Вы тут

Ствараць і развівацца — дзеля народа


Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка выступіў з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу. Штогадовы традыцыйны зварот кіраўніка дзяржавы да яе грамадзян і парламента — адна з самых значных падзей у грамадскім і палітычным жыцці краіны, бо падчас яго агучваюцца праблемы і задачы, якія патрабуюць вырашэння ў бягучым годзе.

Са слоў пра гэта і пачаў Прэзідэнт, дадаўшы: «Я разумею, што сённяшняя размова ў Авальнай зале будзе ўсяляк аналізавацца, шмат будзе меркаванняў, размоў — на кухнях, у працоўных калектывах, у сродках масавай інфармацыі... Апярэджваючы ўсё гэта, хацеў бы папрасіць усіх вас, каб, ацэньваючы Пасланне, вы мелі на ўвазе, што ў нас вельмі насычаны год, і Пасланне будзе крыху своеасаблівым, актуальным і, зразумела ж, будзе ўлічваць усе мерапрыемствы, якія пройдуць на працягу гэтага года».

30-55

Юбілей Перамогі, вынікі рэформаў, выбары

Адна з самых важных дат сёлета — 70-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў найбліжэйшы час будуць сур'ёзна прааналізаваны падзеі, звязаныя з гэтым юбілеем. «Вельмі шмат інсінуацый, спроб перапісаць гісторыю, абвінаваціць нас у гэтай вайне, што мы сталі ледзь не прычынай. Па гэтым пытанні будзе сказана ў далейшым нямала», — адзначыў Прэзідэнт.

Акрамя таго, у Беларусі адбудзецца значнае ваенна-палітычнае мерапрыемства — парад Перамогі. «Зразумела, і на гэтую тэму ўлада павінна даць сваё вызначэнне і сваё стаўленне да гэтага», — сказаў ён.

Прэзідэнт таксама нагадаў аб дамоўленасці на працягу года правесці як мінімум тры нарады па важных, актуальных пытаннях развіцця краіны. У прыватнасці нарады будуць прысвечаны абмеркаванню праблем развіцця сельскай гаспадаркі, сферы ЖКГ і адукацыі. Па ўсіх гэтых напрамках былі створаны адпаведныя рабочыя групы, якія сур'ёзна прааналізавалі сітуацыю і ўнеслі прапановы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на нарадах будзе падведзены вынік: было рэфармаванне памылковым ці ўсё ж правільным.

«Я не стану ўтойваць: перадвыбарная праграма Прэзідэнта (чытай — улады) — гэта будзе кароткае акумуляванне ўсіх пытанняў, што мы вырашылі, будзе паказаны той узровень, на які мы выйшлі, і, самае галоўнае, пастаўлены задачы, якія ўлада абяцае вырашыць у будучае як мінімум 5-годдзе, а можа, і больш», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Важнасць шчырай размовы

«Мы заўсёды ішлі гэтым шляхам — шляхам прамой, шчырай размовы ўлады і народа. І ў далейшым не будзем адступаць ад гэтага правіла», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў краіне не так даўно «супакоілі» сітуацыю на валютным рынку. Аднак тэмпы росту эканомікі скараціліся, многія прадпрыемствы загружаны прадукцыяй, якая не мае збыту.

Паводле слоў Прэзідэнта, у СМІ, у грамадстве ўсё часцей абмяркоўваюцца вострыя пытанні. У прыватнасці, чаму засталіся нявыкананымі тыя абяцанні па сярэдняй зарплаце ў краіне, якія ўлада публічна давала людзям, чаму буксуе прамысловасць, нягледзячы на значную дапамогу дзяржавы і пастаянную ўвагу на ўсіх узроўнях улады? «Але, галоўнае, людзі чакаюць адказу на ключавое пытанне: што будзе далей? Што будзе з курсам рубля і цэнамі? Што будзе з рабочымі месцамі як на дзяржпрадпрыемствах, так і ў прыватным сектары? Што новага прапануе ўлада ў адказ на відавочныя крызісныя з'явы ў нашай эканоміцы і ў эканоміцы нашых суседзяў?» — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«Гэта складаныя і часта непрыемныя пытанні», — прызнаў Аляксандр Лукашэнка. «Лягчэй за ўсё было б адысці ад іх і зрабіць выгляд, што нічога не адбываецца. Але па-сапраўднаму моцная палітыка заўсёды заснавана на шчырасці. Сумленнае прызнанне праблемы — гэта палавіна яе вырашэння», — лічыць беларускі лідар.

Нашы найвялікшыя каштоўнасці

«Трэба прызнаць, што сітуацыя ў свеце апошнім часам змяняецца значна больш імкліва, чым мы маглі сабе ўявіць. Ну хто мог уявіць, што ў суседняй з намі Украіне будуць падаць бомбы і рвацца снарады? Што ў Еўропе зноў запахне вялікай вайной і градус напружання паміж вялікімі дзяржавамі вырасце да ўзроўню халоднай вайны? І гэта ўжо ніхто не ўтойвае, у тым ліку і ў гэтых вялікіх дзяржавах», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Наша заслуга ў тым, што Беларусь застаецца астраўком міру, спакою і парадку», — падкрэсліў ён.

Аляксандр Лукашэнка са шкадаваннем заўважыў, што «нехта забыў урокі Вялікай Айчыннай вайны», сямідзесяцігоддзе заканчэння якой будзе адзначацца праз некалькі дзён. «Гэтыя ўрокі мог забыць хто хочаце, але толькі не беларусы. Тая вайна каштавала нам мільёны жыццяў, і таму, нягледзячы на час, мы цвёрда ведаем і помнім — няма на зямлі нічога даражэйшага, чым мір», — адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што сёння перад народам стаіць задача зберагчы найвялікшыя каштоўнасці — мір, парадак і незалежнасць Беларусі.

«Дзякуй богу, што сёння лёс нашай краіны вырашаецца не на франтах, не на плошчах. Наша будучыня вызначаецца ў іншай, мірнай, сферы — у эканоміцы. Але менавіта тут нам даводзіцца весці бой з вельмі неспрыяльнымі знешнімі ўмовамі, а таксама з уласнымі лянотай, памылковымі думкамі, безадказнасцю і непрафесіяналізмам», — лічыць беларускі лідар.

На думку Прэзідэнта, ад добрасумленнай працы кожнага, ад дакладнасці і правільнасці рашэнняў улады сёння залежыць вельмі многае. «Не першы раз кажу: менавіта ў эканоміцы гарантыя нашай незалежнасці, залог міру і фундамент будучыні. І менавіта эканоміка сёння перажывае не найлепшыя часы», — адзначыў ён.

Неабходна шукаць новыя фактары эканамiчнага росту

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што прычыны складанай сiтуацыi ў эканомiцы вiдавочныя — гэта санкцыi супраць галоўнага партнёра Беларусi, падзенне коштаў на нафту, дэвальвацыя расiйскага рубля, звужэнне расiйскага рынку. Усё гэта прывяло да натуральнага i рэзкага падзення збыту прадукцыi на рынках ключавых партнёраў Беларусi — Расii, Украiны i Казахстана, усёй постсавецкай прасторы.

«Няма продажу — няма выручкi ў прадпрыемстваў. У вынiку менш валюты, падаткаў, грошай у бюджэце. Адсюль немагчымасць павышаць зарплату, скарачаецца занятасць людзей. Гэтыя знешнiя фактары нам непадуладныя. Мы жывём у глабальным свеце, i ў нас адкрытая эканомiка, — сказаў кiраўнiк дзяржавы. — Праблемы суседзяў неадкладна становяцца нашымi ўласнымi. I гэта аб'ектыўны бок крызiсных з'яў».

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што за апошнiя дваццаць гадоў сусветная эканомiка радыкальна змянiлася i на змену iндустрыяльнай эканомiцы iдзе эканомiка ведаў i паслуг. Ён нагадаў, што яна ўжо стала асновай у найбольш развiтых дзяржавах свету, такiх як ЗША, краiны Еўрасаюза, Японiя, Iзраiль, «азiяцкiя тыгры», курс на яе будаўнiцтва ўзяў i Кiтай, якi па праве мае статус «фабрыкi свету». «Перад намi стаiць роўна такая ж задача. I, мабыць, трэба прызнаць, што мы спазняемся з яе рашэннем», — адзначыў кiраўнiк дзяржавы. Прэзiдэнт лiчыць, што ёсць i яшчэ адна прычына праблем: якасць i прадукцыйнасць працы, якiя не заўсёды канкурэнтныя.

Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што гэта толькi схематычнае пазначэнне прычын цяперашняй сiтуацыi, аднак, на яго думку, яно вельмi неабходнае, бо яснае разуменне вытокаў праблем дазваляе хутчэй знайсцi шляхi iх рашэння.

«Даючы выразныя адказы на самыя вострыя пытаннi людзей, сёння мала сказаць: мы ўтрымаем курс, стрымаем цэны i захаваем працоўныя месцы. Значна важней паказаць, як мы гэта зробiм», — падкрэслiў беларускi лiдар. Таму да канца года будуць прыняты важныя рашэннi ў эканамiчнай палiтыцы, якiя дазволяць забяспечыць новыя фактары росту.

