Вы тут

Не канцэрт


У Купалаўскім сышліся салдат штрафбата, Экзюперы, Дзітрых, Арлова і сабачка Чэрчыля.

Пасля гэтага спектакля я думала, каму параю яго паглядзець. Тату з мамай — так, ім бы спадабалася, але зусім не з-за ўзросту. Таму што спектакль-канцэрт «Другая сусветная» ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Янкі Купалы, які з'явіўся ў год 70-годдзя Перамогі, праз драматычныя песні распавядае пра драмы людзей, якім выпала жыць у 40-я гады ХХ стагоддзя, калі мае бацькі нарадзіліся (адпаведна, памятаюць штосьці з дзяцінства ды з расповедаў сваіх бацькоў пра вайну). А яе жудасны подых у нас пад Брэстам адчулі значна раней за сорак першы год, калі яна пачала грымець не так далёка, але ў іншай краіне. Мае бацькі ведаюць — і ацанілі б такі падыход у тэатры. А вось расказаць пра гэта трэба іх маладой унучцы, якая нядаўна скончыла школу, дзе, вядома, казалі пра Вялікую Айчынную. Усё казалі, як трэба. Яна ведае і пра патрыятызм, і пра гераізм, і пра подзвіг савецкіх салдат. У Расіі, дзе яна вучылася і жыве, усе ведаюць і адразу адкажуць, хто перамог у той вайне, без варыянтаў адкажуць. Але дзяўчынка (хоць і наша паводле выхавання) не вельмі ўсведамляе, што тая вайна стала бядой для ўсяго свету. Баі могуць весціся не на адной тэрыторыі, як гэта было падчас Другой Сусветнай. Менавіта калі вызначаць тую вайну так, то зразумелы маштаб бяды, якая забірала жыцці людзей па ўсёй Еўропе і не толькі. І тады становіцца асабліва жахлівым сам сэнс слова «вайна».

7-43

Не, спектакль-канцэрт Купалаўскага тэатра — не жахлівы. Наадварот, ён вельмі аптымістычны па сутнасці той думкі, да якой прыводзіць. Але вядзе пры гэтым па розных краінах, землях праз песні, прысвечаныя асобным героям, канкрэтным людзям, іх драмам. Так было задумана стваральнікамі рэжысёрам Мікалаем Пінігіным і аўтарам песень Маркам Мерманам. Але не трэба чакаць тут да болю знаёмых ваенных песень (як гэта часта бывае ў выпадку спектакляў-канцэтаў), што выдатна. Таму што задача аўтараў — не проста выціснуць эмацыянальную слязу, каб дамагчыся пэўнага настрою і ўзрушэння. Гэта канцэптуальны праект, у якім адчуваюцца дакладна пралічаныя пункты, дзе альбо на кім трэба спыніцца, каб данесці галоўную думку. Сутнасць у тым, што песні спяваюць драматычныя артысты, а гэта значыць, яны не столькі выпяваюцца, колькі прайграюцца, надаючы вось той самы неабходны боль, роспач ці радасць. Таму для мяне гэта быў найперш спектакль, а песні — своеасаблівыя маналогі самых розных людзей з самых розных краін.

Гэта 18 маленькіх гісторый на сцэне, але адметных і паказальных у рэальным жыцці.

Паказальная гісторыя полькі, якая з рэчамі імкнецца ўцячы ад падзей, што прыйшлі ў яе краіну ў 1939 годзе. Актрыса Алена Сідарава выглядае, як выдатна прыбраная паненка, — яшчэ здаецца, што гэта, можа быць, хутка скончыцца, бо як жа магчыма захопліваць краіну пад носам ва ўсяго свету. Але спявае яна пра стрыечную мову (для нас, прынамсі), і ў гэтым ёсць намёк, што за польскія падзеі давядзецца адказваць і тым, хто, можа, вырашыў, што іх гэта не тычыцца. Пакуль... Таму што калі прыйшла бяда, то брама адчыняецца шырока. Па ўсёй Еўропе. Нават у Афрыцы ідуць ваенныя дзеянні, пра што праспяваў Павел Харланчук — у светлых шортах, адмысловым капелюшы, нібыта белы чалавек прыехаў адпачываць у гарачым клімаце. Але калі ён пачынае пранізліва паўтараць «Эль-Аламэйн», зразумела, што, відаць, не перажыў той жорсткай бітвы супраць нямецкіх войскаў, якую вялі саюзнікі. Не перажыў, загінуў у 44-м на вайне і легендарны французскі лётчык Антуан дэ Сент-Экзюперы, распавядае артыст Аляксандр Казела. А яго вельмі чалавечая кніга «Маленькі прынц» была напісана ў 42-м, падчас вайны, але з думкамі пра жыццё. І як жа без франтоў, якія былі на Усходзе, дзе з 1941-га па 1944-ы была галоўная тэрыторыя супраціву фашызму, на што былі кінутыя ўсе рэсурсы, у тым ліку чалавечыя. Пра гэта «прахрыпеў» Ігар Сігаў — зноў дакладна, таму што распавядае пра вайну вачамі чалавека, фактычна прыгаворанага да смерці, салдата штрафбата.

