Вы тут

Квадратны Боб і круглая Аліса


Студэнты БДУ прадставілі свае стартапы на суд экспертаў.

Стартап-рух у Беларусі набірае абароты: усё больш і больш з'яўляецца самых розных інкубатараў, краўдфандынгавых пляцовак (краўфандынг — калектыўнае фінансаванне), конкурсаў. Рухавіком інавацыйнага развіцця заўсёды было і застаецца студэнцтва, таму буйныя ўніверсітэты стараюцца затрымаць маладых вынаходнікаў у сябе. У Беларускім дзяржаўным універсітэце свой Цэнтр маладзёжных інавацый з'явіўся два гады таму. Нядаўна ў ім пабывалі эксперты — прадстаўнікі ВНУ Вялікабрытаніі, Малдовы, Украіны, Фінляндыі, Францыі, якія ацанілі праекты студэнтаў БДУ і далі стартаперам свае парады.

— Праект Цэнтра маладзёжных інавацый рэалізуецца сумесна з Еўрапейскім саюзам, — расказаў рэктар БДУ Сяргей АБЛАМЕЙКА. — Галоўная мэта — адшукаць перспектыўныя студэнцкія ідэі і дапамагчы іх развіць, знайсці інвестараў. Увогуле, сістэма вышэйшай адукацыі ў Беларусі цяпер накіравана на тое, каб развіваць у моладзі прадпрымальніцкія якасці, распрацаваны нават курсы, якія чытаюцца на ўсіх факультэтах.

Удзел у так званых крэш-тэстах (аналізе і апрабацыі ідэй спецыялістамі) узялі восем распрацовак у эканамічнай, адукацыйнай, сацыяльнай, інфармацыйнай сферах.

Супрацоўніца ўпраўлення міжнародных сувязяў БДУ Кацярына Сержан у суаўтарстве прадставіла праект пад назвай «BeHere». Ідэя нарадзілася, калі дзяўчына заўважыла, што сферы адукацыі і турызму цесна ўзаемазвязаныя. Задума заключаецца ў тым, што патэнцыйныя замежныя абітурыенты БДУ змогуць атрымліваць поўны спектр паслуг (трансфер, пражыванне, турыстычныя паслугі і паслугі перакладчыка, арганізацыю сустрэч з прадстаўнікамі ВНУ) у адным месцы. Акрамя таго, аўтары прапаноўваюць такую магчымасць, як тэставы тыдзень ва ўніверсітэце, дзякуючы якому можна будзе на сем дзён адчуць сябе студэнтам і паглядзець на ўсе бакі дзейнасці навучальнай установы. Кацярына акцэнтавала ўвагу слухачоў на тым, што праект закліканы дапамагчы не толькі ўніверсітэту, але і айчыннаму турызму.

Студэнты фізфака Аляксандр Бядулін і Станіслаў Працэнка распавялі пра праект, які ўжо даўно і паспяхова рэалізуецца. Інструмент для сучасных інвестыцыйных кансультацый ProfіtPAMM існуе ў выглядзе сайта. ПАММ-рахункі — папулярны ў краінах СНД метад інвеставання, калі карыстальнік праз інтэрнэт давярае свае грошы кіраўніку рахунку. Аналітычныя інструменты, распрацаваныя хлопцамі, дазваляюць інвестарам атрымаць звесткі больш як пра дзве тысячы кіраўнікоў рахункаў і дапамагаюць, што называецца, «не прагарэць». З іх праектам ужо пагадзіліся супрацоўнічаць уласнікі найбуйнейшых ПАММ-рахункаў.

Адукацыйны праект QualіMe падрыхтавала каманда з факультэта сацыякультурных камунікацый сумесна з Нацыянальным інстытутам адукацыі. Вольга Паўлюць, Мікіта Сеннікаў, Ірына Сіроціна і Сяргей Беразюк стварылі сайт, закліканы фарміраваць матэматычную культуру ў школьнікаў, абітурыентаў, студэнтаў і выкладчыкаў. Інтэрактыўны рэсурс складаецца з трох падраздзелаў. QualіHelpy ўяўляе сабой даведнік па дысцыплінах «Матэматыка» і «Асновы вышэйшай матэматыкі», які дазваляе прачытаць тэарэтычныя звесткі, убачыць прыклады рашэння задач і папрацаваць з інтэрактыўнымі мадэлямі. У падраздзеле QualіTesty карыстальнік можа прайсці тэст па якой-небудзь з тэм, убачыць правільнае рашэнне задачы, перачытаць тэарэтычныя раздзелы, якія патрабуюцца для рашэння. Трэці падраздзел QualіTester прызначаны для камп'ютарнай ацэнкі шэрагу характарыстык любога матэматычнага тэста.

Зразумела, не абышлося і без праектаў у сферы ІT. Дзмітрый Куратнік разам з камандай распрацоўшчыкаў стварыў гульню для смартфонаў і планшэтаў Changіng the World. Праграма ўяўляе сабой сумесь галаваломкі і «платформера» (гульні, асновай якой з'яўляюцца скокі з платформы на платформу, лажанне па лесвіцах і г.д.) і распавядае пра гісторыю кахання выдуманых персанажаў: квадратнага Боба і круглай Алісы. Героі настолькі кахаюць адно аднаго, што вырашаюць змяніць сусвет, каб быць разам. За паўгода знаходжання ў краме гульнявых праграм Google Play яе ўстанавілі на свае дэвайсы больш як 40 тысяч чалавек.

Эксперты задавалі ўдзельнікам пытанні, дзяліліся ўласным досведам і гісторыямі іншых падобных праектаў. Асаблівую ўвагу звярталі на манетызацыю, кажучы, што ніводзін інвестар не пагодзіцца даваць грошы, пакуль не будзе ведаць, калі ён іх верне.

— У любым выпадку, якія б парады мы вам ні давалі, асабліва прыслухоўвацца да іх не трэба, бо мы ўсяго толькі выкладчыкі, — жартам зазначыў адзін з членаў замежнай дэлегацыі, доктар філасофіі Дорын ФЕСЦЕУ з Новага Бакінгэмпшырскага ўніверсітэта (Вялікабрытанія). — Галоўная ваша задача цяпер — увайсці ў кантакт з людзьмі, якія ўжо маюць свой бізнес і могуць вам дапамагчы фінансава або слушнай парадай. Галоўны прынцып для кожнага — не здавайцеся, імкніцеся да сваёй мэты, і ўсё ў вас атрымаецца.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».