Вы тут

Экіпаж ляціць у вечнасць...


Усё сваё шчаслівае і спакойнае дзяцінства 70-х я правяла ў вёсцы маёй бабулі Агаф'і Сямёнаўны Барадзіной, на высокім беразе чыстай ракі Арэсы. І называлася яна сугучна — Падарэссе. Мірнае неба і жыццё мы ўспрымалі як данасць, не задумваючыся над іх цаной... Тады ж упершыню я пачула гісторыю пра тое, што над нашымі лясамі падчас вайны было збіта некалькі савецкіх самалётаў. І што хтосьці з мясцовых нават знаходзіў дакументы на імя Аляксандра Катаева. Гэтае імя было вядома ўсім жыхарам Падарэсся. Але тады мне і ў галаву не прыходзіла, што, пражыўшы амаль палову свайго жыцця, я сама пачну шукаць сляды маладога лётчыка.

8-45

...Чэрвень 1941 года. Нашу краіну пачалі бамбіць у 4 раніцы самай кароткай летняй ноччу.
28 чэрвеня савецкія войскі пакінулі сталіцу Беларусі — Мінск. У гэты ж дзень з аэрадрома Горкі, што пад Магілёвам, падымаюцца некалькі звенняў савецкіх бамбардзіроўшчыкаў і ляцяць у паўднёва-заходнім кірунку — выконваць баявое заданне па знішчэнні нямецкай танкавай калоны, якая рухаецца па шашы Слуцк — Мінск. Нашы самалёты пралятаюць над вёскамі, яны амаль каля цэлі, але раптам з-за аблокаў вынырваюць варожыя «люфтвафе». Пачынаецца бой. Многія нашы самалёты згараюць у небе разам з экіпажамі. Савецкія бамбардзіроўшчыкі не маюць такой хуткасці, яны цяжэйшыя, у іх бомбы, і таму ім даводзіцца паварочваць назад. Але нямецкія асы не збіраюцца адпускаць іх жывымі, пачынаецца пераследаванне. Разумеючы, што ад пагоні не ўцячы, адзін з нашых бамбардзіроўшчыкаў ссоўваецца направа ад вёскі, скідвае на поле бомбы, каб аблегчыць самалёт, пасля гэтага паварочвае і ідзе на немца лоб у лоб. Другі савецкі экіпаж вырашае падтрымаць баявых таварышаў.

Бой ідзе над лесам, каля вёскі Падарэссе Старадарожскага раёна. Жыхары вёскі, як па камандзе, высыпаюць на вуліцу. Усе напружана глядзяць і чакаюць. Адзін з савецкіх самалётаў загараецца ў першыя хвіліны. Праз нейкі час снарад прабівае бензабак другога... Некалькі хвілін — і ўсё заканчваецца...

Паводле ўспамінаў відавочцаў, у першыя дні вайны, а менавіта 28 чэрвеня 1941 года, у Старадарожскім раёне над лесам, паміж вёскамі Залужжа і Падарэссе, у адзін і той жа дзень і час былі збіты 2 савецкія самалёты. Адзін упаў за вёскай Залужжа, другі — у лесе каля вёскі Падарэссе. Абодва экіпажы загінулі.

Дзякуючы вялікай пошукавай рабоце, праведзенай у 1967—1969 гг. заслужаным настаўнікам БССР школы вёскі Залужжа Міхаілам Андрэевічам Санько, самалёт і імёны экіпажа, які ўпаў каля вёскі Залужжа, былі адноўлены. Мясцовыя жыхары знайшлі і прывезлі ў вёску целы загінулых лётчыкаў, пахавалі іх на мясцовых могілках. А таксама знайшлі дакументы і фотаздымак аднаго з іх і пасля вайны перадалі ў школу. Фотаздымак і даныя дакументаў апублікавалі ў г. Калінін (Расія) у газеце «Калининская правда» 12 снежня 1967 г.
У выніку былі апазнаныя лётчык С.В. Поснікаў і стралок-радыст А.М.Зайцаў, паміж школай і сваякамі завязалася перапіска, якая захоўваецца ў музеі і да гэтага часу. У 1968—1972 гг. у вёску Залужжа прыязджалі жонкі і сыны загінулых лётчыкаў. Вось так, дзякуючы неабыякавасці простага вясковага настаўніка Міхаіла Санько быў знойдзены і адноўлены ўвесь экіпаж хуткаснага бамбардзіроўшчыка СБ-16 у складзе камандзіра звяна Поснікава Серафіма Васільевіча, 1913 года нараджэння (ураджэнец вёскі Кірэвічы Бежыцкага раёна Калінінскай вобласці), штурмана Фаміных Пятра Філіпавіча,
1914 года нараджэння (вёска Хмялёўка Піжанскага раёна Дуброўскага сельсавета Кіраўскай вобласці)
і стралка-радыста Зайцава Аляксандра Міхайлавіча, 1921 года нараджэння (вёска Валагуды Анежскага раёна Архангельскай вобласці).

