Вы тут

Чалавек працы — гэта гучыць годна


Усе пераўтварэнні, новыя рашэнні і падыходы перш за ўсё будуць накіраваныя на забеспячэнне сацыяльнай справядлівасці, абарону і падтрымку людзей.

Учора ў сталіцы для ўдзелу ў VІІ з'ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі сабралася каля 500 дэлегатаў, прадстаўнікоў усіх рэгіёнаў і галін народнай гаспадаркі. У рабоце з'езда таксама прынялі ўдзел вышэйшыя службовыя асобы краіны, прадстаўнікі дырэктарскага корпуса, замежныя госці з 14 дзяржаў — лідары міжнародных прафсаюзных арганізацый, нацыянальных прафцэнтраў краін блізкага і далёкага замежжа, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса і міжнародных арганізацый.

Перад дэлегатамі і гасцямі прафсаюзнага форуму выступіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы закрануў у сваім выступленні не толькі важныя моманты развіцця прафсаюзнага руху і першапачатковыя задачы, якія стаяць перад арганізацыяй, але і надзённыя аспекты сацыяльна-эканамічнага жыцця, знешняй і ўнутранай палітыкі нашай краіны.

23-47

Аб пераадоленні эканамічнага спаду

«Беларускі вопыт пераадолення эканамічнага спаду, па сутнасці, быў унікальным, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — У ЗША, Заходняй Еўропе адзначаліся масавыя скарачэнні. Сотні тысяч людзей раптоўна страцілі работу, але мы выстаялі тады і цяпер справімся».

Паводле слоў Прэзідэнта, Беларусь — краіна з адкрытай эканомікай, і знешнія фактары аказваюць на яе моцны ўплыў. «Цяпер мы перажываем пэўныя цяжкасці, звязаныя перш за ўсё з крызісам, што ўзнік у нашых асноўных гандлёвых партнёраў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, «іх праблемы непазбежна закранулі айчынныя прадпрыемствы». «Тым не менш у нас ёсць вопыт работы ў такіх умовах», — сказаў Прэзідэнт.

Асноватворным момантам развіцця эканомікі цяпер з'яўляецца забеспячэнне канкурэнтаздольнасці беларускіх тавараў на знешніх рынках, гэта задача ў ліку найважнейшых, падкрэсліў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка лічыць важным у сучасных умовах павышаць прадукцыйнасць працы, забяспечваць высокую якасць тавараў і паслуг, змяншаць выдаткі, эканоміць рэсурсы, узмацняць персанальную адказнасць і матывацыю кожнага на сваім рабочым месцы.

Людзей не павінны звальняць з-за цяжкасцяў

«Наша агульная першачарговая мэта — не дапусціць, каб з-за нейкіх складаных сітуацый у эканоміцы людзей звальнялі з прадпрыемстваў. І тут вельмі значная роля прафсаюзаў», — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што сёння ва ўсім свеце актуальна праблема скарачэння работнікаў. Не ўсе наймальнікі ставяць у аснову інтарэсы тых, каму яны далі работу. Лёсы людзей часта прыносяць у ахвяру інтарэсам прыбытку і эфектыўнасці.

«Але для гэтага і існуе сістэма стрымлівання і процівагі ў асобе прафсаюзных арганізацый, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Менавіта яны, дзейнічаючы строга ў рамках закону, павінны не дапусціць неабгрунтаванага скарачэння людзей. Зразумела, што тут неабходна дзейнічаць з пазіцыі разважлівасці. Імкліва развіваюцца новыя тэхналогіі, і некаторыя рабочыя функцыі знікаюць натуральным чынам: іх проста пачынаюць выконваць машыны. Але тады вызваленым работнікам трэба знайсці новае прымяненне».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што пры скарачэнні людзей галоўная задача кіраўніка — дапамагчы чалавеку з працаўладкаваннем. Чалавек не павінен быць выкінуты на вуліцу і не павінен аказацца сам-насам са сваімі праблемамі — кіраўніцтва прадпрыемстваў, прафсаюзы, мясцовыя органы ўлады павінны сумесна вырашаць гэтыя праблемы. «Прафсаюзы, дарэчы, сумесна з цэнтрамі занятасці маглі б узяць на сябе клопат па іх перападрыхтоўцы», — лічыць Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама адзначыў, што прафсаюзы павінны знайсці сваё месца ва ўзаемадзеянні з цэнтрамі занятасці.