Пры гэтым Прэзiдэнт лiчыць непрымальным кабiнетны стыль кiравання галiнамi эканомiкi. «Яшчэ раз хачу падкрэслiць: калi хтосьцi ва ўрадзе хоча кiраваць з кабiнета, гледзячы ў акно на плошчу, на чысцiню вакол Дома ўрада, то гэта не той падыход. Так, урад у цэлым адказвае за эканомiку, але эканомiка, урад павiнен памятаць аб гэтым, робiцца перш за ўсё на прадпрыемствах», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, урад павiнен быць сур'ёзным рэгулятарам, якi вызначае стратэгiю i дамагаецца выканання гэтай стратэгii, але пры гэтым кожны дзень унiкае ў работу таго цi iншага прадпрыемства. «Кожны мiнiстр — член урада, вiцэ-прэм'еры i прэм'ер павiнны бачыць прадпрыемствы, павiнны разумець, якiя працэсы адбываюцца ў працоўных калектывах, вырашаць канкрэтныя пытаннi i, можа быць, патрабаваць адказу з таго ж дырэктара за вырашэнне пытанняў, калi ён iх не вырашае», — канстатаваў Прэзiдэнт. Але гэта не значыць, што ўрад будзе ўмешвацца ў аператыўную дзейнасць дырэктараў i кiраўнiцтва прадпрыемстваў, адзначыў ён. «Нi ў якiм разе — гэта будзе проста перашкаджаць працы», — падкрэслiў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзiдэнт канстатаваў, што кожны павiнен займацца сваёй справай i даваць вынiк: урад кiраваць эканомiкай у цэлым, мiнiстры — галiнамi, губернатары — рэгiёнамi, дырэктары — прадпрыемствамi. Мiнiстэрствы павiнны заняцца галiновым рэгуляваннем: удасканальваць заканадаўства, распрацоўваць тэхналагiчныя стандарты, забяспечваць спрыяльныя ўмовы для вядзення бiзнесу, роўныя правы для ўсiх формаў уласнасцi.

Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду рэструктурызаваць неплацежаздольныя вытворчасцi з прыцягненнем iнвестараў. «Падтрымка прадпрыемства, якое аб'ектыўна не трэба рынку i эканомiцы, якое фактычна зжыло сябе i не можа iснаваць, — гэта прамое амярцвенне рэсурсаў, калi мы, спрабуючы яго выратаваць, укладваем туды грошы. Лiквiдацыя адсталага прадпрыемства — не трагедыя, а элементарны здаровы сэнс. Я б нават не сказаў, што лiквiдацыя. Перапрафiляванне такiм чынам», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, прадпрыемства аказваецца непатрэбным не толькi таму, што там слабае кiраўнiцтва або нядбайны калектыў — можа састарэць канкрэтны вiд прадукцыi, звузiцца рынак або выявiцца новы напрамак бiзнесу, значна больш выгадны ў параўнаннi з ранейшым. «У гэтым выпадку выйграе той, хто першым згортвае бесперспектыўны кiрунак, змагаецца за стварэнне i стварае новы напрамак, гэта значыць, прадукцыю, на гэтым жа прадпрыемстве з гэтым працоўным калектывам», — канстатаваў Прэзiдэнт.

Неабходна стварыць такiя ўмовы, каб побач з прадпрыемствам, якое зачыняецца, паўставала iншае, больш перспектыўнае, з новымi працоўнымi месцамi i больш высокай зарплатай. «Гэта вырашыць i праблемы занятасцi, i будзе толькi стабiлiзаваць абстаноўку ў працоўным калектыве i нашай краiне», — запэўнiў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзiдэнт адзначыў, што хуткая рэакцыя на змененыя ўмовы — залог перамогi ў канкурэнтнай барацьбе. У сувязi з гэтым кiраўнiк дзяржавы даручыў ураду арганiзаваць працу па рэструктурызацыi неплацежаздольных вытворчасцяў з прыцягненнем iнвестараў.

«Калi мы паралiзуем чалавека страхам здзяйснення памылкi, мы гарантавана забiваем любы прагрэс. Менавiта на волi пошуку рашэнняў, на праве рызыкi заснаваныя ўсе паспяховыя эканамiчныя мадэлi як на Захадзе, так i на Усходзе», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым Прэзiдэнт падкрэслiў, што ў Беларусi той, хто рызыкуе i дбае пра дзяржаву, прадпрыемства i працоўны калектыў, нiколi не будзе пакараны. «Мы заўсёды падтрымаем яго, а памылку дапаможам выправiць», — сказаў кiраўнiк дзяржавы.

Працаваць на вынік

«У 2016 годзе мы ўводзiм мараторый на рост колькасцi i ставак падаткаў. Адначасова ўбяром залiшнi кантроль за эканомiкай, рэзка скароцiм дублiраванне праверак. Трэба лiквiдаваць сiтуацыю, калi праваахоўныя i кантралюючыя органы, «якiя назiралi» за кожным крокам дырэктара, фактычна бяруць на сябе кiраванне прадпрыемствам, не несучы адказнасцi за вынiкi яго працы», — заявіў кiраўнiк дзяржавы. Паводле яго слоў, неабходна зрушыць акцэнты кантролю з бягучай дзейнасцi прадпрыемства на канчатковыя вынiкi — прыбытак i рэнтабельнасць.

Аляксандр Лукашэнка падкрэслiў, што, калi i прыходзiць на прадпрыемства з наручнiкамi, то толькi з цвёрдым перакананнем, што там кiраўнiк або група — злачынцы. «Дарэчы, гэта сёння i робiцца. У нас у асноўным буйныя прадпрыемствы маюць, можна так сказаць, iндульгенцыю кiраўнiка дзяржавы i ўваходзяць у яго кадравы рэестр. Таму нiхто туды без дазволу Прэзiдэнта з наручнiкамi i пiсталетам не прыйдзе i прэтэнзiй не прад'явiць», — растлумачыў прэзiдэнт. Такiя прадпрыемствы Камiтэт дзяржбяспекi, МУС цi пракуратура не маюць права кантраляваць сваiмi метадамi без дазволу кiраўнiка дзяржавы. «Але каб атрымаць такi дазвол, трэба пакласцi на стол канкрэтныя факты. Цi хаця б адзiн факт. Мы не будзем шукаць дзясятак фактаў, каб выказаць прэтэнзii нядбайнаму кiраўнiку. Дастаткова аднаго факта», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзiдэнт даручыў ураду, Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта, дзяржсакратарыяту Савета бяспекi i адпаведным спецыялiстам унесцi праекты канкрэтных нарматыўных актаў, якiя б раз i назаўжды вырашылi гэтую праблему. «Каб больш нiколi ў грамадстве не было пустых размоў пра звышкантроль за прадпрыемствамi i кiраўнiкамi», — падкрэслiў кiраўнiк дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка даручыў прыняць неабходныя рашэннi па новым механiзме аказання дзяржаўнай падтрымкi. «У бюджэтным працэсе трэба перайсцi на выдзяленне сродкаў па праграмна-мэтавым метадзе. Як кажуць эканамiсты, бюджэтаванне, арыентаванае на вынiк», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. На думку Прэзiдэнта, дзяржаўная падтрымка павiнна аказвацца толькi на конкурснай аснове, выключна ў ходзе рэалiзацыi дзяржпраграм, з роўным доступам да рэсурсаў для арганiзацый усiх формаў уласнасцi.

Кiраўнiк дзяржавы запатрабаваў эфектыўнага выкарыстання бюджэтных сродкаў. «Сутнасць простая — не прасiце больш грошай, па-гаспадарску выкарыстоўвайце тое, што ёсць. Усе скаргi на недахоп абаротных сродкаў, iнвестыцый трэба спынiць. Грошы ў эканомiцы ёсць. Але многiя прадпрыемствы амярцвiлi iх у складскiх запасах, даўгабудах, дэбiторскай запазычанасцi. Вось тут трэба шукаць фiнансавыя рэсурсы!» — сказаў Аляксандр Лукашэнка. У якасцi прыкладу Прэзiдэнт прывёў сiтуацыю, калi ўрад звярнуўся да яго з прапановай выдзелiць МАЗу Br100 млрд. «У мяне пытанне — чаму гэтаму прадпрыемству? У нас што, няма праблем на iншых прадпрыемствах? Чаму мы ў МАЗ павiнны ўкласцi гэтыя Br100 млрд? Мы ж гаворым пра тое, што роўны падыход павiнен быць да ўсiх», — сказаў беларускi лiдар.

Кiраўнiк дзяржавы звярнуў увагу, што прадпрыемствы ў першую чаргу павiнны арыентавацца на збыт прадукцыi i заключэнне дагавораў, больш актыўна разгружаць склады. «Дапамагаць будзем. Але не пад абяцаннi, а пад канкрэтны кантракт», — заявiў ён. Вяртаючыся да тэмы МАЗа, Прэзiдэнт падкрэслiў: «Страцiць яго — смерцi падобна. Гэта iмiджавае прадпрыемства, гэта твар краiны».

У той жа час Аляксандр Лукашэнка лiчыць спрыяльнымi канкурэнтныя ўмовы ў беларускай эканомiцы. «Чаму мы ныем, стогнем i плачам? — задаў пытанне ён. — У нас што, вайна сёння iдзе? Мы рэсурсы атрымлiваем па самай высокай цане? Я не хачу прыводзiць разлiкi, колькi мы эканомiм толькi на прыродным газе ў сувязi з падзеннем цаны на нафту. У нас нармальная сiтуацыя i нармальныя ўмовы. Але трэба напружыцца i вырашаць праблемы. Не можаш вырашаць — сыходзь», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кiраўнiк дзяржавы звярнуў увагу на сiтуацыю, калi былыя кiраўнiкi спрабуюць вярнуцца на працу ў дзяржаўныя органы ў тыя сферы, дзе яны некампетэнтныя. «У такiх выпадках ёсць вольныя прадпрыемствы. Вось табе прадпрыемства — iдзi i працуй, давай вынiк», — сказаў Прэзiдэнт.

Як зрабiць краiну прывабнай для багатых людзей з усяго свету?

