Вы тут

Хочаш «давесці» ідэю да інвестара?


Стартап-цэнтр БДУ бярэцца ў гэтым дапамагчы

У фінале сёлетняга рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу «100 ідэй для Беларусі» маладыя навукоўцы з БДУ перамаглі ў намінацыі «Медыцына, медыцынская тэхніка і тэхналогіі, фармацыя». Малодшыя навуковыя супрацоўнікі НДІ фізіка-хімічных праблем БДУ Дзяніс Адамчык і Сяргей Саламевіч прадставілі на конкурс супрацьпухлінныя прэпараты для лакальнай хіміятэрапіі злаякасных новаўтварэнняў, якія атрымалі самую высокую ацэнку экспертаў.

23-17

23-17

 

Не сакрэт, што людзей «ад навукі» мала цікавіць удзел у конкурсных спаборніцтвах або «навукападобных тусоўках». Прычына простая — не хапае часу, каб заняцца руціннай працай: афармленнем дакументаў, пошукам інвестараў, падрыхтоўкай прэзентацый і г.д. Навукоўцы, апантаныя ідэяй, працуюць на вынік. Але калі выкарыстоўваць метафару, то навуковая распрацоўка, як той брыльянт, заўсёды мае патрэбу ў добрай аправе!

Гэтую функцыю ўзялі на сябе супрацоўнікі ўпраўлення выхаваўчай работы з моладдзю БДУ. Спецыялісты яго аддзела маладзёжных праграм і праектаў займаюцца пошукам кандыдатаў з эксклюзіўнымі ідэямі, забяспечваюць суправаджэнне праектаў — ад падачы заяўкі да фінальных прэзентацый на ўсіх рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, прадумваюць найбольш аптымальныя спосабы іх прасоўвання. Менавіта яны, як добрыя прадзюсары, першымі ацанілі перспектыўнасць ідэй маладых навукоўцаў, што перамаглі ў конкурсе «100 ідэй для Беларусі». Займаліся «агранкай» самых розных праектаў: ад валанцёрскіх да інавацыйных. Больш за тое, дзякуючы створанаму ва ўніверсітэце цэнтру маладзёжных інавацый і прадпрымальніцтва «Stаrt-uр
БДУ», у студэнтаў з'явілася магчымасць навучыцца працаваць у камандзе, генерыраваць ідэі і планаваць бізнэс.

Пра тое, як распачаць сваю справу яшчэ ў студэнцкія гады і ці можна вырасціць сваіх цукербергаў, мы гутарым з намеснікам начальніка ўпраўлення выхаваўчай работы з моладдзю БДУ Наталляй РАМАНАВАЙ.

— Наталля Сяргееўна, раскажыце пра сутнасць стартапаў...

— Так прынята называць толькі што створаную кампанію, якая будуе свой бізнес на аснове інавацыйных ідэй альбо на аснове суперсучасных тэхналогій. У перакладзе з англійскай мовы «стартап» азначае «запускаць» або «стартаваць». Сучаснае значэнне і паняцце стартапа — венчурны праект. У Беларусі толькі фарміруецца культура венчурнага бізнесу, а вось у ЗША ён актыўна развіваецца на працягу амаль сямідзесяці апошніх гадоў. У 1939 годзе студэнты Стэнфардскага ўніверсітэта Пакард і Х'юлет запусцілі свой бізнес, а сёння іх дзецішча, як вядома, з'яўляецца брэндам сусветнага ўзроўню.