«Права на працу — адно з фундаментальных правоў грамадзян. У незалежнай Беларусі мы збераглі гэта права для нашых людзей. І справа не толькі ў тым, што яно запісана ў Канстытуцыі. Уся сацыяльна-эканамічная палітыка ў нашай краіне падпарадкавана дасягненню гэтай мэты, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Мы рабілі часам немагчымае для таго, каб права на працу не засталося на паперы, а было рэалізавана ў жыцці».

Прэзідэнт перакананы, што захаванне рабочых месцаў — пастаяннае ключавое патрабаванне да любога кіраўніка незалежна ад таго, прыватнік гэта ці дзяржаўны ўласнік.

«Трэба захаваць працоўныя калектывы, чаго б нам гэта ні каштавала», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што цяпер краіна зведвае цяжкасці, звязаныя перш за ўсё з крызісам, які ўзнік у асноўных гандлёвых партнёраў. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што менавіта захаванне вытворчасцей і працоўных калектываў было ключавым момантам праблемнага перыяду ў гісторыі Беларусі і беларускі вопыт пераадолення праблем у эканоміцы аказаўся вельмі важным. «Мяне многія крытыкавалі за празмерную занятасць, але крызісы прыходзяць і адыходзяць. Калі пасля крызісу пачнецца аднаўленне, калі на вашу прадукцыю пойдзе попыт, у вас не будзе каму ствараць тавар, таму, чаго б нам ні каштавала, трэба захаваць працоўныя калектывы», — дадаў Прэзідэнт.

23-51

Аб сутнасці сацыяльна-эканамічнай мадэлі

Усе пераўтварэнні, новыя рашэнні і падыходы перш за ўсё будуць накіраваныя на забеспячэнне сацыяльнай справядлівасці, абарону і падтрымку працаўнікоў, заявіў Прэзідэнт. «У гэтым галоўны сэнс і сутнасць беларускай сацыяльна-эканамічнай мадэлі, — падкрэсліў Прэзідэнт. — І ад гэтых прынцыпаў мы не адступім ніколі».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў цэнтры дзяржаўнай палітыкі заўсёды будзе чалавек працы. Дзяржава для народа — не лозунг, а кіраўніцтва да дзеяння, падкрэсліў Прэзідэнт. «Менавіта для чалавека працы створана наша палітычная сістэма, якая гарантуе мір і парадак, эканамічная мадэль, якая забяспечвае магчымасць працаваць і зарабляць. Мы стварылі магутную сацыяльную сістэму — даступную медыцыну, адукацыю, жыллё, надзейную сацыяльную абарону», — сказаў Прэзідэнт. Ён запэўніў, так будзе і надалей.

Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў, што прафсаюзам трэба сачыць за выкананнем дагаворных адносін. «Адстойваючы пазіцыю работнікаў, вы павінны быць аб'ектыўныя. Важна выканаць баланс інтарэсаў усіх бакоў — і наймальніка, і работніка», — перакананы Аляксандр Лукашэнка.

Аб ролі і задачах прафсаюзаў

«Прафсаюзы застаюцца адной з апор нашай грамадзянскай супольнасці. Нас некалі папракалі ў тым, што ў нас няма грамадзянскай супольнасці. Гэтыя нашы партыі, або, як іх у народзе называюць, партыйкі, у асноўным апазіцыйныя, пятая калона», — адзначыў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што ў Беларусі разам з прафсаюзамі грамадзянскую супольнасць складаюць Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, ветэранская арганізацыя і Беларускі саюз жанчын. «Яны што, па колькасці меншыя, чым гэтыя партыі? Ды ніхто нават не ведае, якая ў іх (апазіцыйных партый. — Заўвага БЕЛТА) колькасць, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Апазіцыйныя партыі лепш не слухаць». Вельмі яны далёкія ад народа, адзначыў Прэзідэнт. Прафсаюзы ж з'яўляюцца асноўнай апорай дзяржавы. «Я толькі што сказаў старшыні Федэрацыі прафсаюзаў, што вы — партыя нашых працоўных. Вы з'яўляецеся асноўным правадніком дзяржаўных ідэй. Вам павінна быць да ўсяго справа», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, з'езд Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі адыгрывае важную ролю ў жыцці дзяржавы. Гэта самая масавая і аўтарытэтная грамадская арганізацыя краіны. Яна аб'ядноўвае больш за 90 працэнтаў актыўнага насельніцтва Беларусі — прыкладна 4 млн 100 тыс. чалавек.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў таксама вялікую ролю прафсаюзаў і сказаў, што ў Беларусі выбудавана выразная сістэма рэгулявання працоўных адносін. У яе аснове — генеральнае пагадненне паміж урадам, аб'яднаннямі наймальнікаў і прафсаюзаў. Для абароны і забеспячэння сацыяльнай гарантыі працоўных вядзецца пастаянная работа па развіцці і ўмацаванні сацыяльнага партнёрства на ўсіх узроўнях.