Аляксандр Лукашэнка даручыў прапрацаваць магчымасць размяшчэння акцый вядучых прадпрыемстваў Беларусi на сусветных бiржах. Паводле яго слоў, неабходна задзейнiчаць усе сегменты фiнансавага рынку — страхавы сектар, рынак каштоўных папер, iнвестыцыйныя фонды, мiкрафiнансавыя i лiзiнгавыя арганiзацыi, пазабiржавы рынак Форэкс i гэтак далей. Пры гэтым варта забяспечыць кантроль з боку дзяржавы. I мегарэгулятарам тут стане Нацбанк. Наш фiнансавы рынак павiнен быць iнтэграваны ў сусветны. Прадпрыемствам i банкам неабходна выходзiць на мiжнародныя фiнансавыя рынкi i прыцягваць рэсурсы для развiцця. «У блiжэйшы час трэба прапрацаваць магчымасцi размяшчэння акцый вядучых прадпрыемстваў краiны на сусветных бiржах, каб хаця б прыцанiцца», — сказаў кiраўнiк дзяржавы.

Ён адзначыў, што ў гэтай сувязi выключна важнае пытанне амнiстыi капiталу. «Сёння ўсе краiны свету змагаюцца за фiнансавыя патокi. Пры гэтым традыцыйныя фiнансавыя цэнтры робяць усё, каб захаваць свой ранейшы ўплыў i любымi спосабамi не дапусцiць з'яўлення новых цэнтраў, прывабных для капiталу. Часта гэта робiцца пад выглядам нiбыта барацьбы з ценявым фiнансавым сектарам. На самай справе ўсiм навязваюцца ўнiверсальныя правiлы, якiя ў канчатковым рахунку выгадныя перш за ўсё абмежаванай колькасцi краiн, — падкрэслiў Аляксандр Лукашэнка. — Паслядоўна ўстараняецца магчымасць канкурэнцыi памiж дзяржавамi, ствараюцца ўмовы для ўмяшання ва ўнутраныя справы iншых краiн пад штучнай падставай забеспячэння празрыстасцi фiнансавых патокаў».

Кiраўнiк дзяржавы адзначыў, што ў сувязi з гэтым неабходна ўважлiва прааналiзаваць, наколькi адпавядаюць нацыянальным iнтарэсам мiжнародныя пагадненнi па фiнансавым манiторынгу. «Вы самi бачыце, якiя няпростыя працэсы намецiлiся ў адносiнах Расii i заходняга свету. Зараз там вядзецца работа па шырокай амнiстыi капiталу — фактычна яны спрабуюць вярнуць хоць бы частку фiнансавых патокаў, якiя ў свой час пайшлi з краiны», — падкрэслiў Прэзiдэнт.

«Мы таксама павiнны сур'ёзна падумаць пра тое, як зрабiць Беларусь прывабнай для багатых людзей з усяго свету. Даручаю ўраду, парламенту, Нацыянальнаму банку грунтоўна прааналiзаваць сусветныя працэсы, якiя адбываюцца ў гэтай сферы, у тым лiку прааналiзаваць заканадаўства, якое мы маем», — сказаў кiраўнiк дзяржавы.

Прэзiдэнт таксама даручыў унесцi пакет сiстэмных прапаноў па паўнавартасным фармiраваннi i эфектыўным функцыянаванні фiнансавага рынку i яго рэгулятара. «Прадумайце, што канкрэтна можна было б зрабiць, каб у нашу эканомiку вярнулiся капiталы з ценю, а Беларусь стала сур'ёзным рэгiянальным фiнансавым цэнтрам», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Знайсці рынкi, а потым вырабляць тавар

Беларусi трэба зрабiць акцэнт на пашырэннi экспартнага кошыка за кошт высокатэхналагiчных тавараў, лiчыць Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, пры гэтым трэба мяняць не толькi геаграфiю экспарту, але i яго структуру. «Цяпер значную частку беларускiх паставак складаюць сыравiнныя тавары: калiйныя ўгнаеннi, сырая нафта i нафтапрадукты, чорныя металы, драўнiна. Абвал хоць бы на адным з гэтых рынкаў негатыўна ўплывае на ўсю нашу эканомiку», — растлумачыў ён.

Па словах Аляксандра Лукашэнкi, у краiне патрабуецца змянiць падыходы да продажу айчынных тавараў. «Спачатку неабходна шукаць рынкi, а потым вырабляць тавар. У нас жа робiцца ўсё наадварот. Кожнаму кiраўнiку прадпрыемства неабходна зразумець: маркетынг, рэклама, прасоўванне тавару таксама важныя, як вытворчасць, якасць, кошт i сабекошт», — канстатаваў беларускi лiдар.

Ён прызнаў, што засваенне новых рынкаў, пошук партнёраў, наладжванне доўгатэрмiновых гандлёвых адносiнаў з'яўляецца няпростай задачай. На яго думку, знiжэнне продажу ў Расii i ва Украiне неабходна кампенсаваць пашырэннем паставак у iншыя краiны. Пры гэтым нельга знiжаць актыўнасць прасоўвання нашай прадукцыi на традыцыйныя рынкi. «У той жа Расii трэба даходзiць да кожнага рэгiёну, выкарыстоўваць любую магчымасць. Гэта датычыцца i постсавецкай прасторы», — упэўнены кiраўнiк дзяржавы.

Ён звярнуў увагу, што прыток валюты ў краiну павiнен стаць галоўным клопатам i крытэрыем ацэнкi эфектыўнасцi працы кiраўнiцтва прадпрыемстваў. «Нельга забываць, што экспарт — гэта асноўная крынiца валюты i гарант стабiльнасцi беларускага рубля», — падкрэслiў Прэзiдэнт.

Прыватныя iнвестыцыi — у сельскую гаспадарку

Прэзiдэнт даручыў актывiзаваць прыцягненне прыватных iнвестыцый у сельскую гаспадарку. Ён адзначыў: «Ураду неабходна стымуляваць iнвестараў на аснове iндывiдуальнага падыходу да кожнага з iх пры продажы сельскагаспадарчых арганiзацый». Не менш актуальнай задачай, паводле яго слоў, з'яўляецца ўкараненне ў сельскую гаспадарку найноўшых дасягненняў навукi i перадавой практыкi.

Прэзiдэнт прызнаў, што ў рэспублiцы за апошнiя гады шмат чаго дасягнулi ва ўздыме сельскай гаспадаркi. «Цалкам забяспечваем харчовую бяспеку. Значна нарасцiлi экспартны патэнцыял галiны, ператварыўшы яе ў адну з важных крынiц паступлення валюты», — заўважыў ён. Беларусь — трэцi ў свеце экспарцёр масла, уваходзiць у дзясятак найбуйнейшых экспарцёраў малака, знаходзiцца на лiдзiруючых пазiцыях у свеце па пастаўках сыроў за мяжу. Акрамя таго, у краiне засяроджана каля 16% сусветных пасеваў лёну.

«Беларусь практычна цалкам забяспечвае сябе харчаваннем, iмпарт складае менш за 10% усяго аб'ёму спажывання, а экспартныя пастаўкi ажыццяўляюцца ў 50 краiн свету. Тым не менш галiна мае патрэбу ў новых, больш эфектыўных метадах яе далейшага развiцця», — упэўнены кiраўнiк дзяржавы. На яго думку, цяпер галоўнае — працаваць на прынцыпах самаакупнасцi.

Як адзначыў Прэзiдэнт, ва ўмовах скарачэння дзяржпадтрымкi важную ролю павiнны адыграць такiя механiзмы, як канкурэнтны адбор i акупнасць праектаў, роўны доступ да крэдытаў i iншых рэсурсаў, а таксама адказнасць за рэалiзацыю i дасягненне намечаных паказчыкаў.

30-56

Малому i сярэдняму бiзнесу — асаблiвую ўвагу

Аляксандр Лукашэнка даручыў надаць асаблiвую ўвагу развiццю ў Беларусi малога i сярэдняга бiзнесу. Ён падкрэслiў, што ўмовы адкрыцця, вядзення i закрыцця бiзнесу павiнны быць простыя i зразумелыя, прычым не на паперы, а на справе. «Ураду разам з прадпрымальнiкамi неабходна прасачыць увесь ланцужок ад адкрыцця да лiквiдацыi бiзнесу. Паглядзiце з пункту гледжання здаровага сэнсу i ў разы скарацiце колькасць дакументаў, справаздач, узгадненняў, статыстыкi на ўсiх узроўнях i этапах. Асаблiвую ўвагу надайце развiццю малога i сярэдняга бiзнесу. Гэта аснова росквiту любой эканомiкi i стабiльнасцi дзяржавы», — сказаў Прэзiдэнт.

Цэны пад кантролем

Прэзiдэнт канстатаваў, што практычна ўсе цэны знаходзяцца пад кантролем дзяржавы. Гэта стала вiдавочным у канцы 2014-га — пачатку бягучага года. «Калi нам трэба было стрымаць тых, хто «зарваўся, то мы не стваралi нiякiх структур, не «пылiлi» ў сродках масавай iнфармацыi, мы цiха i спакойна ўзялi пад кантроль цэны. Калi мы ўбачылi, што нельга залiшне iх перацiскаць, то па нейкiх пазiцыях адпусцiлi», — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён прывёў у прыклад кошт свiнiны, які не толькi не вырас, але нават знiзiўся.

«Цэны залежаць ад нас. I нам трэба раз i назаўсёды прыняць рашэнне — калi мы не можам сёння павысiць зарплату, то i не трэба яе павышаць. У нас яе нiхто не просiць павысiць. Але вы не забiрайце другой рукой з кiшэнi народа грошы, не падвышайце цэны там, дзе можам кантраляваць, — на ЖКП, цяпло, святло», — падкрэслiў Прэзiдэнт. Паводле яго слоў, такi падыход неабходна захаваць як мiнiмум да канца года i паглядзець, якой будзе сiтуацыя да 1 студзеня наступнага года.

Кiраўнiк дзяржавы лiчыць знiжэнне iнфляцыi ў краiне прыярытэтнай задачай.

