Вы тут

Што замежныя студэнты шукаюць і знаходзяць у нас?


Ужо даўно не рэдкасць, калі выпускнікі беларускіх школ едуць атрымліваць вышэйшую адукацыю за мяжу. Нікога не здзіўляе і тое, што замежнікі прыязджаюць вучыцца да нас. Чаму яны выбіраюць Беларусь? Што ім падабаецца ў нашай краіне, а чаго не хапае? На гэтыя і іншыя пытанні адказваюць замежныя студэнты БДУ.

9-3

9-3

 

Выкладчыкі сталі сябрамі

Пяцікурсніца філалагічнага факультэта Зейнэп Джашкун (Турцыя, г.Анталія) прыехала ў Мінск амаль шэсць гадоў таму. Яна ніколі не ставіла сабе за мэту вучыцца за мяжой. Такое рашэнне прыняў бацька дзяўчыны, калі ў яе не атрымалася паступіць ва ўніверсітэт на радзіме.

— Тады я нічога не ведала пра Беларусь, але мяне гэта не пужала. Вучыцца я ехала не адна — разам са стрыечнай сястрой Эмінэ. Акрамя таго, нашы бацькі вырашылі, што будзе лепш, калі наш старэйшы брат некаторы час пажыве ў Мінску, прыгледзіць за намі, пакуль мы не прывыкнем.

Зейнэп і Эмінэ атрымалі месцы ў інтэрнаце, але адмовіліся ад іх. Турчанкі былі вельмі здзіўленыя тым, што хлопцы і дзяўчаты жывуць у адным будынку, у іх так не прынята. Але з часам яны зразумелі, што нічога страшнага ў гэтым няма, і цяпер жывуць у інтэрнаце. Праўда, бацькам пра гэта не расказваюць.

Першы навучальны год дзяўчаты з нуля вывучалі рускую мову на факультэце даўніверсітэцкай адукацыі.

— Тады мы не маглі ні з кім пазнаёміцца, бо не ведалі мовы. Жылі на кватэры, а гэта абмяжоўвала нас яшчэ больш у плане кантактаў, — успамінае Зейнэп.

Усё змянілася, калі сёстры Джашкун паступілі на філфак. Турчанкі трапілі ў групу, дзе ўсе былі такімі ж, як яны: крыху разгубленымі замежнікамі, якія не вельмі ўтульна адчувалі сябе ў чужой краіне.

Універсітэцкія гады надоўга запомняцца Зейнэп. Яна двойчы прымала ўдзел у конкурсе «Міс Інтэрнэшнл БДУ», удзельнічала разам з сябрамі ў тэатральных пастаноўках замежных студэнтаў.

— Нам неверагодна пашанцавала з выкладчыцай рускай мовы. Кацярына Аляксандраўна Варанцова не толькі дапамагала вучыцца, але і рабіла ўсё магчымае, каб наша жыццё ў Беларусі было насычаным і цікавым. Дзякуючы ёй за пяць курсаў наша група пабывала ва ўсіх вялікіх і многіх маленькіх беларускіх гарадах, — расказвае Зейнэп і паказвае фотаздымкі.

Адносіны з беларускімі выкладчыкамі ў турчанак склаліся нават сяброўскія. Зейнэп узгадала, як аднойчы зімой сур'ёзна захварэла, збіралася нават дадому ехаць. Але тады б узніклі праблемы з вучобай.

— Выкладчыца Людміла Іванаўна Строк прапанавала некаторы час пажыць у яе, даглядала мяне, купляла неабходныя лекі.

Хутка Зейнэп і Эмінэ вернуцца дадому. Праблем з працаўладкаваннем у іх дакладна не ўзнікне: спецыялісты з валоданнем рускай мовы ў Турцыі запатрабаваны.

