Вы тут

«Пяцёрка», ды не тая...


З якімі баламі возьмуць у студэнты?

Міністэрства адукацыі Беларусі вызначылася з тэставымі баламі, якія будуць прыраўноўвацца на цэнтралізаваным тэсціраванні да нездавальняючай адзнакі. Абітурыенты могуць выдыхнуць з палёгкай: у параўнанні з мінулым годам ніжнія парогавыя значэнні па першым профільным прадмеце ЦТ не павысіліся, а па другім профільным прадмеце яны нават на 5 балаў ніжэйшыя за леташнія.

Нагадаем, што на кожнай спецыяльнасці абітурыенты здаюць дзве профільныя дысцыпліны плюс абавязковы для ўсіх экзамен па дзяржаўнай мове.

Па выніках ЦТ-2015 нездавальняючымі адзнакамі па беларускай і рускай мовах будуць лічыцца балы ад 0 да 9. Выключэнне складаюць толькі некаторыя філалагічныя спецыяльнасці, па якіх, для таго каб удзельнічаць у конкурсе, трэба будзе набраць не менш як 20 балаў.

Калі матэматыка, фізіка, хімія, біялогія з'яўляюцца першай профільнай дысцыплінай, то нездавальняючымі прызнаюцца адзнакі ад 0 да 14 балаў. Станоўчым вынікам лічацца 15 балаў і больш. Калі тыя ж дысцыпліны з'яўляюцца другім профільным іспытам, то планка патрабаванняў зніжаецца і абітурыенту дастаткова будзе набраць усяго 10 балаў (нездавальняючымі лічацца ад 0 да 9 балаў).

Калі першай профільнай дысцыплінай з'яўляюцца гісторыя Беларусі, сусветная гісторыя найноўшага часу, грамадазнаўства, геаграфія і замежныя мовы (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская), нездавальняючымі лічацца балы ад 0 да 19. Калі гэта другая профільная дысцыпліна, то трэба будзе набраць не менш як 15 балаў, каб быць дапушчаным да ўдзелу ў конкурсе.

Але самыя мінімальныя парогавыя значэнні ўстаноўлены для абітурыентаў, якія будуць паступаць сёлета ў ВНУ Мінабароны, МНС, Дзяржпагранкамітэта, на ваенныя факультэты грамадзянскіх ВНУ, а таксама ў вышэйшыя навучальныя ўстановы па групах спецыяльнасцяў «Вытворчасць, захоўванне і перапрацоўка прадукцыі раслінаводства», «Жывёлагадоўля. Рыбаводства. Пчалярства», «Сельскае будаўніцтва і ўладкаванне тэрыторый», «Меліярацыя і водная гаспадарка», «Аграінжынер». Для таго, каб удзельнічаць у конкурсе, ім дастаткова будзе набраць усяго 5 балаў па вучэбных прадметах «Беларуская мова», «Руская мова», «Матэматыка», «Фізіка», «Хімія», «Біялогія», «Гісторыя Беларусі», «Сусветная гісторыя найноўшага часу», «Грамадазнаўства», «Геаграфія» і «Замежныя мовы». Такія ж балы ўстаноўлены і для абітурыентаў ВНУ Міністэрства ўнутраных спраў, але толькі для тых, хто будзе паступаць у рамках дадатковага набору.

Між іншым, пасля падвядзення вынікаў прыёмнай кампаніі за 2014 год неаднаразова выказвалася думка, што зніжэнне парогавага ўзроўню ва ўмовах нізкага конкурсу не дазваляе адабраць найлепшых абітурыентаў для атрымання вышэйшай адукацыі і ў доўгатэрміновай перспектыве прывядзе да зніжэння якасці падрыхтоўкі спецыялістаў. Але сёлета крытэрыі адбору і ўвогуле сталі фактычна ўмоўнымі...

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.