Вы тут

«Увесь час — новыя людзі. Не паспявалі нават пасябраваць...»


Ён выжыў у Сталінградзе, каб у 80 гадоў паехаць у Мюнхен на чэмпіянат свету

Ён з самага дзяцінства марыў стаць спартсменам. І як толькі ў 1936 годзе ў Цэнтральным доме афіцэраў адкрыўся першы ў Беларусі басейн, пачаў займацца плаваннем. А ўжо ў 1939 годзе стаў рэкардсменам СССР у камбінаванай эстафеце па плаванні сярод юнакоў! Дасягнуць большых спартыўных вышынь перашкодзіла вайна...

24-40

Білеты ў Зялёны тэатр. На 22-га...

Аляксандр Корсак нарадзіўся ў 1922 годзе ў Мінску. Быў адзіным сынам у бацькоў. Да вайны скончыў 8 класаў беларускай сярэдняй узорнай чыгуначнай школы № 25 (цяпер гімназія № 25 г. Мінска). Паступіў у Беларускі тэхнікум фізічнай культуры, які пасля стаў Інстытутам фізічнай культуры. Асвойваў прафесію настаўніка.

Калі пачалася вайна, Аляксандр Корсак быў у піянерскім лагеры. У кожным атрадзе — важатыя. Ён — адзін на ўсіх фізрук. У Тальку, што пад Пухавічамі, прыехаў 21 чэрвеня. На наступны дзень пачалося страшнае...

— Мы не ўспрымалі вайну ўсур'ёз, — расказвае Аляксандр Якаўлевіч. — Думалі: да старой заходняй мяжы немцы дойдуць, а далей — жалезная заслона.

22 чэрвеня 1941 года ў парку культуры імя Горкага планавалася масавае мерапрыемства. У Зялёным тэатры павінен быў адбыцца канцэрт з удзелам саліста Мінскага опернага тэатра і выканаўцаў рускіх песень.

— У мяне нават білеты ў Зялёны тэатр былі, — працягвае ветэран. — Думаў: з'езджу ў Мінск і вярнуся. Не атрымалася... А бацькі яшчэ 22 і 23 чэрвеня прывозілі дзяцей у лагер — не верылі, што будзе такая мітусня.

Мітусня пачалася хутка. 25 чэрвеня нямецкія войскі падышлі да беларускай сталіцы. Чыгуначны састаў, які выслалі ў Тальку для эвакуацыі дзяцей, да лагера не даехаў — разбамбілі. Усе цягнікі ішлі на ўсход. Праскочыць адзін-другі — не спыніцца.

Трэба было нешта рабіць. І ён, фізрук, і такія ж маладзенькія важатыя прымаюць рашэнне выстраіць дзяцей уздоўж чыгуначнага палатна і чакаць чарговага саставу. Так і зрабілі. Набліжаўся манеўровы паравоз, які развозіў вагоны. Да яго былі прычэплены платформы. Пустыя. На іх — літаральна на хаду! — і падсаджвалі дзяцей. Спыніць састаў машыніст не мог: без другога паравоза ён бы не зварухнуўся з месца. Так, размясціўшы туды ўсіх дзяцей, заскочылі на платформу і настаўнікі.

Прыйшоў у ваенкамат. У тапачках

— Куды нас вязуць, не ведалі, — узгадвае Аляксандр Корсак. — Першы раз спыніліся ў Магілёве, калі пераязджалі Дняпро. Мост бамбілі, але мы праскочылі. У Магілёве нам на 300 чалавек выдзелілі 5 маленькіх вагонаў — і цягнік рушыў у Кузнецк Пензенскай вобласці. Там размеркавалі дзяцей па дзіцячых дамах. Самі думалі вярнуцца ў Мінск. А нам і кажуць: «Вы што, звар'яцелі? Мінск заняты даўно...»

