Вы тут

Пра вецер перамен


— Вось тут напісана: «Au revoіr». Што гэта значыць?

— Па-мойму, гэта па-французску. Здаецца, «бывайце». Не, «да пабачэння». Дакладна, «да пабачэння»!

— Значыць, усё ў парадку!

(з к/ф «Мэры Попінс, да пабачэння»).

...Шчыра кажучы, я не ведаю, як гэта — адпусціць ад сябе дзіця ў самастойнае жыццё. Дачка ўсё ж яшчэ занадта маленькая, а каменныя джунглі горада занадта імклівыя і небяспечныя, каб можна было ўявіць яе адзіночны праменад нават у тэорыі.

І потым, што значыць — адпусціць? Выпхнуць з «гнязда», каб прымусіць расправіць уласныя крылы? Даваць усё больш магчымасцяў для самастойнага выбару і, адпаведна, адказнасці за яго наступствы? Або ўсё адно нябачна знаходзіцца побач і — не кантраляваць, але быць гатовай пры неабходнасці прыйсці на дапамогу?

Памятаю, якім стрэсам для нас абедзвюх сталі першыя месяцы знаходжання ў дзіцячым садку. Ды што доўга гаварыць — бадай, кожная сучасная маці сутыкнулася на ўласным вопыце з перыядам адаптацыі: дзень добрага настрою, тыдзень істэрык, 10 дзён хваробы, і так па коле, пакуль абодва бакі не пераадолеюць пэўны псіхалагічны бар'ер: дзіця нарэшце адчуе сябе часткай соцыуму, а маці пяройдзе ад павышанай трывожнасці да спакойнай упэўненасці. Гэта атрымліваецца практычна ва ўсіх, але ад таго працэс не перастае быць хвалюючым і нават балючым.

Вось і з творчым «дзіцем» — «Сямейнай газетай», з якой больш чым за паўтара года мы фактычна зрасліся, нават не ўяўляла сабе, як развітацца. Бо і страшнавата, і шкада, і не без рэўнасці — а як жа, у якія б добрыя рукі ні перадаваў справу, а ўсё ж гэта рукі ўжо не твае. І ёсць спакуса зрабіць усё за ўсіх, паказаць, падказаць — «я ж лепей ведаю, як лепш»... Але на гэтым моманце я сябе спыняю і нагадваю вельмі простыя рэчы: усё цячэ і мяняецца, прыярытэты з часам перасоўваюцца, а «свежае вока», новыя людзі і ідэі практычна заўсёды ідуць на карысць любой справе. Таму выціскаю з сябе падсвядомага сабаку на сене і настройваюся, што будзе ў любым выпадку інакш, але ніколькі не горш.

Я вельмі ўдзячная ўсім тым чытачам, спецыялістам з розных сфер і героям публікацый, хто гэты час быў з «Сямейнай газетай» — можна сказаць, мы разам зрабілі першыя крокі і набылі пэўны, мяркую, небескарысны вопыт. Спадзяюся, што «СГ» не застанецца без вашай падтрымкі і ўвагі і надалей — многія рубрыкі з'явіліся дзякуючы вашым лістам і тэлефанаванням. Таму я дапісваю гэтую апошнюю — прынамсі, на бліжэйшыя месяцы ў якасці вядучай сямейнага выпуску калонку з цёплымі і светлымі пачуццямі, бо веру, што ўсё робіцца да лепшага, а за расстаннем абавязкова бывае сустрэча. І са спакойнай душой развітваюся, каб ушчыльную заняцца рэалізацыяй асабістых дэмаграфічных планаў.

Без шкадавання. З надзеяй. Да пабачэння!

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».