«Макраэканамiчная стабiльнасць — гэта залог нармальнага бiзнесу. Знiжэнне iнфляцыi для нас — прыярытэтная задача. Насельнiцтва турбуе менавiта рост цэн», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, асноўны шлях стабiлiзацыi цэн — скарачэнне сабекошту прадукцыi i паслуг, скарачэнне выдаткаў з абавязковым захаваннем дасягнутага ўзроўню дабрабыту насельнiцтва. «Значыць, прадпрыемствам прыйдзецца знiжаць выдаткi не за кошт заработнай платы людзей, якую мы сёння на асобных прадпрыемствах несвоечасова плацiм», — канстатаваў Прэзiдэнт. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што высокая iнфляцыя гаворыць пра неэфектыўнасць выкарыстання грошай. «Яны павiнны даваць аддачу. Тады i працэнтныя стаўкi будуць нiзкiмi, i крэдыты даступнымi», — падкрэслiў кiраўнiк дзяржавы.

Прэзiдэнт даручыў ураду i Нацыянальнаму банку ўжо ў гэтым годзе выпрацаваць канкрэтную антыiнфляцыйную праграму.

Пенсiйная сiстэма павiнна працаваць без збояў

Дзяржава не пакiдае без увагi пажылых людзей, якiя ўнеслi свой уклад у развiццё краiны i выйшлi на заслужаны адпачынак. Доля грамадзян, якiя дасягнулi пенсiйнага ўзросту, у рэспублiцы сёння складае 22% (2,1 млн чалавек), а да 2020 годзе гэты паказчык наблiзiцца да 27% пры захаваннi цяперашнiх тэндэнцый. «Шчыра скажу, што забяспечваць фiнансавую ўстойлiвасць пенсiйнай сiстэмы з кожным годам становiцца больш складана», — прызнаў Прэзiдэнт.

Як i раней, рост пенсiйных выплат будзе залежаць ад росту зарплаты ў эканомiцы i магчымасцяў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельнiцтва. «Абавязак дзяржавы — захаваць суадносiны пенсiй па ўзросце i сярэдняй заработнай платы на ўзроўнi не менш за 40%, як гэта прынята ва ўсiм свеце», — падкрэслiў Аляксандр Лукашэнка.

Таксама важная задача — актыўны пошук новых рашэнняў па жыццеўладкаваннi непрацаздольных грамадзян. Мясцовыя органы ўлады павiнны развiваць геаграфiю такiх формаў работы, як дамы самастойнага, сезоннага пражывання, прыёмныя, гасцявыя, патранажныя сем'i для пажылых грамадзян. Прэзiдэнт даручыў кiраўнiку Адмiнiстрацыi Аляксандру Косiнцу праверыць, як выконваецца яго даручэнне па ўкараненнi новых форм жыццеўладкавання пажылых людзей. «Нi адзiн стары ў краiне не павiнен быць кiнутым, нават калi ў яго недзе на Калыме жывуць дзецi i яны пра яго забылiся, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Дзецi i старыя — твар любой дзяржавы. Калi мы нармальна ставiмся да дзяцей i старых , значыць, мы маем нармальную дзяржаву, паколькi клапоцiмся пра будучыню i пра тых, хто стварыў нашу краiну».

Аляксандр Лукашэнка таксама даручыў ураду распрацаваць Дзяржаўную праграму «Сацыяльная iнтэграцыя iнвалiдаў, грамадзян пажылога ўзросту i фiзiчна аслабленых асоб на 2016-2020 гады».

Магчымасць вырашэння жыллёвай праблемы

Аляксандр Лукашэнка заявiў, што механiзм дзяржпадтрымкi будаўнiцтва жылля трэба дапоўнiць iпатэчным крэдытаваннем. «У жыллёвым будаўнiцтве неабходна дапоўнiць дзеючы механiзм дзяржпадтрымкi iпатэчным крэдытаваннем, сiстэмай будаўнiчых зберажэнняў, арэндай жылля», — адзначыў кiраўнiк дзяржавы.

На думку Аляксандра Лукашэнкi, Нацыянальнаму банку i беларускаму ўраду варта выпрацаваць эфектыўныя крэдытна-фiнансавыя iнструменты, якiя дазволяць забяспечыць доступ да гэтых праграм сярэдняга класа, якi фармiруецца ў беларускiм грамадстве.

Iдэал грамадства — моцная сям'я

Моцная сям'я, у якой выхоўваюцца як мiнiмум трое дзяцей, павiнна стаць грамадскiм iдэалам, лiчыць Прэзiдэнт. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што трэба замацаваць станоўчыя дэмаграфiчныя працэсы. З 2013 года ў краiне адзначаецца прырост насельнiцтва. «Нам удалося практычна сцiснуць «дэмаграфiчныя нажнiцы», скарацiўшы амаль у 4 разы натуральнае змяншэнне насельнiцтва за кошт павелiчэння нараджальнасцi, працягласцi жыцця людзей i знiжэння смяротнасцi, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — А ўспомнiце, лiтаральна 10 гадоў таму розныя з розных краiн, у тым лiку i свае, прагназавалi, што колькасць насельнiцтва да 2015 года зменшыцца да 8,3-8,5 млн чалавек. Мы сёння перавалiлi за 9,5 млн чалавек». Пры захаваннi гэтай тэндэнцыi колькасць насельнiцтва краiны можа ўзрасцi да 10 млн чалавек.

Такiя вынiкi дасягнуты шмат у чым дзякуючы развiццю аховы здароўя. У краiне створана шматузроўневая сiстэма: ад ФАПаў да рэспублiканскiх навукова-практычных цэнтраў, выконваюцца найскладанейшыя аперацыi, у тым лiку па перасадцы органаў. «Умеем рабiць усё», — падкрэслiў кiраўнiк дзяржавы i канкрэтызаваў: ад аховы здароўя да будаўнiцтва атамнай станцыi. «Трэба толькi быць больш смелымi, трэба iсцi насустрач праблемам», — лiчыць Прэзiдэнт.

У Беларусi iстотна павышаны памеры сямейных дапамог. Створаны роўныя ўмовы для ўсiх катэгорый сем'яў, iх падтрымка ўзмацняецца з нараджэннем кожнага наступнага дзiцяцi. Гэта i надалей будзе заставацца нацыянальным прыярытэтам, запэўнiў кiраўнiк дзяржавы. На рэалiзацыю дадзенага прыярытэту i накiраваны ўказ аб увядзеннi сямейнага капiталу.

Прэзiдэнт даручыў вырашыць праблему забеспячэння крокавай даступнасцi дзiцячых садкоў. «Вядучую ролю ў павышэннi якасцi чалавечага патэнцыялу адыгрывае сiстэма адукацыi. У арбiту яе дзейнасцi прама цi ўскосна ўключана практычна ўсё насельнiцтва краiны. Паўсюдна створаны ўмовы для атрымання агульнай сярэдняй адукацыi. Разам з тым не вырашана пытанне забеспячэння крокавай даступнасцi ўстаноў дашкольнай адукацыi, асаблiва ў мiкрараёнах-новабудоўлях абласных цэнтраў i Мiнска. Даручаю аблвыканкамам i Мiнскаму гарвыканкаму вырашыць гэтую праблему, забяспечыць будаўнiцтва дзiцячых садкоў», — сказаў Прэзiдэнт.

Паводле яго слоў, таксама неабходна перагледзець функцыянальнасць iснуючых аб'ектаў дашкольнай адукацыi. Некаторыя дзiцячыя садкі варта перапрафiляваць, а сродкi накiраваць на iншыя мэты. У некаторых мiкрараёнах трэба пабудаваць новыя будынкi. Дзiцячы сад павiнен знаходзiцца побач, каб бацькi маглi пакiнуць дзiця i спакойна iсцi на працу, падкрэслiў кiраўнiк дзяржавы.

Адукацыя поруч з навукай

Кiраўнiк дзяржавы адзначыў, што на расходы ў сферы адукацыi штогод выдзяляюцца вялiкiя бюджэтныя сродкi. «Неабходна, каб яны выдаткоўвалiся з максiмальнай карысцю. Як паказвае практыка, цяпер у нас лiшак кадраў пэўных спецыяльнасцяў i ў той жа час у розных ВНУ функцыянуе мноства дублюючых факультэтаў. Нам трэба не колькасць, а сусветны ўзровень навучальных устаноў», — заявiў кiраўнiк дзяржавы.

Паводле яго слоў, Мiнiстэрству адукацыi неабходна дэталёва прапрацаваць гэтыя пытаннi i ўнесцi канкрэтныя прапановы па далейшай аптымiзацыi сеткi ўстаноў адукацыi.

«Акадэмiчную, галiновую i вузаўскую навуку мы арыентуем на вырашэнне актуальных задач, якiя стаяць перад краiнай. Для нас асаблiва важныя навукова-тэхнiчныя, аграрныя i медыцынскiя напрамкi, распрацоўкi па якiх запатрабаваныя эканомiкай», — сказаў беларускi лiдар. «Больш актыўнай ролi ў фармiраваннi патрыятычнага светапогляду людзей, развiццi iнтэлектуальнага i творчага патэнцыялу нацыi мы чакаем ад гуманiтарных навук. Iдэйная аснова грамадства i дзяржавы павiнна быць грунтоўнай i трывалай», — заявiў Прэзiдэнт.

Паводле яго слоў, iнтэграцыя адукацыi i навукi — уплыў часу. «Задача заключаецца ў тым, каб рыхтаваць спецыялiстаў не толькi для народнай гаспадаркi, але i для навуковых устаноў. Нельга забываць, што ў сучасным свеце вырашальнае значэнне маюць iнавацыi. Першую скрыпку тут выконваюць навуковыя распрацоўкi i iх укараненне ў практыку», — падкрэслiў Аляксандр Лукашэнка.

Прынцып сацыяльнай справядлівасці

«Асноўная мэта сацыяльнай палітыкі дзяржавы — дабрабыт народа, павышэнне ўзроўню і якасці яго жыцця. Клопат аб людзях розных пакаленняў, рэалізацыя прынцыпу сацыяльнай справядлівасці, увага да чалавека — гэта галоўнае для органаў улады», — лічыць кіраўнік дзяржавы.

