Вы тут

У сталіцы ўжо можна знайсці аднапакаёўкі за 39 тысяч долараў


Працяглае патанненне жыллёвай нерухомасці істотна змяніла прыярытэты ўсіх удзельнікаў другаснага рынку сталічных кватэр. Калі гаспадары жылля актыўна спрабуюць прадаць свае памяшканні яшчэ па нармальным кошце, то патэнцыйныя пакупнікі набываць нешта сёння не спяшаюцца, бо спадзяюцца дачакацца цэнавога дна. Аднак, як дакладна адгадаць той момант, калі далей таннець ужо не будзе? Менавіта з гэтым актуальным пытаннем на «прамую лінію» газеты звярталася большасць чытачоў. Наш сённяшні эксперт гэтай сферы — дырэктар агенцтва нерухомасці «Цэнтрастыль», намінант прэміі ў сферы нерухомасці Rеаlt Gоldеn Kеу 2014 у намінацыі «Персона года — рыэлтар» Вячаслаў Заўгародні не абяцае нам, што рынак хутка стабілізуецца. На «прамой лініі» задавалі шмат іншых цікавых пытанняў, на якія былі атрыманы прафесійныя адказы. Чытаем...

3-31

Ліквідную кватэру трэба пашукаць

Тамара Лойка, г. Мінск:

— Бывае, што ў сталіцы прадаюць кватэры «тэрмінова». Звычайна, цана на іх меншая за рыначную. Каму такія кватэры прапануюць у першую чаргу? Можа быць, магчыма пакінуць у агенцтве нерухомасці спецыяльную заяўку? І колькі гэта будзе каштаваць?

— Агенцтвы пасля заключэння дагавора з прадаўцом выстаўляюць рэкламу кватэры ва ўсіх сродках масавай інфармацыі. Таму можна проста сачыць за абнаўленнем інфармацыі ў СМІ. Можна заключыць дагавор з агенцтвам нерухомасці на падбор варыянту кватэры. Тады агенцтва зоймецца пошукам менавіта для вас. Таксама вы можаце патэлефанаваць у агенцтвы і пакінуць сваю заяўку дыспетчару. Напрыклад, на куплю кватэры коштам да 45 тысяч. Гэта будзе бясплатна. Пры з'яўленні такой кватэры вам могуць патэлефанаваць, але неабавязкова, бо дагавор на падбор варыянта не заключаны. На танныя кватэры пакупнікі і так хутка знаходзяцца. Хто першы заключыць дагавор, той і забярэ.

Кар. «Звязды»:

— А колькі сёння каштуюць самыя танныя кватэры ў Мінску?

— Ну вось, напрыклад, аднапакаёвая кватэра плошчай 38 кв. метраў на вул. Кнорына каштуе 39 тысяч долараў. Вул. Шашэйная і Грыбаедава — па 41,5 тысячы. Уральская — 42 тысячы. Зразумела, што гэта першыя ці апошнія паверхі, панэльныя дамы. Аднак усё роўна відаць, што цэны значна знізіліся. Глядзіце: да 45 тысяч ёсць каля 20 кватэр. Некалькі месяцаў таму мінімальная цана складала 50 тысяч.

— Сёння свабодных вялікіх грошай у людзей паменшала. Ці практыкуюць агенцтвы абмены?

— Нейкай спецыяльнай сістэмы няма. Часам такія варыянты сустракаюцца. Аднак гэта вельмі складана. Кватэры павінны падабацца абодвум гаспадарам — гэта цяжка. Але абмен праз продаж — добры спосаб вырашэння жыллёвага пытання. У нашай краіне звычайна продаж кватэр — гэта «ланцужок». Ад 2 да 7-8 кватэр. Самы галоўны тут той, хто мае жывыя грошы. Ён стаіць на чале гэтага «ланцужка». У маёй практыцы самы доўгі складаўся з 12 кватэр, і з іх толькі адзін гаспадар даваў жывыя грошы, астатнія прадавалі і куплялі новае. Ледзь усе людзі ў офісе змясціліся. Мы чатыры гадзіны толькі афармлялі ўсе дакументы. Потым натоўпам пайшлі да натарыуса.

