Вы тут

Гэта трэба жывым...


У Валожыне ўвекавечылі памяць мірных жыхароў, расстраляных фашыстамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

На валожынскім стадыёне мясцовая дзятва, ды і не толькі, заўсёды гуляла ў футбол. Побач — воінскае пахаванне, якое вянчае помнік у выглядзе смуткуючай жанчыны. Пакрысе ў горадзе з'явіліся больш сучасныя спартыўныя аб'екты і стадыён апусцеў. Было вырашана пабудаваць на гэтым месцы жылыя дамы. Але раптам усё перайначылася — тут высадзілі некалькі алей дрэўцаў, ледзь не на вачах вырас малады сад, а днямі з'явіўся яшчэ адзін помнік. Атрымаўся цэлы мемарыял, і так павінна было здарыцца: на гэтым месцы ў гады вайны забілі дзясяткі людзей.

4-45

На шчасце, пра тое, што тут адбылося ў гады вайны, своечасова расказалі мясцовыя жыхары. Інфармацыя пацвердзілася падчас падрыхтоўкі да будаўніцтва. На месца выехалі вайскоўцы 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Міністэрства абароны. Дзякуючы ім стала вядома, што ў 1941—1942 гадах тут былі расстраляны 107 чалавек. Улічваючы тое, што ў жніўні 1941 года ў Валожыне было створана яўрэйскае гета, мяркуецца, што астанкі, знойдзеныя на стадыёне, належаць менавіта яго насельнікам.

Вядома, будаўніцтва адразу ж спынілі. Але гэта гісторыя настолькі ўразіла генеральнага дырэктара прадпрыемства «Трайпл» Юрыя Чыжа, што ён выступіў з ініцыятывай увекавечыць памяць бязвінна загінулых людзей. Каля помніка «Маці смуткуе», створанага ў 1961 годзе, усталявалі гарызантальную гранітную пліту, уладкавалі падыход да мемарыяла.

4-44

— Група кампаній «Трайпл» вядзе актыўную дзейнасць на тэрыторыі Беларусі, — гаворыць яе генеральны дырэктар Юрый ЧЫЖ. — Шэраг праектаў мы ажыццяўляем і на зямлі Валожына. У працэсе рэалізацыі аднаго з іх мы наткнуліся на чарговую страшную таямніцу, шмат якіх захоўвае наша беларуская зямля. На гэтым месцы яшчэ раз пераканаліся ў тым, якой цаной здабыта мірнае неба і ўсе нашы працоўныя подзвігі, што сёння здзяйсняем. Мы ніколі не павінны забывацца пра гэта. Нам трэба выхоўваць моладзь так, каб яна памятала і стаяла насмерць за нашу краіну.

Напярэдадні Дня Незалежнасці тут, у гэтым ціхім куточку Валожына, было надзвычай шматлюдна. Падчас урачыстага адкрыцця мемарыяльнай пліты сабраліся прадстаўнікі розных канфесій, нацыянальнасцяў. З'ехаліся, каб разам ушанаваць памяць тых, хто не дажыў да гэтага святога дня, да 70-годдзя Вялікай Перамогі.

4-42

— Нашы суайчыннікі гінулі на франтах Вялікай Айчыннай, гінулі партызаны, падпольшчыкі, на жаль, у гады вайны мы страцілі вельмі шмат і мірных грамадзян: дзяцей, старых, жанчын, — адзначыў падчас цырымоніі адкрыцця старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Сямён ШАПІРА. — Фашысты не шкадавалі нікога. Сёння статыстыка гаворыць пра тое, што больш за мільён нашых землякоў было закатавана ў канцлагерах. Велізарную страту панёс яўрэйскі народ. Больш чым 800 тысяч жыхароў нашай краіны з іх ліку загінула ў лагерах смерці, засценках гета. Прайшло 70 гадоў з заканчэння Вялікай Айчыннай вайны, а ў многіх краінах перапісваюць гісторыю, даюцца іншыя ацэнкі гэтай страшнай трагедыі. Але наш Прэзідэнт і мудры беларускі народ робяць усё дзеля таго, каб мы не забывалі ўрокі Другой сусветнай вайны, каб памяталі і цанілі тыя велізарныя ахвяры, якія панёс савецкі народ у імя мірнага жыцця.

4-43

Як перакананы пасол Ізраіля ў Беларусі Іосіф ШАГАЛ, па традыцыі яго народа чалавек жывы да таго часу, пакуль мы памятаем яго імя. «Гэта жахліва, што зрабілі фашысты ў часы Другой сусветнай вайны тут, на шматпакутнай беларускай зямлі, — лічыць пасол. — Але яшчэ жахлівей, калі мы забываем імёны гэтых ахвяр. Абрываецца сувязь пакаленняў — і мы застаёмся ні з чым. Усе няшчасныя, людзі розных нацыянальнасцяў, расстраляныя тут, на гэтым месцы, сёння, напэўна, глядзяць на нас зверху, і душы іх супакояцца, бо мы пра іх памятаем».

Здавалася, ужо не засталося сведак таго, што адбылося на гэтым стадыёне больш чым 70 гадоў таму. Але сярод натоўпу адшукаліся людзі, якія сказалі, што ёсць адзін. Ёсць! Праўда, на цырымоніі яго не было. Журналісцкая цікаўнасць прывяла да адной з валожынскіх хат, на ганак якой пасля доўгага стуку ў вокны выйшаў старэнькі дзядуля.

4-41

Калі расстрэльвалі людзей, Пятру Гаспарэвічу было 14 гадоў. У той дзень ён якраз ішоў са школы. Як раптам пачулі з таварышамі стрэлы.

— Нас чацвёра дзяцей у тую школу хадзіла, — удакладняе Пётр Барысавіч. — «Пах-пах-пах» — раздавалася каля стадыёна. Гэта было па восені: прыкладна ў верасні-кастрычніку 1942 года. Прыйшлі дамоў. Маці з бацькам пачалі крычаць, што павольна ішлі. Мы пытаемся, што такое. А яны так і кажуць: «На стадыёне людзей страляюць».

Нягледзячы на тое, што сёння дакладна не ўстаноўлена, каго ж усё-такі забілі тады фашысты, Пётр Гаспарэвіч настойвае, што сярод ахвяр былі толькі людзі з яўрэйскага гета, а значыць, яўрэі. Іншыя ж кажуць, што былі там і беларусы, а таксама некалькі чырвонаармейцаў: калі падымалі астанкі, знайшлі салдацкія боты, каску, рэмень, кажух. Магчыма, мы ніколі не даведаемся, да якой нацыянальнасці належалі гэтыя людзі. Затое будзем дакладна ведаць, дзе яны пахаваны.

4-46

— Вайна без ахвяр, вядома, не бывае, — кажа былы вязень Мінскага гета, 9 канцэнтрацыйных лагераў Леанід Рубінштэйн. — Але адна справа, калі на фронце людзі ваююць і гінуць. Жахліва тое, што ў гэтай вайне перастралялі мірных жыхароў. І віна іх была толькі ў тым, што яны нарадзіліся яўрэямі. Мы, былыя вязні, не абыякавыя да таго, што тут адбывалася. І кожны помнік, які адкрываецца, для нас вельмі каштоўны. Ідуць гады, хутка не застанецца ніводнага жывога сведкі тых падзей, а помнік будзе стаяць. І ён будзе сведкам той трагедыі, якая адбывалася тут, у Валожыне.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zviazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Валожынскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».