Усе гэтыя, ужо гістарычныя, звесткі пра першы экіпаж нам прадаставіла настаўніца матэматыкі, загадчыца школьнага музея Залужскай школы Старадарожскага раёна Валянціна Сямёнаўна Казлова — яшчэ адзін неабыякавы чалавек, які прыняў эстафету ад настаўніка Санько. Валянціна Сямёнаўна аказала нам вялікую дапамогу і па пошуку другога экіпажа.

* * *

...Такім чынам, самалёты вылецелі на баявое заданне па знішчэнні нямецкай калоны і ў выніку бою над лесам два былі збіты.

Другому экіпажу, які ўпаў каля вёскі Падарэссе, не пашанцавала — ён застаўся невядомым. Знайшлі яго не вельмі добрыя людзі, якія забралі і дакументы лётчыкаў, і нават адзенне... Па ўспамінах старажылаў, адзін з лётчыкаў быў яшчэ жывы. У яго ад моцнага ўдару аб зямлю пры падзенні былі вельмі пашкоджаны ногі: ніжнія косці зайшлі ў верхнія тазасцегнавыя, суставы каленяў выскачылі... Пры якіх абставінах памёр паранены лётчык, застаецца таямніцай... Але дапамогі яму не аказалі.

З размовы з Адамам Ігнацьевічам Колтунам, які нарадзіўся ў вёсцы Падарэссе:
«Я бачыў, як над лесам праляцела адно звяно самалётаў. І другое — паміж нашай і суседняй вёскай у напрамку горада Слуцка. І праз некаторы час яны ляцелі назад, дакладна па тым жа маршруце, але за імі ўжо была пагоня... І на вачах у мяне і ўсёй вуліцы над лесам нашы самалёты былі збіты адзін за другім, у адзін і той жа час».

Паводле ўспамінаў былога жыхара вёскі Падарэссе Уладзіміра Фаміча Казачка: «Праз некаторы час пасля падзення самалёта я і мой брат з бацькам касілі траву — у заліўной западзіне, каля Лявонава поля. Тут з лесу выйшаў наш аднавясковец Якаў Майлычка і сказаў, што побач, у лесе, ляжыць самалёт. Мы тут жа кінулі нашу касьбу і пабеглі. Збіты самалёт ляжаў ў кірунку да вёскі Шапчыцы, але лётчыкаў там ужо не было. З цікавасці мы сталі збіраць нейкія дробныя трубкі, я з іх потым рабіў запальніцы. Зямля вакол самалёта была як узараная, мусіць, яе пасеклі асколкі... А пазней той жа Якаў Майлычка распавядаў, што знайшоў самалёт раней — па гуку выстралу. Пачакаўшы нейкі час, ён падышоў. Адзін з лётчыкаў быў увесь пабіты асколкамі і ляжаў у абломках самалёта нежывы. А ў другога ад удару былі моцна пераламаны ногі. Але на той момант ён ужо быў застрэлены...»

8-43

Пахаваў загінулых (ужо значна пазней) Васіль Сямёнавіч Казачонак — дзесьці ў лесе пад бярозай. Пасля вайны месца гэтага апазнаць не змог. Паводле яго слоў, «недалёка ад самалёта». Дачка Васіля Сямёнавіча — Ганна Васільеўна — узгадвала: «Бацька казаў: «Як разбіраць самалёт, дык усе, а як хаваць лётчыкаў — дык ніхто не хацеў...» І тады ён пайшоў і пахаваў... Пасля вайны, гадоў праз 15, да яго прыязджаў нейкі мужчына і яны туды хадзілі. Але бацька месца пахавання не пазнаў, толькі здзівіўся, як за гэты час бярозкі выцягнуліся...»

