Вы тут

Растлумачыць лёс па пальцах


Ці можна па адбітках вызначыць здольнасці чалавека?

«Куды пайсці вучыцца? Якая прафесія вам падыходзіць? Генетычны тэст раскрые ваш патэнцыял па адбітках пальцаў за 10 хвілін!» — на такую аб'яву мы наткнуліся ў сеціве. І, вядома, зацікавіліся: каму ж не хочацца даведацца пра свае схільнасці? Тым больш праект, паводле апісання на сайце, — навуковы: праграма распрацавана Новасібірскім дзяржаўным тэхнічным універсітэтам, прайшла лабараторныя выпрабаванні і запатэнтавана. Тэсціруюць, зразумела, не бясплатна. Цана пытання — 350 тысяч рублёў (калі прыйдзеце ўтрох, можна сэканоміць: заплаціце 700 тысяч за ўсіх). Але хто яго ведае: мо сапраўды сучасным тэхналогіям дастаткова прааналізаваць узоры на пальцах, каб вызначыць здольнасці чалавека? Мы вырашылі не губляцца ў здагадках, а пайшлі і праверылі на сабе, як працуе тая праграма.

3-14

3-14

 

Геніяльныя завіткі

Запісацца на генетычны тэст атрымалася хутка. Сярод беларусаў падобныя паслугі пакуль не папулярныя (за тыдзень чалавекі два згаджаюцца прайсці экспертызу), таму чакаць сваёй чаргі не прыйшлося. І ўжо на наступны дзень я ехала ў другі канец горада, каб пачуць пра свой патэнцыял.

Працэдура вельмі простая. Скануюцца ўсе пальцы на левай і правай руках (кладзеш іх на спецыяльны прыбор, чымсьці падобны да камп'ютарнай мышкі), на манітор выводзяцца павялічаныя выявы адбіткаў, і кансультант суадносіць іх з тыпамі ўзораў, што ёсць у базе (дугі, петлі і завіткі). Адзінае, пра што пытаюць, — імя і ўзрост. Потым гэтая інфармацыя дасылаецца на сервер кампаніі, аўтаматычна апрацоўваецца і ўжо праз пару хвілін прыходзіць 15-старонкавая справаздача пра закладзеныя ў табе магчымасці. З хірамантыяй і цыганскай варажбой тэхналогія, як мне патлумачыў прадстаўнік «Генетык-тэст» у Мінску Юрый ПАНЕЎЧЫК, не мае нічога агульнага. Гэта навуковае даследаванне, а не прадказанне, атрыманае праз інтуіцыю ці «сувязь з космасам».

Пытаюся: а калі самому ўважліва разглядзець пальцы і вызначыць, петлі там ці завіткі, можа, і без дадатковых прылад атрымаецца зрабіць высновы пра свае здольнасці?

— Наўрад ці. Важныя не толькі ўзоры, але і іх камбінацыі, — тлумачыць Юрый.

Пэўную залежнасць прасачыць усё ж такі можна. Чым больш мудрагелісты малюнак (найвышэйшая ступень складанасці прыпісваецца завіткам), тым большая верагоднасць, што ты звышталенавіты. Мой суразмоўца ўзгадвае, як аднойчы на тэсціраванне бацькі прывялі вундэркінда. Адзінаццацігадовы хлопчык, пакуль яго равеснікі вучыліся ў 4 класе, паспяхова засвойваў праграму для дзевяцікласнікаў. Пра талент дзіцяці бацькі адразу не прызналіся (раптам, пачуўшы гэта, кансультант падробіць вынікі?), але ўжо на сканаванні адбіткаў усё стала зразумела: у малога адны завіткі! Цікава, што ў хлопца аказаліся неверагодныя здольнасці не толькі да навукі (у вундэркіндаў звычайна ж так бывае), але і да спорту. Потым выявілася, што школьнік насамрэч займаецца плаваннем і на спаборніцтвах заўсёды сярод першых.

На тэст звычайна прыводзяць дзяцей: бацькі хочуць даведацца, у якія секцыя — спартыўныя, творчыя — лепш аддаць сыноў і дачок. Бывае, завітваюць і 40-гадовыя асобы, незадаволеныя сваім цяперашнім месцам працы. Апошнім часам экспертызай сталі цікавіцца абітурыенты і выпускнікі ВНУ.