«Часам і я грашу гэтым, але ўрад вельмі тонка гэта адчуў. І ўсе гавораць: у нас народ разбалаваны. Так, крыху недзе разбалавалі народ. Але ж гэта трэба паставіць сабе ў заслугу, што падтрымліваем народ, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мэта нашай дзяржавы і любой улады ў любой дзяржаве — гэта народ. Усё дзеля чалавека».

«Заўтра ўсе будзем на пенсіі, не будзе чорных партфеляў, чорных аўтамабіляў і г.д і да т.п. Рана ці позна мы станем звычайнымі людзьмі, — дадаў беларускі лідар. — Трэба памятаць пра гэта і ствараць нармальную дзяржаву для народа».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што, нягледзячы на сённяшнія няпростыя ўмовы, бюджэт 2015 года, як і ў папярэднія гады, захоўвае сацыяльную накіраванасць. Гэта важны фактар забеспячэння згоды ў грамадстве і стабільнасці дзяржавы.

Ён адзначыў, што Беларусь уваходзіць у групу краін з высокім узроўнем чалавечага развіцця. І за апошні час узнялася ў адпаведным сусветным рэйтынгу з 58-га на 53-е месца сярод амаль 200 дзяржаў. «Аднак нельга спыняцца на дасягнутым», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, цяпер набывае першараднае значэнне якасць работы з насельніцтвам, прымяненне новых форм і метадаў размоў з людзьмі. Павышэнню адкрытасці дзяржорганаў для ініцыятыў і зваротаў грамадзян служаць штотыднёвыя прамыя тэлефонныя лініі, якія ўвайшлі ў практыку. «Вельмі прасіў бы вас, каб мы з гэтымі тэлефоннымі лініямі не праштрафіліся перад народам і не скаціліся да фармалізму», — адзначыў Прэзідэнт, дадаўшы пры гэтым, што толькі за апошнія два месяцы гэтага года ў рэгіёнах прынята больш як 10 тысяч тэлефонных зваротаў. «І калі мы на гэта пайшлі і атрымалі такія звароты, мы на іх павінны адрэагаваць», — падкрэсліў ён.

«Працэс дэбюракратызацыі работы з насельніцтвам заўсёды быў і будзе важным напрамкам работы любога дзяржаўнага органа, асабліва мясцовага», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт даручыў Нацыянальнаму сходу ў найбліжэйшы час унесці канчатковыя праекты рашэнняў па аптымізацыі дзяржапарату, а таксама па статусе дзяржслужачага.

«Каб стварыць базу для ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ў наступным пяцігоддзі, працэс абнаўлення дзяржапарату і ўмацавання кіруючага складу прадпрыемстваў павінен мець сістэмны характар», — лічыць беларускі лідар.

«Ключавы выраз «кадры вырашаюць усё» і сёння не страчвае сваёй актуальнасці і не страціць ніколі», — падкрэсліў Прэзідэнт. У сучасным свеце, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, за прафесіяналаў ідзе барацьба, іх пераманьваюць і перакупляюць. «І калі мы не створым годныя ўмовы для работы кіраўнікоў, то найлепшыя да нас проста не прыйдуць. Страчваць прафесіяналаў мы больш не можам, інакш прайграем у канкурэнтнай барацьбе замежным краінам».

«Трэба помніць, што чалавечы капітал — гэта найважнейшая каштоўнасць у XXI стагоддзі», — дадаў беларускі лідар.

30-591

Прадказальнасць, стабільнасць, шматвектарнасць

«Паслядоўную міратворчую пазіцыю ў свеце займае наша краіна», — адзначыў Прэзідэнт. Таму Беларусь стала найбольш прыдатнай пляцоўкай для нядаўніх перагавораў па Украіне. «Актыўнасць у адносінах да мірнага ўрэгулявання ва Украіне садзейнічае далейшаму ўмацаванню міжнародных пазіцый Беларусі. Але самае галоўнае, што і амерыканцы, і еўрапейцы прызналі (з імі шмат сустракаўся я, наш міністр замежных спраў), што Беларусь сёння адыгрывае адну з найважнейшых функцый у рэгіёне па забеспячэнні бяспекі. Гэта праўда, справядліва», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

«Нам прынцыпова важна ўмацоўваць у нашых партнёраў усведамленне, што прадказальная і стабільная Беларусь — гэта каштоўнасць для ўсяго свету», — заявіў Прэзідэнт.

«Мы ганарымся тым, што ў нас выдатныя адносіны з такімі гігантамі, як Расія, Кітай, Індыя, наладжваюцца адносіны з Еўрасаюзам», — сказаў беларускі лідар.

«Са свайго боку мы заўсёды гатовы падставіць плячо суседу ў цяжкую для яго хвіліну. І ад нашых партнёраў чакаем паважлівага стаўлення, пазбаўленага прававога нігілізму і санкцыйнага ціску», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, Беларусь — гэта надзейнае звяно, якое звязвае Усход і Захад. «Пра гэта сведчыць шматвектарнасць знешнепалітычнага курсу Беларусі, накіраванага на развіццё ўзаемавыгадных адносін з рознымі краінамі свету. Стратэгічная мэта беларускай знешняй палітыкі зразумелая: стварэнне аптымальнага балансу нашых інтарэсаў паміж рознымі цэнтрамі сілы, выбудоўванне раўнапраўнага ўзаемадзеяння з вядучымі гульцамі на міжнароднай арэне», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка з задавальненнем адзначыў, што Беларусь выйшла на ўзровень усебаковага стратэгічнага партнёрства з КНР. «Нас звязваюць шматгадовыя даверныя адносіны. У двухбаковым супрацоўніцтве мы перайшлі ад гандлю да рэалізацыі буйных інвестыцыйных праектаў», — канстатаваў беларускі лідар. Кітайска-беларускі індустрыяльны парк стане плацдармам для высокатэхналагічных вытворчасцей. У маі гэтага года паміж дзвюма краінамі будуць адкрыты прамыя авіязносіны.

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што маючы адбыцца візіт Старшыні КНР Сі Цзіньпіна ў Беларусь надасць новы імпульс усебаковаму ўзаемадзеянню дзвюх краін.

Гаворачы аб адносінах з ЗША, Прэзідэнт адзначыў, што станоўча ацэньвае магчымасць іх падключэння да перагаворнага працэсу па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне. «Калі ў ЗША ёсць намер нармалізаваць становішча на паўднёвым усходзе Украіны — яно будзе нармалізавана, сто працэнтаў. Калі ЗША зойме іншую пазіцыю — там не будзе міру. Хто гэтага не разумее? Разумеюць усе, нават звычайныя людзі», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў, што калі ў гэтым працэсе спатрэбіцца Беларусь, краіна гатова адыграць сваю ролю. Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў, што аб сустрэчах у мінскім фармаце было шмат напісана. «Шмат хіхікання было, але тое, што ўжо ва Украіне не малоцяць буйнакалібернай зброяй, мінамётамі і артылерыяй, не гінуць тысячы людзей у бойні, — гэта ўжо вялікае дасягненне міжнароднай супольнасці, якая тут, у Мінску, дамовілася», — дадаў ён. Беларускі лідар звярнуў увагу: у Беларусі цэняць, што мінскую пляцоўку для перагавораў выбралі «нават тыя, хто нас ва ўпор ніколі не разглядаў».

Аляксандр Лукашэнка разлічвае на палітычную волю Злучаных Штатаў у нармалізацыі адносін паміж нашымі краінамі. Ён звярнуў увагу, што мэтанакіраваная работа па пошуку агульных інтарэсаў са Злучанымі Штатамі Амерыкі праз рэалізацыю праектаў у сферы эканомікі пачала ўжо даваць першыя адчувальныя вынікі.

На думку беларускага лідара, шлях да нармалізацыі адносін з ЗША ляжыць праз раўнапраўнае канструктыўнае супрацоўніцтва. «І я рады, што нарэшце ў Амерыцы гэта зразумелі», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Стратэгічнае партнёрства і адкрытая інтэграцыя

Беларусь заўсёды будзе поплеч са сваім стратэгічным саюзнікам — з Расіяй, адзначыў Прэзідэнт. «І Еўрасаюз, і ЗША мяне разумеюць, калі я ім кажу: «Вы павінны ведаць, калі, не дай Бог, што здарыцца, Беларусь будзе плячо ў плячо з Расіяй. Гэта наш саюзнік». Прыводжу прыклад: помніце, як у Іраку бамбілі? Нібыта знайшлі ядзерную зброю і павесілі Садама Хусейна. Увесь свет ведаў, што гэта несправядліва, няправільна робяць Злучаныя Штаты Амерыкі. Але ўся Еўропа і натаўскія краіны выстраіліся адна за адной і падтрымлівалі Амерыку, таму што яны саюзнікі. Усе павінны ведаць: мы былі з Расіяй разам і заўсёды будзем. І ніякіх пустых размоў у сувязі з Крымам, пра нібыта нейкі крэн Беларусі і павароты кудысьці, не павінна быць», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Як адзначыў Прэзідэнт, у Расіі ёсць сілы, якія «вельмі хочуць абмежаваць уплыў беларускай мадэлі развіцця і таго ж Лукашэнкі на працэсы, што адбываюцца ў Расійскай Федэрацыі». «Такіх людзей нямала, і яны пачынаюць нас ціснуць ва ўсіх напрамках. Не звяртайце на гэта ўвагі, яно пройдзе. Некаторыя пачынаюць пад'юджваць: маўляў, Лукашэнкі не будзе 9 мая ў Маскве на парадзе, ён нібыта, каб дагадзіць Захаду, так зробіць з прыцэлам на прэзідэнцкія выбары. Якое глупства! Мы з кіраўніцтвам Расіі выразна дамовіліся: у свеце засталося дзве краіны, якія свята шануюць Вялікую Перамогу. Мы дамовіліся: у Беларусі свой парад і ўрачыстыя мерапрыемствы, таму Прэзідэнт павінен быць 9 мая ў краіне са сваім народам. І замяніць яго ў гэтым ніхто не можа, галоўнакамандуючы павінен прымаць парад. У Маскву мы прыедзем 8 мая і, як мае быць, адзначым свята Перамогі», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

«Расія як была, так і застаецца нашым галоўным стратэгічным партнёрам. Супрацоўніцтва з ёю развіваецца паступальна, дынамічна. Беларуска-расійскія адносіны ў рамках Саюзнай дзяржавы знаходзяцца сёння на якасна высокім узроўні — на тым, якога мы не дасягнулі ні ў якім іншым інтэграцыйным аб'яднанні. Стварэнне сумеснай канкурэнтаздольнай прадукцыі за кошт аб'яднання прамысловага, фінансавага і маркетынгавага патэнцыялаў умацуе нашы пазіцыі на міжнародных рынках і дасць магчымасць годна канкурыраваць з трэцімі краінамі. Расія да гэтага гатова», — сказаў Прэзідэнт.

