Вы тут

Тата, мама, мы...


Валянціна Карпюк — пра знакамітага бацьку, небяспечную прынцыповасць і чалавечыя каштоўнасці, якія з ёй назаўсёды.

Нядаўна споўнілася 95 гадоў з дня нараджэння пісьменніка, вядомага гарадзенца Аляксея Карпюка. Карэспандэнт «Звязды» сустрэўся з яго дачкой, загадчыцай кафедры псіхіятрыі і наркалогіі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Валянцінай Карпюк. Мы гутарылі ў кватэры шматпавярховіка, побач з якім пра Аляксея Нічыпаравіча нагадваюць пасаджаныя ім бярозы. Аказваецца, ён вельмі любіў садзіць дрэвы, называючы гэта «мышачнай радасцю» пасля завяршэння нейкай справы, творчага працэсу.

13-27

«Бацька быў безумоўным аўтарытэтам»

— Самаацэнкі Аляксея Карпюка даволі крытычныя. Маўляў, з яго «станоўчага героя не выведзеш», ён «нецярплівы, самаўпэўнены, рэзкі, упарты, лёгкаранімы, нясціплы, самалюбівы, прамалінейны, некамунікабельны, скрытны, схільны перабольшваць ды кідацца ў крайнасці». Валянціна Аляксееўна, а якім бачыцца характар Аляксея Нічыпаравіча вам?

— Вышэйзгаданыя характарыстыкі былі, верагодна, звернуты да, так бы мовіць, знешняга свету, нейкіх грамадскіх пытанняў.

А ў сямейным жыцці гэта быў вельмі добры, памяркоўны чалавек. Тата ніколі не павышаў голас, у нас не было канфліктаў, якія пачыналіся б з яго боку. Ён быў у нашай сям'і безумоўным аўтарытэтам, але пры гэтым не праяўляў упартасці, нейкага ціску, заўсёды ствараў умовы, каб мы развіваліся як асобы. Сам адукаваны чалавек, ён і дзецям імкнуўся даць як мага больш інфармацыі аб гісторыі, культуры, зацікавіць, у прыватнасці, вывучэннем замежных моў. Таму, дарэчы, усе мы, горш ці лепш, але валодаем адной-дзвюма замежнымі мовамі.

[caption id="attachment_87610" align="alignnone" width="600"]Усе ра­зам: ма­ма, та­та і дзе­ці (з ся­мей­на­га аль­бо­ма). Усе ра­зам: ма­ма, та­та і дзе­ці (з ся­мей­на­га аль­бо­ма).[/caption]

Тата любіў жартаваць, з'яўляўся бліскучым расказчыкам, мог нейкую гісторыю прыдумаць, а яна ўспрымалася як рэальная. Аднак ён не быў чалавекам эмацыянальна яркім у тым сэнсе, калі шмат дэманструецца, але мала робіцца. Трымаў у сабе нейкія праблемы, перажыванні, нават пачуццё любові да родных людзей. Але затое рабіў так, каб мы адчувалі сябе абароненымі, любімымі. Нават у дробязях. Па сёння, напрыклад, мае сябры дзяцінства прыгадваюць, як тата мог сабраць нас, дзяцей са двара на вуліцы Ажэшкі, і павесці на прагулку ў лесапарк Пышкі. Мы забаўляліся, і ён таксама, нягледзячы на ўзрост, бегаў з намі, гаманіў, апавядаў пра нешта цікавае. Нават у апошнія месяцы жыцця тата заставаўся такім жа добразычлівым да дзяцей і ўнукаў.

«Нішто не рабілася ва ўрон сям'і»

— І разам з тым такое выказванне: «Пісанне ўжо даўно захапіла маю душу цалкам і без астатку. Уцягнуўся ў гэты працэс, бы алкаголік — піць гарэлку. Ужо нішто не ў сілах ад гэтага адцягнуць — ні перспектыва грошай, ні дача, ні машына, ні службовая кар'ера». Альбо: «Я надта люблю перыяды, калі пішацца — іх можна параўноўваць толькі са станам, калі ты закаханы. Зноў я перастаў заўважаць людзей, надвор'е ды нават тое, што рабілася ў сям'і (мабыць, таму празаікі не ідэальныя бацькі і мужы)...

