Кароткае шчасце


У 1946-м пасляваенным, вельмі халодным і галодным годзе цётка Вольга, братавая нашай маці, падарыла нам маленькую козачку, а з ёю — вялікае спадзяване, што тая хутка падрасце-падгадуецца, і тады на стале ў нас з'явіцца малако...

Нават прадчуванне яго — свайго, смачнага, карыснага — мы прымалі за шчасце. А ўжо саму козачку...

Яна была на дзіва мілым стварэннем, мы палюбілі яе адразу ж!

Козачка нас — таксама, праўда, неяк неаднолькава. Найбольш чамусьці прывязалася да мяне, прычым літаральна: куды б я ні ішла і што б ні рабіла, козачка (мы празвалі яе Розай, Розачкай) была побач, ля ног. Ну вось напрыклад: выйду я з дому, лягу на траву, падручнік у рукі і вучу заданне ці чытаю вершык. Розачка тады пасвіцца побач. Потым адкладу кнігу ўбок, заспяваю «Зорку Венеру» Максіма Багдановіча, козачка аж млее ад радасці, не зводзіць з мяне вачэй ды яшчэ... імкнецца падпець.

Мне, зразумела ж, прыемна было мець такую адданую сяброўку, але не заўсёды. Спатрэбіцца, бывае, нешта купіць. Я зачыняю козачку ў хлеўчуку ды кірую ў краму. Стаю там у чарзе да прылаўка і раптам чую ззаду нейкі шум: людзі расступаюцца, смяюцца, некага прапускаюць...

Гляджу — гэта мая Розачка рожкамі пракладвае сабе дарогу, лезе наперад ды яшчэ й злуецца, калі хто піхне...

А ўжо як дойдзе да мяне, прыхінецца да нагі і заціхне.

Зрэшты, гэта былі толькі кветачкі. Ягадкі насталі потым.

Школа, дзе мы вучыліся да вайны, згарэла. А таму пад класы давялося прыстасоўваць іншы будынак — досыць вялікі. Веранда была ля ўваходу, там па перыметры лаўкі...

Дык вось, сядзім мы неяк на ўроку. У класе — цішыня, можна сказаць, мёртвая — усе занятыя справай. І раптам з веранды чуецца «М-э-э, м-э-э...» Гэта Розачка, паставіўшы пярэднія капыткі на лавачку, зазірае ў акенца — кліча мяне.

Дзеці, вядома ж, у рогат, ды такі, што аж столь падымаецца. Настаўніца — адпаведна — у крык і да мяне: ідзі, маўляў, з класа — разбірайся са сваёй гадаванкай.

Я за козачку — вяду яе дадому. Там заганяю ў хлевушок, зачыняю дзверы і вяртаюся ў клас. Толькі прыходжу, займаю месца за партай, толькі цямлю, што гаворыць настаўніца, як з веранды зноў даносіцца гучнае: «М-э-э, м-э-э...» — высоўваецца мордачка Розы і...

І ўсё пачынаецца спачатку. Ледзь не на кожным уроку я мусіла адлучацца, заганяць дадому казу. Але ж яна — як я яе ні замыкала, як ні прывязвала — усё роўна аказвалася хітрэйшай за мяне: «выходзіла на свабоду» і з'яўлялася ў школе.

Гора мне! Ды якое... Іншы раз, здаралася, выскачу з класса злосная, як сто сабак! Ну, думаю, зараз задам — мала не падасца! А гляну на казіную мордачку, злосць як рукою зніме: вяду сваю сяброўку дамоў ды слёзна прашу, каб яна адчапілася, каб пакінула мяне ў спакоі, каб не прыходзіла ў школу, а то ж выганяць — не толькі яе, але і мяне чаго добрага...

Каза, аднак, угавораў маіх разумець не хацела. А таму як ні цяжка было, развіталіся мы з марай пра сваё малачко: вярнулі козачку цётцы.

Хочаце верце, хочаце не, я па ёй сумавала доўга.

Яна па мне, магчыма, таксама.

Дарэчы, пра чыёсь невялікае, нядоўгае шчасце кажуць, што яно як хвост у казы...

Ён і напраўду вельмі кароткі.

Раіса Васільева, г. Гомель.

Экзамен для выдатніцы

...Гэта цяпер жанчын ды дзяўчат за рулём хоць адбаўляй: і на легкавых яны, і на грузавых, здараецца. А вось раней, у 70—80-я гады мінулага стагоддзя, у аўташколах вучыліся хіба адзінкі. У прыватнасці, у нашай «хлапечай» групе, была толькі Каця. Праўда, тэорыю яна ведала ці не лепш за ўсіх. Ды і «руліла» так, што пазайздросціш...

Было чаму зайздросціць. Муж у нашай Кацярыны вазіў нейкага досыць вялікага начальніка. Значыць, спецыялістам быў добрым, аўтамабіль заўсёды трымаў пад вокнамі, бензіну не эканоміў... Вось і трэніраваў сваю жоначку. Яна машынай кіравала куды лепш, чым мы, мужыкі.

Але ж нарэшце і ў нас працэс навучання скончаны: мы досыць паспяхова здаём экзамены ў аўташколе. Наша Кацярына, вядома ж, у выдатніцах: нават у ДАІ атрымала 10 балаў, гэта значыць, правільна адказала на ўсе 10 пытанняў па тэорыі!

На чарзе — практычны экзамен. Усе, вядома ж, хвалююцца, але па адным садзімся ў аўто: першы, глядзіш, праехаў, потым другі... Добра памятаю, як чарга дайшла да мяне, як крануўся з месца, паехаў — нават заднім ходам (любіў экзаменатар гэты рух, вось мы і трэніраваліся)...