«Вашы хлопцы — рамантыкі»

Першае, на што звярнула ўвагу ў Беларусі Білікэ Саймэйці (Кітай, г. Урумчы) была чысціня паветра. У дзяўчыны алергія, з-за гэтай хваробы ў родным горадзе яна рэдка выходзіла на вуліцу.

— Толькі ў Мінску я пачала весці актыўны лад жыцця: палюбіла прагулкі пешшу, заняткі спортам. Цяпер мне цяжка ўседзець на адным месцы, — расказвае дзяўчына.

У Білікэ шмат сяброў і сярод беларусаў, і сярод замежнікаў. Праўда, з'явіліся яны не адразу. Студэнтка тлумачыць, што моўны бар'ер першым часам быў сур'ёзнай перашкодай для стасункаў. Затое вывучэнне рускай мовы на філафаку з нуля вельмі зблізіла Білікэ з яе аднагрупніцамі Зейнэп і Эмінэ. Праз тое, што дзяўчаты паўсюдна хадзілі ўтрох, выкладчыкі жартаўліва пачалі называць кітаянку «трэцяй Джашкун».

На факультэце многія ведаюць Білікэ як творчую асобу. Яна добра спявае і неаднаразова ўдзельнічала ва ўніверсітэцкіх канцэртах. Аднойчы Білікэ давялося нават выступіць на Дні горада ў адным з райцэнтраў Мінскай вобласці.

Білікэ настолькі прызвычаілася да Беларусі, што ўжо не хоча вяртацца дадому. Яна рыхтуецца да паступлення ў магістратуру і шукае працу. Таксама студэнтка не выключае магчымасці звязаць свой лёс з беларускім хлопцам: «Беларусы — рамантыкі. Я назірала за тым, як яны заляцаюцца да дзяўчат. Так прыгожа, міла, пяшчотна. Выйсці замуж за беларуса? Чаму б і не?»

Драйв у 20 літрах... баршчу

Для 29-гадовага пяцікурсніка філфака Араша Тахеры (Іран, г. Тэгеран) навучанне ў БДУ — добра прадуманы крок у жыцці. Іранец ужо мае адну вышэйшую адукацыю.

Пасля заканчэння школы Араш хацеў займацца камп'ютарным праграмаваннем, таму што яго бацька працуе ў гэтай сферы. На радзіме хлопец атрымаў дыплом па спецыяльнасці «праграміст», аднак гэтая прафесія там не вельмі запатрабавана. Тады ён вырашыў паспрабаваць свае сілы ў гуманітарных навуках.

— Вучыцца прыехаў менавіта ў Мінск, таму што мая маці — перакладчык у беларускім пасольстве Ірана, — тлумачыць свой выбар Араш. — Думаю, што ў гэты раз з выбарам прафесіі не памыліўся. Люблю размаўляць і рускую мову засвоіў добра. Што яшчэ трэба перакладчыку?

Ёсць сярод студэнтаў БДУ расіяне і ўкраінцы. Напрыклад, сёстры-двайняты Кацярына і Лізавета Варажбіт (Украіна, г. Марыупаль) вучацца ў нас ужо другі год. Першая — на факультэце міжнародных адносін, другая — на журфаку.

— Адчуваецца, што ў Беларусі клапоцяцца пра студэнтаў. Калі мы ўпершыню ўбачылі навучальныя карпусы факультэтаў міжнародных адносін і журналістыкі, то былі прыемна здзіўлены — усё такое сучаснае і прыгожае! — расказвае Каця.

Калі многіх замежнікаў вабіць спакой і адносная цішыня Мінска, то для дзяўчат з Марыупаля гэта наадварот адзін з мінусаў. На іх думку, беларускай сталіцы не хапае драйву. Але ўкраінкі ніколі не сумуюць і час дарма не губляюць. Напрыклад, не так даўно Ліза разам з сябрамі з факультэта зварыла ў інтэрнаце... 20 літраў баршчу.

Ганна Курак, студэнтка ІІІ курса Інстытута журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.