Ён таксама адзначыў, што неад'емнай часткай нашай стратэгіі з'яўляюцца далейшае нарошчванне ўзаемадзеяння з рэгіёнамі Расіі, умацаванне і прымнажэнне напрацаваных сувязяў з імі.

Гаворачы пра ўдзел Беларусі ў Еўразійскім эканамічным саюзе, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: «Нашы апаненты палохаюць нас тым, што, увайшоўшы ў гэтае інтэграцыйнае аб'яднанне, Беларусь страціць сваю незалежнасць. Такія сцвярджэнні цалкам беспадстаўныя. Вы гэта бачыце».

«Мы зыходзім з таго, што рэгіянальная эканамічная інтэграцыя з'яўляецца адным з ключавых фактараў павышэння ўстойлівасці нацыянальнай эканомікі ва ўмовах нестабільнасці сусветнай эканамічнай сістэмы. Менавіта ў такім ключы і выбудоўваем сваю дзейнасць у Еўразійскім эканамічным саюзе», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што ўдзел Беларусі ў еўразійскіх інтэграцыйных працэсах у якасці краіны-заснавальніка дае вялікія перавагі. «Мы атрымалі эканамічныя дывідэнды — я не буду іх пералічваць. Вядома, атрыманне пераваг у ЕАЭС звязана і з непазбежным узмацненнем канкурэнцыі для нашых прадпрыемстваў, неабходнасцю іх адаптацыі да ўмоў больш адкрытай эканомікі. Калі падпісваўся дагавор, мы адзначалі, што беларускі бок будзе ўважліва сачыць за ходам рэалізацыі дасягнутых дамоўленасцей, за дынамікай ліквідацыі выключэнняў у рамках пераходных перыядаў. Час паказаў правільнасць такога падыходу», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт лічыць рэальным збліжэнне Еўрасаюза і Еўразійскага эканамічнага саюза. «Нягледзячы на сённяшняе абвастрэнне геапалітычнага становішча, лічу, што наша ідэя інтэграцыі інтэграцый па-ранейшаму актуальная і перспектыўная. У рэшце рэшт мы прыйдзем да рэальнага збліжэння Еўрасаюза і Еўразійскага эканамічнага саюза, да пабудовы Вялікай Еўропы ад Атлантыкі да Ціхага акіяна. Ажыццяўленню гэтай ідэі садзейнічае старшынства Беларусі ў ЕАЭС», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. «Наша агульная задача — пазбегнуць новых раздзяляльных ліній у Еўропе, выкарыстоўваць патэнцыял канструктыўнага ўзаемадзеяння на карысць нашых народаў», — дадаў ён.

«Хваробы» грамадства трэба лячыць

Закрануў Прэзідэнт у Пасланні і заганы, якія хвалююць грамадства, — сацыяльнае ўтрыманства, наркаманію, карупцыю.

«Сёння нельга не бачыць і сур'ёзнай небяспекі для здаровага ладу жыцця, з якой сутыкаецца сучаснае грамадства. Такія беды, як наркаманія, — не наша вынаходства, алкагалізм і курэнне не толькі наносяць шкоду здароўю людзей, але і ўяўляюць пагрозу генафонду нацыі. Іх неабходна рашуча выкараняць у імя дабрабыту нашага народа. Небяспека ў тым, што кантынгент, які спажывае наркотыкі, маладзее: у яго ўваходзяць школьнікі, навучэнцы прафтэхвучылішчаў і студэнты ВНУ. Трэба ўсім — ад выкладчыкаў да міліцыянераў — гарачым жалезам выпальваць гэтую заразу», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што ў першую чаргу грамадства павінна быць нецярпіма да распаўсюджвальнікаў наркотыкаў. Да тых, хто на слабасці людзей і страце здароўя робіць грошы. «Яшчэ больш масавая праблема — алкагалізм. Беларусь адносіцца да групы краін з высокім узроўнем спажывання алкаголю. Асобамі ў нецвярозым стане ўчыняецца амаль 40 працэнтаў усіх злачынстваў, яны — частыя віноўнікі дарожна-транспартных здарэнняў», — заўважыў ён.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што патрабуюць урэгулявання пытанні размяшчэння сацыяльнай рэкламы ў месцах рэалізацыі алкагольных напояў і піва. Разам з тым, на думку кіраўніка дзяржавы, павышэнне ўзроставага цэнзу для пакупнікоў алкагольных напояў не вырашыць праблему.

«Што датычыцца сацыяльнага ўтрыманства, то тут трэба падыходзіць прадумана, з улікам усіх узнікаючых пытанняў», — падкрэсліў Прэзідэнт. Большасць грамадзян выконвае свой канстытуцыйны абавязак: працуе і плаціць падаткі. «У нас, як улады, няма ніякіх прэтэнзій да такіх людзей. Аднак некаторая частка працаздольных людзей не прымае ўдзелу ў фінансаванні дзяржаўных расходаў. Пры гэтым сацыяльнымі дабротамі карыстаюцца ўсе на аднолькавых правах. З пункту гледжання большасці людзей, такі падыход несправядлівы», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«З мэтай забеспячэння выканання канстытуцыйнага абавязку грамадзян удзельнічаць у фінансаванні дзяржаўных расходаў шляхам выплаты падаткаў, пошлін і іншых плацяжоў па маім даручэнні распрацаваны і прыняты дэкрэт «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён дадаў, што ў адрас дэкрэта гучыць шмат крытыкі. «Баюся, мы штосьці недапрацавалі. Я ўжо даручыў Адміністрацыі і прашу распрацоўшчыкаў (дэкрэта. — Заўвага БЕЛТА): унікніце ў кожную заўвагу, нават калі іх выказваюць нейкія шарлатаны ад палітыкі. Вывучайце, паглядзіце, каб мы не пакрыўдзілі нармальнага чалавека, — паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка. — Мы не павінны дапусціць ніводнай памылкі. Інакш добрую справу пахаваем».

«Абноўлены закон аб барацьбе з карупцыяй павінен запрацаваць у найбліжэйшы час», — сказаў Прэзідэнт. «Хацелася б, каб і ў другім чытанні мы маглі аператыўна прыняць гэты закон», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт папрасіў парламентарыяў, каб гэты дакумент не быў выпусташаны. Я вас пераканаўча аб гэтым прашу», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што гэты законапраект атрымаў шырокі рэзананс. «Ён падрыхтаваны з улікам вынікаў яго грамадскага абмеркавання. Ведаю, што было больш за 300 прапаноў і заўваг», — сказаў Прэзідэнт.

Дыялог, а не плошча

«Праблемы трэба абмяркоўваць у парламенце, а не на плошчы», — заявіў Прэзідэнт. «Беларускі парламент з'яўляецца галоўнай пляцоўкай для дыялогу, на якой прадстаўнікі розных слаёў грамадства могуць абмеркаваць актуальныя для краіны пытанні», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Звяртаючыся да старшынь абедзвюх палат Нацыянальнага сходу, Аляксандр Лукашэнка заклікаў запрашаць у парламент людзей з рознымі пунктамі гледжання. «Абмяркоўвайце праблемы, выпрацоўвайце тыя або іншыя рашэнні, уносьце прапановы. Я заўсёды гатовы выслухаць вас», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт дадаў, што ўвогуле парламентарыям неабходна больш актыўна ўзаемадзейнічаць з дзяржорганамі, грамадскімі аб'яднаннямі і бізнес-супольнасцю.

«Наш парламент сфарміраваўся як сталы і прадстаўнічы орган, які займае годнае месца ў сістэме ўлады», — таксама адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ён нагадаў, што ў наступным годзе Нацыянальнаму сходу споўніцца 20 гадоў. За гэты час, як лічыць Аляксандр Лукашэнка, удалося стварыць устойлівы прававы фундамент беларускага грамадства і сфарміраваць нацыянальную сістэму заканадаўства. «У той жа час агульнасусветныя сацыяльна-эканамічныя працэсы і роля ў іх Беларусі ставяць перад дэпутацкім корпусам на сучасным этапе шэраг новых задач», — адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што неабходна пастаянна працаваць над павышэннем якасці падрыхтоўкі законапраектаў і дакладнасцю прагнозаў наступстваў іх прыняцця: «Перш чым прымаць закон, неабходна падлічыць, да якіх наступстваў гэта прывядзе. А ў нас, на жаль, вельмі часта бывае наадварот. Спачатку вырашаем нешта змяніць, але потым разумеем, што гэта было лішнім і прынесла больш шкоды, чым карысці».

