Вы тут

На мяжы фантастыкі


Чаму могуць навучыць «вадзяныя мішкі»?

Бойка інтэлектуалаў альбо спаборніцтва вынаходнікаў. Менавіта такім мне ўбачыўся міжнародны студэнцкі турнір прыродазнаўчых дысцыплін і навук («СТЭНД»), які сабраў 14 каманд з універсітэтаў Беларусі, Расіі і Украіны. Яго арганізатарамі выступілі Белдзяржуніверсітэт і Нацыянальная акадэмія навук.
Вы­со­кія ба­лы — за сме­лыя ідэі.

Вы­со­кія ба­лы — за сме­лыя ідэі.

Каманды разбіваліся па парах, кожнаму «дуэту» давалі па задачы, а рашэнне трэба было абараніць перад журы. Напрыклад, на абарону была вынесена задача з інтрыгуючай назвай «Вадзяныя мішкі». Але гаворка ў ёй вялася не пра касалапых, як можна было падумаць, а пра прадстаўнікоў мікраскапічных беспазваночных — ціхаходак. Маладыя навукоўцы мусілі адказаць на пытанне: што можа пераняць у іх чалавек? Як растлумачыць механізм высокай трываласці гэтых істот у экстрэмальных умовах?

Аказваецца, ціхаходка можа пражыць да 200 гадоў, з якіх больш як 10 гадоў яна здольная абыходзіцца без ежы і вады. Да некалькіх тыдняў ціхаходка можа правесці і без паветра. А яшчэ гэта адзіная жывая істота, здольная выжыць у адкрытым космасе! Капітан каманды Белгарадскага дзяржаўнага нацыянальнага даследчага ўніверсітэта «Белы горад» Антон АЛЯБ'ЕЎ прапанаваў зрабіць «Тардзіробата» — сістэму, якая будзе капіраваць схему руху ціхаходак. Разумная машына дапаможа вывучаць асаблівасці мікраклімату малых вадаёмаў. На чарзе яшчэ адна цікавая знаходка. У арганізме ціхаходак утрымліваецца шмат цукру «трэгалоза»: калі істоты ўпадаюць у спячку, ён замяняе ім ваду і падтрымлівае жыццяздольнасць. Белгарадскія даследчыкі мяркуюць, што было б няблага выкарыстаць падобную тэхналогію для крыякансервацыі клетак чалавека (нізкатэмпературнага захавання жывых біялагічных аб'ектаў з магчымасцю аднаўлення іх функцый пасля размарозкі).

А што прапанавалі даследчыкі зборнай БДУ «Гарэм»? Капітан Уладзіслаў КІСІН заявіў, што той самы цукар «трэгалоза» можна выкарыстоўваць для захавання ДНК. Яму параілі больш дэталёва прапрацаваць ідэю.

На абароне адной з задач прысутнічаў прадстаўнік кампаніі-спонсара (прадпрыемствы прапанавалі для турніру задачы, рашэнне якіх на вытворчасці не было знойдзена). Сваімі ўражаннямі ад ідэй маладых навукоўцаў падзяліўся намеснік генеральнага дырэктара сумеснага таварыства з абмежаванай адказнасцю «Гандлёвы дом «Файбертэк» Леанід СВЯРДЛОЎ:

— Часам здараюцца выпадкі, калі спажывец прыходзіць у краму, дзе ён купляў бялізну, і просіць вярнуць ці замяніць набытае, бо пасля першага мыцця злезла фарба ці змяніўся малюнак, — распавядае суразмоўца. — Мы лічым гэта праявай спажывецкага экстрэмізму, насамрэч пакупнік банальна не прытрымліваўся правілаў па доглядзе бялізны. У некаторых людзей ёсць «устаноўка», што любую рэч трэба спачатку пракіпяціць. Але тая ж баваўняная тканіна патрабуе далікатнасці. Нас цікавіць, якім чынам можна бесканфліктна вырашыць спрэчку? Чым не заданне для маладых вучоных: няхай прапануюць аб'ектыўны спосаб высветліць, хто мае рацыю ў падобных сітуацыях. З усіх варыянтаў мне запомніліся тры методыкі. Першая заключаецца ў тым, каб нанесці на ярлык, які ўшываецца ў бялізну, метку: пры перавышэнні тэмпературы, указанай на ім, будзе «праяўляцца» парушэнне. Таксама можна ўшыць элемент, што падчас мыцця пры тэмпературы 60°С расплавіцца. Трэці шлях — выкарыстаць спецыяльны прыбор, які вызначыць, пры якой тэмпературы ўзнікла канкрэтная дэфармацыя тканіны. Вядома, усе метады неабходна дапрацаваць. Я прапаную іх нашай інжынерна-тэхналагічнай службе, а яны ўжо вырашаць, што найбольш аптымальна падыходзіць для нашага прадпрыемства.