— Што можа быць з цэнамі напрыканцы года?

— Сабекошт квадратнага метра ў каркасна-блочным доме складае каля 800 долараў. Ніжэй за сабекошт цана не пойдзе, бо забудоўшчык таксама хоча нешта зарабіць. Тым болей што будаўніцтва ў Мінску згортваецца для звычайных чаргавікоў. Толькі льготнікі могуць разлічваць на нейкі рух. Ёсць яшчэ адна цікавая тэндэнцыя: многія прадаўцы глядзяць кошт кватэр у газеце, а трэба глядзець цану здзелкі. Напрыклад, сярэдняя цана прапановы ў красавіку складала 1653 долары за кв. метр, а сярэдні кошт здзелкі — 1359 долараў за кв. метр. Розніца ў 300 долараў. І атрымліваецца, што прадаўцы могуць скідваць да 10 тысяч долараў з прадажнага кошту аб'екта. Гэта адбываецца з-за таго, што многія ставяць яшчэ леташнія цэны і не змяняюць іх. Мы маем шмат кватэр, дагаворы па якіх былі заключаны яшчэ ў лістападзе 2014 года.

— Наколькі ахвотна людзі згаджаюцца на зніжэнне цаны?

— Ёсць тыя, хто разумее сітуацыю і ідзе на зніжэнне, бо ведаюць, што праз некаторы час цана можа знізіцца яшчэ больш. І менавіта яны вырашаюць сваё кватэрнае пытанне сёння. Але большасць стаіць на сваім. Сярод агульнай колькасці прадаўцоў першых каля 40%. Астатнія чакаюць — незразумела чаго. Хутчэй за ўсё, да канца года яшчэ будзе нязначнае зніжэнне. Нават у пачатку наступнага года яно можа не спыніцца. Ніякіх перадумоў для павышэння я не бачу. Пакуль крызіс не скончыцца, рынак нерухомасці расці не будзе.

— Людзі, у якіх ёсць свабодныя грошы, сёння ўкладваюцца ў нерухомасць?

— Не, яны чакаюць яшчэ большага зніжэння.

— Ці купляюць нашу нерухомасць замежнікі?

— У мінулым і пазамінулым годзе вельмі актыўна скуплялі нерухомасць расіяне. Сёлета гэтая тэндэнцыя рэзка знікла.

— А што куплялі?

— Рознае — і самае таннае, і дарагое. Многія проста ўкладвалі грошы. Некаторыя заставаліся жыць тут.

— А ці ёсць сёння здзелкі па элітным жыллі?

— Ёсць, хаця і не так шмат, як раней.

— А хто купляе дарагія кватэры?

— Напрыклад, летась мы прадалі кватэру за 275 тысяч долараў. Купіў малады чалавек, гадоў 35. Па знешнім выглядзе не скажаш, што ён вельмі багаты. Чыстыя грошы, без крэдытаў.

«Кавалачак» дачы прадаць праблематычна

Аляксей Саўчанка, г. Мінск:

— Нядаўна памёрлі бацькі. Ад іх засталася дача. Ёсць брат, жыць з якім на гэтай дачы разам не атрымліваецца, бо нашы жонкі не ладзяць. Таму брат туды ездзіць з сям'ёй, а мы хочам прадаць сваю частку. Як прымусіць брата да продажу ўсёй дачы (бо выкупляць маю частку ён не хоча)?

— У продажы вашай часткі няма ніякіх праблем, калі дача прыватная. Але прымусіць брата выкупіць вашу частку або прадаць сваю ніхто не можа. У той жа час і прадаць некаму чужому палову дома вельмі складана. У будучыні пакупніку часткі дачы можа спатрэбіцца судовае рашэнне аб вызначэнні парадку карыстання дачай. Трэба спрабаваць дамаўляцца з братам.

