Вы тут

Экіпаж ляціць у вечнасць


У Старадарожскім раёне знойдзена месца падзення савецкага самалёта.

...Яшчэ вясною я пачала пошукі збітага ў чэрвені 1941 года над лесам каля вёскі Падарэссе Старадарожскага раёна экіпажа савецкага самалёта. Гісторыя гэтая была мне знаёмая даўно, яшчэ з дзяцінства, калі я прыязджала на канікулы да сваёй бабулі — Барадзіной Агаф'і Сямёнаўны. Тады неаднаразова даводзілася слухаць аповеды мясцовых жыхароў пра збіты самалёт і знойдзены дзвюма дзяўчынкамі-падлеткамі — Трапашкай Верай і Хмелевай Матронай — планшэт з пазнакай: «Катаеў Аляксандр, станцыя Орша».

[caption id="attachment_90400" align="alignnone" width="600"]4-36 Удзел у по­шу­ках са­ма­лё­та пры­ма­лі і пра­фе­сі­я­на­лы, і звы­чай­ныя вяс­коў­цы, і доб­ра­ах­вот­ні­кі (трэ­цяя зле­ва — наш па­за­штат­ны ка­рэс­пан­дэнт Ла­ры­са Ка­ра­сі­на).[/caption]

Пры падтрымцы рэдакцыі газеты «Звязда» я пачала пошукі экіпажа.

Адразу трэба сказаць, што значную дапамогу аказалі мне Ганна Уладзіміраўна Казлоўская з вёскі Дражна, а таксама настаўніца і загадчыца музея Залужскай школы Валянціна Сямёнаўна Казлова. У выніку вялікай работы з электроннай базай «Мемарыял» і адпраўленых у Расійскую Федэрацыю (пас. Косіна Кіраўскай вобласці) запытаў, дзякуючы настаўнікам школы пасёлка Косіна і мясцовай газеце «Нива» была знойдзена сваячка лётчыка Аляксандра Васільевіча Катаева — стрыечная сястра Валянціна Зорына, якая сёння пражывае ў пасёлку Косіна. Паводле яе ўспамінаў, у бацькі Аляксандра, Васіля Аляксеевіча Катаева, які працаваў на Косінаўскай папяровай фабрыцы, было два сыны: Мікалай і прапаўшы без вестак у першыя дні вайны Аляксандр. Абодва загінулі. Валянціна Аляксееўна расказала мне, што пасля першай «пахаванкі» — на старэйшага Мікалая — бацька паступова змірыўся. А вось у гібель Сашы ніяк паверыць не мог. Не мог зразумець, як гэта самалёт мог «прапасці без вестак»? І ўвесь час чакаў...

А ў гэты ж час вясковы настаўнік з Беларусі Міхаіл Санько спрабаваў (пачынаючы з 1960-х гадоў) шукаць сваякоў Сашы Катаева і іншую інфармацыю пра яго. Але шукаў, у 99-м авіяпалку, а трэба было, як аказалася, у 140-м... (Тады, на жаль, электроннай базы «Мемарыял» яшчэ не было.) Мінула амаль 50 гадоў, перш чым я зацікавілася гэтай няскончанай гісторыяй.

Паводле ўспамінаў Валянціны Аляксееўны, бацька Сашы, пачуўшы аднойчы па радыё паведамленне, што ў адным са шпіталяў Адэсы ляжыць паранены лётчык, які страціў памяць, адразу ж напісаў у Адэсу і адправіў туды фота сына. Яму адказалі, што гэта не Аляксандр. (Жывой з усіх дзяцей Катаевых засталася толькі старэйшая сястра Анастасія. У далейшым, выйшаўшы замуж, яна з сям'ёй пераехала ў г. Брацк Іркуцкай вобласці.) Так і застаўся Саша «прапаўшым»...

