Вы тут

Гэта мы не задавалі, або Дзе лягчэй жывецца настаўніку?


Колькі часу настаўнікі еўрапейскіх краін выдаткоўваюць на выкладчыцкую і іншыя віды дзейнасці? Гэта пытанне стала тэмай даследавання, вынікі якога апублікаваў аналітычны часопіс «Educatіon Іndіcators іn Focus» (выданне выпускаецца пад эгідай АЭСР — Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця).

20-18

20-18

 

Ад Расіі да Мексікі

Як адзначаецца ў даследаванні, прывабнасць прафесіі настаўніка абумоўлена многімі фактарамі, у тым ліку і ўмовамі працы: колькасцю рабочай нагрузкі, напаўняльнасцю класаў і гэтак далей. Даследчыцкі аперыруюць двума тэрмінамі: вучэбная нагрузка і рабочая. Вучэбная нагрузка вымяраецца ў астранамічных гадзінах і вызначаецца як час, які ідзе непасрэдна на навучанне дзяцей. А рабочая нагрузка — гэта час, які затрачваецца педагогамі на выкананне шырокага спектра іншых прафесійных абавязкаў. У залежнасці ад палітыкі, якая праводзіцца ў той ці іншай краіне ў галіне рэгулявання заработнай платы, у рабочую нагрузку настаўніка можа ўключацца час, звязаны непасрэдна з выкладчыцкай дзейнасцю і правядзеннем навучальных мерапрыемстваў, напрыклад, тэсціраваннем навучэнцаў, а таксама час, адведзены і на выкладчыцкую дзейнасць, і на выкананне іншых прафесійных абавязкаў і задач (падрыхтоўку да ўрокаў, прафесійнае развіццё, стасункі з бацькамі, удзел у вырашэнні агульных кіраўніцкіх задач).

У даследаванні выкарыстоўваецца прынятае за мяжой гадавое вымярэнне педагагічнай нагрузкі. Сярэдняя гадавая нагрузка настаўнікаў базавай школы (згодна з міжнароднай стандартнай класіфікацыяй адукацыі, гэта ІІ этап базавай адукацыі) у краінах АЭСР складае каля 694 гадзін. Але гэтая велічыня істотна вар'іруецца: ад мінімальнай (600 гадзін і менш) у Фінляндыі, Грэцыі і Расіі да максімальнай (1000 і больш гадзін) у Аргенціне, Чылі і Мексіцы. Размеркаванне вучэбнага часу на працягу года таксама вар'іруецца. У сярэднім па краінах — удзельніцах АЭСР вучэбная нагрузка педагогаў складае 38 тыдняў, або 182 дні (мінімальныя паказчыкі (152 дні) мае Грэцыя, а максімальныя (203 дні) — Бразілія. У Шатландыі, згодна з пагадненнем аб умовах працы і аплаты настаўнікаў, з 2001 года ўстаноўлены 35-гадзінны працоўны тыдзень, а норма вучэбнай нагрузкі зніжана да 22,5 гадзіны ў тыдзень (для пачатковай і сярэдняй школы).

Маладыя «профі»

Работа на больш высокай ступені школы прадугледжвае меншую вучэбную нагрузку на педагогаў. Так, у Чэхіі, Францыі, Грэцыі, Інданезіі, Ізраілі і Турцыі вучэбная нагрузка настаўнікаў пачатковай школы на 30% перавышае нагрузку настаўнікаў сярэдняй школы (выключэнне складаюць Аргенціна, Англія і Мексіка).

У некаторых краінах АЭСР працягласць працоўнага часу і вучэбнай нагрузкі настаўніка залежыць ад яго працоўнага стажу. Напрыклад, у Германіі для педагогаў-пачаткоўцаў вучэбная нагрузка зменшана. У асобных краінах яе зніжаюць і для вопытных настаўнікаў, каб падоўжыць іх працоўную дзейнасць. Для гэтага таксама прымаюцца праграмы дыверсіфікацыі абавязкаў гэтай групы педагогаў. У Партугаліі, Квебеку вопытныя настаўнікі прыцягваюцца да выкладання студэнтам педагагічных навучальных устаноў. У Англіі і Уэльсе з 1998 года існуе такая катэгорыя як «настаўнік перадавых здольнасцяў», для атрымання якой педагогі праходзяць дзяржаўную сертыфікацыю. Іх роля заключаецца ў педагагічным кіраўніцтве калектывамі навучальных устаноў.