Прыйшоў у ваенкамат. У тым, у чым прыехаў: у лыжнай куртцы, спартыўным трыко і... тапачках. Нават дакументаў пры сабе не было. А без пашпарта ў армію браць не хацелі. Яшчэ западозрылі ў шпіёнстве. Выратаваў студэнцкі білет. Толькі каму быў патрэбен студэнт без дакументаў? Адправілі ў тыл.

Так Аляксандр Корсак трапіў у Куйбышаў. А потым разам з эвакуяванымі аказаўся ў Ташкенце. Першыя дні жыў на вакзале: дзявацца не было куды.

— Калі цягнік стаяў у Пензе, сустрэў артыстаў Мінскага опернага тэатра, — успамінае Аляксандр Якаўлевіч. — Некаторых з іх я добра ведаў. Мая мама працавала ў гасцініцы «Еўропа», дзе яны раз-пораз адпачывалі. Артысты вярталіся з Сочы, куды з'ехалі пасля дэкады беларускага мастацтва. Пытаюцца ў мяне: «Як там Мінск?» А я і сам не ведаю. А яны мне і кажуць: «Калі што даведаешся, пішы па адрасе: Алма-Ата, Оперны тэатр». А сам думаю: ну хоць адны знаёмыя ў мяне ёсць.

«Ніхто не хацеў паміраць...»

У Алма-Аце хутка апынуўся і сам. Зрабілі часовы пашпарт і адтуль, са Сталінскага раённага ваенкамата, прызвалі ў армію. Накіравалі ў Арлоўскае ваенна-пяхотнае вучылішча, якое знаходзілася ў эвакуацыі ў горадзе Чарджоу, што ў Туркменіі.

— Толькі якія мы былі курсанты? Адразу — салдаты, — удакладняе Аляксандр Корсак.

— Няўжо не вучыліся? — цікаўлюся.

— Якая ж там вучоба была! — адказвае ветэран: — Далі кожнаму вінтоўку, па адным разе выстралілі, абмундзіравалі — і на фронт. Трапілі пад Маскву.

— А вы дагэтуль умелі страляць?

— Ды якое! Не, вядома.

Аляксандр Корсак — удзельнік баёў на Заходнім, Варонежскім і Сталінградскім франтах. Ваяваў у складзе 999-га стралковага палка 258-й стралковай дывізіі. Гэта было адно з тых стыхійных падраздзяленняў, якое адразу пасля фарміравання і прысваення нумара адправілі на перадавую. Былі патрэбны людзі.

«Мяне выратаваў шынель...»

Ішоў 1942 год... Усе асноўныя сілы былі сканцэнтраваны пад Сталінградам. Трапіў туды — у самае пекла — і Аляксандр Корсак.

— Тады нам упершыню выдалі процітанкавае ружжо, — расказвае Аляксандр Якаўлевіч. — Лічылася, што ім можна калі не знішчыць танк, то хаця б яго спыніць. Але, прабачце за выказванне, гэта тое ж самае, што гарох аб сцяну кідаць.

Спачатку яны стаялі ў раёне трактарнага завода. Баі былі жорсткімі. Штодзень гінула шмат людзей. За чатыры месяцы баёў з роты са 120 чалавек, у якой ваяваў Аляксандр Корсак, іх засталося ўсяго чатыры...

— Месца забітых у страі не пуставала: прыходзілі зусім маладыя хлопцы, у асноўным па 18—19 гадоў, — гаворыць былы франтавік. — Увесь час — новыя людзі. Не паспявалі нават пасябраваць. Жылі яны нядоўга...

Вельмі адчуваўся недахоп медыцынскай дапамогі. Параненых было безліч. Ратаваць іх часам не было каму... Як спартсмен, Аляксандр Корсак ведаў, як аказаць першую медыцынскую дапамогу. Таму перавязваць раны і накладваць жгуты яму даводзілася не раз. Загадалі быць яшчэ і медбратам.

Медыцынская дапамога аднойчы спатрэбілася і яму. Праз чатыры месяцы, як трапіў пад Сталінград. Падчас штурму абароны праціўніка ў ноч на 22 снежня 1942 года яго скасіла кулямётнай чаргой. Быў цяжка паранены ў абедзве нагі і руку. Хадзіць увогуле не мог.