Асаблівую падзяку за дапамогу ў пошуку месца падзення самалёта хачу выказаць жыхарам вёскі Падарэссе — сям'і Маслючэнкі Евы Фамінічны, яе 90-гадоваму брату Казачку Уладзіміру Фамічу (якога мы прывозілі аж з Мінска), Пінчук Фені Трафімаўне і Свірыдзе Тамары Міхайлаўне. Гэтыя людзі дапамагалі абсалютна бескарысліва, як і многія іншыя неабыякавыя жыхары вёскі Падарэссе (Казачок Ганна Васільеўна, Сірачова Ніна Савельеўна, Колтун Адам Ігнатавіч, Карасіна Яфімія Савельеўна, Дзенісевіч Кацярына Макараўна і Дзенісевіч Адам Сяргеевіч, Свірыда Кацярына Паўлаўна, Хмелева Кацярына Харытонаўна, Замбржыцкая Людміла Сцяпанаўна, Казак Міхаіл Сямёнавіч) і вёскі Залужжа (Мельнік Таццяна Паўлаўна, Качан Мікалай Цімафеевіч, Казлоў Міхаіл Фядосавіч).

У выніку нашых агульных пошукаў і работы з архіўнымі дакументамі, у тым ліку і з тымі, якія пакінуў у школьным музеі былы заслужаны настаўнік БССР Міхаіл Андрэевіч Санько, мы вызначылі імя другога лётчыка экіпажа, які ляцеў разам з Аляксандрам Катаевым. Гэта Волкаў Мікалай Іванавіч, 1914 года нараджэння, ураджэнец Маскоўскай вобласці, Нагінскага раёна, станцыі Глухава. Я адшукала яго сваякоў — дачку Вольгу Мікалаеўну Зайнебашыраву і ўнучку Ганну Барысаўну Каламеец з г. Омска. Цяпер вядзём з імі перапіску, удакладняем некаторыя звесткі.

[caption id="attachment_90399" align="alignnone" width="600"]4-35 Зной­дзе­ная дэ­таль ад са­ма­лё­та.[/caption]

Вялікую дапамогу аказалі мне нашы пошукавікі — гісторыкі Дзмітрый Брыштэн і Дзмітрый Кіенка, якія знайшлі афіцыйнае пацвярджэнне таго, што 27 чэрвеня 1941 года два лётчыкі — А. Катаеў і М. Волкаў — «выбылі са спісаў членаў ВКПБ». Гэта магло азначаць толькі адно: менавіта ў той дзень яны былі адпраўлены на заданне і загінулі.

Пасля я звярнулася ўжо да камандзіра бабруйскага пошукавага атрада «Абеліск» (падраздзяленне магілёўскага патрыятычнага клуба «ВІККРУ») Сяргея Аляксандравіча Поразава і папрасіла яго аб дапамозе ў ажыццяўленні сумеснага пошуку на месцы. (Сяргей Поразаў і байцы атрада «Абеліск» — вядомыя ў Беларусі прафесіянальныя пошукавікі.) У выніку праведзенай з атрадам і жыхарамі в. Падарэссе работы нам удалося вызначыць дакладнае месца падзення самалёта. А самая вялікая ўдача — на месцы раскопак знойдзена дэталь (размеркавальнік гідраўлічнай сістэмы для выпуску шасі), дзякуючы якой спецыялісты могуць вызначыць тып самалёта і ўдакладніць яго баявую «прапіску» (полк, да якога ён адносіўся). Акрамя таго, падчас работ камандзірам Сяргеем Поразавым у лясным масіве быў знойдзены снарад часоў Вялікай Айчыннай. Мы зараз жа выклікалі на месца ваенкама раёна Ігара Валачугу, які забяспечыў хуткае размініраванне.

...Рэха вайны і сёння трывожыць нашу памяць. І мы павінны вельмі беражліва адносіцца да такіх маленькіх, але каштоўных крупінак праўды, не даваць ім згубіцца ў віры «новых» павеваў. Бо вайна, як вядома, прыходзіць туды, дзе пра яе забываюцца.

А нашы пошукі працягваюцца...

Ларыса КАРАСІНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?