Вы тут

Выбіраць — дык каралеву!


Індыйскія танцы пад «Касіў Ясь канюшыну» і кідкі цераз бядро — так у Мінску выбіралі самых грацыёзных і артыстычных студэнтак.

Сталіца прымала фінал XXІV Міжнароднага міжуніверсітэцкага конкурсу «Каралева Вясна», удзел у якім бралі дзяўчаты з шасці краін. «Звязда» дэлегіравала на мерапрыемства рэдакцыйных аматараў жаночай прыгажосці — маладых карэспандэнтаў, якія маглі не толькі на свае вочы ўбачыць самых грацыёзных прадстаўніц ВНУ блізкага і далёкага замежжа, але і, магчыма, наладзіць сваё асабістае жыццё... Дванаццаць разумніц і прыгажунь з Беларусі, Кітая, Латвіі, Расіі, Таджыкістана і Туркменістана — упускаць такі шанц нельга!

6-18

Але неспадзяванка чакала яшчэ напачатку — месцы для прэсы знаходзяцца на балконе. Бачна добра, але занадта далёка ад саміх гераінь вечара. Хітрым і цішком абыходзім сцэну з іншага боку. У даўжэзным калідоры хутка знаходзім грымёрку. Але і тут мы не першыя — ужо чакаюць сваёй чаргі для інтэрв'ю іншыя журналісты. Суцяшае тое, што яны нам не канкурэнты, амаль усе — жанчыны.

Самі дзяўчаты ўжо паспелі пераапрануцца. Першы конкурс — выхад у нацыянальных строях, а таму за кулісамі быццам бы ажываюць старонкі савецкага геаграфічнага атласа «Свет і чалавек» (прызнайцеся, у вас дома ёсць такі): айчынныя вышыванкі, сібірскія мехавыя шапкі, усходнія даўжэзныя сукенкі і халаты.

6-16

Вядома, спачатку нас цягне на экзотыку. Знаёмімся з удзельніцай з Таджыкістана — Гульнорай АЗІЗАВАЙ. Яшчэ калі яна была маленькай, сям'і давялося эмігрыраваць у Расію з прычыны грамадзянскай вайны. У Смаленскім педагагічным каледжы дзяўчына вучылася на настаўніцу англійскай мовы, а пасля прыехала паступаць у Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт на перакладчыцу. Цяпер Гульнора, акрамя рускай мовы, валодае фарсі, англійскай, хіндзі і вывучае арабскую. Зазначаю для сябе, што з такой дзяўчынай-паліглотам можна адпраўляцца ў падарожжа хоць на край свету — і там яна будзе пачуваць сябе камфортна.

— Гульнора, ці праўда, што дзяўчаты з Усходу заўсёды вельмі сціплыя? — пытаюся з надзеяй у голасе.

— Я сказала б, што мы сціплыя толькі тады, калі гэта патрэбна, — усміхаецца дзяўчына.

— Чым будзеш браць публіку?

6-17

— Сваімі чароўнымі вачыма, — смяецца Гульнора, адразу ж дэманструючы... сціпласць. — А таксама індывідуальнасцю. Я думаю, што ў мяне ёсць усе якасці для таго, каб уразіць журы: харызма, пастаўленае маўленне, творчыя здольнасці. Асабліва спадзяюся на свой творчы нумар, бо таго, што зраблю я, не паказваў яшчэ ніхто ў гісторыі.

Па меркаванні дзяўчыны, вядучую ролю ў сям'і заўсёды павінен выконваць мужчына.

«Не наш варыянт», — сумна канстатуем мы і рухаемся на пошукі іншых удзельніц. Змяняем вектар — дзяўчаты з Латвіі цікавяць нас як носьбіты паўночнага менталітэту і спакою. З першай з латвійскіх удзельніц, Ілвіяй БЕНСОНЭ, даводзіцца практыкаваць майстэрства размовы жэстамі: канкурсантка амаль не ведае рускай мовы, але бярэ абаяльнасцю.

Знайсці агульную мову з іншымі ўдзельніцамі Ілвіі дапамагае зямлячка — Эліна ІВАНОВА. Дзяўчына вучыцца ў Латвійскім сельскагаспадарчым універсітэце і марыць працягнуць справу свайго бацькі, які мае ўласную гаспадарку непадалёк ад Ялгавы. Асабліва здзіўляе кола інтарэсаў Эліны: бальныя танцы, плаванне, музыка, гісторыя, класічны масаж... А падабаюцца дзяўчыне моцныя духам мужчыны, якія падтрымліваюць сваіх спадарожніц і ў радасці, і ў горы.