Кар. «Звязды»:

— А ці бывалі ў вашай практыцы такія выпадкі, калі насамрэч удавалася прадаць палову дачы?

— Наконт дач нічога не магу сказаць. А вось з кватэрамі больш прэцэдэнтаў. Бывае і такое, што нават купляюць долю ў аднапакаёвай кватэры.

[caption id="attachment_85988" align="alignnone" width="600"]3-2 Такую «цукерачку» некаторыя могуць купіць на раз-два.[/caption]

Людміла Іосіфаўна, г. Мінск:

— Добры дзень! Мы стараемся сачыць за рынкам нерухомасці. Было значнае зніжэнне цэн, і пакуль што сітуацыя не змяняецца. Нашы дамы ідуць пад знос. Нас спрабуюць пераканаць, што цэны будуць падаць яшчэ больш — на 30%. Падкажыце нам, калі ласка, як цэны на кватэры будуць паводзіць сябе ў найбліжэйшыя два-тры месяцы?

— Цэны як зніжаліся, так і будуць зніжацца далей. Хаця ўжо і не такімі тэмпамі, як на пачатку года. У любым выпадку, не на 30%. Напрыклад, за мінулы месяц цэны знізіліся прыкладна на 3%.

— А рыэлтары, якіх наняў забудоўшчык, прымушаюць нас пісаць заяву на грашовую кампенсацыю замест атрымання новых кватэр. Кадастравая ацэнка была зроблена ў ліпені мінулага года. Яна мае сілу да 25 ліпеня 2015 года. Другая ацэнка можа быць толькі тады, калі нам ужо прадаставяць новае жыллё і мы заключым дагавор. Але кватэру даваць ніхто не хоча.

— З улікам сітуацыі на рынку, вам больш выгадна патрабаваць кватэру, а не грашовую кампенсацыю. Гэта адназначна. Прымусіць вас напісаць заяву на кампенсацыю ніхто не мае права. Стойце на сваім і патрабуйце жыллё.

Кар. «Звязды»:

— А ці можа быць такое, што цэлы квартал ідзе пад знос, а нехта адзін не саступае? Вакол яго будуць будаваць новы дом?

— З практыкі відаць, што паступова з гэтым чалавекам усё ж такі дамаўляюцца. Аднак сітуацыя залежыць ад таго, ці прыватызаваны дом. Калі дом прыватызаваны, то рашэнне аб высяленні прымаецца толькі праз суд. А калі гэта дзяржаўны дом, то патрэбна рашэнне выканкама. З прыватнага дома ніхто вас так проста не выселіць. Гэтая жанчына правільна кажа: летась кошт быў адзін (каля 1800 долараў за кв.м), а сёння іншы (1300-1400). Але ёсць яшчэ адна значная абставіна — усёй зямлёю ў Мінску валодае Мінгарвыканкам. Таму, калі гораду спатрэбіцца зямля, на якой стаіць ваш дом, вы вымушаны будзеце згадзіцца на пераезд у іншае жыллё ці на грашовую кампенсацыю.

Інтэрнаты не прыватызуюць

Алена Коршун, г. Брэст:

— Я 13 гадоў пражыла ў сямейным інтэрнаце. У нас ёсць дзіця. Зрабілі добры рамонт. Аднак інтэрнат ведамасны. Ці магу я свой пакой прыватызаваць і прадаць ці хаця б атрымаць грошы за рамонт? Мы зараз будуем кватэру па чарзе.

— Пакоі ў інтэрнатах, згодна з артыкулам 119 Жыллёвага кодэкса, не падлягаюць прыватызацыі, абмену, падзелу і здачы па дагаворы паднайму. Службовае жыллё можна прыватызаваць, а вось інтэрнаты нельга. І за рамонт таксама грошы наўрад ці вернуць.

— Можа быць, з часам гэтыя ведамасныя інтэрнаты перавядуць у камунальную ўласнасць і тады іх можна будзе прыватызаваць?