Аднак вельмі часта згадваюць і іншае імя — легендарнага камп'ютарнага генія Стыва Джобса, які, маўляў, не маючы вышэйшай адукацыі, стварыў магутную ІT-імперыю. Хачу нагадаць зайздроснікам, што яшчэ ў школе Джобс перамагаў на матэматычных алімпіядах і захапляўся электронікай. Фінансавы прыбытак любой справы не з'яўляецца на пустым месцы, а абапіраецца на добры бэкграўнд (суправаджэнне. — Аўт.). Скажам, поспех пілотнага праекта можна пралічыць, а ўдачу — прадказаць, але веды трэба пастаянна ўдасканальваць. Прадукт, які сёння карыстаецца ў інвестараў поспехам, ужо заўтра (можа так здарыцца) нікому не будзе патрэбен. Думку чалавека, як і час, спыніць нельга! Бізнесмен павінен працаваць на апярэджанне патрэб спажыўца. Зыходзячы з досведу амерыканскіх і еўрапейскіх даследаванняў, укладанні ў ІT-сферу з'яўляюцца аднымі з самых стабільных і даходных. Цяперашнім стартаперам неабходна ведаць прадпрымальніцкую культуру і маркетынгавую стратэгію. І абавязкова яны павінны валодаць прэзентацыйнымі навыкамі.

— На які бізнес скіравана сёння моладзь?

— Найбольш прывабнымі для моладзі падаюцца ІT-галіна, турыстычны бізнес, навукаёмістыя вытворчасці. Адзначу і мабільныя праграмы для карпаратыўнага асяроддзя. Напрыклад, студэнты факультэта радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій БДУ прапанавалі арыгінальную версію праграмы для павышэння эфектыўнасці элементаў агульнай сістэмы справаводства ў нашым універсітэце.

— На што вы і вашы калегі арыентуецеся, калі разглядаеце і даяце ацэнку дзелавой прапанове маладых навукоўцаў і прадпрымальнікаў?

— Маё асабістае перакананне — праект можа быць удалым пры наяўнасці прадпрымальнай каманды аднадумцаў і канчатковага прадукту, запатрабаванага спажыўцом. А інвестар павінен разумець спецыфіку тавару і быць упэўненым у камандзе.

— Ці патрэбен калектыву чалавек, які будзе «камандаваць парадам»?

— Безумоўна, лідар патрэбен. Любая камандная гульня мае на ўвазе дакладнае размеркаванне функцый. У нашым выпадку ў складзе «зборнай» павінны быць менеджары, генератары ідэй, эканамісты і г.д. Калектыў не толькі генерыруе ідэю, але і абавязаны забяспечыць яе рэалізацыю.

— А якія праекты асабіста вас зачапілі сваёй навізной і крэатыўнасцю?

— Такія буйныя рэспубліканскія праекты, як «Святло Вялікай Перамогі» і Школа студэнцкай журналістыкі, калісьці былі проста студэнцкай ідэяй. Аўтарства агульнаўніверсітэцкіх праектаў «Універсітэт — твой крок у будучыню», «БДУ ў тваім фармаце», «Адкрытая інтэлектуальная ліга БДУ», «Фотавеламарафон», «Майскі калейдаскоп» таксама належыць студэнтам БДУ.

Сярод праектаў стартап-цэнтра хочацца адзначыць працу студэнтаў фізічнага факультэта Стаса Працэнкі і Аляксандра Бядуліна «Сучасны інвестыцыйны кансультант «РrоfіtРАM». Хлопцы ўжо вядуць перамовы з інвестарам аб далейшай рэалізацыі праекта. Цікавы ІT-праект Дзмітрыя Куратніка «Сhаngіng thе Wоrld». Створаны таксама валанцёрскія праграмы «Прафарыентацыя», «Дзецям свету» і «Мая школа».

Кожны з прапанаваных праектаў — эксклюзіўны, ён вылучаецца ўнікальнасцю аўтарскай ідэі, крэатыўным падыходам да, здавалася б, штодзённых рэчаў і падзей.

— Падзяліцеся, калі ласка, планамі на будучыню...

— Упершыню сёлета наша ўпраўленне арганізуе студэнцкі турнір па прыродазнаўчых дысцыплінах на базе БДУ сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі. Ініцыятарамі яго правядзення выступілі студэнты хімічнага факультэта. Працы для ўвасаблення гэтай ідэі ў жыццё хопіць з лішкам на ўсіх супрацоўнікаў упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю. Нагадваю: мы адкрытыя для ўсіх, у каго ёсць ідэя і адэкватны план яе ўвасаблення...

Алеся КЛІМКОВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».