Вы тут

Расіяне з беларускімі каранямі...


Заўтра ў Маскве пройдзе VІ з'езд Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Расіі. Аб жыцці беларусаў Расіі, аб іх заўважнасці ў грамадскім жыцці вялікай шматнацыянальнай краіны, аб задачах, якія ставіць перад сабой згуртаванне, карэспадэнт «Звязды» пагутарыў з кіраўніком грамадскай арганізацыі Валерыем Казаковым.

21-31

— Беларуская дыяспара ў Расіі... Наколькі яна прадстаўнічая, прыкметная?

— Тэрмін «дыяспара» ў нашай сітуацыі — паняцце вельмі шырокае, а «беларуская дыяспара ў Расіі» і зусім спрэчнае словазлучэнне. На мой погляд, няма ніякіх міфічных братоў — рускіх і беларусаў, проста мы складовыя часткі адзін аднаго. Беларусы — складнік і неад'емная частка рускай нацыі, і гэтаму маналіту ўжо сотні гадоў. Як гэта адбылося, пытанне складанае і няпростае, але я ўпэўнены, калі б не было дамінуючага славянскага элемента беларусаў і ўкраінцаў, русінаў і палякаў у працэсе станаўлення рускай нацыі, невядома, як бы сёння выглядаў рускі чалавек.

Вядома, у тыя далёкія часы ўсё было інакш, назвы народаў ці плямёнаў гучалі па-іншаму. З'ява гэта, безу-
моўна, сацыяльная, а вось этнічныя карані і родавыя вытокі адносяцца да асабістага, сакральнага пачатку чалавечай натуры. З гэтага пункту гледжання наша дыяспара ў Расіі непрыкметная, але калі вы сядзеце за стол і пагаворыце з выдатнымі людзьмі, чые імёны ў Расіі на слыху, вы са здзіўленнем даведаецеся, што ў многіх з іх «беларускія карані». Прывяду толькі адзін прыклад: Артур Чылінгараў, герой, легендарны палярнік. Вы скажаце, што піцерскі армянін. Усё так, толькі вось мама Артура Мікалаевіча — з нашай старадаўняй беларускай шляхты. Беларусаў, якія асабліва не крычаць пра сваю беларускасць, вы знойдзеце ўсюды: ад высокіх крамлёўскіх кабінетаў, міністэрстваў, камандных вышынь у сілавых ведамствах — да нафтавых вышак, школьных аўдыторый, фермерскіх гаспадарак. Усюды нашы землякі, толькі вельмі яны пасіўныя, калі гаворка заходзіць аб праблемах малой радзімы.

— Валерый Мікалаевіч, а з пункту гледжання сацыяльнага «водападзелу» — дзе, у якіх частках грамадства больш беларусаў?

— Вы ведаеце, што па выніках апошняга перапісу колькасць расіян, якія назваліся беларусамі, скарацілася амаль на чатырыста тысяч. Чаму гэта адбылося? На мой погляд, прычын шмат, але адна з асноўных — шматвяковае забыццё беларушчыны ў самой Беларусі. Пра якую гістарычную памяць можна гаварыць, калі людзі ўжо ў чацвёртым, пятым пакаленні жывуць па-за традыцыйнымі нацыянальнымі, народнымі каштоўнасцямі, даўно страцілі родную мову. Ужо ўнукі, як правіла, не памятаюць, дзе нарадзіліся іх бабуля і дзед. Не ведаю, добра гэта ці дрэнна. Але большасць землякоў, з якімі я маю зносіны, асаблівага трапятання ад сваёй беларускасці не адчуваюць. Ведаю толькі аднаго кіраўніка абласнога ўзроўню ў нашай арганізацыі, які свабодна валодае беларускай мовай, — гэта Алег Рудакоў.

Цяпер аб дапамозе і актыўнасці славутых землякоў ў справах нашай аўтаноміі. У прэзідыуме сядзець любяць, калі ўзгадваюць іх мінулыя заслугі, а ў кабінеце не заўсёды сесці прапануюць; адмовіць не адмовяць, але і дапамагчы не дапамогуць. Ёсць, праўда, і рэдкія выключэнні: напрыклад, Міхаіл Абызаў, цяперашні расійскі міністр, а ў мінулым грузчык з «Аліварыі». Скажыце, а ці шмат «паспяховыя беларусы» добраахвотна дапамагаюць самой Беларусі ў цяжкія для яе часы? Дзіўна, але так выходзіць, што чым ніжэйшы сацыяльны статус, тым больш спагадлівы чалавек. Большасць кіраўнікоў нашых арганізацый вядуць важную і патрэбную працу за свае кроўна заробленыя, а часам і пенсію. Вось такія справы, а не было б гэтых энтузіястаў, колькасць расіян, што называюць сябе беларусамі, была б яшчэ меншай.

— А само жыццё дыяспары з пункту гледжання грамадскіх праектаў, грамадскіх ініцыятыў — у чым яно выяўляецца? Дзе, у якіх рэгіёнах гэта найбольш
рэльефна відаць?