— Калі тата пісаў, то не адхіляўся на нейкія размовы і «выцягнуць» яго з гэтага працэсу было немагчыма. Але ён мяне, дзяўчынку, ніколі груба не адштурхоўваў. «Ну добра, ідзі пагуляй», — казаў. Тата сапраўды цалкам прысвячаў сябе працы, якой займаўся. І гэта тычылася не толькі пісання, але спраў Саюза пісьменнікаў, яго членаў — пачынаючы літаратурнымі і заканчваючы бытавымі. Тут ён таксама выкладваўся цалкам і рабіў усё, што было магчыма.

Але не скажу, што гэта рабілася ва ўрон сям'і. Больш за тое, тата ахвотна ўцягваў нас у арбіту сваіх інтарэсаў — было б жаданне. Прыехалі ў Гродна «Песняры» — браў з сабой на канцэрт. Здымаўся фільм «Белыя Росы» — пайшлі, кажа, пазнаёмімся з Карачанцавым. Тата разам з іншымі музейшчыкамі накіроўваўся ў пошукавыя экспедыцыі (пра Аляксея Карпюка як першага дырэктара Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі «Звязда» расказала ў артыкуле «Вяртанне старажытнага вадаліва» 2 красавіка 2015 г. — Аўт.) — таксама бралі мяне з сабой, калі была на канікулах. Памятаю, напрыклад, вельмі цікавую экспедыцыю ў Жыровіцкі манастыр.

— Аляксей Нічыпаравіч імкнуўся ўплываць на прафесійны выбар дзяцей?

— Не, ён ніколі на нас не ціснуў. З аднаго боку — адказная, маральная атмасфера выхавання, а з другога — свабода асабістага выбару і самавызначэння. Хаця, безумоўна, нейкія пажаданні выказваліся. Ён, напрыклад, марыў, каб нехта з дзяцей быў урачом. Атрымліваецца, што я яго мару рэалізавала.

«Называў рэчы сваімі імёнамі»

— Калі Аляксея Карпюка па сфабрыкаваных абвінавачаннях выключылі з партыі, то ў Маскве яму прапанавалі неверагодную, як цяпер здаецца, «дапамогу». Ён піша: «Гэты ўрач... браўся выдаць даведку, дзе чорным па беламу будзе стаяць, што я псіхічна ненармальны. Не так, каб быў зусім вар'ятам, а — неўраўнаважаны і не адказваю за свае ўчынкі. Маўляў, тады адразу ад мяне адчэпяцца... Бо, паводле нашай Канстытуцыі, на такіх людзей справы заводзіць ніхто не мае права». Вы як гэта ацэньваеце з пункту гледжання прафесійнага псіхіятра?

— Вядома, што савецкую псіхіятрыю абвінавачвалі ў тым, што яна навешвала людзям, якія лічыліся небяспечнымі для тагачаснага ладу, псіхіятрычныя дыягназы. Але разам з тым яны і ратавалі іншадумцаў, дысідэнтаў ад жорсткіх пакаранняў, у тым ліку зняволення. Мяркую, што гэта была цэлая сістэма, якая, з аднаго боку, давала чалавеку пэўную абарону, а з іншага, супакойвала яго ганіцеляў. Маўляў, ён жа неўраўнаважаны, выказваецца на ўзроўні не свядомых палітычных поглядаў, а псіхічнай анамаліі...

Тата адмовіўся ад такой прапановы, у чым зноў праявіліся яго прынцыповасць, няўменне «хавацца ў кусты», калі лічыў, што праўда за ім.

— А ці мог ён прызнаць, што ў нечым памыліўся, папрасіць прабачэння?

— Безумоўна. У яго не было татальнай «непрабівальнасці» ва ўсіх жыццёвых сітуацыях — ад адносін паміж дваімі людзьмі да свету ў цэлым. У тым, што тычылася грамадзянскай пазіцыі, маральных каштоўнасцяў, закладзеных з дзяцінства, ён быў вельмі прынцыповым. А ва ўсіх астатніх пытаннях (сямейных, прафесійных і іншых) быў чалавекам даволі гнуткім. І калі разумеў, што памыляецца, то прызнаваў гэта. Больш за тое, я не магу прыгадаць у паўсядзённым жыцці ніводнага выпадку, дзе б тата ўпарта адстойваў сваю пазіцыю, не меўшы рацыі. Наадварот, калі, так бы мовіць, каса трапляла на камень, то ён ніколі не быў «каменем» — адыходзіў у бок.

