Вы тут

Беларускую мову на ЦТ выбраў кожны чацвёрты абітурыент


4,5 тысячы чалавек прыйшлі ў пункты рэгістрацыі на ЦТ у апошні дзень — 1 чэрвеня. Але ўжо раніцай 2 чэрвеня тэлефон у Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў распаліўся ад званкоў — арганізатарам ЦТ тэлефанавалі абітурыенты, якія «забыліся» завітаць па пропуск у вызначаныя тэрміны. Яны цікавіліся, дзе можна зарэгістравацца, і прасілі іх зарэгістраваць... у парадку выключэння.

— У гэтым годзе была ўведзена новая норма, што дазваляе падаваць дакументы на рэгістрацыю, а таксама атрымліваць сертыфікат ЦТ прадстаўнікам абітурыента — у выпадку адсутнасці ў яго самога такой магчымасці па ўважлівай прычыне, — тлумачыць дырэктар інстытута Мікалай Фяськоў. — Таму ніякія тлумачэнні кшталту «я хварэў» ці «мяне не было ў краіне» мы не прымаем. Правілы — агульныя для ўсіх. А месяц — дастатковы тэрмін для таго, каб прайсці працэдуру рэгістрацыі. Увогуле, мы заўважылі, што ў апошні дзень рэгістрацыі нашы пункты ніколі не пустуюць, нават калі ён выпадае на выхадны.

Такім чынам, сваё жаданне ўдзельнічаць у прыёмнай кампаніі афіцыйна аформілі сёлета 101 691 чалавек. Летась былі зарэгістраваны 105 692 ахвотныя. Дарэчы, пяць гадоў таму іх колькасць даходзіла да 173 тысяч.

Самай масавай дысцыплінай на ЦТ традыцыйна стала руская мова: яе плануюць здаваць больш як 77 тысяч чалавек. Беларускую мову выбралі толькі 24 тысячы абітурыентаў.

На фізіку зарэгістраваліся 28,7 тысячы чалавек. Тэст па матэматыцы будуць пісаць 52,2 тысячы чалавек. Заўважым, што летась экзамен па матэматыцы здавалі 65 тысяч абітурыентаў. Затое 23,3 тысячы прэтэндэнтаў на студэнцкі білет аформілі пропускі на англійскую мову (у 2014 годзе такіх было 19 тысяч). Напэўна, змяншэнне колькасці тых, хто здае матэматыку, і павелічэнне колькасці абітурыентаў, якія будуць здаваць замежную мову, сталі вынікам перагляду ўступных іспытаў на пэўных профілях падрыхтоўкі.

Пропускі на тэсціраванне па біялогіі аформілі крыху больш як 22,6 тысячы чалавек, на хімію — 12,2 тысячы, на гісторыю Беларусі — 17,3 тысячы, на грамадазнаўства — 10,7 тысячы, нямецкую мову — 3808, сусветную гісторыю — 1220, геаграфію — 1273. Самыя малаколькасныя дысцыпліны — іспанская мова (185 чалавек), французская (788) і кітайская (10 чалавек). Пункт правядзення ЦТ па кітайскай мове будзе дзейнічаць у Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце.

На ўсіх дысцыплінах колькасць абітурыентаў, якія будуць пісаць тэсты па-беларуску, вагаецца ад 1,3% (на грамадазнаўстве) да 11 працэнтаў (на гісторыі Беларусі).

Большасць абітурыентаў зарэгістраваліся на тры дысцыпліны на ЦТ — усяго было аформлена 275 948 пропускаў. Хоць для паступлення ў сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы здаюцца толькі дзве дысцыпліны, правіламі не забараняецца рэгістравацца адразу на тры прадметы. Ёсць сярод абітурыентаў, якія будуць здаваць ЦТ, і замежныя грамадзяне — больш як 400 чалавек.

Многія ўжо сёння цікавяцца рэзервовым днём, хоць яшчэ ніхто не прапусціў экзамен. Арганізатары папярэджваюць, што здаць у рэзервовы дзень можна будзе толькі адну дысцыпліну і да здачы дапускаюцца толькі тыя абітурыенты, якія змогуць даказаць, што ў іх былі сур'ёзныя прычыны для таго, каб прапусціць экзамен.

Здараюцца і такія сітуацыі, калі ў працэсе праходжання тэста камусьці з абтурыентаў становіцца дрэнна. У кожным пункце тэсціравання дзяжураць медыцынскія работнікі, якія могуць засведчыць, што абітурыент сапраўды не можа працягваць работу над тэстам. У гэтым выпадку на пропуску пішацца «Тэсціраванне не прайшоў», у пратаколе арганізацыйнай камісіі робіцца адпаведны запіс і абітурыент атрымлівае права ўдзельнічаць у цэнтралізаваным тэсціраванні ў рэзервовы дзень (з гэтым жа пропускам і без дадатковай аплаты). Пры рэгістрацыі на рэзервовы дзень такі пропуск будзе падставай для допуску абітурыента на экзамен.

Перарэгістрацыя абітурыентаў для ўдзелу ў ЦТ у рэзервовы дзень будзе весціся з 26 па 29 чэрвеня ў Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце, Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце, Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце, Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Я. Купалы, Беларуска-Расійскім універсітэце і ў Беларускім дзяржаўным універсітэце.

З сабой трэба мець пропуск на тэсціраванне, якое было прапушчана, дакумент, які сведчыць асобу абітурыента, і дакумент, што пацвердзіць уважлівую прычыну няяўкі. Пунктам правядзення цэнтралізаванага тэсціравання па ўсіх вучэбных дысцыплінах у рэзервовы дзень (2 ліпеня) прызначаны Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.

Надзея НІКАЛАЕВА

З 1 чэрвеня ў Міністэрстве адукацыі пачала працаваць «гарачая» лінія, на якой абітурыентаў і іх бацькоў гатовы пракансультаваць па пытаннях прыёму кампетэнтныя прадстаўнікі ВНУ.

Як канстатуюць у галоўным адукацыйным ведамстве, практыка запрашэння на «гарачую» лінію спецыялістаў вышэйшых навучальных устаноў выдатна сябе зарэкамендавала: яны не толькі добрыя тэарэтыкі, але і практыкі, якія могуць даць глыбокі і дэталёвы адказ на любое пытанне.

Тэлефанаваць на «гарачую» лінію можна па гарадскім нумары 222-43-12 да 16 жніўня, у тым ліку і па суботах: 6, 13, 20, 27 чэрвеня, 11, 18, 25 ліпеня, 1, 8 і 15 жніўня. Кансультанты працуюць з 9.00 да 13.00 і з 14.00 да 18.00.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».