«Вельмі вас прашу — усе органы ўлады, парламент, дэпутатаў: ніколі не адмаўляйцеся ад дыскусій з самымі крайнімі нашымі апазіцыянерамі, нават членамі пятай калоны, як мы іх называем. Куды ад іх падзецца? Яны ёсць у нашым грамадстве, яны грамадзяне нашай краіны, — сказаў Прэзідэнт. — Не ўхіляйцеся ад гэтых дыскусій, кантактуйце з гэтымі людзьмі... Трэба з імі размаўляць». Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што далёка не ўсе апазіцыянеры жадаюць нашкодзіць краіне. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы лічыць, што пэўная частка апазіцыі зразумела, што такое стабільнасць і мір.

«Нам канфрантацыя ўнутры краіны абсалютна не патрэбна, таму трэба размаўляць з усімі», — яшчэ раз падкрэсліў Прэзідэнт. Таксама, на яго думку, апошнім часам намецілася станоўчая тэндэнцыя ўзмацнення ролі канструктыўных грамадскіх арганізацый у фарміраванні грамадзянскай супольнасці Беларусі, станаўленні дэмакратыі, абароне правоў і свабод грамадзян.

«Беларуская палітычная сістэма даказала сваю эфектыўнасць. Яркай характэрнай яе рысай з'яўляецца прамое народаўладдзе. Мы выступаем за тое, каб у Беларусі былі прадстаўлены розныя палітычныя погляды. Заканадаўства прадугледжвае ўсе магчымасці для стварэння і работы палітычных партый. Было б толькі жаданне ўсім гэтым наборам опцый карыстацца з карысцю для грамадства і краіны», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Звярнуў увагу Прэзідэнт і на ролю СМІ ў грамадстве. «У сучасным свеце, дзе роля і ўплыў СМІ ўвесь час нарастае, недазвольнай раскошай для любой дзяржавы з'яўляецца недаацэнка іх уплыву на грамадства. Беларусі не ўдасца застацца ўбаку ад гэтых глабальных працэсаў. Мы вымушаны па-новаму паглядзець на існуючую сістэму абароны сваёй інфармацыйнай прасторы. Яна павінна быць гібкай, адпавядаць усім патрабаванням часу», — заявіў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, першачарговая задача — засцерагчы грамадзян ад выкарыстання ў адносінах да іх маніпуляцыйных тэхналогій, не парушыўшы пры гэтым канстытуцыйнага права на атрыманне інфармацыі. «Адначасова неабходна павышаць ролю СМІ ў фарміраванні пазітыўнага іміджу нашай дзяржавы на сусветнай арэне. У гэтым пытанні ў нас доўгі час былі істотныя недапрацоўкі і іх неабходна выкараняць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Унутранае і знешняе становішча вакол Беларусі настойліва патрабуе актывізацыі ідэалагічнай работы. «У цяперашніх умовах асаблівую каштоўнасць набывае аператыўная і дакладная інфармацыя, адкрытая размова ідэалагічнага актыву з людзьмі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Талерантнасць і суверэнітэт

Беларусь не будзе праводзіць дзікую нацыяналістычную палітыку, заявіў Прэзідэнт. «У вельмі многіх у Беларусі руская кроў перамяшана з беларускай, польскай, яўрэйскай і гэтак далей. Мы ніколі не звярталі і не будзем звяртаць на гэта ўвагу. Нам людзей не хапае ў краіне, нам неабходна мець мінімум 20 млн насельніцтва. Навошта ж мы будзем праводзіць дзікую нацыяналістычную палітыку? Каб выгнаць з беларускай зямлі людзей, якія тут нарадзіліся або нарадзіліся іх бацькі? Гэта глупства несусветнае!» — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу, што апошнім часам шмат гавораць пра ідэю нейкага «рускага свету». «Я так разумею, што гэта не пра нас. Ведаеце, часта гавораць: слухай, ты чаго, мы ж рускія людзі... Гэта не значыць, што мы расіяне. Мы, беларусы і расіяне, — рускія людзі, так у нас склалася. Але аб гэтым «рускім свеце» хачу сказаць адкрыта наступнае. Беларусь першай на постсавецкай прасторы надала рускай мове статус дзяржаўнай нараўне з беларускай. Мы высока цэнім вялікую рускую культуру і не аддзяляем яе ад нашай, мы частка гэтай культуры», — сказаў Прэзідэнт, растлумачыўшы, што гэта тэма ўзнікла ў тым ліку ў сувязі з «пытаннем, якое хвалюе не толькі простых лібералаў у Расіі, але і нават частку расійскага кіраўніцтва: маўляў, Беларусь узяла нейкі крэн на Захад». «Хіліцца мне няма куды. І мне сёння гаварыць аб тым, што я, прабыўшы 20 з лішнім гадоў Прэзідэнтам у гэтай краіне, кудысьці нахіліўся, — гэта глупства. Выкіньце гэта з галавы, паважаныя расіяне. Мы вашы браты, мы заўсёды былі разам. Але дазвольце нам мець свой пункт гледжання і свае ўражанні аб свеце».

«Трэба разумець: Беларусь — суверэнная незалежная дзяржава. Зразумела, мы вельмі цесна звязаны з рускім народам, мы браты, але мы хочам жыць у сваёй кватэры ў адным шматпавярховым доме», — дадаў Прэзідэнт.

Спакойна жыць і працаваць

«Вялікія магчымасці і энергія моладзі павінны быць накіраваны на карысць грамадства», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. «Нам удалося дасягнуць прыкметнага паляпшэння сацыяльна-эканамічнага становішча маладога пакалення. Значна вырас яго адукацыйны ўзровень. Вельмі важна, каб маладыя людзі ўдзельнічалі ў развіцці грамадства, вучыліся жыць па яго законах — прававых і маральных, станавіліся сапраўднымі патрыётамі сваёй Радзімы», — адзначыў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што пабочных наглядальнікаў у гэтым важным працэсе не павінна быць. «Маладзёжныя арганізацыі, сістэма адукацыі, навука, культура і мастацтва, працоўныя калектывы і органы ўлады — усё павінна быць пранізана выхаваўчымі функцыямі, — сказаў ён. — Усяму нашаму грамадству трэба больш прыцягваць моладзь да розных сфер дзейнасці, развіваць яе творчы патэнцыял». «Мы павінны дамагчыся таго, каб кожны малады чалавек, які жыве ў Беларусі, быў упэўнены, што ён патрэбны сваёй краіне, што менавіта тут ён зможа рэалізаваць свае планы», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Закранаючы тэму развіцця нацыянальнай культуры, Прэзідэнт падкрэсліў: «Нам вельмі патрэбны высокага ўзроўню літаратура, жывапіс, спектаклі, кінафільмы, дзе было б таленавіта паказана жыццё нашай маладой суверэннай дзяржавы. Сёння так не хапае твораў, якія фарміруюць і падтрымліваюць духоўныя каштоўнасці нашага народа, якія аб'ядноўваюць людзей, засцерагаюць іх ад хлусні, амаральнасці і бескультур'я. Мы ўкладваем вялікія грошы ў маладыя таленты і ў творчых людзей, якія маюць дастатковы вопыт. Але жаданай аддачы пакуль няма».

Беларускі лідар адзначыў, што глядач стаміўся ад сумніўнай кінапрадукцыі і будзе з задавальненнем глядзець добрыя карціны, слухаць вартыя песні. Сёння ёсць шмат кінапрадукцыі расійскай вытворчасці, прычым часта створанай у Беларусі, але нашай краіне час зрабіць свой уклад.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, трэба актывізаваць творчыя саюзы, каб яны нацэльвалі дзеячаў мастацтва на плённую працу, арыентавалі на высокі эстэтычны ўзровень і процістаялі пошласці і бездухоўнасці.

Ён таксама адзначыў, што сродкам масавай інфармацыі трэба больш надаваць увагі мастацкім творам, якія ўваходзяць у скарбніцу нацыянальнай, агульнаеўрапейскай і сусветнай культуры і мастацтва. «Комплекснае вырашэнне задач у сацыяльна-культурнай сферы павінна быць нацэлена на фарміраванне працавітай, адукаванай, культурнай і здаровай нацыі. Гэта залог дабрабыту краіны як сёння, так і ў будучыні», — сказаў Прэзідэнт.

І немалая роля тут адводзіцца спорту. «Мы па праве ганарымся перамогамі нашых спартсменаў на Алімпійскіх гульнях і іншых прэстыжных чэмпіянатах. Хаця вы бачыце, што адбываецца ў гульнявых відах спорту. Спорт — гэта дух нацыі, і яго трэба ўсяляк падтрымліваць на самым высокім узроўні», — упэўнены кіраўнік дзяржавы.

У рэгіёнах краіны ўводзяцца сучасныя спартыўныя аб'екты, разгорнута шырокамаштабная работа па ўмацаванні іх матэрыяльнай базы, развіваецца айчынная фізкультурна-спартыўная індустрыя. Аднак беларускі лідар лічыць, што масавую фізічную культуру ў краіне яшчэ трэба развіваць.

«У Беларусі можна спакойна жыць і працаваць», — запэўніў Прэзідэнт. «Вы павінны быць спакойныя: мы сёння маем планы ў выпадку абвастрэння сітуацыі падняць і ўзброіць паўмільёна беларусаў. І гэта дастатковая сіла, каб процістаяць любым задумам», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што разам з адкрытай, шматвектарнай, міралюбівай палітыкай у краіне не забываюцца і пра бяспеку. «Трэба заўсёды быць пільнымі. І ў гэтых умовах адказнасць сілавога блока, праваахоўных структур за забеспячэнне стабільнасці і правапарадку ў грамадстве шматразова ўзрастае. Міжнароднае становішча абавязвае нас умацоўваць абараназдольнасць Беларусі», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што найважнейшай знакавай падзеяй 2015 года з'яўляецца 70-годдзе Вялікай Перамогі, лёсавызначальнае значэнне якой неаспрэчна для беларускага народа. «Менавіта тады былі заваяваны мір, незалежнасць і закладзены фундамент для развіцця нашай дзяржавы, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Неўміручая слава герояў-пераможцаў, гордасць за іх з'яўляюцца непахіснымі апорамі нашай нацыянальнай самасвядомасці. Сёння памяць аб Перамозе стала той духоўнай сілай, якая аб'ядноўвае нас у адданай любові да Радзімы».