— Нядаўна дзяўчына прыходзіла, улетку заканчвае эканамічны факультэт, — распавядае Юрый. — Бацька кліча працаваць на сваю фірму (спецыяльнасць «эканоміка», дарэчы, таксама хутчэй яго выбар, чым дачкі), а ў яе душа да гэтага не ляжыць. Хоча быць цырульніцай. Вось і вырашыла праверыць, да чаго ад прыроды ў яе схільнасцяў больш...

Тлустае і алкаголь генетыка забараняе

Пра што ж нарэшце могуць расказаць адбіткі пальцаў? Гартаю справаздачу. Распрацоўка новасібірскіх навукоўцаў паказвае, які тып адукацыі (гуманітарны, прыродазнаўчы, тэхнічны, матэматычны, лінгвістычны ці сацыяльна-эканамічны) і напрамак прафесійнай дзейнасці (камунікацыі, аналітыка і практыка) вам больш падыходзіць, ці ёсць здольнасці да спорту і творчасці. А вось цікавы пункт — мадэль самарэалізацыі. Мяркуючы па маіх пальцах, начальнікам мне не быць: кіраўнічы тып паводзін уласцівы толькі на 10 працэнтаў.

— Навошта так катэгарычна? Калі захочаце, будзеце начальнікам. Толькі для гэта прыйдзецца прыкласці больш намаганняў, — запэўніваюць мяне. Ну, гэта і без тэста зразумела.

Чытаю далей. Наступны блок інфармацыі тычыцца здароўя. Тут прапісаны фактары рызыкі. Праграма рэкамендуе мне больш уважліва сачыць за органамі стрававання (бывайце, блінцы з 25-працэнтнай смятанкай!) і печанню з ныркамі (белае паўсалодкае, прабач, генетыка супраць нашага сяброўства). Тым больш прырода, згодна з вынікамі тэста, яшчэ і схільнасцю да паўнаты мяне ўзнагародзіла (трэба гэта бабулі расказаць — от радасці будзе!). Наколькі звесткі адпавядаюць рэальнасці, сказаць складана: па ўрачах, тым больш вузкіх спецыялістах, хаджу рэдка.

Што там яшчэ засталося? Ага, фізічныя магчымасці арганізма. Праграма вызначае, наколькі ў вас развіта хуткасць, вынослівасць і каардынацыя, да якіх відаў спорту ёсць схільнасць. Спартыўныя здольнасці, дарэчы, сапраўды значна залежаць ад генетычнага кода. Ёсць нават аналіз (у Беларусі таксама праводзіцца), што распазнае ў чалавеку спрынтара ці стаера. Не па адбітках, праўда.

Па водгуках, вынікі тэста па ўзоры на пальцах маюць рацыю ў 90 працэнтах выпадкаў. У мяне, калі шчыра, таксама аказалася шмат супадзенняў. Навука? Ці проста звычайная здольнасць розуму шукаць прычынна-выніковыя сувязі нават там, дзе іх няма? У любым выпадку (гэта адзначаюць і стваральнікі праграмы) генетыка не адзінае, што вызначае натуру чалавека. Нельга недаацэньваць ролю асяроддзя, выхавання і сілы волі. Калі не працаваць над сабой, любыя здольнасці так і застануцца патэнцыйнымі.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Узоры ДНК

Як тлумачаць новасібірскія даследчыкі, адбіткі пальцаў фарміруюцца на 13-м тыдні адначасова з нервовай сістэмай з адных і тых жа зародкавых лісткоў. Таму з'яўляюцца генетычнымі маркерамі і звязаны з фізічнымі і псіхалагічнымі прыкметамі.Намеснік дырэктара па навукова-інавацыйнай працы Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі, кандыдат біялагічных навук Алена ГУЗЕНКА пацвердзіла, што падобныя тэсты цалкам навуковыя:

— Існуе асобная навука — дэрматагліфіка, якая аналізуе папілярныя лініі далоні. У Беларусі гэтымі даследаваннямі таксама займаюцца. Як генетыка праяўляецца ў адбітках? Узоры на пальцах з'яўляюцца ў выніку біяхімічных працэсаў у арганізме, а ўся біяхімія завязана на ДНК. Увогуле, цяпер распаўсюджана праводзіць ДНК-тэст, каб вызначыць схільнасці чалавека. Напрыклад, аналіз сліны паказвае здольнасць асобы да спорту, верагоднасць сардэчна-сасудзістых захворванняў. Аднак гэта толькі магчымыя характарыстыкі, якія не абавязкова праявяцца.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».