— Яшчэ раз скажу, няма ў Расіі беларускай дыяспары. Дыяспара ад грэчаскага «рассейванне», гэта значыць доўгатэрміновае пражыванне часткі нацыі на чужой тэрыторыі. Яна павінна быць змацавана агульнасцю мовы, культуры, рэлігіі. Усіх гэтых прыкмет у расійскіх беларусаў няма; у армян, яўрэяў, грузінаў, немцаў, азербайджанцаў ёсць, а вось у нас няма. Дарэчы, беларуская дыяспара ёсць у Польшчы, Германіі, іншых краінах свету. У Расіі існуе некалькі дзясяткаў самастойных грамадскіх арганізацый, якія аб'ядноўваюць беларусаў і выхадцаў з Беларусі; колькасць гэтых утварэнняў невялікая. Дапусцім, у Новасібірскай вобласці пражывае, паводле статыстыкі, 5380 беларусаў, гэта 0,21 працэнта ад агульнай колькасці. У вобласці адна мясцовая і адна рэгіянальная аўтаноміі; грамадскі беларускі культурна-асветніцкі цэнтр імя Еўфрасінні Полацкай, дзяржаўны культурна-асветніцкі цэнтр. Усе яны ахопліваюць сабой не больш за пяць сотняў чалавек, а актывістаў і таго менш. Жывуць гэтыя арганізацыі сваім жыццём, а кіраўнікі яшчэ ў дадатак і недалюбліваюць адзін аднаго. Найбольш структураваная і шматлікая арганізацыя называецца «Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў Расіі». Сёлета ўжо пяць гадоў, як я яе ўзначальваю. У аўтаномію ўваходзяць адзінаццаць рэгіянальных і васямнаццаць мясцовых аб'яднанняў. Пяць знаходзяцца ў стадыі фарміравання. Вакол аўтаноміі групуюцца і ўсе іншыя беларускія аб'яднанні. Заканадаўчай базы і канстытуцыйных свабод для ажыццяўлення сваёй дзейнасці ў нас больш чым дастаткова. Прэзідэнт Расіі не менш за два разы на год сустракаецца з кіраўнікамі буйных нацыянальных арганізацый. Я, калі быў даверанай асобай Пуціна, уручыў яму членскі білет Маскоўскай аўтаноміі беларусаў, так што і Уладзіміра Уладзіміравіча можна лічыць таксама нашым чалавекам... Дзе лепш, дзе горш — гаворка пойдзе на чарговым з'ездзе ФНКА, які адбудзецца ў Маскве 22 мая; скажу толькі, што я ганаруся тым, што спрычыніўся да такой вялікай справы і працую з такімі людзьмі, як Алег Рудакоў, Сяргей Кандыбовіч, Мікалай Русакевіч, Ірына Капчынская, Іван Сабіла і многія іншыя.

— А беларуская мова, беларуская культура — ці ёсць да іх у беларусаў Расіі інтарэс?

— Пра беларускую мову мы ўжо казалі, будзе яна запатрабаваная ў метраполіі — з'явіцца попыт і ў расійскіх беларусаў. Пяць гадоў таму, на мінулым з'ездзе, было прынята рашэнне аб кардынальным павароце ад мастацкай самадзейнасці да этнакультурных беларускіх праектаў, і нам гэта ўдалося. Амаль ва ўсіх арганізацыях сёння займаюцца і мовай, і традыцыямі, і адраджэннем народных рамёстваў. Шкада, не паспелі (і ў гэтым мая віна) арганізаваць і адкрыць Беларускі інстытут у Маскве, але, будзьце ўпэўнены, адкрыем.

— Валерый Мікалаевіч, вы асабіста шмат робіце па падтрымцы культурных ініцыятыў і тут, у Мінску, у Беларусі. Раскажыце, калі ласка, што зроблена і што збіраецеся зрабіць у гэтым кірунку?

— Мне складана казаць і ацэньваць сваю працу, гэта зробяць дэлегаты з'езда. Галоўны праект, над якімі працуюць расійскія беларусы, — гэта «Вяртанне», вяртанне беларускіх культурна-гістарычных каштоўнасцяў у Беларусь. Пра гэта, дзякуй Богу, нямала сказана ў СМІ. Больш за сто сорак рарытэтаў вярнуліся дадому. Дазволю невялікае адступленне. Беларусь ужо чвэрць стагоддзя незалежная дзяржава, чаму ж маўчаць і не спяшаюцца вярнуць на Радзіму гістарычныя каштоўнасці нашы беларусы, якія жывуць у Еўропе, Англіі, Амерыцы? Бо менавіта за незалежнасць «сінявокай» яны і змагаліся з бальшавіцкім рэжымам. Няма ўжо бальшавікоў. Дык перадайце, што яшчэ засталося, — нашчадкі дзякуй скажуць. А там, паверце, ёсць што вяртаць. Аўтаномія вядзе і такія складаныя праекты, як «Беларускія вёскі Сібіры» — этнаграфічныя даследаванні побыту беларускіх перасяленцаў іх нашчадкаў. Праект вядзе Тамара Яшына, праведзены дзве навукова-практычныя канферэнцыі ў Новасібірску, Краснаярску. «Памяць аб Вялікай Перамозе як культурна-гістарычная спадчына сучаснага грамадства» — гэтым праектам займаюцца Сяргей Кандыбовіч, Аксана Салопава. Праект вылучаны на атрыманне Дзяржаўнай прэміі Расіі. «Крывічы», або сакральны свет беларускай абшчыны» — ім кіруе Алег Рудакоў з Іркуцка. «Паплечнікі» — праектам апякуюцца Міхаіл Кісліцын, Георгій Казак, Аляксандр Дарковіч (Герой Расіі), ён накіраваны на падтрымку і абарону інтарэсаў і годнасці нашай метраполіі. Упэўнены, з'езд дапоўніць гэты пералік новымі тэмамі і працягне пачатае.

Аб маіх асабістых планах? Пакуль не вырашыў, але ідэя стварэння ў Беларусі недзяржаўнага «Музея гісторыі беларусаў замежжа», а можа, і «Дома беларускага замежжа» патрабуе ажыццяўлення. Паглядзім.

Гутарыў Кірыл Ладуцька.

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».