Вы тут

Радзіма яднае


Чым жывуць беларусы ў Расіі.

За мяжой пражываюць каля трох мільёнаў выхадцаў з нашай краіны, прычым 520 тысяч — у Расійскай Федэрацыі. На сёння гэта найбуйнейшая беларуская дыяспара ў свеце. Для таго, каб мець адзіны прадстаўнічы орган нашых суайчыннікаў у суседняй краіне, у 1999 годзе была створана Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія (ФНКА) «Беларусы Расіі». Карэспандэнт «Звязды» даведалася, наколькі аб'яднана беларуская дыяспара.

27-25

Сустрэча добрых сяброў

На шосты з'езд беларусаў Расіі ў Маскоўскі дом нацыянальнасцей прыехалі 54 дэлегаты, а таксама 25 ганаровых гасцей. Многія з удзельнікаў пакінулі Беларусь шмат дзесяцігоддзяў таму. Расія ўжо даўно стала іх другой радзімай, але ў сэрцах іх жыве шчымлівая туга па родным краі, а ў свядомасці замацавалася непахіснае перакананне, што яны — беларусы. І гэта падштурхоўвае іх успамінаць родную беларускую мову, шанаваць нацыянальную культуру і адраджаць традыцыі продкаў у тых рэгіёнах, у якіх яны апынуліся па волі лёсу.

Дэлегаты віталіся, фатаграфаваліся, абменьваліся візітоўкамі, кнігамі і брашурамі, якія выдаюцца іх дыяспарамі. Актавая зала Дома нацыянальнасцей нагадвала месца сустрэчы добрых сяброў.

Афіцыйны пачатак мерапрыемству даў абраны падчас мінулага з'езда (у красавіку 2010 года) старшыня Савета ФНКА Валерый Казакоў. Пасля гэтага прывітальнае слова ад імя міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея зачытаў саветнік-пасланнік Пасольства Беларусі ў Расіі Павел Лёгкі. «Рэспубліка Беларусь ганарыцца сваімі суайчыннікамі, якія не толькі не згубілі сваіх нацыянальных каранёў і захавалі сувязь з Айчынай, але і дасягнулі поспехаў у творчай, грамадскай і іншай дзейнасці Расійскай Федэрацыі», — было сказана ў пасланні. У звароце міністра таксама было падкрэслена, што наша краіна на самым высокім узроўні з вялікай увагай ставіцца да ўмацавання сувязяў з беларусамі за мяжой, пра што сведчыць прыняцце летась Закона «Аб беларусах замежжа».

Прывітанне Дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Рыгора Рапоты было агучана яго намеснікам Іванам Бамбізам, які адзначыў, што, аб'яднаўшыся ў Саюзную дзяржаву, Беларусь і Расія дасягнулі значных вынікаў у шматпланавым супрацоўніцтве.

Ад самадзейнасці да сур'ёзных спраў

Старшыня Праўлення «Беларускага таварыства па сувязі з суайчыннікамі «Радзіма» (г. Мінск) Максім Дубянок, гаворачы, што арганізацыя мае паўвекавы вопыт супрацоўніцтва з беларускай дыяспарай, адзначыў: «Дзякуючы вашым намаганням, дарагія землякі, Рэспубліка Беларусь успрымаецца ў Расіі і свеце як краіна, багатая на гісторыка-культурную спадчыну, гасцінных, таленавітых і працавітых людзей».

«Наша дыяспара не толькі захавала, але і памножыла самаідэнтычнасць. Цяпер у Расіі функцыянуюць пяць музеяў беларускай накіраванасці, дзейнічаюць ужо больш за 20 нефармальных аб'яднанняў. Ад разавых выступленняў калектываў мастацкай самадзейнасці перайшлі да маштабных беларускіх этнакультурных мерапрыемстваў», — паведаміў Валерый Казакоў, распавядаючы пра вынікі дзейнасці аўтаноміі за апошнія пяць гадоў.

Таксама Валерый Казакоў высока ацаніў працу іркуцкіх беларусаў на чале з нястомным кіраўніком Алегам Рудаковым, якія стварылі ў гэтым горадзе цэлую беларускую этнакультурную сістэму. Дзякуючы кіраўніку рэгіянальнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Маскоўскай вобласці Аляксандру Скрыпелю, на базе Маскоўскага абласнога гуманітарнага каледжа створаны інтэрнацыянальны патрыятычны клуб дружбы народаў Беларусі і Расіі з класам беларускай мовы. Аднак на гэтым спадар Скрыпель не спыніўся і арганізаваў суполку свайго клуба на абарончым заводзе «Металіст-Серпухаў».

«Не здзіўлюся, дарагія сябры, што неўзабаве рабочыя гэтага завода ў папрок многім, хто сядзіць у гэтай зале, пяройдуць на беларускую мову ў паўсядзённых стасунках», — ці то сур'ёзна, ці то жартам адзначыў Валерый Казакоў.