— Я пакуль што пра такое не чуў нічога. Гэта кампетэнцыя Савета Міністраў і адпаведных органаў.

Андрэй Маёраў, г. Мінск:

— Ці магчыма трохпакаёвую кватэру ў сталіцы (вул. Русіянава, панэльны дом) сёння прадаць і купіць узамен дзве аднапакаёвыя? Калі магчыма, то якія гэта будуць кватэры?

— У Першамайскім раёне дзве аднапакаёўкі не атрымаецца купіць. Будзе патрэбна даплата каля 5-10 тысяч долараў. Можа быць, у Заводскім раёне знойдзеце не надта добрыя кватэры і без даплаты.

Уладзімір Бяганскі, г. Мінск:

— Я збіраюся прадаваць сваю кватэру і хачу звярнуцца ў агенцтва нерухомасці. Зразумела, што паслуга платная. Мне цікава, ці залежыць кошт паслугі ад цаны кватэры, хто павінен плаціць — пакупнік ці прадавец, ці абмежаваны максімальныя і мінімальныя цэны на паслугі агенцтва. А таксама ці прадугледжаны льготы для шматдзетных, пенсіянераў ці інвалідаў?

— Аплата паслуг агенцтва нерухомасці рэгулюецца Пастановай Савета Міністраў № 957 ад 20 ліпеня 2009 года. Тарыфы на рыэлтарскія паслугі выражаюцца ў працэнтных адносінах у залежнасці ад кошту кватэры. Максімальная камісія — 3%. Мінімальная — 1%. Чым больш каштуе кватэра, тым меншы працэнт выплачваецца за паслугі. Гэтыя паслугі аплачвае прадавец. Пакупнік аплачвае іншыя паслугі — яны звязаны з рэгістрацыяй, афармленнем дакументаў і гэтак далей. Тут прымяняюцца фіксаваныя стаўкі на рыэлтарскія паслугі. Ільготы прадастаўляюцца шматдзетным сем'ям. Для гэтай катэгорыі грамадзян прадугледжана зніжка ў 50%.

— А колькі будзе каштаваць продаж кватэры з цаной 50 тысяч долараў?

— Спачатку трэба падлічыць, колькі гэта будзе базавых велічынь. Напрыклад, 3% бяруцца з кватэры коштам да 4200 базавых, ад 4200 да 5000 базавых — 2,5% і гэтак далей. З вашай кватэрай атрымліваецца прыкладна 3978 базавых. Значыць, вы павінны заплаціць 3% ад кошту кватэры, а гэта эквівалент 1500 доларам. І калі ваша сям'я шматдзетная, то вы атрымаеце зніжку ў памеры, эквівалентным 750 доларам.

— Яшчэ я чуў, што гэтыя плацяжы цяпер ажыццяўляюцца толькі праз банк...

— Не, гэта няпраўда. У кожным агенцтве нерухомасці ёсць касавы апарат і можна ўносіць наяўныя сродкі. Галоўны бухгалтар выдае чэк на гэтую суму.

— А вось калі я (фізічная асоба) прадаю камусьці (таксама фізічная асоба) сваю кватэру, то як ён са мною будзе разлічвацца?

— Заканадаўча не забаронена разлічвацца гатоўкай. У дагаворы будзе ўказана, што разлік ажыццёўлены паміж пакупніком і прадаўцом ці да здзелкі, ці падчас здзелкі, ці пасля здзелкі. Толькі валютай разліку павінны быць беларускія рублі.

[caption id="attachment_85987" align="alignnone" width="600"]3-1 Бывае, што дача – не толькі адпачынак, але і праблема.[/caption]

Сумніўную здзелку правераць абавязкова

Аксана Ваніш, г. Мінск:

— Я хачу купіць кватэру ў Фрунзенскім раёне. Яна мне падабаецца, але мяне насцярожвае, што там за 7 месяцаў змяніліся тры ўласнікі. Я баюся, што могуць узнікнуць праблемы. Цана занадта прывабная — усяго 1000 долараў за кв. метр. Ці ёсць нейкія гарантыі? Ці будзе адказваць агенцтва нерухомасці за незаконную здзелку?