— Мяне выратаваў шынель, — узгадвае ветэран. — Ён быў мокрым і задубеў ад маразоў. Тады ж якія маразы стаялі! Шынель стаў каляным, як браня. Кулі ў яго трапілі і разарваліся, а асколкі ў нагах і руках засталіся. Потым урачы налічаць іх больш за сорак...

Даехалі да Свярдлоўска. Далі паўгода на лячэнне. Як прайшоў патрэбны тэрмін, хацелі зноў мабілізаваць. Не дазволіў адзін военачальнік. Маўляў, куды ж іх, кульгавых, ды яшчэ з мыліцамі, на фронт адпраўляць? Так і камісавалі. У Аляксандра Якаўлевіча — 3-я група інваліднасці. Застаўся ў Свярдлоўску. Ажно да самага вызвалення беларускай сталіцы.

«Зноў бы немцаў перамог!»

— У Мінск ехаў самым першым цягніком, які пусцілі з Масквы, — расказвае Аляксандр Якаўлевіч. — Выйшаў на канцавой — не ведаю, куды трапіў! Мінск быў разбураны. А мая кватэра ў Мацвееўскім завулку захавалася. Напэўна, таму, што побач былі нямецкія могілкі...

Уладкаваўся ў фізкультурна-спартыўнае таварыства «Дынама». З 1946 года і да самай пенсіі працаваў на кафедры плавання ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры. Выхаваў дзясяткі спартсменаў, у тым ліку чэмпіёнаў БССР. Стаў заслужаным трэнерам БССР па плаванні, суддзёй міжнароднай катэгорыі.

Нягледзячы на цяжкае ваеннае раненне, Аляксандр Корсак плаваў і сам. Нават быўшы на пенсіі заваёўваў узнагароды на чэмпіянатах Еўропы. А ў 80 гадоў удзельнічаў у чэмпіянаце свету па плаванні сярод ветэранаў! З Мюнхена тады прывёз бронзу. «Проста паплыў не туды, куды трэба, на вяслярным канале: зрок падвёў. А так, напэўна, зноў бы немцаў перамог!» — жартуе ветэран.

— А сярод ваенных узнагарод якімі найбольш даражыце? — пытаюся я.

— У 1941-м і ў 1942-м узнагарод не давалі, — смяецца ветэран і вельмі сціпла пералічвае: — ордэн Айчыннай вайны І-й ступені, ордэн Чырвонай Зоркі, медалі «За баявыя заслугі», «За абарону Масквы», «За абарону Сталінграда».

Але, напэўна, найвышэйшая ўзнагарода для Аляксандра Корсака — яго сям'я. З жонкай Ларысай Ільінічнай выхавалі двух сыноў, дачакаліся ўнукаў, праўнукаў.

Аляксандру Якаўлевічу ідзе 93-ці год. Аднак нягледзячы на свой паважаны ўзрост, ён да канца верны сваёй справе: раз або два на тыдзень наведвае басейн! Праўда, не ў Доме афіцэраў, як некалі, а ўжо той, які побач з домам. Праплыве свае паўкіламетра — і лягчэй жыць становіцца.

* * *

Падчас падрыхтоўкі публікацыі выпадкова знайшла ў віртуальным архіве ўзнагародны ліст Аляксандра Корсака. Расказала пра гэта ветэрану. Нечакана Аляксандр Якаўлевіч расплакаўся... Аказалася, што толькі цяпер, праз 70 гадоў пасля вайны, ён даведаўся, што быў не звычайным радавым, як заўсёды думаў, а старшыной медыцынскай службы.

Дарэчы, натрапіць на падобныя адкрыцці можна ў электронным банку дакументаў «Подзвіг народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» (www.podvіgnaroda.mіl.ru), змешчаным на сайце Цэнтральнага архіва Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».