Прэзідэнт нагадаў, што ў нядаўнім Пасланні беларускаму народу ён абазначыў ключавыя выклікі, з якімі сутыкнулася наша дзяржава ва ўмовах чарговага сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу і эканамічных санкцый супраць Расіі, і падзей ва Украіне.

Прафкамы — ва ўсіх працоўных калектывах

«Да сярэдзіны будучага года ва ўсіх працоўных калектывах, няважна якой формы ўласнасці, павінны быць прафсаюзныя арганізацыі. Трэба гэта ў законе прапісаць, давайце прапішам, не будзем хаваць, як страусы, галаву ў пясок. І я гэта кажу не для папулізму», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што гэта пытанне ў краіне закраналі ўжо не адзін раз. «Я сказаў кіраўніку нашых прафсаюзаў: вы непасрэдна мне напішыце, хто не хоча стварэння гэтых прафсаюзных арганізацый. Мы ведаем, як на іх уздзейнічаць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што замежныя арганізацыі, якія працуюць у Беларусі, павінны працаваць на беларускі народ. «З намі лепш па-добраму гаварыць і разумець, што прыйшоў у краіну працаваць. А то прыходзяць і тут пачынаюць арудаваць. У нас хабарамі вялікіх начальнікаў не купіш, і трэба разумець: калі кіраўнік дзяржавы гаворыць, што галоўнае — гэта народ, значыць, гэты народ павінен быць галоўным у краіне, перш за ўсё, для іншаземцаў, якія сюды прыходзяць. Паспрабуйце ў Амерыку прыйсці і не выканаць не тое што пункт закона, хоць адну коску прапусціць — ты вылеціш адтуль, пры поўнай дэмакратыі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Таму да сярэдзіны будучага года прафсаюзы не павінны больш ставіць пытанне на вялікіх нарадах у прысутнасці Прэзідэнта аб тым, што нешта не атрымліваецца па стварэнні пярвічак у прыватных арганізацыях, акцыянерных таварыствах і інш. На беларускай зямлі працуеш, працуе ў цябе наш чалавек, значыць, павінна быць арганізацыя, якая яго будзе абараняць. Гэта павінны быць нашы прафсаюзы», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ў краіне ўжо ёсць такі станоўчы вопыт. У прыватнасці, прафсаюзная арганізацыя працуе ў ААТ «Амкадор», пярвічная прафсаюзная арганізацыя створана ў ТАА «Еўраторг», дзе штат складае больш як 30 тысяч супрацоўнікаў.

«Прыватны сектар эканомікі ў Беларусі пастаянна павялічваецца. Да нас прыходзяць замежныя інвестары, ствараюцца сумесныя прадпрыемствы і філіялы буйных замежных карпарацый. На іх працуюць нашы суайчыннікі. І яны маюць поўнае права на абарону сваіх інтарэсаў», — лічыць беларускі лідар.

Паводле слоў Прэзідэнта, трэба звярнуць увагу на недзяржаўны сектар эканомікі і з іншага боку: тут нярэдка парушаюцца патрабаванні заканадаўства аб працы. «Кіраўнікі некаторых кампаній і фірм у пагоні за прыбыткам не ўдзяляюць належнай увагі ўмовам работы, вытворчаму быту, медыцынскаму абслугоўванню. Часта перашкаджаюць стварэнню пярвічных прафсаюзных арганізацый, ухіляюцца ад афармлення дагаворных адносін з работнікам, выплачваюць зарплаты ў канвертах. Вынік гэтага — пазбаўленне чалавека законнага права на сацыяльную падтрымку і фарміраванне гарантаванага пенсійнага забеспячэння», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

23-48

На здароўі людзей не эканоміць

«Бяспечныя ўмовы працы — гэта тое, што, безумоўна, павінна быць створана на любым рабочым месцы. Скажам адкрыта, часам гэтым пагарджаюць з прычыны нядбайнасці і бесклапотнасці, часам таму, што хочуць сэканоміць. Але калі размова ідзе аб жыцці і здароўі людзей, то эканомія зусім недапушчальна», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. На яго думку, дасканала сачыць за гэтым павінны прафсаюзныя камітэты, у якіх ёсць прававыя магчымасці.