— Кожная здзелка, якая ажыццяўляецца ў агенцтве нерухомасці, застрахавана. Пры ўзнікненні страхавога выпадку адбываецца кампенсацыя пацярпеламу боку. Ваш дагавор з агенцтвам — гэта ваша гарантыя.

— А па якіх крытэрыях увогуле выбраць добрае агенцтва?

— Варта паглядзець на тое, колькі гадоў на рынку яно працуе. Але ўся дзейнасць ліцэнзуецца. Гэта значыць, што любое агенцтва нерухомасці, якое мае ліцэнзію, акажа адпаведную юрыдычную паслугу. Наколькі гэта будзе прафесійна — іншае пытанне. Можна пашукаць водгукі на дзейнасць агенцтва ў інтэрнэце.

Ірына Пабягайла, г. Мінск:

— Прыкладна год таму ішлі размовы аб тым, што здачу кватэр на суткі забароняць альбо павысяць падаткі на такую дзейнасць. Што сёння пра гэта чуваць? Ці будуць нейкія змены?

— Змены ўжо адбыліся. Па дзейным заканадаўстве, да прадпрымальніцкай дзейнасці, у прыватнасці, не адносіцца дзейнасць па здачы ўнаём (паднаём) жылых памяшканняў, акрамя прадастаўлення месцаў для кароткатэрміновага пражывання. Таму, калі вы здаеце кватэру на суткі, то гэта прыраўноўваецца да прадпрымальніцкай дзейнасці, і вы павінны зарэгістравацца як прадпрымальнік у мясцовым выканкаме і падатковай інспекцыі.

Кар. «Звязды»:

— Наколькі я памятаю, асабліва актыўныя спрэчкі па здачы кватэр на суткі былі летась перад чэмпіянатам свету па хакеі. Тады казалі, што гэтыя кватэры складаюць занадта вялікую канкурэнцыю гасцініцам.

— Канкурэнцыя насамрэч сур'ёзная. Цана напалову меншая, таму замежнікам больш цікава зняць кватэру.

Нам не страшны мараторый

Екацярына Смірнова, г. Мінск:

— Мы пабудавалі кватэру па льготным крэдыце. Калі мы цяпер яго датэрмінова пагасім, ці магчыма будзе прадаць кватэру і па якой цане?

— Калі вы пагасілі крэдыт, то прадаць кватэру можна будзе толькі праз 5 гадоў пасля пагашэння. Да гэтага тэрміну пераважнае права мае гарвыканкам. Калі ён не выкупляе, то вы не можаце прадаць іншай асобе. А цану вы прапануеце самі. Аднак ніводнага прэцэдэнта, калі б выканкам выкупляў кватэры, яшчэ не было.

Нагадаю, што ў адпаведнасці з нормамі указаў Прэзідэнта №13 ад 6 студзеня 2012 года і №246 ад 30 мая 2013 года, продаж жылых памяшканняў, іх частак (калі ажыццёўлены падзел жылога памяшкання), а таксама доляў у праве ўласнасці на гэтыя жылыя памяшканні, пабудаваныя (рэканструяваныя) або набытыя з прыцягненнем ільготнага крэдыту, не дапускаецца да яго поўнага пагашэння. Потым, на працягу пяці гадоў з даты датэрміновага пагашэння гэтага крэдыту, продаж можа ажыццяўляцца адпаведнаму раённаму, гарадскому выканаўчаму і распарадчаму органу, мясцовай адміністрацыі ў парадку, вызначаным заканадаўствам.