Карацей, камень з душы: ваджэнне я здаў, прычым з першага разу.

Пасля мяне за руль села Кацярына. Мы ўсёй групай назіралі, як яна ўключыла паварот, як упэўнена, плаўна кранулася з месца, як па-заліхвацку, аберуч трымаючы руль, паехала, а, відаць, каб канчаткова скарыць экзаменатара, яшчэ і зашчабятала:

— Наперадзе ў нас пераезд. Там стаіць знак «Стоп». Гэта значыць, што без спынення рух далей забаронены: трэба саступіць дарогу транспартным сродкам, якія рухаюцца па дарозе, якую мы перасякаем... Праўда, вопытныя кіроўцы, — працягвала шчабятаць Кацярына, — найчасцей зусім не спыняюцца, яны хіба прытарможваюць: бачаць, што перашкоды няма, і едуць далей.

Тым часам Каця сапраўды пад'ехала да пераезду. І ўжо там — акурат як той вопытны кіроўца — ледзь прытармазіўшы ды зыркнуўшы налева-направа... праехала пераезд.

— Спыніцеся, — адразу ж пасля гэтага загадаў экзаменатар.

— Усё? Я здала? — не здзівілася гэтаму Кацярына.

— Не, на жаль... Прыйдзецца вам яшчэ раз прыехаць — тыдні праз два. Думаю, што гэтага часу хопіць, каб набрацца навыкаў у практычнай яздзе?

— Якіх яшчэ навыкаў? Навошта? — стала ўголас абурацца Каця. — Я ж цудоўна кірую. І правілы ведаю лепей за ўсіх!

— Ведаеце. Гэта сапраўды, — уздыхнуў экзаменатар. — Але ж іх яшчэ і выконваць трэба!

...Вось пра гэта Каця неяк забылася.

Васіль Пяшэвіч, в. Юркевічы, Жыткавіцкі раён.

«Цесць прыедзе. Ён дапаможа...»

Людзі кажуць, што вада і камень точыць. Гэта і сапраўды, можаце мне паверыць, бо тым самым каменем быў... я сам. Уяўляеце, без малога 15 гадоў таму ажаніўся, столькі ж пражыў у кватэры цешчы і столькі ж па часе яна мне выядала пячонкі наконт таго, як добра было б купіць дачу, а яшчэ лепш — паставіць домік у вёсцы! Бажылася, што яны з цесцем мне дапамогуць — і грашыма, і рукамі, што яны, як толькі на ўчастку з'явіцца хоць нейкі дах, туды пераедуць і па паўгода будуць жыць, што з горада на чыстае паветра вывезуць нашых дзяцей... Адпаведна мы з жонкай зажывём, як сапраўдныя алігархі: удваіх у вялікай трохпакаёвай кватэры, без ніякіх турбот і клопатаў...

Скажу вам шчыра: вось гэта, апошняе, для чалавека, які амаль 15 гадоў пражыў з цешчай, было самым спакуслівым. Хацелася прыйсці дамоў і пабыць аднаму, не чуць галасоў і прэтэнзій, не бачыць твараў... А таму — лёд крануўся, як той казаў, яшчэ летась я «запрогся» ў будаўніцтва — купіў зямельны ўчастак, заліў падмурак. Спачатку (людзі параілі) — пад прасторную лазню: у ёй, як меркавалася, можна будзе не толькі мыцца, але і пажыць нейкі час...

Сёлета з ранняй вясны на гэтым аб'екце закіпела работа, запрацавала брыгада, якая падрадзілася здаць лазню «пад ключ», гэта значыць, ужо з дахам, з вокнамі-дзвярыма, з палка́мі і нават з печкай...

Пашчасціла: мужыкі нас, можна сказаць, не падманулі. Недзе праз месяц мы ўжо сталі завозіць на так званае лецішча старую мэблю, нейкі посуд... У хуткім часе планавалі і афіцыйнае адкрыццё лазні, бо ў ёй засталося аблажыць камянямі печку ды нарэзаць венікаў, але...

Якраз на гэтай стадыі работ «знайшоўся» цесць. Не скажу: у першы дзень ён мне вельмі дапамог. Мы ўдваіх выкапалі яму, зрабілі апалубку пад падмурак для стацыянарнай прыбіральні (часовая была паблізу). Назаўтра — і ўжо адзін — бацька збіраўся замешваць бетон...

Я паказаў яму, дзе ўвесь рыштунак, дзе ляжыць цэмент, дзе каменне, а сам са спакойнай душой падаўся на працу.

...На будоўлю заехаў толькі ўвечары і спачатку хацеў парадавацца, бо цесць і сапраўды папрацаваў і вельмі дапамог: падмурак, у прыватнасці, быў заліты, што, вядома ж, добра...

Што дрэнна, — каля лазні нават і ў паміне не было карэльскіх камянёў, якія я спецыяльна накупляў, каб абкласці печку.

Пытаюся ў бацькі — можа, ён іх куды перанёс? А той спакойна адказвае:

— Дык я іх «у дзела» пусціў! А што — каменне харошае, ляжыць зусім блізка... Я за яго — і ў падмурак. Навошта ж здалёку, з кучы вазіць? Трэба, зяцёк, па парадку...

Карацей, «дапамог» мне цесць. Прыйшлося яшчэ раз з'ездзіць на рынак, прыйшлося яшчэ раз заплаціць — і немалыя грошы...

Адно суцяшала: падмурак у прыбіральні ў нас не з нейкага там друзу, а з карэльскіх камянёў — як у сапраўдных алігархаў!

Юрый Л., г. Мінск.

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».