Распрацавана і дзейнічае праграма «Беларускія вёскі Расіі», якую вядзе Тамара Яшына, фактычна за свой кошт арганізоўваючы тэматычныя навуковыя канферэнцыі. Унікальны праект разам са сваім калектывам вядзе Ірына Капчынская, якая пры дапамозе мінскіх спецыялістаў збірае старадаўнія беларускія песні і захоўвае іх аўтэнтычнае выкананне, а таксама аднаўляе традыцыйныя строі розных рэгіёнаў Беларусі.

Міжнацыянальная згода

Выбары новага старшыні Савета аўтаноміі на з'ездзе для многіх не сталі інтрыгай. Амаль аднагалосна расійскія беларусы сышліся на асобе кіраўніка нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Масквы» Сяргея Кандыбовіча. Першым яго намеснікам стаў Валерый Казакоў. Таксама дэлегаты абралі 36 членаў новага Савета, з якіх 11 — кіраўнікі рэгіянальных нацыянальна-культурных аўтаномій.

«Я не сыходжу з арганізацыі, але перадаю кіраўніцтва ёй вельмі надзейнаму, разумнаму чалавеку, які хварэе за справу Беларусі, — сказаў Валерый Казакоў журналістам пасля абрання новага старшыні. — Пакідаю яму — сёння ўсе на з'ездзе гэта адзначылі — арганізацыю, якая добра працуе і ў якую ўжо цяпер уваходзіць больш за 30 нашых аўтаномій. Упэўнены, што Сяргей Львовіч зробіць усё неабходнае для таго, каб наш карабель плыў далей».

«Надалей аўтаномія з яшчэ большым імпэтам будзе захоўваць беларускую культуру на расійскай зямлі. Таксама мы засяродзім свае сілы на пытаннях міжнацыянальнай згоды ў Расійскай Федэрацыі, у нас ёсць вялікі вопыт у гэтым плане», — сказаў Сяргей Кандыбовіч.

Дарэчы, новы кіраўнік аўтаноміі не толькі актыўны грамадскі дзеяч, а яшчэ і заслужаны дзеяч навукі Расійскай Федэрацыі, тройчы лаўрэат дзяржаўных прэмій Расійскай Федэрацыі, доктар псіхалагічных навук, прафесар. Сяргей Кандыбовіч знаходзіць час на рэалізацыю мноства праектаў, адзін з якіх цяпер рыхтуецца сумесна з Выдавецкім домам «Звязда».

«Гэты цікавы, на мой погляд, праект звязаны з перавыданнем аднаго ўнікальнага альбома. У Маскве ў вельмі пачэсным узросце — пайшоў 93-ці год — жыве Марыяна Фёдараўна Мадурава-Патапава. Яна ў свой час была асабістым сакратаром у Панцеляймона Панамарэнкі. Яе муж, генерал-палкоўнік Патапаў, быў намеснікам маршала Жукава. А яшчэ ў Марыяны Фёдараўны знакаміты бацька — мастак Фёдар Мадураў. Ён стварыў унікальную галерэю партрэтаў беларускіх, украінскіх і бранскіх партызан, і ў 1953 годзе быў выдадзены альбом накладам 10 тысяч экзэмпляраў з рэпрадукцыямі гэтых партрэтаў. Аднак 9999 экзэмпляраў былі пушчаны пад нож, таму што адна з карцін, якая адкрывала альбом, называлася «Партызаны на прыёме ў таварыша Сталіна». У друкарні застаўся адзіны кантрольны экзэмпляр, які перадалі Марыяне Фёдараўне. І мы дамовіліся перавыдаць гэты альбом», — падзяліўся планамі Сяргей Львовіч.

Пасля шматгадзіннай працы ў Маскоўскім доме нацыянальнасцей дэлегаты і госці з'езда накіраваліся ў Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі, дзе сустрэліся з кіраўніком установы Ігарам Петрышэнкам. «Як носьбіты дзвюх культур, вы робіце вялікі ўнёсак ва ўмацаванне беларуска-расійскіх адносін», — звярнуўся пасол да прысутных.

Ён таксама адзначыў, што ўвага беларускай дзяржавы да дыяспары ўзмацняецца. Так, у сакавіку пры Міністэрстве замежных спраў Беларусі створаны Кансультатыўны савет па справах беларусаў замежжа. У яго склад у тым ліку ўвайшлі шэсць кіраўнікоў грамадскіх арганізацый беларусаў, якія дзейнічаюць у Расіі.

Ігар Петрышэнка ўручыў узнагароды найбольш актыўным грамадскім дзеячам і арганізацыям беларусаў Расіі. Пасля гэтага ўдзельнікі з'езда маглі пазнаёміцца з новым дзелавым і культурным комплексам пасольства, афіцыйнае адкрыццё якога плануецца ў чэрвені. Гэта будзе пляцоўка-прэзентацыя інвестыцыйнага і экспартнага патэнцыялу дзвюх краін, платформа для дзелавых сустрэч і перамоў, а таксама цэнтр навукі і культуры. Напярэдадні з'езда для дэлегатаў, якія прыбылі з рэгіёнаў загадзя, адбылася маскоўская прэм'ера тэатральнай пастаноўкі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа з Віцебска.

Дзіяна СЕРАДЗЮК

г. Масква

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.