Прэзідэнт звярнуў увагу на спробы кіраўніцтва некаторых прадпрыемстваў утаіць вытворчыя траўмы, каб не выплачваць пацярпелым належныя кампенсацыі. Паводле яго слоў, тэхнічнай інспекцыяй працы Федэрацыі прафсаюзаў за апошнія пяць гадоў былі выяўлены 17 утоеных ад расследавання эпізодаў. Па патрабаванні інспекцыі перааформлены з невытворчых у вытворчыя 31 няшчасны выпадак са смяротным канцом. Па кожным з іх была праведзена праверка. «Але такія факты ў далейшым недапушчальныя! І нам трэба павышаць адказнасць кіраўнікоў за такія выпадкі, тады іх будзе менш», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы закрануў таксама тэму п'янства на рабочых месцах. Ён адзначыў, што па-ранейшаму высокі працэнт няшчасных выпадкаў на вытворчасці, якія адбыліся па віне нецвярозых работнікаў. Так, у 2014 годзе загінулі амаль 150 чалавек, пры гэтым практычна кожны пяты быў у нецвярозым стане. «Гэта ненармальна! Змагацца з гэтай згубнай прывычкай трэба разам. Кіраўнікам прадпрыемстваў і прафсаюзным камітэтам неабходна праводзіць паўсюдную прафілактычную работу, у тым ліку павышаючы калектыўную адказнасць. П'яніцам і разгільдзяям не месца на прадпрыемстве!» — сказаў Прэзідэнт.

«Да гэтага часу выяўляюцца факты пакрывання вінаватага, аднак, закрываючы вочы на іх, калегі і непасрэдны начальнік рызыкуюць жыццём і здароўем людзей», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт лічыць, што прафсаюзам неабходна актыўна ўключыцца і ў працэсы кантролю якасці прадукцыі, своечасовай выплаты заработнай платы і нават пошуку новых рынкаў збыту, разгрузкі складоў. «Ні ў якім разе нельга эканоміць на людзях, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Усё, што імі зароблена, павінна быць выплачана цалкам і ў тэрмін. Усё гэта і ёсць рэальная абарона інтарэсаў працоўных калектываў».

Аб сацыяльнай накіраванасці

Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў ад прафсаюзаў абараняць у першую чаргу правы тых, хто хоча працаваць. «У аснове вашай пазіцыі павінна быць справядлівасць. Дзейнічайце справядліва, калі не хапае таго або іншага закона або нарматыўнага прававога акта», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка даручыў прафсаюзам разам з органамі ўлады ўсур'ёз заняцца работай па захаванні рабочых месц. «Так, складана, цяжка, мы тут стогнем, ім (працоўным калектывам. — Заўвага БЕЛТА) нялёгка, але яны будуць бачыць, што мы праз не магу пераступілі і зрабілі галоўнае для іх — усялілі ў іх надзею, што яны на гэтым прадпрыемстве і заўтра будуць працаваць і што яны няхай і невялікую зарплату, але будуць атрымліваць пры захаванні, а недзе і адкаце цэн на асноўныя прадукты», — сказаў Прэзідэнт. «Мы павінны захаваць працоўныя калектывы і даць чалавеку ўпэўненасць у тым, што заўтрашні дзень у яго будзе не горшы, чым учарашні», — запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца вырашэння жыллёвага пытання, то Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што прыярытэт тут будзе аддавацца шматдзетным сем'ям і ваеннаслужачым. «Што ў нас ёсць, мы выдзяляем на жыллёвае будаўніцтва і будзем гэта рабіць. Будзе больш сродкаў, яны будуць накіраваны перш за ўсё на жыллё», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў таксама, што Федэрацыя прафсаюзаў і Міністэрства адукацыі ўнеслі добрую прапанову ўключыць у школьную праграму абавязковае наведванне значных мясцін Беларусі. «Гэтым трэба займацца, гэта частка патрыятычнага выхавання», — падкрэсліў Прэзідэнт. Ён нагадаў, што такі вопыт быў у Савецкім Саюзе, аднак цяпер яго пачалі забываць. Кіраўнік дзяржавы прапанаваў арганізоўваць паездкі ў тым ліку ў шосты школьны дзень — суботу.

