Вы тут

Воўчыя Норы. Новы фармат


Карэспандэнты «Звязды» наведалі калонію для наркагандляроў.

Воўчыя Норы. Адна гэтая назва выклікае асацыяцыю з нечым, што знаходзіцца дзесьці ў глухім лясным гушчары. Супрацоўнікі папраўчай калоніі №22, якая носіць такую неафіцыйную назву, прыгадваюць, што паўстагоддзя таму непадалёк адсюль яшчэ стаяў аднайменны хутар. Да найбліжэйшага населенага пункта адсюль — восем кіламетраў. Хоць адрас у калоніі — станцыя Даманава, аднак да чыгуначных пуцей яшчэ трэба пераадолець амаль дзесяць кіламетраў па грунтовай дарозе. Без асабістага транспарту гэта зрабіць будзе цяжкавата, асабліва ў пераменлівае надвор'е.

30-41

Калісьці тут дыслацыравалася адна з воінскіх часцей. А ў чэрвені 1993 года загадам Міністэрства ўнутраных спраў на месцы ваеннага гарадка была створана папраўча-працоўная калонія строгага рэжыму №22. Прыняць яна тады магла 550 асуджаных. Аднак першы этап сюды прыбыў толькі ў студзені 2000 года. З гэтага года туды адпраўляюць толькі тых людзей, якія «пагарэлі» на наркотыках.

І сталлю ляснуць моцныя засаўкі...

Перш чым трапіць на тэрыторыю калоніі, праходзім праз кантрольна-прапускны пункт. Слых адразу рэжа непрывычны гук, які ўтвараецца пры адмыканні замкоў на кратах. Сам пункт падзелены на дзве часткі. Мяжа паміж імі — памяшканне, дзе знаходзіцца дзяжурны.

— Заходзьце па трое, — гаворыць начальнік папраўчай установы Андрэй Квашэвіч.

30-43

Называю прозвішча, імя, імя па бацьку і, сумна жартуючы, год нараджэння і праходжу праз некаторы час на другі бок КПП. На дзвярах вісіць доўгі спіс таго, што забараняецца праносіць на тэрыторыю калоніі. Гэта абсалютна ўся радыёапаратура, у тым ліку і 3G-мадэмы. Зноў гучыць той самы рэзкі гук. Па вузкай сцежцы праходзім паміж дзвюх агароджаў і нарэшце трапляем ва ўнутраны двор калоніі. Злева бачыцца старая пабудова. Прыжмурыўшыся ад яркага сонца, чытаю на франтоне надпіс: «Каранцін».

— Сюды асуджаныя трапляюць адразу пасля таго, як прыбылі ў нашу калонію, — працягвае Андрэй Квашэвіч. — Знаходзяцца яны тут нядоўга — 12, максімум 14 дзён. З імі працуюць усе нашы службы. Пасля двухтыднёвага тэрміну асуджаных размяркоўваюць па атрадах. Злева вы бачыце, як саматужна будуецца праваслаўная царква. Не сакрэт, што многія людзі, трапіўшы сюды, пачынаюць шукаць адказы на шматлікія жыццёвыя пытанні ў рэлігіі. Раз на тыдзень да нас прыязджае бацюшка. Маем мы і асобны малельны пакой, у які асуджаныя могуць заходзіць у свой вольны час.

30-42

Акно за кратамі высока, дзверы цяжкія з замком...

Тым часам мы падыходзім да выцягнутага двухпавярховага будынка, адгароджанага ад астатняй часткі калоніі высачэзным плотам. Зноў чуецца ўжо знаёмы гук адмыкання электрычнага замка. Аказваецца, што гэта памяшканне, у якім жывуць усе асуджаныя ў калоніі.

Пакоі вытрыманы вельмі строга. У кожным з іх сем двух'ярусных ложкаў. Аднак супрацоўнікі расказваюць, што ёсць тут адна вялікая секцыя, разлічаная на 20 чалавек. Абсталяванне аскетычнае. Усе тумбачкі і пасцельныя месцы падпісаны. Прыбіты лаканічныя шыльды, якія змяшчаюць прозвішча, імя, імя па бацьку, пачатак і канец тэрміну.

Крыху далей — кіналекторый. Частыя стужкі ў ім скіраваны на прафілактыку наркаманіі. Начальнік аператыўнага аддзела Аляксандр Грэчны запэўнівае, што прагляды ідуць кожны дзень. Але вось людзей у зале не так і шмат — тры дзясяткі. А дзе ж астатнія?

— У атрадзе 132 чалавекі. Палова з іх зараз знаходзіцца ў жылой зоне, астатнія — на вытворчасці. Тут у нас працуюць кацельня, піларама, сушыльны комплекс. Ёсць участкі па вытворчасці паддонаў і жалезабетонных вырабаў, кавальскі, сталярны, швейны і па разборы каляровых металаў. Прадукцыя карыстаецца попытам і за мяжой — яе ў нас купляюць, напрыклад, расіяне і французы.

Тэлевізарам, які ўстаноўлены ў пакоі выхаваўчай работы, асуджаныя могуць карыстацца ў вольны час. Нягледзячы на тое, што мы знаходзімся наводшыбе, у нас працуюць усе каналы з так званага сацыяльнага пакета і нават некаторыя іншыя — кшталту Еўраспорту.