Праца ў класе і іншыя абавязкі

У сярэднім па краінах АЭСР настаўнікі выдаткоўваюць палову свайго працоўнага часу на выкананне відаў дзейнасці, не звязаных з выкладаннем у класе: планаванне заняткаў, ацэньванне працы навучэнцаў, прафесійнае ўзаемадзеянне з калегамі. У 2013 годзе АЭСР было праведзена міжнароднае даследаванне сістэм выкладання і навучання (Teachіng and Learnіng Іnternatіonal Survey, TALІS), у прыватнасці былі прааналізаваны справаздачы аб працоўным часе педагогаў, якія выкладаюць на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі. У апытанні ўдзельнічала па 20 настаўнікаў з 200 прыватных і дзяржаўных школ ад кожнай краіны.

Высветлілася, што настаўнікі ў сярэднім трацяць каля 38 гадзін у тыдзень на ўсе віды прафесійнай дзейнасці: мінімальныя паказчыкі (29 гадзін) — у Чылі і Італіі, а максімальныя (54 гадзіны) — у Японіі. Прыкладна палова гэтага часу адводзіцца на навучанне школьнікаў — 19 і 38 гадзін у тыдзень (значэнні вагаюцца ад 15 гадзін у Нарвегіі да 27 гадзін у Чылі). Варта адзначыць, што, нягледзячы на працяглы працоўны тыдзень японскіх настаўнікаў, непасрэдна на вучэбны працэс яны выдаткоўваюць толькі каля 18 гадзін. Гэта значыць, што большая частка часу адводзіцца на выкананне іншых відаў дзейнасці.

Планаванне і падрыхтоўка да ўрокаў займаюць у сярэднім каля 7 гадзін у тыдзень (ад 5 гадзін у Фінляндыі, Ізраілі, Італіі, Нідэрландах і Польшчы да 10 гадзін — у Харватыі). Праверка пісьмовых работ — каля 5 гадзін (максімальныя значэнні зафіксаваны ў Партугаліі (10 гадзін) і Сінгапуры (9 гадзін). На школьнае кіраванне, працу з бацькамі, правядзенне факультатыўных заняткаў адводзіцца прыблізна па 2 гадзіны на тыдзень. Выключэнне складаюць часавыя выдаткі настаўнікаў у Карэі і Малайзіі, дзе адміністрацыйная праца адбірае 6 гадзін. А ў Японіі правядзенне факультатыўных заняткаў займае ў педагогаў 8 гадзін на тыдзень.

Дысцыпліна — залог поспеху

У сярэднім каля 13% свайго працоўнага часу настаўнік траціць на падтрыманне дысцыпліны ў класе. Па гэтым паказчыку ў розных краінах назіраюцца значныя адрозненні. Каля 50% апытаных настаўнікаў Бразіліі, Малайзіі і Сінгапура прызналіся, што трацяць больш за 15% часу на падтрыманне дысцыпліны. Між тым палова рэспандэнтаў з Балгарыі, Харватыі, Чэхіі, Эстоніі, Латвіі, Польшчы і Румыніі паведамілі, што на гэта ў іх ідзе менш за 5% часу.

Амаль трэць настаўнікаў паведаміла, што на навядзенне парадку ў класе траціцца значная частка іх часу. Кожны чацвёрты ўдзельнік апытання (каля 26% рэспандэнтаў) канстатаваў пабочны шум на ўроках. Такія праблемы найбольш актуальныя для бразільскіх педагогаў — на іх указалі больш за палову апытаных. Між іншым дысцыпліна ў класе наўпрост уплывае на паспяховасць вучняў. Вынікі міжнароднай праграмы па ацэнцы адукацыйных дасягненняў вучняў PІSA паказваюць, што працоўная атмасфера ў класе і паспяховасць вучняў цесна ўзаемазвязаны. Рашэнне праблем, звязаных з навядзеннем дысцыпліны ў класе, дазволіць больш эфектыўна выкарыстоўваць вызначаны час і дамагацца лепшых вынікаў у навучанні, робяць выснову даследчыкі.

Надзея НІКАЛАЕВА

Каментары

Интересно, а оплата в европейских странах идёт за чистое время преподавания или подготовка тоже включается в оплату? И размер этой оплаты каков?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».