Беларускі лідар таксама запатрабаваў захаваць сацыяльныя аб'екты, замацаваныя за прадпрыемствамі. «Прадпрыемствы не павінны скідваць сацыяльныя аб'екты і сацыяльную сферу. Гэта мой прынцып. Нармальны кіраўнік ніколі ні санаторый, ні спартыўны аб'ект нікуды перадаваць не будзе», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Справа прафсаюзаў — быць побач з чалавекам і працягнуць яму руку дапамогі ў любой жыццёвай сітуацыі, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Вы павінны дайсці да кожнага: дапамагчы ў вырашэнні пытання выдзялення месца ў дзіцячым садзе дзіцяці, пуцёўкі ў дзіцячы аздараўленчы лагер, аказаць садзейнічанне ў санаторна-курортным лячэнні працоўных — усё гэта вашы непасрэдныя задачы».

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што неабходна развіваць далей мэтавыя сацыяльныя праекты. У прыватнасці, такія, як дабрачынная акцыя «Прафсаюзы — дзецям», дзякуючы якой на пастаяннай аснове арганізавана шэфства над дзіцячымі дамамі, школамі-інтэрнатамі і сацыяльнымі прытулкамі.

Прэзідэнт заклікаў прафсаюзы звярнуць увагу і на маладых спецыялістаў, тых, хто толькі ўчора прыйшоў у працоўныя калектывы, а таксама на ветэранаў працы. Аляксандр Лукашэнка выказаў задавальненне тым фактам, што ў Беларусі практычна ўсе працоўныя калектывы захавалі добрыя адносіны да ветэранаў працы.

23-491

Прынцыповая пазіцыя ў свеце

Беларусь заўсёды адкрыта і для Усходу, і для Захаду, заявіў Аляксандр Лукашэнка. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, адсюль і прынцыповая міжнародная пазіцыя Беларусі, якая заключаецца ў гатоўнасці развіваць адносіны па ўсім спектры перспектыўных напрамкаў. «Але толькі на прынцыпах узаемнай павагі, узаемнай выгады і роўнасці», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што Беларусь зрабіла абсалютна ўсвядомлены выбар на карысць умацавання саюза з Расіяй і стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза. Сёння краіна пашырае геаграфію супрацоўніцтва і вывела на новы ўзровень усебаковае стратэгічнае партнёрства з Кітайскай Народнай Рэспублікай, іншымі значнымі ігракамі ў свеце.

«Часам у дыялогу з Захадам даводзіцца сутыкацца з прадузятасцю і тэндэнцыйнасцю. Таму ФПБ належыць працаваць на ўмацаванне станоўчага іміджу Беларусі за мяжой. Трэба адстойваць нашы пазіцыі, даводзіць дакладную інфармацыю Міжнароднай арганізацыі працы», — лічыць беларускі лідар.

«Любыя спробы разбурыць адзінства, пасеяць разлад паміж краінамі павінны атрымліваць неадкладны жорсткі адпор. І тут вы проста не маеце права заставацца ўбаку ў пазіцыі назіральнікаў, — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы. — Войны і рэвалюцыі знішчаюць усё: і эканоміку, і бяспеку, і дабрабыт, і галоўнае — надзеі на будучыню. Мы шматразова пераканаліся ў гэтым за апошнія гады на прыкладах далёкіх і блізкіх краін».

«Самае важнае, што ў гэты няпросты час мы захавалі мір і парадак на нашай зямлі, не дазволілі нікому справакаваць канфлікт і ўзарваць абстаноўку знутры», — сказаў Прэзідэнт.

«Прафсаюзны актыў знаходзіцца ў гушчы працоўных калектываў. Вы кожны дзень побач з людзьмі. І вы павінны гаварыць людзям праўду — тлумачыць ім рэальныя прычыны цяжкасцей, не дазваляць ілжывай інфармацыі збіць іх з панталыку, весці прамы, адкрыты дыялог з працоўнымі», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аб «Усходнім партнёрстве»

Паводле слоў Прэзідэнта, наша краіна заўсёды прытрымлівалася пазіцыі, што ініцыятыва «Усходняе партнёрства» не павінна быць накіравана супраць некага.

