Вы тут

Міхаіл ЖУРАЎКОЎ: «Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся»


«Нягледзячы на тое, што вышэйшая адукацыя ў Беларусі стала масавай, дыплом дыплому ўсё ж не роўны, і добрыя спецыялісты заўсёды будуць у цане, — заявіў падчас сустрэчы з найлепшымі выпускнікамі ВНУ міністр адукацыі Міхаіл ЖУРАЎКОЎ. — Наймальнікі абавязкова глядзяць, якую ВНУ скончыў малады чалавек, цікавяцца яго адзнакамі і наяўнасцю дадатковых кваліфікацый...»

Арганізоўваць для самых выбітных прадстаўнікоў студэнцтва ўрачысты прыём у сценах Міністэрства адукацыі напярэдадні Рэспубліканскага балю выпускнікоў ужо стала добрай традыцыяй. Не стаў выключэннем і гэты год.

— Я нядаўна паспрачаўся з адным немаладым прафесарам. Ён упэўнены: калі наша пакаленне сыдзе, то краіна разбурыцца. Абсалютна не верыць у сучасную моладзь. Але я з ім катэгарычна не згодны, — сказаў Міхаіл Жураўкоў. — Магчыма, я аптыміст, але мне наша моладзь падабаецца. Ёсць думка, што маладых людзей у большай ступені цікавіць эканамічны складнік. Але што ў гэтым дрэннага? Калі моладзь хоча чагосьці дасягнуць, гэта трэба толькі вітаць.

Але аднаго дыплома ў жыцці недастаткова, падкрэсліў міністр. Бо ўвесь свет жыве па прынцыпе «адукацыя праз усё жыццё». Краіне патрэбны высокакваліфікаваныя спецыялісты з веданнем замежных моў. А ў нас складваецца парадаксальная сітуацыя: фонд стажыровак Міністэрства адукацыі кожны год не выбіраецца да канца, выдзеленыя на гэтыя мэты фінансавыя рэсурсы застаюцца незасвоенымі. Прадстаўнікі ВНУ сцвярджаюць, што не могуць знайсці кандыдатаў, якія адпавядалі б патрабаванням стажыроўкі, у тым ліку і з прычыны слабага ведання мовы.

— Таму, калі вы станеце магістрантамі ці аспірантамі, адразу бяжыце ва ўпраўленне міжнародных сувязяў, да рэктара, і патрабуйце, каб вас адправілі на стажыроўку. Але трэба дакладна ведаць, што стажыроўка — не адукацыйны турызм: там патрабуецца і добрае веданне свайго прадмета, і веданне мовы.

Выпускнікі, у сваю чаргу, мелі магчымасць задаць кіраўніцтву Міністэрства адукацыі пытанні, якія іх хвалююць. Так, выпускніца юрыдычнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта пацікавілася, як збіраюцца ў міністэрстве павышаць практыкаарыентаванасць навучання. Маўляў, наборы на юрыдычныя спецыяльнасці змяншаюцца, і над выкладчыкамі навісла рэальная пагроза скарачэння. У першую чаргу пад скарачэнне трапляюць выкладчыкі-практыкі, якія працуюць са студэнтамі як сумяшчальнікі. Але менавіта ад іх найбольшая карысць. Гэта ж тычыцца і многіх іншых спецыяльнасцяў.

 Унікальная магчымасць — зрабіць фота з міністрам адукацыі  на памяць.

Унікальная магчымасць — зрабіць фота з міністрам адукацыі на памяць.

 

— Аптымізацыя — не механічнае скарачэнне, як многія памылкова думаюць, а канцэнтрацыя рэсурсаў. І нам яшчэ трэба думаць, як правільна правесці мадэрнізацыю вышэйшай адукацыі з улікам дэмаграфічнай сітуацыі. Гэта будзе тэмай пасяджэння Савета рэктараў і нарады з кіраўніком нашай дзяржавы. Але практыкаарыентаванасць навучання для нас будзе стаяць на першым месцы, — паабяцаў намеснік міністра адукацыі Віктар ЯКЖЫК.

Цікавіла ўдзельнікаў сустрэчы і стаўленне Міністэрства адукацыі да Балонскага працэсу.

— Асноўныя палажэнні Балонскай сістэмы можна параўнаць з правіламі дарожнага руху. Але ёсць краіны з правабаковым рухам, а ёсць — з левабаковым. Умоўна кажучы, ёсць патрабаванні і да стану транспартнага сродку, і да кваліфікацыі кіроўцы, але не ўсімі і не заўсёды яны выконваюцца, — падкрэсліў Віктар Якжык. — У нас, я лічу, ёсць адна істотная перавага: мы можам ацаніць памылкі тых краін, якія раней за нас увайшлі ў Балонскі працэс і пачалі выконваць патрабаванні занадта бойка (напрыклад, ва Украіне пачалі рыхтаваць журналістаў за 2 гады 7 месяцаў.) Скарачэнне тэрмінаў падрыхтоўкі нярэдка адбываецца на карысць кан'юнктуры, каб прыцягнуць у сваю краіну большую колькасць замежных студэнтаў, а зусім не на карысць якасці адукацыі. Мы гэтым шляхам не пойдзем. Для нас важна не страціць тое лепшае, што мы маем. Але, з іншага боку, далучэнне беларускай вышэйшай школы да Балонскага працэсу адкрывае перад нашымі студэнтамі і магістрантамі доступ да праектаў і праграм Еўрасаюза.

— Само далучэнне не нясе пагрозы ўцечкі мазгоў. Чым больш нашых людзей будзе выязджаць за мяжу, набірацца досведу, павышаць там сваю кваліфікацыю, тым лепш, — лічыць Міхаіл Жураўкоў. — Але для таго, каб моладзь не хацела з'ехаць з Беларусі — спачатку на вучобу, а затым там і застацца — трэба ствараць умовы для яе самарэалізацыі на радзіме...

Па словах міністра адукацыі, у многіх краінах свету лічыцца, што малады чалавек павінен усяго дабіцца сам, і там не разумеюць, чаму маладым трэба даваць нейкія прывілеі. Але ў Беларусі для моладзі ўмовы ствараюцца. Студэнтам-бюджэтнікам гарантуецца першае працоўнае месца. У аграгарадках маладым спецыялістам выдзяляюць жыллё. Прадугледжана матэрыяльная дапамога, ільготныя крэдыты. «Добра там, дзе нас няма. Таму я зычу ўсім быць запатрабаванымі на сваёй радзіме, бо, як кажуць у нас: дзе нарадзіўся, там і згадзіўся», — дадаў Міхаіл Жураўкоў напрыканцы сустрэчы.

Надзея НІКАЛАЕВА.

nіkalaeva@zvіazda.by

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.