Авансам залічыўшы сябе хаця б да моцных духам, прыходзім да высновы, што пастаральная рамантыка нам даспадобы. Але час пашукаць каго-небудзь і з айчынных прыгажунь!

Святлана ГАРБАЧОВА з Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта дакладна не саступае сваёй латвійскай канкурэнтцы ў цікавасцях — акрамя вучобы (дзяўчына атрымлівае спецыяльнасць «Таваравед»), яна займаецца ў студэнцкім доме моды, харэаграфічным гуртку, удзельнічае ў рознага кшталту творчых праектах.

— Насамрэч, я марыла паўдзельнічаць у гэтым конкурсе яшчэ з першага курса, — кажа Святлана. — Але сястра мяне тады адгаварыла, сказала, што яшчэ рана. А вось сёлета лёгка прыдумаўся творчы нумар і я нарэшце прыехала. Мой танец адсылае да мультфільма Ціма Бёртана «Труп нявесты», толькі калі ў арыгінале дзяўчына забрала хлопца з сабой на той свет, у нас усё будзе больш жыццесцвярджальна. Думаю, калі атрымаецца годна выступіць, то мы зможам і за перамогу пазмагацца.

На жаль, працягнуць прыватныя размовы і лёгкі флірт перашкодзіў сам конкурс. Арганізатары зрабілі ўдзельніцам апошнія настаўленні і папярэдзілі аб хуткім выхадзе на сцэну. Не наталіўшы прагу прыгажосці, мы вымушаны былі вярнуцца на свае месцы.

На першым з этапаў — выхадзе ў народных строях — асабліва вылучыліся расіянка Анастасія КЛІМЕНКА з Новасібірскага дзяржаўнага ўніверсітэта эканомікі і кіравання, якая праспявала «Купалінку», і наша новая знаёмая Святлана Гарбачова, што выступіла па-беларуску (несумненна, пад уплывам «звяздоўцаў»).

А як жа інтэлектуальныя здольнасці? Іх канкурсанткі маглі прадэманстраваць у другім конкурсе, падчас якога кожнай з удзельніц трэба было ўвайсці ў вобраз палітыка і выступіць перад публікай. Кітаянка Лю ЧАН з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, напрыклад, распавяла, што яе кумірам з'яўляецца актрыса Одры Хепберн з прычыны яе ўдзелу ў дабрачынных акцыях. «Шчасце іншых важнейшае за прыгажосць», — сказала кітайская канкурсантка. Тэмай выступлення Эліны Івановай стала сяброўства паміж народамі, сваім кумірам дзяўчына назвала былога прэзідэнта Латвіі Вайру Віке-Фрэйберга. А Гульнора Азізава выступіла супраць любых войнаў на зямлі.

Трэці выхад — дэфіле, пасля якога надышоў час, напэўна, самага важнага конкурсу — творчага. Цікава, што большасць дзяўчат выбрала для выступу майстэрства танца. Так, напрыклад, расіянка Анастасія БАРАННІК з Саратаўскага сацыяльна-эканамічнага інстытута імя Пляханава выканала адразу некалькі танцаў у розных стылях у нумары «Сон пра парашутыстку» (дзяўчына сама займаецца парашутным спортам). Гульнора Азізава, якая абяцала паказаць нам унікальны нумар, выканала індыйскі танец пад музыку з песні «Касіў Ясь канюшыну», сарваўшы апладысменты публікі. А наша суайчынніца Анастасія ПЕСЦЕРАВА з Акадэміі МУС аб'яднала танец з... працэдурай затрымання злачынцы і рукапашным боем! З такой знаёмай хуліганаў у падваротнях дакладна можна не баяцца. Таленты дзяўчат не абмяжоўваліся харэаграфіяй. Так, Лю Чан уразіла слухачоў выкананнем музыкі на кітайскім народным інструменце пад назвай піпа, які нагадвае лютню, а Эліна Іванова праспявала латышскую песню «Цёмная ноч, зялёная трава».

Пасля яшчэ аднаго дэфіле пачаўся доўгі працэс вызначэння пераможцы. Трэба заўважыць, што інтуіцыя нас не падманула — менавіта Святлана Гарбачова, адзіная канкурсантка з Беларусі, з якой мы наважыліся пазнаёміцца, заваявала карону «Каралевы Вясны». Тытул віцэ-міс дастаўся аматарцы экстрыму Анастасіі Бараннік. А пераможцай галасавання ў інтэрнэце стала будучы міліцыянер Анастасія Песцерава.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».