Вы тут

Ацэнка — станоўчая!


Падведзены вынікі хакейнага сезона.

Практычна тыдзень прайшоў пасля заканчэння чэмпіянату свету па хакеі ў Чэхіі. Медалі раздадзены, эмоцыі ўжо ўлягліся, а значыць, настаў час падвесці вынікі. Для гэтага на прэс-канферэнцыі сабраліся прадстаўнікі Федэрацыі хакея Беларусі, трэнерскага штаба нацыянальнай каманды і некаторыя гульцы.

22-33

Нагадаем, зборная Беларусі на планетарным першынстве сёлета заняла 7-е месца, у 1/4 фіналу нашы хакеісты саступілі будучым чэмпіёнам свету — канадцам. Такое выступленне нацыянальнай зборнай заслужыла станоўчую ацэнку кіраўніка Федэрацыі хакея Ігара Рачкоўскага. Ён адзначыў, што цяперашні турнір стаў адным з найлепшых для зборнай, а яго вынікі далі зразумець кіраўніцтву, у якім кірунку рухацца далей.

— Мы лічым, што выступленне было даволі ўдалым. Бачыў, як хлопцы выкладваліся ў кожным матчы, пакідалі лёд мокрымі. Настаўнік «Дынама» Любамір Покавіч ужо пасля заканчэння нашага выступлення перадаваў, што славацкая і чэшская прэса згадвае беларускую каманду ў кантэксце таго, як трэба біцца, гуляць на пляцоўцы. Аднак на лаўрах не спачываем. Галоўнае — разумеем, у якім кірунку рухацца.

Лыжкай дзёгцю ў выступленні беларусаў у Празе засталіся прайграныя матчы з буйным лікам канадцам і расіянам. Як аказалася пазней, гэтыя дружыны і разыгралі фінал чэмпіянату.

— Матч з Канадай — гэта як ісці на самы складаны экзамен. Саступілі, перш за ўсё, у сустрэчы з канадцамі псіхалагічна. Проста «перагарэлі». Пасля гульні з расіянамі быў прыгнечаны не таму, што саступілі. У большай ступені — таму, што ў хлопцаў не ўдалося задуманае. Баяўся, каб яны не апусцілі пасля гэтага рукі, змаглі псіхалагічна вытрымаць паражэнне, — адзначыў кіраўнік федэрацыі.

Што тычыцца крытыкі з боку Прэзідэнта краіны адносна зыходу асобных гульняў беларускай каманды на сусветным форуме, Ігар Рачкоўскі растлумачыў, што Прэзідэнт ні слова не сказаў пра дрэннае выступленне ў цэлым на турніры.

— Не зусім карэктна каментаваць словы кіраўніка дзяржавы. Падкрэслю, што Аляксандр Рыгоравіч нічога дрэннага не сказаў пра вынік у цэлым. Многія чамусьці забыліся, што пасля паспяховых матчаў ён накіроўваў віншавальныя тэлеграмы камандзе, дзякаваў за гульню, за самааддачу.

У ходзе прэс-канферэнцыі была закранута і трэнерская тэма. Кіраўнік федэрацыі паведаміў, што Дэйв Льюіс працягне працу са зборнай Беларусі. З паўночнаамерыканскім спецыялістам плануецца заключыць пагадненне на тры гады. Цяпер ідзе адпрацоўка асобных дэталяў кантракта. Таксама ў структуры беларускага хакея застаецца і Уладзімір Бурэ, які адказваў за фізічную падрыхтоўку хакеістаў. Чакаецца, што ён падключыцца да працы з маладзёжнай і юніёрскай зборнымі.

— На працягу першынства размаўлялі з Уладзімірам. Ён расказваў, як ідзе падрыхтоўка каманд у НХЛ, пра заакіянскія кэмп. Галоўны трэнер асноўнай дружыны праводзіць некалькі трэніровак з фармам, а настаўнікі даччыных клубаў сядзяць і канспектуюць. Мы хочам, каб Дэйв гэтак жа папрацаваў з нашай маладзёжкай. Варта падключыць і Бурэ. Асноўная задача маладзёжкі — замацаванне ў топ-10. Дарэчы, у нас мала дзе ёсць трэнеры па фізічнай падрыхтоўцы. Што нявыгадна адрознівае нас ад Канады. Хочам таксама запоўніць гэтую нішу, — распавёў Ігар Рачкоўскі.

У наступным годзе чэмпіянат свету пройдзе ў Расіі, наша зборная згуляе ў Санкт-Пецярбургу ў групе з камандамі Германіі, Францыі, Канады, Фінляндыі, ЗША, Славакіі і Венгрыі.

— Лічу плюсам тое, што мы гуляем у Санкт-Пецярбургу. Там пражывае нямала нашых суайчыннікаў, і беларусам будзе лягчэй туды дабрацца. Група, вядома, цяжкая. Аднак гэта і дазваляе камандзе нацэльвацца на самыя сур'ёзныя задачы. А наогул, уявіце, што думаюць пра групу астатнія ўдзельнікі. Думаеце, яны радуюцца, што ў кампанію да іх трапілі беларусы?..

Дар'я Лабажэвіч

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.