што аўтамабіль быў выпушчаны ў 1944 годзе. Машына трапіла ў адну з воінскіх часцей, якая ў студзені 1944 года ўдзельнічала ў Калінкавіцка-Мазырскай аперацыі. Падчас баёў аўтамабіль быў пашкоджаны, пасля вайны перададзены ў народную гаспадарку. З 1947 года знаходзіўся на балансе епархіяльных упраўленняў Мазыра і Мінска, таксама абслугоўваў Жыровіцкі мужчынскі манастыр. У 1986 годзе «ЗІС-5В» набыў калекцыянер аўтатэхнікі з Мінска Аляксандр Ганчар. А ў 1995 годзе рарытэт выкупіў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

У народзе гэты аўтамабіль называлі трохтонкай, бо ён мог перавозіць грузы да трох тон. Гэта была недарагая машына, вельмі простая ў абслугоўванні. Добрая колавая база дазваляла з лёгкасцю пераадольваць бездарожжа. У цяжкіх франтавых умовах, карыстаючыся мінімальным наборам інструментаў, пры дапамозе двух-трох чалавек яго мог адрамантаваць сам кіроўца.

Палявая кухня ўзору 1942 года, якая экспануецца ў музеі, разлічана на 150—200 чалавек. Калі гатавалася першая страва, то ў кацёл змяшчалася 125 літраў, калі другая — 75 літраў. Агульная вага кухні складае 800 кілаграмаў. На фронце існавалі нават разносчыкі, якія ў спецыяльных тэрмасах прыносілі ежу на перадавую.

Завяршае экспазіцыю гэтай залы поўнапамерны макет самалёта «Як-9». Напрыканцы вайны ён быў адным з самых лепшых савецкіх знішчальнікаў. Некаторыя яго мадыфікацыі нават маглі быць узброены 37-міліметровай гарматай і выкарыстоўваліся для знішчэння танкаў і іншай бранятэхнікі ворага. Па сваіх тэхнічных характарыстыках ён пераўзыходзіў не толькі «месершміты», а і больш познія мадыфікацыі нямецкіх самалётаў.

***

Напрыканцы падарожжа па гэтай зале ловіш сябе на думцы, што няправільная геаметрычная форма самога памяшкання абсалютна адпавядае яго назве. Сапраўды, дарога вайны была вельмі няпростай: на ёй заўсёды ўзнікалі перашкоды, якія вымушалі збочваць, а часам увогуле вяртацца назад. Але, тым не менш, гэты складаны шлях, даўжынёй у чатыры гады, быў пераадолены. Толькі чаго гэта каштавала беларускаму народу, даведаемся ў наступных залах музея, пра якія — пазней.

Вераніка КАНЮТА, Эдуард ГЕРАСІМЁНАК, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела ваенна-франтавой гісторыі Белдзяржмузея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Зала № 2. «Свет напярэдадні і ў першыя гады Другой сусветнай вайны»

Зала № 1.  «Мір і вайна»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».