Вы тут

Там, дзе гэта толькі магчыма


Чаго чакаць ад новай палітыкі Еўрапейскага саюза?

Кіруючыя колы Еўрапейскага Саюза сур'ёзна задумваюцца пра змену асобных прынцыпаў знешняй палітыкі, у першую чаргу так званай еўрапейскай палітыкі суседства, якая была задумана ў 2003 годзе як інструмент рэалізацыі інтарэсаў ЕС у адносінах з суседнімі дзяржавамі. Падобныя трансфармацыі закранаюць і Беларусь, бо наша краіна, разам з Украінай і Малдовай, з'яўляецца адным з аб'ектаў еўрапейскай палітыкі суседства ва Усходняй Еўропе.

20-28

Памылкі і пралікі

Еўрапейская палітыка суседства першапачаткова мае на ўвазе забеспячэнне ўстойлівага развіцця прыгранічных тэрыторый з мэтай стварэння «колца стабільнасці» вакол ЕС. На жаль, калі адштурхоўвацца ад гэтай мэты, то трэба прызнаць нездавальняючымі вынікі еўрапейскай палітыкі суседства, якая праводзілася ў 2003—2014 гадах у Балта-Чарнаморскім рэгіёне. Ля ўсходніх межаў ЕС не проста адсутнічае стабільнасць, а, наадварот, адзначаецца дэзарганізацыя дзяржавы з прычыны грамадзянскай вайны ва Украіне.

Але не толькі Украіна з'яўляецца крыніцай напружанасці ля межаў Еўрапейскага саюза. Па-ранейшаму дастаткова складаным застаецца становішча на Балканах. Планы албанскіх нацыяналістаў у напрамку будаўніцтва «Вялікай Албаніі» пагражаюць тэрытарыяльнай цэласнасці Македоніі, што ў перспектыве можа выліцца ў яшчэ адзін узброены канфлікт у Еўропе. І калі ў выпадку ўкраінскага крызісу вялікія дзяржавы нясуць салідарную адказнасць, то рост праяў албанскага экстрэмізму, роўна як і з'яўленне тэрарыстычнага адстойніка ў Косаве, — шмат у чым наступства памылак менавіта еўрапейскай дыпламатыі.

На жаль, гэтыя памылкі і пралікі, асабліва ў частцы няправільнага ўяўлення пра радыкальныя арганізацыі, якія паўстаюць у ЕС у вобразе «барцоў за свабоду», і цяпер характэрныя для еўрапейскай палітыкі. Аднак у еўрапейскіх знешнепалітычных структурах і няўрадавых аналітычных цэнтрах асобныя спецыялісты схільны ў аднабаковым парадку вінаваціць выключна расійскі бок у пагаршэнні міжнароднага становішча.

Напрыклад, эксперт брусельскага Цэнтра даследаванняў еўрапейскай палітыкі Стывен Блокманс лічыць: «Расія дзейнічала вельмі агрэсіўна ў адказ на прасоўванне еўрапейскіх нормаў і курс на асацыяцыю паміж ЕС і такімі краінамі, як Украіна, Грузія, Малдова, Арменія і ў некаторай ступені Азербайджан і Беларусь. У Маскве еўрапейская палітыка суседства заўсёды ўспрымалася як барацьба за ўплыў на краіны, размешчаныя паміж Расіяй і Еўрасаюзам».

Між тым, спадар Блокманс свядома замоўчвае, што Расійская Федэрацыя ў 2013 годзе неаднаразова паказвала еўрапейскім партнёрам на пагрозы эканамічнага характару, якія ідуць ад гандлёвай асацыяцыі паміж ЕС і Украінай, і прапаноўвала абмеркаваць палажэнні дагавора ў трохбаковым фармаце. Усе прапановы расійскага боку тады былі праігнараваны Еўрапейскай камісіяй і ініцыятарам падобнай палітыкі выступаў асабіста яе старшыня Жазэ Мануэл Барозу.

Гэта значыць, залішняя рэзкасць у правядзенні знешняй палітыкі характэрна не толькі для кіраўніцтва Расіі, але і для эліт Еўрапейскага саюза. Прапанова дзяржаў Мытнага саюза, а менавіта праект «інтэграцыі інтэграцый» са стварэннем «вялікай Еўропы» ад Атлантыкі да Ціхага акіяна, так і не была пачута еўрапейскім бокам, а ўзніклы на постсавецкай прасторы Еўразійскі эканамічны саюз альбо ўвогуле не ўспрымаецца еўрапейскім істэблішментам, альбо ўспрымаецца як пагроза бяспецы ЕС.

Такім чынам, логіка супрацьстаяння і «канкурэнцыя інтэграцый» застаюцца знешнепалітычным мейнстрымам у рэгіёне. Гэтыя тэндэнцыі перакрэсліваюць любыя добрыя распачынанні еўрапейскай дыпламатыі, уключаючы пазітыўны складнік палітыкі суседства. Напрыклад, сёння на тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі і Рэспублікі Польшча адзначаецца ўзмацненне ваеннай групоўкі НАТА, адбываецца фактычная мілітарызацыя грамадства. У польскіх сродках масавай інфармацыі сур'ёзна абмяркоўваецца магчымасць размяшчэння на тэрыторыі гэтай краіны ядзернай зброі, што, магчыма, з'яўляецца скрытым вывучэннем грамадскай думкі па гэтым пытанні.

