Вы тут

«Баявы разлік» — на вышыні!


На Мядзельшчыне прайшла маладзёжная квест-гульня, прысвечаная 70-годдзю Вялікай Перамогі. Яе арганізатарамі выступілі Мядзельскі райвыканкам і Музей народнай славы.

Падрыхтоўка да квесту пачалася задоўга да яго правядзення. Каманды НДЦ «Зубраня» («Зубраняты»), санаторыя «Прыазёрны» («Агеньчык»), райкама БРСМ («Кветкі Перамогі»), аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама («Баявы разлік»), моладзі з вёскі Княгінін («Дзеці сонца») — атрымалі заданні. Адказы на многія трэба было знайсці самастойна. Шукаў іх і аўтар гэтых радкоў — удзельнік ад санаторыя «Прыазёрны». Раённая кніга «Памяць», інтэрнэт, вытрымкі з газет і часопісаў ваенных гадоў — далёка не ўсе крыніцы, якія ліквідавалі прабелы ў ведах. Без гэтых ведаў сорамна было ісці на квест. Гульня складалася з шасці конкурсаў: абароны візітоўкі, спартыўнага, артыстычнага, гістарычнага, літаратурнага і кулінарнага. Разгадка аднаго задання станавілася ключом да атрымання другога.

[caption id="attachment_84345" align="alignnone" width="400"]Ка­ман­да са­на­то­рыя «Пры­азёр­ны» — ся­рэб­ра­ны пры­зёр гуль­ні. Ка­ман­да са­на­то­рыя «Пры­азёр­ны» — ся­рэб­ра­ны пры­зёр гуль­ні.[/caption]

...Усё пачалося ў гарадскім Доме культуры, дзвюх каманды прадставілі сябе. Дружыны падышлі творча, таму дзвюх падобных каманд не было. Удзельнікі спалучалі сучасныя відэа-тэхналогіі з жывым артыстызмам на сцэне. «Зубраняты» з рэалу перайшлі ў віртуальны свет і ва ўласна знятай кінастужцы пафантазіравалі на тэму кахання на вайне. Не абмінулі пачуцці і «прыазёрцы». А «Баявы разлік» прыгадаў настаўніцкія дынастыі, якія пачынаюцца з ваенных часоў.

Пасля прэзентацыі візітовак прызыўнікам, якія былі ў зале, уручылі павесткі ў армію. Праводзіўшы навабранцаў, каманды пайшлі ў сталоўку, каб паспрабаваць стравы ваеннай кухні. Дарэчы, смакуючы грэчневую «ваенную» кашу, па-іншаму стаў успрымаць «мірныя» катлеты — якія ж яны смачныя!..

Пасля прайшла жараб'ёўка: каманды атрымалі першае заданне. На маршруце кожнай дружыны мелася шэсць кропак. Хто хутчэй і правільней іх пройдзе — той і перамог. Дзе яны? Мы даведваліся, калі разгадвалі шараду. Напрыклад, у вершы сказана, што гэта месца, дзе людзі хварэюць на трыбунах. Правільна, стадыён. Там трэба было без памылак разабраць аўтамат Калашнікава, у процівагазах перанесці пацярпелага, які потым, не ведаючы папярэдне задання, раскладваў пагоны па званнях. Цяжка?! І мы так думалі, пакуль не прайшлі ўвесь квест. Аказалася, што гэта быў самы лёгкі конкурс. З пункта «А» у пункт «Б» мы рухаліся бегам. Даўно не бачыў такіх здзіўленых твараў мінакоў, якія былі не ў тэме, што робіцца. Нехта нават крыкнуў нам услед: «Што і дзе прадаюць танна? Куды бегчы?!»

З першым заданнем мы справіліся хутка і без памылак. На другім этапе — літаратурным — пачалі «буксаваць». З дваццаці прапанаваных пытанняў адказалі практычна на ўсе. Але цаной неймаверных напруг «каманднага мозга», інтуіцыі і часткова прыцягнення інтэрнэту, карыстацца якім не забаранялася.

Справіўшыся з другім этапам, даведаліся, куды бегчы далей. Дабірацца трэба было амаль праз увесь Мядзел, мы беглі і марылі пра веласіпед. Суцяшалі сябе тым, што ўсе ў аднолькавых умовах. На трэцім аб'екце атрымалі «зоркі» — пропуск на артыстычны конкурс. Ён быў ля летняга амфітэатра на беразе возера Мястра. Пару хвілін падрыхтоўкі і па дыялогах герояў называем кінастужкі, імёны акцёраў. Успомнілі многіх, але пра некаторых — забыліся. Тым не менш, атрымалі квіток на заключны конкурс — дэгустацыйны. І нават тут спатрэбіўся артыстызм, бо трэба было абараніць сваю страву. Бульба ў «мундзірах» з салам і цыбуляй, салдацкія аладкі, франтавы кактэйль і шмат іншай смакаты радавалі журы і ўдзельнікаў.

Падвядзення вынікаў чакалі з нецярплівасцю, бо да апошняга кожная каманда спадзявалася на «золата». Яно і памятныя падарункі дасталіся дзвюм камандам — «Зубранятам» і «Баявому разліку». «Агеньчык» спыніўся ад найвышэйшай прыступкі літаральна за крок. У нас — «серабро» і прызы ад «Белай Русі». Астатнія каманды былі адзначаны дыпломамі.

Вядома, галоўнае — не месца і прызы, а тое, што праз гульню мы сталі бліжэй да ўласнай гісторыі і падзей, звязаных з Мядзельскім раёнам. Пераадольваючы конкурсы, мы пасябравалі больш. І сталі лепш разумець — чаму мы святкуем Перамогу і чаму мы ёю ганарымся!

Аляксандр СЕНЮЦЬ.

Фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.