Пры гэтым тата быў выхаваны так, што ніколі не маўчаў, калі нехта пры ім паводзіў сябе непрыстойна, лаяўся матам і тым больш у нецвярозым стане. «Хаты з краю» у падобных выпадках для яго не існавала. Ён заўсёды спакойна, але вельмі жорстка рэагаваў, каб паставіць такога чалавека на месца. Памятаю, у дзяцінстве мне было нават страшнавата ехаць з татам у аўтобусе. Бо здавалася, што п'яніца, атрымаўшы заўвагу, у адказ кінецца на яго з кулакамі. Але ён не баяўся — называў рэчы сваімі імёнамі.

— Вы перадалі на выставу ў Гродзенскі музей гісторыі рэлігіі інвалідную кніжку, якая паслужыла Аляксею Нічыпаравічу нядоўга...

— Так, ён быў цяжка паранены напрыканцы красавіка 1945 года, ужо падчас штурму Берліна. У таты адсутнічала большая частка правага лёгкага, далі групу інваліднасці. Аднак літаральна гады праз тры ён ад яе катэгарычна адмовіўся. Сказаў: «Я — малады мужчына. Які ж я інвалід?». Выплаты спыніліся. А гэтая кніжка засталася.

Дарэчы, тата ніколі не бравіраваў і сваімі баявымі ўзнагародамі. Толькі аднойчы, за некалькі гадоў да смерці, удалося ўгаварыць яго сфатаграфавацца пры ордэнах і медалях з унукамі.

«Ён быў выхаваны ў духу асобаснай свабоды»

— Ці шмат было ў Аляксея Нічыпаравіча сяброў, людзей, якія яго разумелі і прымалі такім, які ён ёсць?

— Нядаўна адзін журналіст папрасіў мяне выказацца наконт дружбы Аляксея Карпюка і Васіля Быкава. На мой погляд, яны не былі сябрамі ў тым сэнсе, калі людзі сустракаюцца на бяседах, разам ездзяць па грыбы ці на рыбалку і г.д. Яднала іх найперш тое, што яны працавалі на «адной хвалі», многія жыццёвыя каштоўнасці былі агульнымі. Чыталі творы адзін другога, абмяркоўвалі іх, рабілі заўвагі ...

Думаю, што тату разумелі адзінкі — найперш людзі, якія выраслі ў той час і ў тым жа беларускім асяроддзі на Беласточчыне. Ён быў выхаваны ў духу нейкай унутранай асобаснай свабоды (няхай і абмежаванай, прыгнечанай польскай дыфензівай), калі чалавек мае права на сваю пазіцыю і адказвае за тое, што адбываецца і што будзе з краінай, народам.

— У 1953 годзе сакратар калгаснай партарганізацыі Карпюк піша ліст на імя першага сакратара ЦК Малянкова пра безгаспадарчасць і беззаконне з боку раённага начальства. А ў 1965 годзе ён прама заяўляе партыйнаму кіраўніку высокага рангу, які атрымаў ордэн за ўдзел у падпольным руху на Гродзеншчыне ў часы Вялікай Айчыннай вайны, што той ні дня не быў на акупаванай фашыстамі тэрыторыі...

— Здавалася б, чаго ты лезеш на ражон? Сядзі і маўчы. Але гэта была іншая культура выхавання, якая не дазваляла прыстасавальніцтва. Калі не я, ды хто адрэагуе на несправядлівасць, скажа праўду?

«Нехта ад нас шарахаўся, іншыя стараліся дапамагчы»

— Адгукалася такая прынцыповасць у тым ліку і цкаваннем. «...Да маёй жонкі сталі прыдзірацца на рабоце. Старэйшую дачку абвінавацілі, быццам яна наведвае нейкі непрыстойны клуб... Ад Клейна і мяне знаёмыя людзі кідаліся ў бакі, быццам бы ад пракажоных. Ніхто больш мне не тэлефанаваў, не дасылаў лістоў, а школы, тэхнікумы ды рабочыя інтэрнаты перасталі раптам запрашаць на выступленні». Як усё гэта адбівалася на сям'і?