Праз некалькі тыдняў пасля падзення, тым жа летам 1941 года, маладыя дзяўчаты, збіраючы ягады ў лесе, узлезлі на крылы самалёта, які разваліўся на дзве часткі, і знайшлі ў кабіне абгарэлы планшэт з запісам «Катаеў Аляксандр, станцыя Орша». Былі там і лічбы, мабыць, нумар часці, але дзяўчаткі іх не запомнілі... А потым дакументы ў іх забраў паліцай.

Паліцаяў у вёсцы Падарэссе было двое — Мікалай Кімпель і Міхаіл Свірыда. А неўзабаве жыхары вёскі ўбачылі на паліцаі Свірыдзе незвычайную скураную куртку з лётнымі крылцамі...

* * *

...Пасля вайны, у 1968 годзе, той жа настаўнік з вёскі Залужжа Міхаіл Санько адпраўляў запыты на КОтаева (пісаў прозвішча праз О — КОТАЕВ), у тым ліку і ў Міністэрства абароны — адказ быў адмоўны.

У выніку аб'явы, дадзенай мной і настаўніцай С.В. Казловай у старадарожскай газеце, жыхары вёскі Падарэссе (сям'я Евы Фамінічны Маслючэнка) прынеслі алюмініевую спінку ад сядзення пілота таго самага зніклага экіпажа. І алюмініевую трубу. Яшчэ ёсць зробленыя з ашалёўкі самалёта печка-«буржуйка», вядро і кружка... Прывозілі з Магілёўскай вобласці дачку адной з жанчын, якія знайшлі ў 1941 годзе планшэт з ініцыяламі, — Тамару Міхайлаўну Свірыду, спрабавалі вызначыць месца падзення самалёта. Вялікую дапамогу сваімі ўспамінамі аказалі нам сведкі падзей таго часу, жыхары вёскі Падарэссе Уладзімір Фаміч Казачок, які асабіста бачыў упаўшы самалёт і намаляваў на карце месца падзення, яго сястра Ева Фамінічна Малючэнка, Адам Ігнатавіч Колтун, які назіраў паветраны бой над лесам у 1941-м, і многія іншыя... Вялізную колькасць запытаў напісалі мы ў розныя інстанцыі (у тым ліку сумесна з газетай «Звязда»). Двойчы звярталіся ў Старадарожскі ваенкамат з запытам на раскопкі рэштак самалёта і экіпажа. І незлічоную колькасць разоў мы з групай аднадумцаў выязджалі ў лясы Старадарожскага раёна для пошукаў хоць нейкіх слядоў.

Пасля аб'явы ў мясцовай газеце патэлефанавалі жыхары вёскі Крываносы Русаковіч Рыгор Паўлавіч і яго сын Андрэй, паведаміўшы пра падбіты каля іх вёскі нямецкі самалёт. Месца падзення і знаходжанне рэшткаў пацвердзіла і паказала Алена Цімафееўна Назарава. Патэлефанаваў таксама жыхар суседняга Слуцкага раёна — Міхаіл Іванавіч Сыцько, які паведаміў пра магілу ваеннага часу капітана Цвятаева, якая знаходзіцца ў лесе, побач з яго роднай вёскай Гутніца, і якую яны даглядалі разам з настаўніцай. Вось колькі неабыякавых людзей адгукнулася — вялікі ўсім дзякуй!

І нарэшце — удача! Мы з Валянцінай Сямёнаўнай Казловай знаходзім у Кіраўскай вобласці чалавека з імем Аляксандр Васільевіч Катаеў, 1918 года нараджэння, малодшага лейтэнанта, старшага лётчыка, які прапаў без вестак на Заходнім фронце, у першыя дні вайны. Даём аб'яву ў мясцовай газеце «Нива» і пры дапамозе такіх жа энтузіястаў — настаўнікаў школы пасёлка Косіна — знаходзім сваякоў Аляксандра Катаева!..

Шмат тайнаў яшчэ захоўвае вайна. Але мы, унукі і праўнукі тых, хто выпакутаваў гэтую найцяжэйшую для нашай Радзімы Перамогу, не маем права забывацца на мінулае, здраджваць сваім героям.

Таму пошукі месца пахавання загінулых лётчыкаў і звестак пра іх працягваюцца...

Ларыса КАРАСІНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».