Вы тут

У Купалля з'явілася хрэсніца


Сярод 70 тысяч наведвальнікаў фестывалю «Александрыя збірае сяброў» прыблізна 70% была моладзь.

Адной са знакавых падзей гэтага фэсту стала менавіта нараджэнне дзіцяці. З Александрыйскага кірмашу «хуткая» забрала маладую жанчыну прама ў радзільню, дзе яна паспяхова нарадзіла дзяўчынку вагой 3 кілаграмы 800 грамаў. Імя, як той казаў, напрошваецца само.

Па сутнасці, гэтае свята прайшло пад знакам Года моладзі. Упершыню ў гісторыі Купалля тут працавалі тэматычныя пляцоўкі ад рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу «100 ідэй для Беларусі», дзе можна было азнаёміцца з распрацоўкамі маладых вынаходнікаў, як зрабіць нашу эканоміку багацейшай, а жыццё цікавейшым і разнастайнейшым.

— Тут было прадстаўлена ўсё, што трапіла ў фінал гэтага конкурсу, — паведаміў першы сакратар Магілёўскага абкама БРСМ Павел Алекса. — Паколькі гэта мерапрыемства наведвае Прэзідэнт, у нашых вынаходнікаў была добрая магчымасць яшчэ раз заявіць пра сябе. Гэтыя працы ўбачылі і прадстаўнікі іншых дзяржаў, бізнесмены і прамыслоўцы. Мы не толькі дэманстравалі нашы дасягненні, але і запрашалі далучыцца да гэтага руху. Кожны мог пакінуць заяўку з невялікім апісаннем сваёй ідэі. У найбліжэйшы час экспертны савет разгледзіць іх, і, калі прапанова здасца цікавай, з яе аўтарам абавязкова звяжуцца.

Вялікім попытам карысталіся маладзёжныя пункты, дзе запрашалі зрабіць модную прычоску і часовую татуіроўку. Шмат наведвальнікаў сабраў конкурс «Уладар сяла», дзе ўдзельнікі дэманстравалі свае падворкі і стравы, спаборнічалі ва ўменні пілаваць дровы і збіраць бульбу, дзяліліся сакрэтамі сямейнага шчасця і выхавання дзяцей. Дарэчы, найлепшымі ў гэтых спаборніцтвах сталі Ганна і Андрэй Стругаўцы са Шклоўскага раёна, у сям'і якіх растуць двое дзяцей.

Вялікую колькасць сабрала вакол сябе пляцоўка праекта «Бард-рыбалка». У інтэрактыўнай форме мінская група VuRaj у традыцыйных строях заклікала народ танцаваць і спяваць беларускія народныя песні. Нягледзячы на спякоту, маладыя хлопцы і дзяўчаты выстройваліся ў чаргу ў дзве мабільныя лазні, дзе, акрамя «лёгкага пару», прапаноўваліся SPA-працэдуры і масаж. І сапраўднай асалодай была магчымасць адразу пасля гарачага духу акунуцца ў 12-тонны басейн, аб якім паклапаціліся арганізатары праекта. Тут жа можна было паглядзець унікальныя выставы мінскіх фотамайстроў Валерыя Вядрэнкі і Сяргея Плыткевіча з краявідамі беларускай прыроды, у тым ліку зробленымі з вышыні птушынага палёту. І так дарэчы стала чайная цырымонія — сумесны праект фестывалю «Бард-рыбалка» з Магілёўскім універсітэтам харчавання і кампаніяй «Дамачай». На ёй быў прэзентаваны «Іван-чай» з лісця і кветак скрыпеню.

Апафеозам свята стала прэм'ера мюзікла «Папараць-кветка» з удзелам маладых артыстаў з Беларусі, Расіі і Украіны. А начная дыскатэка, якую «запальвалі» пераможца рэспубліканскага конкурсу бітвы дыджэяў на фестывалі «Славянскі базар-2013» магіляўчанін Яўген Уласаў і фіналіст абласнога этапу гэтага конкурсу Сяргей Філіпаў, сабрала звыш 7 тысяч маладых дзяўчат і хлопцаў.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».