Падобныя факты выклікаюць заклапочанасць і правакуюць зваротную рэакцыю дзяржаў АДКБ, у тым ліку афіцыйнага Мінска, што яўна не спрыяе ўмацаванню бяспекі ў рэгіёне. На жаль, еўрапейская палітыка суседства ніяк не ўзгадняецца з ваенна-стратэгічнымі планамі НАТА, а значыць ужо цяпер пад новую палітыку суседства ЕС закладваецца міна запаволенага дзеяння...

Бяспека як аснова

Калі зыходзіць з канкрэтна беларуска-еўрапейскіх адносін, то бачыцца лагічным, каб кіраўніцтва ЕС нарэшце вызначылася з уласнымі мэтамі і крытэрыямі ацэнкі эфектыўнасці знешняй палітыкі на беларускім кірунку. Відавочна, што адносіны з Беларуссю можна выстройваць у інтарэсах прасоўвання ўласных каштоўнасцей, а можна з мэтамі дасягнення эканамічнай выгады альбо забеспячэння бяспекі.

Думаецца, што практыка няўхільнага навязвання поглядаў ліберальнай еўрапейскай эліты на дзяржаўнае будаўніцтва, палітычны працэс і сацыяльны ўклад абсалютна некарэктная ў дачыненні да нашай краіны. Беларуская дзяржава падзяляе частку еўрапейскіх каштоўнасцей, а ў некаторых пытаннях, напрыклад такіх, як сацыяльныя гарантыі для насельніцтва, займае больш перадавыя пазіцыі ў параўнанні з многімі дзяржавамі Еўрасаюза.

Між тым, пытанні палітычнага характару, крымінальна-прававая праблематыка, шлюбна-сямейныя адносіны з'яўляюцца сферай суверэннага рэгулявання беларускай дзяржавы, што адпавядае міжнародным абавязацельствам Рэспублікі Беларусь, узроўню прававой і палітычнай культуры нашага народа. Вышэйпералічаныя пытанні не ўспрымаюцца ў Беларусі ў якасці праблемных, лічацца ў дастатковай меры вывучанымі і ўвогуле вырашанымі, што не пакідае надзей на магчымую змену падыходаў беларускага боку па пытаннях так званых «каштоўнасцей» у найбліжэйшай перспектыве. Акрамя таго, негатыўныя высновы пра беларускую сітуацыю з боку ЕС, зробленыя на падставе «каштоўнаснага падыходу», выглядаюць абсалютна безгрунтоўнымі, паколькі падобныя ацэнкі характэрны для палітыкі пашырэння ЕС, а Рэспубліка Беларусь пакуль не ставіць перад сабой задачы па далучэнні да Еўрапейскага саюза альбо падпісання дагавора аб асацыяваным членстве.

Адначасова зразумела, што гандлёва-эканамічныя адносіны Беларусі і ЕС, нягледзячы на іх важнасць і значнасць для Беларусі, таксама не змогуць стаць драйверам двухбаковых стасункаў. Беларускі рынак не мае прынцыповага значэння для Еўрапейскага саюза, а беларускі экспарт у ЕС уяўляе з сябе розныя нафтапрадукты, атрыманыя шляхам перапрацоўкі расійскай сыравіны. Еўрапейскаму боку ў большай ступені цікавы транзітны патэнцыял нашай краіны, аднак і гэты фактар не з'яўляецца вызначальным.

Безумоўна, сітуацыя можа змяніцца ў выпадку паспяховай рэалізацыі беларуска-кітайскіх індустрыяльных праектаў, узмацнення ролі Беларусі ў праекце «Шаўковага шляху», аднак да гэтага моманту гаварыць пра асноватворную ролю гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў адносінах Беларусь—ЕС заўчасна.

Пры гэтым з улікам змянення рэгіянальнай кан'юнктуры і грамадзянскай вайны ва Украіне ключавым пытаннем беларуска-еўрапейскага супрацоўніцтва на найбліжэйшыя гады можа стаць сумесная дзейнасць па забеспячэнні бяспекі. Беларусь даўно зарэкамендавала сябе як надзейны і прадказальны партнёр у пытаннях супрацьдзеяння нелегальнай міграцыі, наркатрафіку, гандлю людзьмі, праекты трансгранічнага супрацоўніцтва з прыцягненнем Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі традыцыйна атрымлівалі высокія ацэнкі еўрапейскага боку.

Сёння беларуская дзяржава зведвае пэўныя цяжкасці з уладкаваннем і забеспячэннем надзейнай аховы беларуска-ўкраінскай дзяржаўнай мяжы. Пры захаванні існуючай дынамікі дэмаркацыйных работ, ва ўмовах калапсу праваахоўных органаў Украіны, арганізацыя эфектыўнай пагранічнай сістэмы зойме не менш як 3-5 гадоў.

На жаль, акно фінансавай падтрымкі ЕС не было выкарыстана ў 2013 годзе беларускім пагранічным ведамствам з прычыны зацягвання працэдуры падпісання дагавора аб дэмаркацыі мяжы паміж кіраўніцтвам Украіны і Беларусі. Актывізацыя еўрапейскага ўдзелу ў станаўленні беларуска-ўкраінскай мяжы будзе сапраўды маштабным праектам, які цалкам адпавядае інтарэсам ЕС у частцы забеспячэння бяспекі, прынцыпам палітыкі суседства і ўзаемнаму імкненню бакоў супрацоўнічаць «там, дзе гэта толькі магчыма».

Аляксандр ШПАКОЎСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».