— Мы імкнёмся да стварэння нармальных чалавечых умоў у калоніях, — гаворыць начальнік Дэпартамента выканання пакаранняў Сяргей Дарошка. — Аднак гэта не азначае таго, што ў нас тут будзе нейкі аналаг санаторыя. Кожная дзяржава мае свае традыцыі і асаблівасці развіцця пенітэнцыярнай сістэмы. Напрыклад расіяне прынялі цікавую праграму, падчас рэалізацыі якой яны збіраюцца поўнасцю адмовіцца ад калоній і стварыць сістэму, якая будзе даволі падобная да еўрапейскай. Гэта значыць, што чалавек будзе не каланістам, а будзе адбываць фактычна свой тэрмін у турме. Аднак мы сабе гэтага дазволіць не можам. У тым ліку і з эканамічных прычын. Напрыклад, хто ж будзе аплачваць за зняволенага хаця б камунальныя паслугі, якімі ён карыстаецца? Перад намі стаіць задача: за найбліжэйшыя пяць гадоў мы павінны цалкам кампенсаваць усе выдаткі, што марнуе на нас бюджэт. Інакш кажучы, дзякуючы рэалізацыі выпускаемай прадукцыі выйсці на самаакупнасць.

Медыцынская часць у Воўчых Норах чымсьці нагадвае невялікую амбулаторыю. Толькі тут не сустрэць прывычных чэргаў. Аднак медыцынскую дапамогу, якая не патрабуе спецыяльных умоў, тут акажуць.

— Мы толькі хіба аперацыі не робім, — гавораць медыкі. — Так што калі ў каго здарыўся апендыцыт, даводзіцца везці ў спецыялізаваную бальніцу. А вось вірусныя хваробы вылечыць можам. Напрыклад, у калоніі няма людзей з актыўнымі сухотамі.

30-44

Калі б жыццё было падобнае да магнітафоннай стужкі...

— Каланісцкая сістэма сябе на гэты момант апраўдвае, — гаворыць начальнік аддзела па наглядзе за законнасцю выканання крымінальных пакаранняў Генеральнай пракуратуры Юрый Гарошка. — Да нас паступаюць шмат людзей, якія працяглы час вялі асацыяльны лад жыцця, не маюць працоўнай спецыяльнасці. А тут яны могуць яе атрымаць і пацвердзіць працай на вытворчасці. Форма паступовай адаптацыі да вольнага жыцця таксама менш затратная за турэмную. Цяпер у беларускай сістэме пакарання працуюць 29 прафесійна-тэхнічных вучылішчаў.

Сямёну 26 гадоў, на якія ён не выглядае. Падчас гутаркі адчуваецца начытанасць хлопца, багаты лексічны запас. Але як ён трапіў за калючы дрот?

— Раней я жыў у Віцебску. На «грамадзянцы» працаваў кіроўцам. «Звярнуў» не туды, калі трапіў у кампанію. Паступова «падсеў» на марыхуану. Ну, а ў выніку ўсё скончылася судовым прыгаворам па частцы 3 артыкула 328. Тэрмін у мяне — 9 гадоў. Толькі калі апынуўся за кратамі, зразумеў, што трэба было не паддавацца чужому ўплыву. Жаніцца не паспеў. Аднак усё яшчэ наперадзе. Не вечна ж я тут буду...

У Воўчых Норах я нядаўна, але пад вартай ужо больш за год. Рэжым у мяне ўзмоцнены. За год мне дазволены 2 доўгія і 3 кароткія спатканні, прыязджаюць мяне адведаць на іх заўжды. Тут жа я працую з металам. Мы разбіраем розныя запчасткі і сартуем іх па наменклатуры.

ШІЗА і ПКТ

Любы рэжым утрымання — агульны, узмоцнены ці строгі — патрабуе ад асуджанага пастаяннай дысцыпліны. Аднак ці ўсе каланісты гатовы падпарадкавацца новым правілам жыцця?

— Зараз у штрафным ізалятары за розныя парушэнні знаходзяцца тры чалавекі, — расказвае Андрэй Квашэвіч. — Туды асуджанага могуць адправіць на тэрмін да дзесяці сутак. Там няма прагулак, спатканняў, разнастайных пасылак, перадач і бандэроляў. Харчавацца давядзецца тым, што дадуць. З сабой можна праносіць толькі рэчы першай неабходнасці. Калі ж гэтая мера на яго не падзейнічала, ён рызыкуе застацца там яшчэ на дэкаду. Злосных парушальнікаў чакае ПКТ — памяшканне камернага тыпу. Рэжым там крыху больш вольны, аднак і знаходзіцца там парушальнік можа да некалькіх месяцаў. У штрафным ізалятары ёсць адна асаблівасць, праз яе некаторыя асуджаныя заракаюцца туды трапляць. Там забаронена паліць. І для тых, хто прывык пастаянна смаліць цыгарку, гэтая акалічнасць азначае вельмі многа.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

ПА ТЭМЕ:

Ці будуць адпраўляць у ЛПП пенсіянераў?

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.