Былі тыя, хто бачыў смерць на свае вочы, але існавалі тыя, хто яе нёс — ці то на вастрыні зброі, ці то на вастрыні думкі, ідэі. І калі хто яшчэ не ведае, то ў тэатры раскажуць пра тое, як жылі ў той час людзі мастацтва, вымушаныя рабіць свой выбар, каму служыць. Зрабіла яго кінарэжысёр Лені Рыфеншталь, якая працавала на ідэі фюрэра. Але распавядуць тут і пра іншую немку, Марлен Дзітрых, якая адмовілася ад спакуслівага служэння ідэалогіі Гітлера, з'ехала ў Амерыку. Савецкі варыянт Дзітрых — актрыса Любоў Арлова, якая была адзначана Сталінскай прэміяй, але ў яе таксама быў свой жыццёвы і чалавечы выбар, а ў вайну яна ездзіла з канцэртамі на фронт. Гэтаксама, як і яе партнёр па фільме «Вясёлыя рабяты», — цудоўны артыст, спявак Леанід Уцёсаў, адзін з тых, імкнуўся ламаць стэрэатыпы праз творчасць. А вось трагедыя савецкага тэатральнага дзеяча Саламона Міхоэлса, які быў першым старшынёй Яўрэйскага антыфашысцкага камітэта, здарылася ўжо пасля вайны. Яна здарылася ў Мінску, пра што распавядае артыстка Зоя Белахвосцік так, што сэрца абрываецца: незадоўга да забойства Саламон Міхоэлс быў у гасцях у яе дзеда акцёра Купалаўскага тэатра Глеба Глебава. Таму гэта часам не проста песні, а дакументальныя сведчанні пад музыку. Ці лірычныя звароты да тых, каго няма, але без каго не было б гісторыі перамогі. Прычым перамогі не толькі ў Вялікай Айчыннай, але і Другой сусветнай. Яе не было б без палітыка Уінстана Чэрчыля — але цікава, што песня прысвечана яго сабачку Руфусу, які любіў свайго гаспадара шчыра — проста як харошага чалавека — і можа спадзявацца, што пасля смерці той будзе крочыць у аблоках — як міратворац... Але не толькі важныя асобы тварылі мір, але і былыя савецкія франтавікі, якія вярнуліся з той вайны калекамі (мы іх маглі бачыць на вуліцах, не ўсведамляючы, што гэта за людзі), і не савецкія, але таксама салдаты той вайны, якія жывуць недзе ў Заходнім Бронксе. І гэты другі фронт (які ўсё ж адкрылі саюзнікі) паскорыў агульную Перамогу. Акурат у гэты час у нас пачынаюць думаць пра аднаўленне пасляваеннага Мінска.

Усе гэтыя песні выдатна ўспрымаюцца менавіта ў агульнай звязцы, яны нібыта незаўважна, але выстройваюць сюжэт. Так здаецца яшчэ і з-за мелодыкі: у мяне было адчуванне нейкай адзінай песні, спетай па ролях (усе аранжыроўкі створаны Уладзімірам Кур'янам, на сцэне іграе аркестр Купалаўскага тэатра). Нельга сказаць, што гэтыя песні надта кладуцца на слых, што іх можна лёгка ўзнавіць, як шлягеры. Марк Мерман, былы мінчанін, які жыве цяпер у Амерыцы, усё ж не столькі кампазітар, колькі бард і ў яго песнях на першым месцы думка. Мерман свае думкі фармулюе па-руску. Так яны і гучаць у тэатры імя Янкі Купалы. Але ўспрымаецца гэта натуральна, таму што тут на першым месцы ідэя, якую трэба даносіць большай колькасці людзей, прычым не толькі з кола пастаянных і адданых гледачоў Купалаўскага (іх якраз агітаваць не трэба). Кожная песня моцная менавіта зместам, эмоцыяй, закладзенай у словы, а акцёры з ёй суіснуюць, недзе ўзмацняючы яе ўнутранай душэўнай ігрой (наколькі гэта магчыма, стоячы перад мікрафонам ці з ім у руках). І, вядома, сваю справу робіць афармленне сцэны: на задніку ўзнаўляюцца плакаты, кадры хронікі, фотаздымкі. Усё становіцца на месцы: гэта было насамрэч. Людзі ўсё гэта перажылі. І калі яны пра гэта ўсё яшчэ гавораць сродкамі мастацтва, то, можа быць, для таго, каб гістарычныя зафіксаваныя і замацаваныя факты спалучаліся з жывым пачуццём, тым самым дазваляючы зразумець: вайна — не толькі наш боль, гэта была бяда для ўсяго свету. Верх над антычалавечым узяло чалавечае. Самае агульначалавечае — жыццё. Радасць ад таго, што маеш гэты дзень, жывеш — ёсць лепшая даніна Перамозе і сродак вынішчэння вайны ў сабе. Улюбёныя ў жыццё глебу для вайны не ствараюць. Паказана тэатрам.

Ларыса ЦІМОШЫК

tsimoshyk@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.