Пры адмове мясцовых улад купіць гэтае жыллё продаж, дарэнне альбо абмен названага жылога памяшкання (яго частак, доляў у праве ўласнасці) на працягу пяці гадоў з дня датэрміновага пагашэння крэдыту ажыццяўляецца з дазволу гэтага выканаўчага і распарадчага органа ў выключных выпадках (пераезд у іншую мясцовасць, скасаванне шлюбу, смерць уласніка жылля і г. д.) або ў выпадку паляпшэння жыллёвых умоў уласнікам жылля шляхам будаўніцтва, рэканструкцыі або набыцця жылога памяшкання.

— А здаваць у наём можна такую кватэру, калі крэдыт пагашаны?

— Здаваць можна, але пры афармленні дакументаў у ЖЭСе трэба будзе паказаць даведку з банка аб тым, што крэдыт пагашаны.

Голая — не значыць таннейшая

Вольга Трысцень, г. Мінск:

— Я прапісана ў Баранавічах, а жыву і працую ў Мінску. Маю зберажэнні каля 20 тысяч долараў. Заробак у мяне складае 10 мільёнаў. Што лепей зараз: купляць гатовае жыллё ці будавацца? Ці магчыма атрымаць крэдыт без прапіскі
ў Мінску?

— Вялікі крэдыт з такім заробкам не дадуць. Тым больш абавязкова трэба тут зарэгістравацца, калі хочаце ў чаргу станавіцца. Па камерцыйным долевым будаўніцтве можна самой паспрабаваць.

— А што наконт растэрміноўкі, якую сёння прапануюць многія забудоўшчыкі?

— Таксама нядрэнны варыянт. Выплачваецца ад 30% да 50% ад агульнага кошту першым плацяжом, а потым штомесяц трэба аддаваць роўнымі долямі. Але гэтыя долі таксама немаленькія. Мне здаецца, што купляць гатовае жыллё больш надзейна. Новыя кватэры сёння часцей за ўсё здаюцца без адстройвання — нават без сцяжкі на падлозе бываюць. Я ўжо не кажу пра міжпакаёвыя дзверы і астатняе. Каб давесці такую «голую» кватэру да розуму, спатрэбіцца шмат дадатковых грошай і часу.

— Можа быць, тады лепей набыць пакой?

— Гэта правільнае рашэнне. Пакоі каштуюць роўна столькі, колькі ў вас ёсць грошай — 19-20 тысяч долараў.

— А ці змагу я потым гэты пакой прадаць?

— Безумоўна. Пакоі вельмі актыўна прадаюцца і купляюцца, бо больш людзей, якія маюць грошы на пакой, чым на цэлую кватэру.

Так проста не выганіш

Екацярына Таранда, г. Мінск:

— Я развялася з мужам. Двое дзяцей — 4,5 і 7 гадоў. Ёсць кватэра, пабудаваная па льготным крэдыце для маладой сям'і. Крэдыт і будаўніцтва аформлены на мяне. Ці магу я неяк выселіць мужа з кватэры? Ён ужо больш за тры месяцы з намі не жыве.

— Выселіць ніяк не атрымаецца. Паколькі вы былі ў шлюбе, калі пачалі будаваць кватэру, уся ваша маёмасць, згодна з артыкулам 259 Грамадзянскага кодэкса, належыць вам абаім. І не мае значэння, што ў вас тытульнае права ўласнасці, што на вас аформлены ўсе дакументы. І няма ніякай розніцы, што ён там не жыве. Згодна з артыкулам 85 Жыллёвага кодэкса, магчымасць высялення можа быць толькі ў выпадку вядзення вашым былым мужам асацыяльнага ладу жыцця, псавання жылога памяшкання ці выкарыстання яго не па прызначэнні.

Аляксандр Мікалаевіч, г. Маладзечна:

— Маю ва ўласнасці двухпакаёвую кватэру, якую набыў да шлюбу. Ёсць былая жонка і дачка. Яны там прапісаны. Сам я з імі не жыву. Хачу прадаць гэту кватэру і купіць аднапакаёвую сабе, а астатнія грошы аддаць дачцэ. Ці магу я гэта зрабіць?