— Найбольш дасталося ў тыя гады, зразумела, Аляксею Нічыпаравічу — не давалі працу, не друкавалі. Для яго, чалавека, які вельмі трапятліва, як нацягнутая струна, ставіўся да справядлівасці і несправядлівасці, гэта было незразумела. Як так? Ён жа нічога дрэннага не зрабіў, хацеў толькі лепшага. Пра татавы перажыванні сведчаць нават фотаздымкі. Пасля ганенняў, хоць усё для яго скончылася быццам і паспяхова, погляд стаў нейкім патухлым...

У сувязі з бацькам узнікалі і праблемы з працаўладкаваннем у маёй сястры (дарэчы, непрыстойным палічылі яе захапленне групай «Бітлз»), у брата. Сапраўды, былі людзі, якія падчас ганенняў на Аляксея Нічыпаравіча ад нас шарахаліся. Аднак былі і тыя, хто стараўся дапамагчы. Што ж тычыцца сямейных узаемаадносін, то мы, як маглі, стараліся тату падтрымаць. Я, напрыклад, калі выходзіла замуж, то прозвішча не памяняла — у маім разуменні гэта была пэўная салідарнасць з татам.

«Больш я такіх мужчын не бачыла»

— Дарэчы, калі ішло яго цкаванне, то адзін з кіруючых работнікаў выклікаў маму і параіў ёй скасаваць шлюб. Маўляў, ён жа і вас за сабой цягне, падумайце пра дзяцей... Але мама, зразумела, тату не кінула.

— Якая гэта была пара — Аляксей Нічыпаравіч і Іна Анатолеўна?

— Цікавая была пара — садружнасць людзей з агульнымі інтарэсамі, якія ідуць па жыцці разам. Розніца ва ўзросце складала 9 гадоў, і мама побач з татам заўсёды была ў чымсьці дзяўчынкай. Пры ўсіх цяжкасцях яна ўсё ж была па-жаночы абароненай. Тата заўсёды пра яе клапаціўся, вырашаў прынцыповыя праблемы. Ён, вядома, не стаяў каля пліты, не варыў суп ці боршч, але браў на сябе і значную частку нейкіх жыццёвых пытанняў, якія тычыліся сям'і, дзяцей і ўнукаў.

Мама вычытвала яго рукапісы, асабліва калі гэта быў аўтарскі пераклад з беларускай на рускую мову, была яго першай суддзёй. А тата бачыў у маме не проста любімага чалавека, а асобу, і ніколі не прыгнятаў яе, дзеля таго, каб было больш зручна яму, пісьменніку.

Вось, напрыклад, сітуацыя з вельмі складанага для нашай сям'і перыяду. У таты праблемы, ён не мае работы, цяжка нават у чыста бытавым, матэрыяльным плане. А мама, настаўніца ў школе, стараецца ўзяць як мага больш гадзін і пры гэтым яшчэ займаецца навуковай працай — хутчэй для сябе, чым для кар'еры. І тут на сімпозіум у Гродна прыязджаюць вучоныя з Масквы, з Акадэміі педагагічных навук, і даведваюцца пра гэтую настаўніцу. Кажуць, што ў яе ўжо амаль гатова кандыдацкая дысертацыя, і прапануюць паступіць у аспірантуру. Я тады толькі падыходзіла да школы, а брат і сястра вучыліся ў інстытутах. І ў такой сітуацыі маме ехаць у Маскву, дзе толькі аспіранцкая стыпендыя? Тым не менш тата не стаў у позу, а наадварот, усяляк падтрымліваў маму. Нешта прадаў, пазычыў грошы, каб яна магла вучыцца ў аспірантуры. Праз год мама абараніла дысертацыю і яе ўзялі ў Гродзенскі педінстытут на кафедру педагогікі, дзе яна адпрацавала 30 гадоў.

«Ты была самай лепшай жонкай, мне вельмі пашанцавала ў жыцці», — сказаў тата перад смерцю. А мама незадоўга да смерці сказала: «Самай цікавай асобай быў у маім жыцці Аляксей — прыстойны, разумны, адукаваны, культурны чалавек. Больш я такіх мужчын не бачыла».

Барыс ПРАКОПЧЫК

 

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.