«Украінскія падзеі павінны былі ўсіх навучыць, як трэба берагчы мір. Трэба глядзець на галоўнае, вырашаць гэту праблему, у тым ліку і ва Украіне, іншых дзяржавах. Не, сабраліся на «Усходняе партнёрства». І што? У кожным дакуменце ганьбіць Расію, не прама, дык ускосна», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Мы заўсёды былі катэгарычна супраць таго, каб «Усходняе партнёрства» было супраць некага, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Але Расія не ўдзельнічае ва «Усходнім партнёрстве», чаму завочна без Расіі мы яе павінны дубасіць, у тым ліку за Крым і гэтак далей?» Ён адзначыў, што ў падагульняючую дэкларацыю хочуць гэта ўціснуць і выступіць супраць Расіі.

«І на нас крыўдзяцца, што мы гэта не падтрымалі. Гэта мая прынцыповая пазіцыя: «Усходняе партнёрства», іншыя арганізацыі не павінны быць накіраваны супраць кагосьці. Мы павінны адстойваць свае інтарэсы. Чаму мы павінны быць супраць Расіі? Больш таго, мы ж з'явіліся месцам міру ў пытанні па Украіне. Тут сабраліся кіраўнікі сусветных дзяржаў, каб спыніць вайну», — сказаў беларускі лідар.

«Кажуць, давайце выступім разам супраць Расіі. Дык што гэта тады за нейтральная сусветная дзяржава? Гэта супярэчыць нашым унутраным перакананням і цяперашняму стану спраў. Але няўжо гэтага не бачаць вядучыя заходнія дзяржавы, у тым ліку Германія, Францыя?» — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

На думку Прэзідэнта, ні ў якім разе нельга сёння, калі вельмі няўстойлівы свет, спрабаваць кагосьці абвінаваціць. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што спачатку трэба вырашыць праблему, а потым разбірацца, хто мае рацыю, а хто вінаваты. «Не. Спрабуюць уцягнуць Беларусь. Мы не можам падтрымаць такую пазіцыю, таму што галоўнае — не абвінаваціць сёння кагосьці, ужо хапае абвінавачанняў, трэба мір падарыць гэтай краіне і людзям», — падкрэсліў беларускі лідар.

«Мы не хочам увязвацца ні ў якія авантуры. Мы хочам, каб, у тым ліку, і з нашай зямлі ішоў мір. У гэтым сутнасць нашай палітыкі», — заявіў Прэзідэнт.

Аб магчымасцях экспарту

Прэзідэнт закрануў тэму дыверсіфікацыі беларускага экспарту, у сувязі з чым звярнуў увагу на пашырэнне супрацоўніцтва з Кітаем. Аляксандр Лукашэнка лічыць вельмі важным праведзены трохдзённы дзяржаўны візіт у Мінск Старшыні КНР Сі Цзіньпіна, які пацвердзіў зацікаўленасць кітайскага боку ў развіцці ўзаемадзеяння з Беларуссю. Аляксандр Лукашэнка разам з кітайскім лідарам наведалі Кітайска-беларускі індустрыяльны парк.

«Пад Мінскам ствараецца сучасны прамысловы кластар. Там будуць вытворчасці самых перадавых сусветных кампаній, і не толькі кітайскіх. Там будзе вырабляцца новае пакаленне тавараў і прадукцыі, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Ніхто не будзе выпускаць прадукцыю ўчарашняга дня — гэта была мая жорсткая ўмова».

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што Сі Цзіньпін, азнаёміўшыся, як рэалізуецца праект будаўніцтва парка, даў даручэнне прадстаўнікам усіх прысутных кітайскіх кампаній неадкладна далучыцца да гэтага праекта.

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што некаторыя суседнія дзяржавы з зайздрасцю глядзяць на гэты новы аб'ект, які мае вялікія перспектывы.

«Такім чынам, развеяны сумненні. Мы не памыліліся і зрабілі правільна, пачынаючы гэты праект», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў: «Кітай звярнуў увагу на Беларусь і паабяцаў купіць беларускую прадукцыю, якая канкурэнтаздольная на кітайскім рынку, — гэты факт сведчыць аб прадаўжэнні работы па дыверсіфікацыі экспарту».

Прэзідэнт падкрэсліў, што без пошуку новых рынкаў збыту нам не абысціся. «Так, Расія — гэта брацкая, родная нам краіна, у рэшце рэшт, там жывуць нашы людзі. Але нельга залежаць толькі ад аднаго рынку, — упэўнены Аляксандр
Лукашэнка. — Трэба прысутнічаць на многіх рынках, і тады мы будзем у большай эканамічнай бяспецы».

Паводле БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».