«Давайце будзем усе разам берагчы яе, каб перадаць дзецям і ўнукам мірную, свабодную, квітнеючую краіну. Захаваем адзінства, спакой і згоду ў нашым агульным доме, іншага ў нас няма і не будзе», — заявіў беларускі лідар.

«Упэўнены, мы зробім усё, каб забяспечыць для Беларусі мір, незалежнасць і дынамічнае развіццё!» — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Па матэрыялах БЕЛТА.


Пытанні і адказы

Пасля звароту да парламента і народа Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанні прадстаўнікоў найвышэйшага заканадаўчага органа краіны.

30-60

Тэму падатковых ільгот закрануў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Мікалай КАЗАРАВЕЦ.

«Скарачаць ільготы і падтрымку прадпрыемствам мы абавязкова будзем, — адказаў яму Прэзідэнт. — У якім аб'ёме — гэта жыццё павінна будзе паказаць. Дэпутатам і ўраду неабходна вызначыць, якія пакінуць падатковыя льготы. Калі вы дамовіцеся, то нават умешвацца ў гэтую праблему не будуць». Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што скарачаць цяпер існуючыя сацыяльныя льготы не плануецца — дзяржава падтрымлівала і будзе падтрымліваць людзей, якія маюць патрэбу ў дапамозе. «Што тычыцца прадпрыемстваў, то марных выдаткаў быць не можа», — сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што льготы могуць быць прадастаўлены пад акупныя інвестыцыйныя праекты. «Нам Кітайская Народная Рэспубліка выдзеліла ў агульнай масе крэдытаў на $ 15 млрд. Але сёння жорсткі падыход да адбору тых, хто прэтэндуе на гэтыя крэдыты. І мы не можам іх выбраць, таму што нас ніхто не можа пераканаць у акупнасці і выгадзе таго ці іншага праекта. Будзе добры праект — і льготы дадзім, але гэта індывідуальна», — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

 На пытанне намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях Зінаіды МАНДРОЎСКАЙ пра дзяржаўную дапамогу ў пагашэнні банкаўскай запазычанасці беларускімі прадпрыемствамі Аляксандр Лукашэнка адказаў, што такая дапамога будзе аказвацца кропкава. «Мы разглядаем індывідуальна кожнае прадпрыемства. І калі бачым, што яно «варушыцца», але з-за аб'ектыўных умоў ёсць цяжкасці, мы, вядома, такому прадпрыемству дапаможам», — паабяцаў кіраўнік дзяржавы. «Пры гэтым, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка, — прамысловыя прадпрыемствы не павінны думаць, што дзяржава будзе плаціць за іх крэдыты. Гэтага не было і быць не можа».

 Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве Людміла МІХАЛЬКОВА спытала пра магчымасць амністыі для асуджаных па эканамічных злачынствах. Кіраўнік дзяржавы паведаміў, што такая амністыя магчымая. Але Прэзідэнт заўважыў, што гэтая мера не павінна прымяняцца да ўсіх. «Вы ведаеце маё стаўленне да эканамічных злачынстваў, асабліва калі там папахвае карупцыяй. Тут мы на гэта ісці не павінны. Але ёсць эканамічныя злачынствы, дзе чалавек кампенсаваў шкоду, можа быць, нават не ў аднакратным памеры», — выказаў сваё меркаванне Аляксандр Лукашэнка.

 Леанід КАВАЛЕВІЧ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве, спытаў Прэзідэнта пра перспектывы забеспячэння жыхароў Беларусі, асабліва ў сельскай мясцовасці, пітной вадой. На гэта кіраўнік дзяржавы адказаў, што ў нашай краіне распрацоўваецца Дзяржаўная праграма па водазабеспячэнні і водаадвядзенні «Чыстая вада» на 2016-2020 гады. «І я гарантую, што ў наступнай пяцігодцы мы забудзем аб гэтай праблеме», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў, што некалькі гадоў таму магчымыя шляхі вырашэння праблем па водазабеспячэнні і водаадвядзенні абмяркоўваліся ў дачыненні да пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС раёнаў Гомельскай вобласці. Потым гэтыя напрацоўкі былі пакладзены ў аснову агульнадзяржаўнай праграмы. «Зроблена ўжо нямала, але ўсё ж такі ёсць такія месцы, дзе трэба, можа быць, больш сур'ёзна паставіцца, нешта паправіць», — лічыць беларускі лідар.

Вольга Мядзведзева


Правільная расстаноўка акцэнтаў

Кіраўнік дзяржавы ў сваім Пасланні закрануў розныя сферы — ад эканомікі і знешняй палітыкі да культуры і аховы здароўя. Дэпутаты падзяліліся сваімі ўражаннямі ад выступлення Прэзідэнта.

Віталь Бусько, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах:

— Па-першае, трэба сказаць, што Прэзідэнт выступаў не з нейкімі дырэктывамі, але раіўся з народам. Па-другое, ён вельмі выразна сказаў, што нельга замоўчваць праблему. Агучаная, вызначаная праблема — ужо напалову вырашаная. Было сказана, што найвышэйшая мэта любога палітыка — гэта дабрабыт народа. Усё, што робіцца ў краіне, усё, што будуецца, — для людзей. У той жа час Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што народ сам з'яўляецца будаўніком свайго шчасця. Да нас не прыйдуць ні багатыя кітайцы, ні багатыя амерыканцы, пакуль мы самі не пачнём працаваць якасна, адказна выконваць свае абавязкі.

Мне, як міжнародніку, спадабалася частка выступлення, прысвечаная міжнародным адносінам, інтэграцыйным працэсам. Зварот да канцэпцыі інтэграцыі інтэграцый, мне здаецца, зараз актуальны, таму што, сапраўды, наш Еўразійскі эканамічны саюз працуе яшчэ няшмат, але ўжо ёсць вынікі. І калі мы станем партнёрамі з Еўрапейскім саюзам, гэта канцэпцыя стане рэальнасцю.

Наталля Кучынская, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры, навуцы:

— Пагадзіцеся, тэма культуры — вельмі важная. Добра, што яна сёння так прагучала, бо чалавек культурны, адукаваны будзе прафесіяналам сваёй справы і будзе жыць і працаваць так, каб Беларусь станавілася прыгожай, высокакультурнай еўрапейскай дзяржавай. Тыя задачы, якія пастаўлены Прэзідэнтам у галіне культуры, абсалютна выканальныя. Для гэтага неабходна жаданне, якое ў нас ёсць, і пераарыентацыя пэўных напрамкаў — яны ўжо вызначаны.

Святлана Шылава, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы:

— Мяне вельмі радуе пасыл у звароце кіраўніка дзяржавы да ўсіх нас: сёння неабходна мець актыўную жыццёвую пазіцыю, працаваць і ўзнімаць сваю краіну. Радуе, што высокая адзнака дадзена нашай сістэме аховы здароўя. А паколькі я прадстаўляю медыцынскую навуку, у мінулым урач-практык, думаю, нашы медыцынскія работнікі будуць вельмі ўдзячны Прэзідэнту за цёплыя словы і яшчэ лепш будуць працаваць над умацаваннем здароўя нашага насельніцтва.

Таццяна Кананчук, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы:

— Штогадовыя пасланні Прэзідэнта парламенту і беларускаму народу заўсёды адметныя канкрэтнымі пастаноўкамі задач, як рашаць сённяшнія праблемы і, натуральна, даюць арыенціры на перспектыву. Таму ёсць шмат прапаноў па эканоміцы — гэта самы галоўны кірунак для далейшага развіцця нашай краіны. Яны ідуць ад жыцця і гэта, сапраўды, шэраг правільных дзеянняў, якія дазволяць краіне выйсці на больш высокі ўзровень развіцця.

Інэса Кляшчук, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве:

— Для мяне цікава тэма моладзі. Ужо неаднаразова з вуснаў Прэзідэнта гучала, што сёння неабходна выхоўваць актыўнага маладога чалавека, грамадзяніна сваёй краіны і патрыёта. Другое, што асабліва прыцягнула маю ўвагу, — былі пастаўлены канкрэтныя задачы для парламента. І канструктыўны дыялог з усімі грамадскімі аб'яднаннямі, у тым ліку з выканаўчай уладай, для таго, каб выпрацоўваць сумесныя рашэнні, і выкарыстанне парламенцкай дыпламатыі, і выпрацоўка такіх законаў, якія былі б зразумелыя. Прэзідэнт адзначыў, што сёння ўжо створана дастаткова трывалая прававая база і яе проста трэба далей удасканальваць, каб яна адпавядала рэаліям нашага жыцця. Таму я для сябе вызначыла гэтыя задачы.

Валерый Барадзеня, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах:

— Прэзідэнт абсалютна правільна расставіў прыярытэты. Вы заўважылі, што больш за палову звароту да народа і парламента займаў блок эканамічных пытанняў — тых, якія, несумненна, сёння трывожаць усіх. Была вызначана роля знешніх фактараў у эканамічных праблемах і, у той жа час, выразна акрэслены ўсе ўнутраныя фактары. Некалькі разоў Прэзідэнт прамовіў слова «маркетынг». Для мяне гэта знакава, я знаёмы з гэтай сферай. Натуральна, гэта тая канцэпцыя, якая кажа нам: мы нічога не павінны вырабляць без патрэбы, гэта значыць, тавар павінен задавальняць пэўны попыт. Тады і не будуць узнікаць лішнія складскія запасы.

Надзея ЮШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».