Вы тут

Святло далёкай зоркі


«Калі ты хочаш рассмяшыць Бога — раскажы яму пра свае заўтрашнія планы».

Адна з найстарэйшых пісьменніц Лідзія Арабей часта паўтарала гэты выраз. І ўсё ж планавала: у прыватнасці, сёлета, 27 чэрвеня, адзначыць сваё 90-годдзе. Але...

Напярэдадні гэтай, на вялікі жаль, сумнай даты ва Уздзенскім краязнаўчым музеі сабраліся землякі пісьменніцы, убачылі рэчы, якія перадалі музею спадчыннікі, убачылі фотаздымкі з сямейнага архіва, разам, так бы мовіць, пагарталі старонкі біяграфіі яшчэ адной слыннай ураджэнкі вёскі Нізок, паслухалі людзей, якія не раз сустракаліся з пісьменніцай.

— Лідзія Львоўна ніколі не страчвала цікавасці да жыцця, да тых працэсаў, якія адбываюцца ў грамадстве, у літаратуры, у мастацтве, — казаў, у прыватнасці, мастак Уладзімір Ткачоў. — Часам па вечарах мы з ёй доўга размаўлялі па тэлефоне; бывала, нават спрачаліся, і мяне заўсёды ўражвала яснасць розуму Лідзіі Львоўны...

— А ў мяне пісьменніца заўсёды распытвала пра свой Нізок, пра мясцовых людзей... Амаль нікога з іх яна ўжо не ведала, але чула знаёмыя прозвішчы, цікавілася, што тут адбываецца, чым жывая Уздзеншчына, вёска, — узгадваў прадпрымальнік Анатоль Сташэўскі. — Пры сустрэчах мы маглі гаманіць з ёй гадзінамі — проста пра жыццё...

Вечарына памяці пісьменніцы адбылася і ў Мінску. Рупліўцы з Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, пакуль ідзе рамонт у сваім памяшканні, правялі яе ў Літаратурна-мемарыяльным музеі Петруся Броўкі. Тут, у асобным пакоі, таксама прадстаўлены асабістыя рэчы пісьменніцы, яе чарнавікі, фотаздымкі, кнігі з аўтографамі класікаў беларускай літаратуры... Але ж галоўным экспанатам стаў крыжык — незвычайны тым, што некалі вісеў над ложкам маці (а магчыма, і бабулі) Цёткі (Алаізы Пашкевіч). Лідзія Арабей шмат гадоў прысвяціла вывучэнню жыцця і творчасці гэтай паэткі і пісьменніцы, працавала ў музеях Санкт-Пецярбурга, Вільні, Кракава, сустракалася з малодшай сястрой Цёткі Каралінай, якая, у знак удзячнасці за руплівасць, і перадала пісьменніцы гэтую сямейную рэліквію. Цяпер яна стала музейным экспанатам.

На вечарыне, прысвечанай памяці Лідзіі Арабей, выступіла літаратуразнаўца Лідзія Савік, з лёгкай рукі якой у выдавецтве «Беларускі кнігазбор» пабачыла свет апошняя кніга пісьменніцы, а таксама паэт Анатоль Вярцінскі... Яны падкрэслілі, што самаму складанаму мастацтву — жыць і несці свой крыж — можна вучыцца не толькі на творах пісьменніцы, але і на прыкладзе яе ўласнага жыцця — годнага, гордага, на карысць Айчыны і яе людзей.

Дарэчы, кожны з прысутных на гэтай сустрэчы атрымаў ад пісьменніцы адмысловы прэзент — перавязаны чырвонай стужачкай абразок. Аўтарцы гэтых радкоў, у прыватнасці, пашчасціла на кароткае: «Геніяльныя людзі — як далёкія зоркі. Зорка тая даўно патухла, а святло ад яе струменіць і струменіць».

Валянціна Доўнар

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?