Аўтарамі многіх задач сталі самі маладыя навукоўцы. Адна з арганізатараў турніру Паліна ШЫШКАНАВАдала ўдзельнікам такое заданне: скласці спіс музычных кампазіцый, што маглі б стаць «лекамі» для людзей, хворых на гіпертанію ці амнезію. У аснове рашэння ляжыць даследаванне ўплыву хваляў розных частот на арганізм чалавека.
Ан­тон АЛЯБ'­ЕЎ ве­дае «сак­рэ­ты» ці­ха­хо­дак.

Ан­тон АЛЯБ'­ЕЎ ве­дае «сак­рэ­ты» ці­ха­хо­дак.

— Пры падборы задач аргкамітэт стараўся выбіраць задачы з кожнай дысцыпліны: фізікі, хіміі, біялогіі, але гэта былі не акадэмічныя заданні, а праблемы прыкладнога характару, — тлумачыць Паліна. — Удзельнікі турніру павінны прапанаваць свае шляхі выхаду, абапіраючыся на міждысцыплінарныя веды. Немалаважна, што кампаніі-спонсары далі студэнтам магчымасць папрацаваць над канкрэтнымі вытворчымі праблемамі. Мне запомнілася задача ад кампаніі па выпуску экспертных прадуктаў для праверкі арыгінальнасці дакументаў «Рэгула». З кожным годам працэнт падробленых дакументаў павялічваецца, медыятэхналогіі ўдасканальваюцца, а раскрыць «ліпу» становіцца ўсё складаней. Студэнты павінны былі прыдумаць метады, каб вызначыць, якая з дзвюх ліній на звычайнай паперы была зроблена першай. Дарэчы, калі спонсар прысутнічае на абароне задачы, ён можа знайсці сабе патэнцыяльнага работніка.

Член журы Усевалад ЛАШТАБЕНКА год таму скончыў хімфак. На яго думку, шмат задач і рашэнняў знаходзяцца на мяжы практычнай прымянімасці і навуковай фантастыкі.

— Па сутнасці, студэнты прапаноўваюць «сырыя» ідэі, бо на больш дэталёвую прапрацоўку ў іх няма часу. Рашэнні трэба тэсціраваць год альбо два — толькі тады будзе бачна іх практычная прымянімасць. Асабіста мне спадабалася ідэя выкарыстання воску для ахалоджвання гаджэтаў: яны спажываюць шмат электраэнергіі і пры гэтым моцна награваюцца. На маю думку, лепш паэксперыментаваць з іншым рэчывам, якое б мела высокую тэмпературу плаўлення, але сама ідэя перадаваць цеплыню наваколлю і забіраць яе, калі гэта патрэбна, падаецца цікавай.

Аналагічныя турніры даўно ладзяцца ў Расіі і ва Украіне. Для Беларусі «СТЭНД» стаў першым падобным досведам: дагэтуль праводзіліся спаборніцтвы, спецыялізаваныя на канкрэтным прадмеце, — хіміі, фізіцы альбо біялогіі. А «СТЭНД» аб'яднаў гэтыя дысцыпліны.

Па выніках турніру першае месца заняла каманда Харкаўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя М.М. Карамзіна. Другімі сталі студэнты Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава, а «бронзу» ўзяла зборная Белгарадскага дзяржаўнага нацыянальнага даследчага ўніверсітэта. У фінале каманды-прызёры за адну гадзіну, карыстаючыся рознымі крыніцамі інфармацыі, аператыўна распрацавалі план па абароне насельніцтва ад наступстваў маштабнага выкіду радыеактыўных ізатопаў у асяроддзе.

Кацярына РАДЗЮК

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.