Вы тут

Ніла — людзям міла


Пяць гадоў таму збылася мара Нілы Русак з Дзяржынска: яна адкрыла павільён «Школьнік», дзе прадае канцылярскія тавары, нататнікі, ручкі, алоўкі, кнігі... Усяго не пералічыш — выбар вельмі шырокі. Бадай, няма ў горадзе чалавека, які б не ведаў краму, якую неафіцыйна называюць «У Нілы». І справа не толькі ў асартыменце, але і ў цэнах.

23-37

— Я імкнуся, каб цэны былі даступныя, — шчыра прызнаецца жанчына. — Не ўсе бацькі могуць дазволіць сабе набываць дарагія рэчы для дзяцей. У кожнай сям'і свой дастатак.

Перапыняюць нашу размову першыя наведвальнікі: маладая мама з двухгадовай дачушкай.

— Мы жывём непадалёку, таму часта сюды заходзім. На гэты раз Дзіяна папрасіла купіць ёй фарбы — вельмі любіць маляваць.

— Я табе яшчэ і шарык падару, — усміхаецца Ніла Міхайлаўна. — Які табе — сіні, жоўты, блакітны?

Дзяўчынка ад задавальнення аж паружавела...

— А нам патрэбна наклейка на планшэт, — звяртаецца да прадаўца яшчэ адна жанчына. — На рынку не знайшлося такой, як хоча ўнучка.

Ніла Міхайлаўна прапануе некалькі рознакаляровых «карцінак». Дзяўчынка выбірае бэжавую.

— Ці ёсць у вас віншавальная адкрытка з надпісам «75 гадоў»? — цікавіцца наступная пакупніца. — У маёй сяброўкі юбілей.

— Ні ў якім разе не трэба нагадваць жанчыне пра яе ўзрост. Я рэкамендую вам яркую, вясёлую паштоўку, напрыклад гэтую, з ружамі, — кажа Ніла Русак.

— Разлічваю на ваш густ, — дзякуе пакупніца.

Пасля яе ў павільён «заляцела» купка хлопчыкаў. Хтосьці з іх купіў ручку, нехта — сшытак. Але ніхто не пайшоў без падарунка, кшталту каляровага шарыка ці закладкі для падручніка.

Непадалёку ад гандлёвага пункта месціцца інтэрнат, дзе пражываюць і маладыя сем'і з дзеткамі. Школьнікі любяць прыбягаць да цёці Нілы перад святамі, ведаюць: з пустымі рукамі іх не адпусціць. Камусьці дастанецца гумка, іншаму — кішэнны каляндарык. Драбяза, а прыемна. Здараецца і так, што чалавек планаваў купіць адну рэч, а спадабалася іншая, больш дарагая, ды не хапае тысячы, 500 рублёў. Ніла Міхайлаўна заўсёды ідзе насустрач, маўляў, наступным разам прынесяце.

— Мяне ніколі не падманвалі, грошы вярталі. Бывала і так, што і крыху рэшты больш давала. І вельмі прыемна, што людзі прыносілі лішак назад, — гаворыць Ніла Русак.

Няўзброеным вокам відаць, што малыя адчуваюць сябе ў краме, як дома. Могуць узяць з вітрыны рэч, пагуляць з ёй, пакуль маці ці бацька выбіраюць неабходны тавар. Ніхто на іх не прыкрыкне, не забярэ назад. «У будучыні гэта мае патэнцыйныя пакупнікі, нельга на іх сварыцца», — жартуе гаспадыня.

— А чаму вы гандлюеце менавіта школьнымі прыладамі? — звяртаюся да яе. — Гэта, відаць, не вельмі прыбытковая справа?

— Так, гэта не вельмі выгадна, — пагаджаецца мая суразмоўца. — Але я чалавек савецкага выхавання, можна сказаць ідэалагічнай загартоўкі. Усё жыццё займалася грамадскай работай: у школе, Мінскім тэхналагічным тэхнікуме, падчас працы на Дзяржынскай швейнай фабрыцы. Выпускала насценную газету «Камсамольскі пражэктар», была намеснікам, сакратаром камсамольскай арганізацыі, мяне выбіралі членам камітэта камсамола, дэлегатам камсамольскага з'езда. Мой муж таксама займаў актыўную грамадзянскую пазіцыю. Яго паслалі на працу ў Манголію. Акрамя выканання сваіх непасрэдных абавязкаў, ён узначальваў аматарскую футбольную каманду савецкіх спецыялістаў. У замежнай камандзіроўцы прабылі 7 гадоў і ўвесь час адчувалі, што мы савецкія людзі, і ганарыліся гэтым. Згадваю, як са знаёмымі мы паехалі ва Улан-Батар. Ідзём па вуліцы, а насустрач замежныя турысты. Дык яны нам саступілі дарогу: маўляў, «sоvіеt wоmеn» (савецкія жанчыны).

Давялося Ніле Міхайлаўне пабываць і ў Германіі, але не з прыемнай нагоды. Захварэла дачка, спатрэбілася лячэнне. У невялікім прыватным магазіне, куды заходзіла жанчына па прадукты, аднойчы гаспадыня працягнула ёй цукерку. Другі раз Ніле Міхайлаўне прапанавалі паспытаць кавалачак піцы. Беларусцы стала не па сабе. Як гэта расцэньваць? У знак павагі ці шкадавання: вы ж там усе галодныя (а гэта было на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, калі нашы крамы пуставалі)? Вядома, мая гераіня адмовілася ад «пачастункаў»: мы людзі гордыя, не маем патрэбы ў падачках.

Разам з тым Ніла Русак бачыла, што нямецкія дзеці жывуць нашмат лепш за нашых. У іх ёсць нават камп'ютары, пра якія нашы школьнікі на той час нават і не чулі.

— Аднойчы мы гулялі з сынам пастара ў шашкі. А ён і пытае: «Фрау, чаму ў вас не размаўляюць па-нямецку, па-англійску. Я вывучаю замежныя мовы, таму што хачу бачыць свет», — згадвае Ніла Русак. — Калі прыехала дамоў, задумалася: сапраўды, добра, што нашых дзяцей вучаць роднай мове (якраз ішла беларусізацыя школ). Але адначасова мы павінны надаваць больш увагі замежным. Мяне ж абвінавачвалі ў адсутнасці патрыятызму. Крыўдна было чуць гэта. Патрыятызм — у нас сямейнае... А яшчэ хацелася, каб дзеці раслі годнымі грамадзянамі сваёй Радзімы, адчувалі, што яны не горшыя за іншых, каб мелі ўсё неабходнае для развіцця: прыгожыя альбомы, фарбы, якасныя кнігі, у тым ліку і дапаможнікі для вывучэння замежных моў.

Пачынала Ніла Міхайлаўна, як і ўсе тады, чаўнаком. Але калі ў той час большасць з іх гандлявалі цыгарэтамі, замежнымі гумкамі, пепсі-колай, то яна вазіла школьныя, канцылярскія прылады. Затым аформілася індывідуальнай прадпрымальніцай, адкрыла свой павільён, які знаходзіцца каля швейнай фабрыкі «Эліз», дзе яна калісьці працавала і дзе цяпер працуюць дзеці былых яе калег. Яны ведаюць, што ў Нілы Міхайлаўны няма дэтэктываў ці так званай бульварнай літаратуры. Толькі найлепшыя кнігі, беларускія казкі для самых маленькіх, энцыклапедыі пазнавальнага, навуковага, гістарычнага плана, напісаныя даступнай мовай, з прыгожымі яркімі ілюстрацыямі.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.