Вы тут

У студатрадзе не «адкосіш» на пакосе!


Афіцыйнае адкрыццё трэцяга працоўнага семестра адбудзецца ў апошнія дні красавіка, аднак падрыхтоўка да яго ідзе ўзмоцненымі тэмпамі. У многіх рэгіёнах краіны ўжо прайшла вучоба для камандзіраў і камісараў штабоў працоўных спраў і лінейных атрадаў, бо менавіта ад лідараў, ад іх здольнасці кіраваць калектывам і вырашаць агульныя праблемы, залежыць вельмі многае.

Выкарыстоўваючы магчымасць круглагадовай працоўнай занятасці, у Віцебскай вобласці з 1 красавіка ўжо прыступілі да працы медыцынскія студэнцкія атрады. Гэта, так бы мовіць, новы «профіль». Дарэчы, вось-вось плануюць пачаць сваю дзейнасць вытворчыя і навуковыя атрады ў Мінску. Такі профіль атрадаў таксама ўпершыню ўключаны ў пералік відаў студэнцкіх атрадаў.

У Мінску гэтым летам плануецца працаўладкаваць каля 8-9 тысяч чалавек і яшчэ каля 3 тысяч — індывідуальна. Гэтымі днямі ва ўсіх установах адукацыі праходзяць акцыі «Выбіраем студатрад». На падобных сустрэчах маладыя людзі могуць пакінуць анкеты-заяўкі, каб спецыялісты ў штабах працоўных спраў падабралі найлепшы для іх варыянт працы ў студэнцкім атрадзе на летні сезон.

У Гродзенскай вобласці, напрыклад, у студатрадах будуць працаваць больш як 11 тысяч чалавек. У спіс аб'ектаў, дзе чакаюць студэнтаў, увайшлі дзіцячыя аздараўленчыя летнікі, СВК, будаўнічыя арганізацыі — усяго ў пераліку больш як 200 арганізацый. Найбольшую колькасць студэнтаў прымуць на працу Ваўкавыскі лясгас і Гродзенскі кансервавы завод, а таксама СВК «Путрышкі» Гродзенскага раёна (па 360-375 чалавек).

Студэнты таксама змогуць працаўладкавацца на сезонныя работы на сенакосе, пасадцы лесу, прыборцы і добраўпарадкаванні населеных пунктаў. ТАА «Клубніцы Плантс» у Шчучынскім раёне прадаставіць магчымасць папрацаваць на зборы ягад, а саўгас «Вялікае Мажэйкава» — на зборы календулы.Традыцыйна прыме студэнтаў на працу фабрыка марожанага ААТ «Малочны свет». У Гродзенскай клінічнай бальніцы медыцынскай рэабілітацыі будзе працаваць атрад малодшага і сярэдняга медыцынскага персаналу.

Пры арганізацыі работы акцэнт сёлета плануецца зрабіць на выязныя атрады — каб студэнты мелі магчымасць разам выехаць на працу ў іншы раён ці іншую вобласць. Таксама шчыльнае супрацоўніцтва БРСМ з маладзёжнай агульнарасійскай грамадскай арганізацыяй «Расійскія студэнцкія атрады» дазволіць беларускім студэнтам далучыцца да будаўніцтва касмадрома «Усходні» ў Амурскай вобласці, аб'яўленага Усерасійскай маладзёжнай будоўляй. У Беларусі, у сваю чаргу, на будаўніцтве аб'ектаў Беларускай АЭС у Астраўцы (на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі) будзе дзейнічаць зводны беларуска-расійскі будаўнічы атрад.

Працоўны семестр праходзіць у год святкавання 70-годдзя Вялікай Перамогі савецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У сувязі з гэтым на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі пройдзе акцыя «Іх імёнамі названы студэнцкія атрады».

Да ўдзелу ў акцыі запрашаюцца студэнцкія атрады розных профіляў. Тым з іх, хто далучыцца да акцыі, будзе прысвойвацца імя Героя Савецкага Саюза або імя кавалера ордэна Славы трох ступеняў. Задача байцоў атрада — сабраць звесткі пра гістарычную асобу і праводзіць шырокую інфармацыйную работу, распавядаючы пра подзвіг героя ў месцах дыслакацыі свайго атрада, у сваёй установе адукацыі, а таксама праз інтэрнэт — на афіцыйных інтэрнэт-рэсурсах, у сацыяльных сетках і блогах. Студатрадаўцы таксама акажуць пасільную дапамогу ветэранам, зоймуцца добраўпарадкаваннем помнікаў, мемарыялаў, абеліскаў і брацкіх магіл.

Надзея НІКАЛАЕВА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?