Вы тут

Каварныя дробязі


Яскевич

Згадзіцеся, самая звычайная, ну зусім невялічкая дробязь здольная часам моцна папсаваць наша жыццё. А настрой дык дакладна. Ну, напрыклад, едзеш у камандзіроўку, у госці, да бацькоў і нешта вельмі патрэбнае забываеш пакласці ў сумку, потым ужо ў цягніку ўспамінаеш, нервуешся, дакараеш сябе, што чарговы раз зборы атрымаліся ў апошні момант, а можна ж было б запісаць на паперку, потым зверыць... Знаёмае?

Думаю, многія з вас перажывалі нешта падобнае. Але тут, праўда, цалкам уласная віна, таму няма на каго і наракаць. А вось пазаўчора вельмі раззлавала дробязь у абутковай краме. Невялікі магазінчык вядомай айчыннай фірмы (якая абутак шые даўно, а вось назву памяняла нядаўна) адкрылі побач з карпунктам. Зазірнуўшы туды ў абед, звярнула ўвагу на светлыя летнія туфлі, захацелася нават памераць. Спытала ў прадаўца шкарпэткі альбо «слядкі», якія звычайна прадаюцца на касе, калі ў пакупніка няма сваіх. Работніца толькі развяла рукамі — не прадугледзелі. Абышла ўсе навакольныя гандлёвыя пункты — без выніку. У трох прыватных павільёнах на прыпынку такімі таварамі наогул не гандлююць. У газетным кіёску насупраць аказаліся толькі шкарпэткі па дзве пары ў наборы, але ж не майго памеру. Купіць на раз і выкінуць? Са спачуваннем паставілася да праблемы індывідуальная прадпрымальніца невялічкай крамы «Сафія», што побач з абутковай. Сказала, што ў яе недзе была шкарпэтка, якая засталася пасля прададзенай партыі мужчынскіх шкарпэтак. Так выйшла, што ва ўпакоўцы аказалася іх няцотная колькасць. «Адкладвала ж недзе ў бок, — прыгаворвала жанчына, адчыняючы адну за другой шуфляды, — а калі спатрэбіцца, дык не знойдзеш». Так бывае.

Адным словам, туфлі я так і не памерала. Трохі нават шкада стала, бо менавіта такія хацела падабраць да новай сумкі. Назаўтра іх ужо не было. А болей туды я вырашыла не заходзіць у знак пратэсту: няхай навучацца элементарнаму сэрвісу. У абутковай краме мусіць прадавацца нешта падобнае да панчох, бо санітарныя правілы забараняюць мераць абутак басанож.

Расказваю пра сваю няўдалую прыгоду сяброўцы на працы, асаблівы ўпор робячы на словазлучэнне «прыкрыя дробязі», між іншым заўважаю яе сумную ўсмешку. А потым успамінаю: яна ж у адпачынку і павінна была яшчэ ўчора вылецець у Турцыю. Яна апярэджвае маё пытанне: «Што здарылася?» маім жа: «Прыкрыя дробязі», а дакладней: маленькі квіток з банка перакрэсліў усе планы і не толькі.

Яны з мужам, як і многія, дарэчы, займаюцца прыватызацыяй кватэры. Тыя, хто не зрабіў гэта своечасова, стараюцца паспець, як той казаў, у апошні вагон. І вось, здаецца, падышлі да канца бясконцыя хаджэнні па кабінетах, чэргі па тую ці іншую даведку, паходы да натарыуса і іншых спецыялістаў. Нарэшце выдадзены ацэнкі і заключэнні, налічана сума першага ўзносу і штомесячных выплат. Заставалася зрабіць плацеж — і можна лічыць, што кватэра прыватызаваная. І тут, у знак завяршэння вялікай сямейнай кампаніі, муж і жонка вырашылі паехаць на мора, першы раз за сваё сумеснае жыццё. Раней неяк не выпадала, галоўным чынам з-за таго, што ён не вялікі аматар «пячыся на сонцы» і ў адпачынак ішоў звычайна ў кастрычніку. Яна дужа здзівілася, што муж лёгка згадзіўся, нават сам шукаў па інтэрнэце фірму, чытаў водгукі іншых кліентаў. Пуцёўку заказалі ў Турцыю.

Марына пайшла ў банк зрабіць плацеж за кватэру і зусім не звярнула ўвагі на тое, што ў дакументах агульная сума іх першага ўзносу была раздзелена на дзве паловы, бо прыватызацыя праводзілася на мужа і жонку. Заплаціла ўсё цалкам, забрала квіток і пайшла дадому збіраць чамаданы. Справа была ў пятніцу, у аўторак яны павінны былі выязджаць у Мінск, у сераду — рэйс на Анталію. Але ў панядзелак Марына яшчэ забегла ў аддзел прыватызацыі, каб, згодна з дамоўленасцю, паказаць квіток і забраць адзін дакумент. Супрацоўніца паглядзела на банкаўскую квітанцыю і вярнула яе гаспадыні: «Тут усё няправільна, павінна быць два плацяжы і дзве квітанцыі, адной сумай нельга». — «І што цяпер рабіць?»

Чыноўніца з незадаволеным выглядам напісала пералік даведак і дакументаў, якія трэба сабраць, каб звярнуцца у гарадскі фінансавы аддзел з заявай аб вяртанні сумы. Патлумачыла: калі грошы вернуць гаспадыні, трэба будзе заплаціць іх двума плацяжамі і прынесці адпаведныя дакументы. Мая знаёмая, як звар'яцеўшы, пабегла па ўстановах, даведкі збольшага сабрала. Але яе папярэдзілі, што вырашыць канчаткова пытанне можна ў самым лепшым выпадку праз тыдзень...

Як вы ўжо здагадаліся, у Турцыю яны не паляцелі, грошы за авіябілеты ім вярнулі па мінімуму. Далей — болей. З мужам яны пасварыліся, ён паехаў адзін на сваю малую радзіму. Сын аказаўся незадаволены, бо разлічваў пажыць у кватэры з нявестай, пакуль бацькі будуць адпачываць. У сям'і ў адно імгненне ўтварыўся вэрхал з-за дробязі, з-за нейкага квітка, які абазначаў усю суму, а павінен быў выражаць складнікі той жа сумы. Так што звяртайце ўвагу на дробязі, шаноўныя чытачы, а то за няўвагу альбо непавагу да іх яны здольныя адпомсціць.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове. 

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?