— Згодна з артыкулам 95 Жыллёвага кодэкса, на высяленне па патрабаванні ўласніка жылога памяшкання ў іншае жылое памяшканне паўналетніх членаў, былых членаў сям'і ўласніка, іншых грамадзян, якія маюць права на валоданне і карыстанне жылым памяшканнем і пражываюць сумесна з ім, не маючы долі ў праве агульнай уласнасці на гэта жылое памяшканне, з іх непаўналетнімі дзецьмі, прызнанымі тымі, хто знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным стане ці мае патрэбу ў дзяржаўнай абароне, неабходна згода органаў апекі і папячыцельства.

Асобна нагадаю, што, згодна з артыкулам 85 Жыллёвага кодэкса Беларусі, падлягае высяленню ў судовым парадку без прадастаўлення іншага жылога памяшкання па патрабаванні ўласніка жылля або іншых зацікаўленых асоб пэўная катэгорыя жыхароў. У прыватнасці, да іх адносяцца паўналетнія члены, былыя члены сям'і ўласніка, якія на працягу года тры і больш разоў прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў карыстання жылымі памяшканнямі, утрымання жылых і дапаможных памяшканняў, што прывяло да разбурэння ці псавання жылога памяшкання, альбо пры выкарыстанні яго не па прызначэнні.

Высяленне пагражае і за такія парушэнні патрабаванняў гэтага кодэкса, якія робяць немагчымым для іншых жыхароў сумеснае пражыванне ў адной кватэры. Трэба адзначыць, што такая крайняя мера выкарыстоўваецца судом пры ўмове, калі нядбайныя жыхары былі папярэджаны ўласнікам аб магчымасці высялення без прадастаўлення іншага жылога памяшкання і на працягу года пасля такога папярэджання прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за аналагічныя правапарушэнні.

Таксама былыя члены сям'і ўласніка жылога памяшкання, іншыя грамадзяне, якія маюць права валодання і карыстання жылым памяшканнем і не маюць долі ў праве агульнай уласнасці на гэтае жылое памяшканне, падлягаюць высяленню з яго па патрабаванні ўласніка жылога памяшкання без прадастаўлення іншага жылога памяшкання, калі іншае не ўстаноўлена шлюбным дагаворам або пісьмовым пагадненнем аб парадку карыстання жылым памяшканнем.

Таксама Жыллёвы кодэкс тлумачыць, што паўналетнія члены сям'і ўласніка кватэры, якія пражываюць сумесна з ім і якія не маюць долі ў праве агульнай уласнасці на гэта жылое памяшканне, падлягаюць высяленню па патрабаванні ўласніка ў іншае жылое памяшканне, якое належыць ім альбо ўласніку на праве ўласнасці ў гэтым населеным пункце і адпавядае санітарным і тэхнічным патрабаванням для пражывання.

Нават былых паўналетніх членаў сям'і ўласніка кватэры, якая пабудавана з дзяржаўнай падтрымкай, выселіць з такой кватэры нельга, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных артыкулам 85 кодэкса.

Ніша продажу не перашкода

Іван Змітрук, г. Мінск:

— У мяне ёсць аднапакаёвая кватэра, і я збіраюся яе прадаць. Але баюся праблем з-за таго, што ў свой час зрабіў там нішу пад халадзільнік і аб'яднаў ванную з прыбіральняй. Ці насамрэч могуць быць цяжкасці пры продажы? Хто звяртае ўвагу на такія самавольныя змяненні кватэры?

— Раней было абавязковае абследаванне кватэры супрацоўнікамі БТІ кожныя пяць гадоў. Сёння гэтага ўжо няма. Нават калі вы зрабілі перапланіроўку, ніхто не зможа перашкаджаць вам у продажы раз пакупніка гэта задавальняе. Аднак гэта не значыць, што ў будучыні ў сувязі з выяўленнем парушэнняў, звязаных з перапланіроўкай, новы ўласнік не будзе прыцягнуты да адказнасці.

— А калі пакупнік не згодны?

— Шукайце іншага пакупніка.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ, Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.